МІД ((Meade) Карл) (н. 16.11.1950, Чанут, штат Ілінойс, ЗША),

касманаўт ЗША. З 1985 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў палёты (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) у складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 15—20.11.1990 — на КК «Атлантыс», 25.6—9.7.1992 — на КК «Калумбія», 9—20.9.1994 — на КК «Дыскаверы». У космасе правёў 31,04 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙД ((Ride) Салі) (н. 26.5.1951, г. Энсіна, штат Каліфорнія, ЗША),

першая жанчына-касманаўт ЗША. Д-р філасофіі (1978), магістр навук па фізіцы (1975). З 1978 у групе касманаўтаў НАСА. 18—24.6.1983 і 5—13.10.1984 здзейсніла (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) палёты ў складзе экіпажаў касм. карабля «Чэленджэр». Правяла ў космасе 14,3 сут.

С.Райд.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧКА (Георгій Міхайлавіч) (н. 25.5.1931, С.-Пецярбург),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1975, 1978). Герой ЧССР (1978), лётчык-касманаўт СССР (1975). Д-р фіз.-матэм. н. (1984). Скончыў Ленінградскі мех. ін-т (1955). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 11.1—9.2.1975 з А.А.Губаравым ажыццявіў палёт на касм. караблі «Саюз-17» і арбітальнай станцыі «Салют-4», 10.12.1977—16.3.1978 з Ю.В.Раманенкам — на касм. караблі «Саюз-26» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (здзейсніў выхад у космас; да арбітальнай станцыі прыстыкаваліся караблі «Саюз-27» з У.А.Джанібекавым і А.Р.Макаравым, грузавы трансп. карабель «Прагрэс-1», «Саюз-28» з Губаравым і У.Рэмекам; на Зямлю вярнуўся на караблі «Саюз-27»), 17—26.9.1985 з У.​У.​Васюціным і А.А.Волкавым — на караблі «Саюз Т-14» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (на Зямлю вярнуўся на караблі «Саюз Т-13»), Правёў у космасе 134,9 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага (1978). Дзярж. прэмія УССР 1979.

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксей Станіслававіч) (н. 13.7.1934, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969), лётчык-касманаўт СССР (1969), д-р тэхн. н. (1973). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (МВТВ) імя М.​Э.​Баўмана (1957). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 15—16.1.1969 з Б.В.Валынавым і Я.В.Хруновым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-5» (як бортінжынер), 16.1.1969 з Хруновым перайшоў праз адкрыты космас (37 мін) у касм. карабель «Саюз-4» (пілатаваў У.А.Шаталаў), на якім 17.1.1969 вярнуўся на Зямлю. 13—18.10.1969 з Шаталавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-8» (як бортінжынер), 23—25.4.1971 з Шаталавым і М.М.Рукавішнікавым — палёт на касм. караблі «Саюз-10» (як бортінжынер). У ліпені 1975 — кіраўнік палёту па праграме «ЭПАС». З 1985 рэктар МВТВ імя Баўмана. Правёў у космасе 8,9 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына. Дзярж. прэмія СССР (1980).

А.С.Елісееў.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКАНУ́Р,

касмадром у Казахстане, у Карагандзінскай вобласці. Створаны ў 1955. Мае некалькі стартавых комплексаў, тэхн. пазіцый і вымяральных пунктаў. З Байканура запушчаны першы ў гісторыі чалавецтва штучны спадарожнік Зямлі (1957), здзейсніў палёт першы касманаўт Ю.​А.​Гагарын (1961); стартавалі пілатаваныя касм. караблі («Усход», «Узыход», «Саюз» і інш.), арбітальныя станцыі («Салют», «Мір»), шматлікія штучныя спадарожнікі Зямлі і міжпланетныя касм. апараты.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГА́РЫН (Юрый Аляксеевіч) (9.3.1934, с. Клушына Гжацкага, цяпер Гагарынскага р-на Смаленскай вобл. — 27.3.1968),

савецкі касманаўт, які ўпершыню ў гісторыі чалавецтва здзейсніў палёт у космас. Герой Сав. Саюза (1961), палкоўнік, лётчык-касманаўт СССР (1961). Скончыў авіяц. вучылішча ў Арэнбургу (1957), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). Служыў лётчыкам-знішчальнікам ВПС. З 1960 у атрадзе сав. касманаўтаў, у 1961—64 яго камандзір, з 1964 нам. нач. Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. 12.4.1961 ажыццявіў палёт вакол Зямлі на караблі «Усход» працягласцю 108 мін. Загінуў у авіяц. катастрофе. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР, Вялікі залаты медаль Міжнар. авіяц. федэрацыі. Яго імя прысвоена Ваенна-паветранай акадэміі. Яго імем названы горад Гжацк Смаленскай вобл., кратэр на Месяцы і інш.

Тв.:

Дорога в космос. М., 1981;

Психология и космос. 4 изд. М., 1981 (разам з У.​І.​Лебедзевым).

Літ.:

Дихтярь А. Жизнь — прекрасное мгновенне. М., 1975;

Гагарин В.А. Мой брат Юрий. Мн., 1988;

Обухова Л.А. Любимец века: Гагарин. М., 1979.

Ю.А.Гагарын.

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМУ́К (Пётр Ільіч) (н. 10.7.1942, в. Камароўка Брэсцкага р-на),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1975), лётчык-касманаўт СССР (1973), ген.-палкоўнік авіяцыі (1998), канд. тэхн. н. (1995). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​Гагарына (1977), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1983). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. З 1976 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына (з 1991 начальнік). 18—26.12.1973 з В.В.Лебедзевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-13» (як камандзір); 24.5—26.7.1975 з В.І.Севасцьянавым — палёт на касм. караблі «Саюз-18» і арбітальнай станцыі «Салют-4» (як камандзір); 27.6—5.7.1978 з М.Гермашэўскім — палёт на касм. караблі «Саюз-30» (як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж — У.В.Кавалёнак, А.С.Іванчэнкаў). У космасе правёў 78,8 сут. Дзярж. прэмія СССР 1978, 1981.

Тв.:

Рядом со звездами: Книга одного полета. М., 1979.

Літ.:

Ваганов И.И., Панасюк Н.В. П.​И.​Климук. Мн., 1976.

П.І.Клімук.

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНЕ́НКА (Юрый Віктаравіч) (н. 1.8.1944, пас. Калтубанаўскі Бузулукскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1980). Лётчык-касманаўт СССР (1978), палкоўнік (1977; у адстаўцы). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1966). З 1970 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 10.12.1977—16.3.1978 з Г.М.Грэчкам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-26» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6». У час палёту да АС прыстыкоўваліся КК «Саюз-27» (экіпаж У.А.Джанібекаў, А.Р.Макараў), грузавы трансп. карабель «Прагрэс-1», КК «Саюз-28»(экіпаж А.А.Губараў, У.Рэмек). На Зямлю вярнуўся на КК «Саюз-27». 18—26.9.1980 з А.Тамаё Мендэсам здзейсніў палёт на КК «Саюз-38» і АС «Салют-6» (асн. экіпаж АС Л.І.Папоў, В.В.Румін); 6.2—29.12.1987 з А.​І.​Лавейкіным — на КК «Саюз ТМ-2» і АС «Мір» (на Зямлю вярнуўся на КК «Саюз ТМ-3»). У палётах удзельнічаў як камандзір. Правёў у космасе 430,76 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага.

У.​С.​Ларыёнаў.

Ю.В.Раманенка.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́МІН (Валерый Віктаравіч) (н. 16.8.1939, г. Камсамольск-на-Амуры, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1979, 1980). Герой Венгрыі, Герой Працы В’етнама, Герой Кубы (1980). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд. тэхн. навук. Скончыў Маскоўскі лесатэхн. ін-т (1966). З 1973 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. З 1987 нам. ген. канструктара ракетна-касм. карпарацыі «Энергія». Кіраўнік праграм «Мір—НАСА», «Мір—Шатл» (1994—98), дырэктар праграмы «Міжнар. касм. станцыя» (ад Расіі). Здзейсніў (як бортінжынер) палёты: 9—11.10.1977 з У.​В.​Кавалёнкам на касм. караблі (КК) «Саюз-25»; 25.2—19.8.1979 з У.​А.​Ляхавым на КК «Саюз-32», «Саюз-34» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6»; 9.4—11.10.1980 з Л.​І.​Паповым на КК «Саюз-35», «Саюз-37» і АС «Салют-6»; 3—12.6.1998 у складзе экіпажа КК «Дыскаверы» (стыкоўка з АС «Мір»). У космасе правёў 371,7 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР. Дзярж. прэмія СССР 1984.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРС ((Anders) Уільям Алісан) (н. 17.10.1938, Ганконг),

касманаўт ЗША. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 21—26.12.1968 разам з Ф.​Борманам і Дж.​Ловелам здзейсніў першы палёт да Месяца з выхадам на селенацэнтрычную арбіту на касм. караблі «Апалон-8» як пілот месяцавай кабіны. Карабель зрабіў 10 абаротаў вакол Месяца, вярнуўся на Зямлю. Палёт працягваўся 6,125 сут.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)