паласа дрэвавых або кустовых насаджэнняў уздоўж гар. вуліц, праспектаў і набярэжных. Як форма зялёных насаджэнняў бульвары з’явіліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. Прызначаюцца для дэкар. ўпрыгожвання вуліц і паляпшэння іх сан.-гігіенічнага стану, аховы будынкаў ад пылу, газу і шуму, рэгулявання руху транспарту і пешаходаў. Ствараюцца бульвары пераважна ў буйных гарадах і прамысл. цэнтрах.
Бываюць бульвары закрытыя (для трансп. патокаў) і адкрытыя (для пешаходаў), размяшчаюцца абапал ці на адным (пры недастатковай шырыні) баку вуліцы. Для стварэння бульвараў выкарыстоўваюцца алейныя і групавыя пасадкі дрэў, жывыя агароджы, кусты і кветнікі. Найб. прыдатныя для бульвараў. газаўстойлівыя, са шчыльнай кронай дрэвавыя і кустовыя расліны (каштан, ліпа, бяроза бародаўчатая, вяз шурпаты, акацыя жоўтая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВО́РЦЫЯ (Howorthia),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.
Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЧНІ́СТАРАСЯ́НЫЯ ГРЫБЫ́ (Erysiphales),
парадак сумчатых грыбоў з групы пірэнаміцэтаў. Больш за 250 відаў і форм. На Беларусі каля 100. Найб. пашыраны віды з родаў: сфератэка, эрызіфе, левейлула, мікрасфера, падасфера, трыхакладыя, філактынія. Аблігатныя паразіты раслін, многія прыстасаваны да пэўнага віду. Узбуджальнікі мучністай расы. Утвараюць на лісці, зялёных парастках, кветках, пладах грыбніцу з органамі споранашэння накшталт мучністага налёту (адсюль назва).
Міцэлій белы або шэры, прымацаваны да субстрату прысоскамі і гаўсторыямі, з дапамогай якіх пранікае ўнутр эпідэрмісу і паглынае пажыўныя рэчывы. У цыкле развіцця 2 стадыі: бясполая — канідыяльная (за вегетац. перыяд канідыі ўтвараюцца шматразова, распаўсюджваюцца ветрам, насякомымі і інш.) і палавая — сумчатая. Сумкі з аскаспорамі размяшчаюцца ў пладовых целах (клейстатэцыях), якія маюць шарападобны выгляд, ломкія, часта з прыдаткамі і без вусцейкаў. Сумкі па адной ці ў пучках з 2—3 аскаспорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЕ́Р (Acorus),
род шматгадовых травяністых раслін сям. ароннікавых. 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі аер звычайны (Acorus calamus; нар. назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір). Расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма Усх. Азія; у 13 ст. як лек. расліна завезена ў Польшчу, у 16 ст. яго пачалі разводзіць у Зах. Еўропе. Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, на Беларусі вядомы як акварыумная расліна.
Расліны аеру звычайнага выш. 30—120 см маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўж. да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных катахах даўж. 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча. Настой з яго ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізоўны сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытв-сці, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААМІЦЭ́ТЫ (Oomycetes),
клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.
У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-СПАДАРО́ЖНІК,
горад, пасёлак або група гарадоў, створаных вакол буйнога горада з мэтай абмежавання яго росту, разушчыльнення забудовы, стварэння больш зручных умоў для жыццядзейнасці чалавека. Мае цесныя сац., эканам. і прасторавыя сувязі з гал. горадам. Першыя з іх узніклі ў канцы 19 ст. ў Англіі, Германіі, Расіі ў сувязі з развіццём прам-сці і ростам гар. насельніцтва. Адрозніваюцца функцыян. роляй (т.зв. гарады-спальні або адносна самаст. паселішчы са сваімі вытв. зонамі), велічынёй (30—100 тыс. жыхароў), аддаленасцю ад гал. Горада (10—80 км) і інш. Агульнае для ўсіх: стварэнне зручных і хуткіх зносін з горадам-цэнтрам, фарміраванне зялёных паясоў, якія раздзяляюць гарады-спадарожнікі паміж сабой і аддаляюць іх ад гал. горада. Шырока вядомыя гарады-спадарожнікі Лондана — Харлаў, Стывенедж, Кроўлі; Парыжа — Эўры, Сержы-Пантуаз, Сен-Кантэн; Масквы — Зеленаград, Дзяржынскі, Дубна і інш. У Мінску ролю гарадоў-спадарожнікаў выконваюць Бараўляны, Самахвалавічы, Заслаўе, Лагойск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА СПАКО́Ю,
месца ў прыродным наваколлі, дзе ў пэўныя перыяды або пастаянна захоўваюць асобы рэжым гасп. дзейнасці і рэкрэацыі. Вылучаюць З.с., каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для існавання жывых арганізмаў або захаваць асобныя прыродныя ўчасткі ў практычна некранутым стане. Часовыя З.с. вылучаюць у межах паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, зялёных зон, лесапаркаў і інш., асабліва ў месцах масавага размнажэння дзікіх жывёл. Ахоўны рэжым у іх з сярэдзіны вясны да сярэдзіны лета (т.зв. месяцы цішыні). Знаходжанне людзей, свойскай жывёлы, усе віды дзейнасці, якія могуць парушыць сезонныя рытмы жыцця дзікіх жывёл, забаронены. На тэр. запаведнікаў і нац. паркаў вылучаюцца пастаянныя зоны поўнага спакою (зоны абсалютнай запаведнасці), дзе забараняецца любое ўмяшанне чалавека ў прыродныя працэсы, усе віды гасп. дзейнасці (акрамя прысутнасці навук. супрацоўнікаў, занятых назіраннем за станам і дынамікай асяроддзя). З.с. таксама наз. тэрыторыя, на якой устаноўлены рэжым найменшага або абсалютна мінім. тэхнагеннага ўздзеяння для стварэння ўмоў адпачынку людзей ці фізіятэрапеўт. лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕЛЯНЕ́ННЕ,
комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні або стварэнні і выкарыстанні расліннага покрыва ў населеных месцах і іх наваколлі з мэтай палепшыць якасць асяроддзя. Мае сан.-экалагічнае (зялёныя насаджэнні сярод забудоў, уключаючы прамысл. зоны, зніжаюць узровень шуму, затрымліваюць пыл і аэразолі, садзейнічаюць памяншэнню канцэнтрацыі дыму і шкодных газаў у атмасферы, павелічэнню іанізацыі паветра, наяўнасці кіслароду і фітагенных злучэнняў, якія валодаюць бактэрыцыднымі ўласцівасцямі і знішчаюць узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл, змяншаюць яркасць сонечнага святла і радыяцыйную т-ру і інш.), рэкрэацыйнае (месцы адпачынку), гаспадарчае (выконваюць ветраахоўную функцыю, з’яўляюцца сродкамі аптымальнага размеркавання ападкаў і паверхневага сцёку, барацьбы з эрозіяй глебы і інш.), арх.-дэкаратыўнае і эстэтычнае (ствараюць у нас. пунктах натуральнае пейзажнае асяроддзе, узбагачаюць іх арх. аблічча) значэнне. Зялёныя насаджэнні падзяляюцца на агульныя (паркі, сады, скверы, бульвары, алеі і інш.), абмежаваныя (у дварах школьных, дашкольных, лячэбных, н.-д. і інш. устаноў, у жылых раёнах) і спецыяльныя (вакол прамысл. прадпрыемстваў, водаахоўныя, проціпажарныя, супрацьэразійныя і інш.). Фарміраванне сістэмы азелянення ў розных нас. месцах залежыць ад іх геагр. становішча, мясц. кліматычных і прыродна-ландшафтных умоў (наяўныя лясныя масівы, асаблівасці рэльефу і глеб, размяшчэнне вадаёмаў), памераў, нар.-гасп. профілю і планіровачнай структуры гарадоў і пасёлкаў.
На Беларусі мэтанакіраванае азеляненне пашырылася з 17—18 ст. (гл.Садова-паркавае мастацтва). Сучаснае азеляненне ажыццяўляецца на аснове навукова-абгрунтаваных прынцыпаў і нарматываў: прадугледжваецца раўнамернае размеркаванне зялёных масіваў сярод забудовы ўсіх відаў, сувязь іх паміж сабой і з прыгараднымі лясамі і вадаёмамі, макс. захаванне існуючых насаджэнняў і інш. Зялёныя насаджэнні гарадоў займаюць каля 20% агульнай пл.гар. зямель і складаюць каля 40 тыс.га. Створана больш за 40 паркаў культуры і адпачынку, дзіцячых і старт., каля 160 агульнагарадскіх, больш за 1 тыс. садоў і сквераў, каля 50 бульвараў, існуе каля 120 зялёных зон. Састаўной ч. азелянення горада з’яўляюцца насаджэнні прыгараднай зоны: лясы, лесапаркі, лугапаркі, пладовыя сады і інш., якія ствараюць умовы для масавага адпачынку насельніцтва і садзейнічаюць аздараўленню гар. паветра. Н.-д. работа па азеляненні вядзецца ў Цэнтр.бат. садзе і Ін-це экстрым. батанікі АН Беларусі, БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.
Да арт.Азеляненне. Зялёныя насаджэнні: на вуліцы А.Міцкевіча ў Брэсце (злева); на тэрыторыі Аршанскага льнокамбіната.
ГАМК, HOOCH2CH2CN2NH2, амінакіслата, адзін з медыятараў нерв. сістэмы. Белы крышталічны парашок са слабагоркім смакам і слабым спецыфічным пахам, лёгка растваральны ў вадзе і слаба ў спірце. Гама-амінамасляная кіслата прамежкавы прадукт абмену некат. інш. амінакіслот, адсутнічае ў саставе бялкоў. У свабодным стане знаходзіцца ў многіх раслінах (каранях сталовых буракоў — 0,016 мг%, няспелых яблыках, зялёных парастках і калоссі злакаў, лісці тытуню, водарасці хларэла, дражджах і інш.), у вышэйшых млекакормячых — толькі ў тканках мозга (да 100 мг%).
Крыніца сакрэцыі гама-амінамаслянай кіслаты лакалізавана ў асобых нейронах нерв. тканкі і ў некат. інш. клетках (напр., бэта-клетках падстраўнікавай залозы). У ракападобных і насякомых гама-амінамасляная кіслата служыць медыятарам тармазных рухальных нейронаў, у мозгу пазваночных — медыятарам многіх тармазных інтэрнейронаў. Гама-амінамасляная кіслата абумоўлівае тармозячыя і ўзбуджальныя эфекты. Пад яе ўплывам узмацняюцца абменна-энергет. працэсы ў галаўным мозгу, яго кровазварот, дынаміка нерв. працэсаў, памяць, аблягчаецца выдаленне з мозга таксічных рэчываў і інш. Вядомы сінт.лек. прэпараты гама-амінамаслянай кіслаты (напр., аміналон, або гамалон, і інш.), якія з’яўляюцца паскаральнікамі мазгавога метабалізму.