КА́РПАЎ (Яўціхій Паўлавіч) (7.11.1857, г. Карачаў Бранскай вобл., Расія — 3.1.1926),

расійскі рэжысёр, драматург. Засл. рэжысёр Расіі (1921). З 1887 працаваў акцёрам у Яраслаўлі. У 1896—1900 гал. рэжысёр, у 1916—26 рэжысёр Александрынскага т-ра, у 1901—16 — Суворынскага т-ра ў Пецярбургу. Паставіў п’есы «Мяшчане» (1917) і «На дне» (1919) М.​Горкага і інш. Напісаў больш за 20 п’ес з нар. жыцця («Цяжкая доля», 1882; «Рабочая слабодка», 1891; «Мірская ўдава», 1897) і побыту памешчыкаў («Чары кахання», «Ранняя восень» і інш.). Аўтар успамінаў пра В.​Ф.​Камісаржэўскую, А.​П.​Чэхава і інш.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЛЯ,

багіня вясны, дзявочага хараства ў язычніцкай міфалогіі ўсх. славян. Беларусы ўяўлялі яе маладзенькай, прыгожай дзяўчынай, якая ранняю вясною ходзіць па праталінах і абуджае зямлю ад зімовага сну; дзе Л. ступіць, там зелянее трава, распускаюцца кветкі. Сваіх немаўлят маці апраналі ў «лёлечкі» (расхінныя кашулі) і пускалі ступіць босымі ножкамі на першую траву, каб набрацца ад Л. моцы і прыгажосці. Напярэдадні Юр’я (23 крас. с. ст.) дзяўчаты спраўлялі ляльнік (веснавое свята, урачыстасць у гонар кахання і шлюбу) — з песнямі вадзілі карагод вакол першай зазелянелай бярозкі. Самых прыгожых дзяўчат называлі Ляляю або Лёляю.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОНГ (лац. Longos),

старажытнагрэчаскі пісьменнік 2—3 ст. н. э., родам, магчыма, з в-ва Лесбас. Яму традыцыйна прыпісваецца аўтарства любоўна-букалічнага рамана «Дафніс і Хлоя». Падрабязны аналіз кахання пастуха і пастушкі надае твору рысы псіхал. рамана. Паводле сюжэтна-кампазіцыйнай будовы спалучаецца з матывамі букалічнай паэзіі. Раман напісаны рытмічнай прозай з ужываннем рыфмы, стыль адметны вытанчанасцю і багаццем прыёмаў ант. рыторыкі. Паўплываў на развіццё пастаральнага рамана перыяду Адраджэння і Асветніцтва. На бел. мову раман пераклаў А.​Клышка.

Тв.:

Бел. пер. — Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою. Мн., 1991.

Літ.:

Античный роман. М., 1969.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАМАДЗІ́ЕЎ (Фазлідзін) (15.6.1928, г. Самарканд, Узбекістан — 6.10.1986),

таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Друкаваўся з 1955. У кнігах нарысаў і апавяданняў «Перасяленцы» (1959), «Сад кахання» (1969), аповесцях «Узрыў, якога не было» (1961), «Домік на ўскраіне» (1962), «Зайнабібі» (1964), «Падарожжа на той свет, або Аповесць пра вялікага Хаджу» (1966), «Японскі шоўк» (1982), рамане «Вуглавая палата» (1974) надзённыя сац.-паліт. і маральна-этычныя праблемы. У творах спалучаў лірызм і тонкі гумар, паглыблены псіхалагізм, публіцыстычны пафас і дакументалізм. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.​Стральцоў, Г.​Ткачова.

Тв.:

Рус. пер. — Повести. Рассказы. М., 1976.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАДЖАНЯ́Н (Арно Аруцюнавіч) (22.1.1921, г. Ерэван — 11.11.1983),

армянскі кампазітар, піяніст. Нар. арт. Арменіі (1962). Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Ерэванскую (1947) і Маскоўскую (1948) кансерваторыі. Аўтар «Гераічнай балады» для фп. з арк. (1950), фп. трыо (1952), санаты для скрыпкі і фп. (1959), канцэрта для віяланчэлі (1962), 2 струнных квартэтаў, твораў для фп., у т. л. «6 карцін» (1965), эстрадных песень (найб. папулярныя «Песня першага кахання», «Не спяшайся», «Загадай жаданне», «Лепшы горад зямлі»), музыкі да спектакляў і кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэміі Арменіі 1967, 1983.

Літ.:

Григорян А. Арно Бабаджанян. М., 1961;

Аматуни С.Б. Арно Бабаджанян: Инструм. творчество. Ереван, 1985.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЛЬПА́РЦЭР ((Grillparzer) Франц) (15.1.1791, Вена — 21.1.1872),

аўстрыйскі драматург, празаік, адзін з пачынальнікаў новай аўстр. л-ры. Чл. Аўстр. АН. Атрымаў юрыд. адукацыю. Першы значны твор — «трагедыя лёсу» «Прамаці» (1817). Трагедыя «Сафо» (1818) прысвечана адвечнаму і непазбежнаму антаганізму паэзіі і жыцця, немагчымасці шчасця для сапраўднага мастака. Гісторыя крушэння Напалеона адлюстравана ў трылогіі «Веліч і падзенне караля Атакара» (1825). Аўтар гіст. трылогіі «Залатое руно» (1822), трагедыі «Хвалі мора і кахання» (1831), драм. казкі «Сон — жыццё» (1834), гіст. камедыі «Гора лгуну» (1837), навел (зб. «Сандамірскі кляштар», 1828), філас. медытатыўнай лірыкі, прац па эстэтыцы, гісторыі л-ры і тэатра.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М.; Л., 1961.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБАРЭ́НКА (Віталь Сяргеевіч) (н. 13.6.1934, г. Харкаў, Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1993). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1960). У 1961—72 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. Найб. плённа працуе ў муз.-сцэн. жанры. Сярод твораў: 12 опер, у т. л. «Помні мяне» (1977), «Сват паняволі» («Шальменка-дзяншчык», 1984), «Альпійская балада» паводле В.​Быкава (1985), опера-балет «Вій» (1980), монаоперы «Пісьмы кахання» (1971) і «Адзіноцтва» (1993); балеты, у т. л. «Каменны ўладар» па матывах драмы Л.​Украінкі (1969); 3 сімфоніі (1961—74); 4 камерныя сімфоніі (1967—94), канцэрты для інструментаў з аркестрам; вак. цыклы і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1984.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРАРДО́ ((Girardot) Анні) (н. 25.10.1931, Парыж),

французская актрыса. Скончыла Парыжскую кансерваторыю (1954). Працавала ў т-ры «Камеды Франсэз». У кіно з 1956. Этапнай у яе творчасці стала роль Надзі ў фільме Л.​Вісконці «Рока і яго браты». Вобраз моцнай і гордай жанчыны, якая самастойна вырашае свой лёс, актрыса вар’іруе ў фільмах «Тры пакоі ў Манхатане», «Памерці ад кахання», «Няма дыму без агню» (у пракаце «Шантаж»). Яе мастацтва вылучаецца незвычайнай пластычнасцю, схільнасцю да сарказму, лірычнага гумару, уменнем ярка і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Жанчына-малпа», «Доктар Франсуаза Гаян», «Знаёмства па шлюбнай аб’яве», «Пяшчотны паліцэйскі», «Ключ да дзвярэй», «Кажыце, мне цікава».

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Сяргей Валер’евіч) (н. 20.6.1961, г. Магілёў),

бел. пісьменнік, літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1991). Скончыў БДУ (1985). З 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1980. Даследуе праблемы сучаснай бел. паэзіі (зб. арт. «Як пакахаць ружу», 1989; «Партрэт шкла», 1991), шматмоўную л-ру ВКЛ (кн. «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.», 1993). Аўтар п’ес «Драўляны рыцар» (паст. 1988), «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (паст. 1991), «Трышчан, або Блазны на пахаванні» (паст. 1995), «Люстэрка Бландоі» (паст. 1996 пад назвай «Заложніца кахання»), «Саламеі і амараты» (паст. 1996), «Стомлены д’ябал» (паст. 1997), створаных на аснове літ. твораў і фалькл. матэрыяле, і інш. Піша для дзяцей.

Г.​В.​Кажамякін.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЕВА (Бернара Рахімаўна) (н. 28.1.1936),

узбекская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1973). Скончыла Ташкенцкае (1951) і Маскоўскае (1955) харэаграфічныя вучылішчы. З 1955 салістка Узб. т-ра оперы і балета імя А.​Наваі (Ташкент). Сярод партый: Адэта—Адылія, Франчэска («Лебядзінае возера», «Франчэска да Рыміні» на муз. П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Паненка («Паненка і хуліган» на муз. Дз.​Шастаковіча), Ганна («Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына), Сахані, Зарына («Амулет кахання», «Каханне і меч» М.​Ашрафі), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Параша («Медны коннік» Р.​Гліэра). Дзярж. прэмія Узбекістана 1970. Дзярж. прэмія СССР 1982.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)