ГАЛЬПЕ́РЫНА Юдзіф Самойлаўна (18.3.1914, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 12.4.1985),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—40), у абл. драм. т-рах Пінскім (1940—41, 1945—54) і Магілёўскім (1954—84). Выканаўца характарных роляў. Акрэсленасць і дакладнасць псіхал. распрацоўкі вобраза спалучаліся з яркім знешнім малюнкам. Сярод роляў: Агата, Паланея («Паўлінка», «Прымакі» Я.​Купалы), Насця («Несцерка» В.​Вольскага), Бабуля Ціханаўна («Даруй мне» К.​Губарэвіча), Лявоніха («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Негіна, Аксюша («Таленты і паклоннікі», «Лес» А.​Астроўскага), Нэнсі («Замак Броўдзі» паводле А.​Кроніна), Клара Цэханасьян («Візіт старой дамы» Ф.​Дзюрэнмата).

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Аляксандр Гаўрылавіч (12.8.1898, в. Давыдава Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 20.8.1984),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў кінашколу ў Ленінградзе (1924). У кіно з 1925. Сярод фільмаў: «Месяц злева» (1929), «Транспарт агню», «Ёсць, капітан!» (абодва 1930), «На мяжы» (1938). Асабліва блізкая І. ваен. тэма: фільмы «Падводная лодка Т-9» (1943), «Сыны» (1946), «Вяртанне з перамогай» (1948), «Зорка» (1953), «Салдаты» (1957). Паставіў кінатрылогію «Узнятая цаліна» (1960—61, паводле М.​Шолахава), фільмы «Калі пазаве таварыш» (1963), «Першарасіяне» (1968) і інш. Мастацтву І. характэрны лаканізм, псіхал. дакладнасць, строгі адбор выяўл. сродкаў. Аўтар сцэнарыяў многіх пастаўленых ім фільмаў.

Літ.:

Муратов Л. Александр Иванов. Л., 1968.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (London Philharmonic Orchestra),

адзін з лепшых аркестраў Еўропы. Засн. ў 1932 англ. дырыжорам і імпрэсарыо Т.​Бічэмам. З 1933 удзельнічаў у канцэртах Каралеўскага філарманічнага і Каралеўскага хар. т-ваў, летніх оперных спектаклях т-ра «Ковент-Гардэн», розных фестывалях. З канца 1930-х г. — самаст. арганізацыя. Выканальніцкаму майстэрству ўласцівы ансамблевая зладжанасць, маляўнічасць гучання, рытмічная дакладнасць, тонкае адчуванне стылю. У рэпертуары творы сусв. класікі, англ. аўтараў, сучасных кампазітараў. У розны час аркестрам дырыжыравалі Э.​Ансермэ, Э. ван Бейнум, Б.​Вальтэр, Г.​Караян, Э.​Клейбер, Ш.​Мюнш, М.​Сарджэнт, В.​Фуртвенглер і інш. Сярод кіраўнікоў Т.​Бічэм, А.​Боўлт, Б.​Хайтынк.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТА́ Аляксандр Навумавіч (н. 28.3. 1933, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Фільмам уласцівы дакладнасць і цэласнасць рэжысёрскай задумы, жанравая разнастайнасць, арганічнае спалучэнне розных, часам кантрастных стылістычных элементаў: «Без страху і папроку» (1963), «Звоняць, адчыніце дзверы» (1966, гал. прэмія Міжнар. фестывалю ў Венецыі), «Кропка, кропка, коска...» (1973), «Масква — любоў мая» (1974, сумесна з Японіяй), «Ззяй, ззяй, мая зорка» (1970), «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа ажаніў» (1976), «Экіпаж» (1980), «Казка вандраванняў» (1983, сумесна з Чэхіяй і Румыніяй), «Запас трываласці», «Крок» (абодва 1988; сумесна з Японіяй), «Згублены ў Сібіры» (1991, сумесна з Вялікабрытаніяй) і інш.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІВЕЛІ́РНАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць пунктаў зямной паверхні, для якіх вышыні вызначаны нівеліраваннем (геаметрычным); вышынная апорная геадэзічная сетка. Вышыні вызначаюцца паводле прынятай у краіне сістэме вышынь над узроўнем мора. Пункты Н.с. замацоўваюць нівелірнымі маркамі і рэперамі. Паводле дакладнасці Н.с. падзяляюцца на 4 класы. Дакладнасць 1-га класа 0,5 мм на 1 км нівелірнага ходу, 2-га класа — 5 мм на 1 км, 3-га класа — 10 мм на 1 км, 4-га класа — 20 мм на 1 км. Н.с. Беларусі з’яўляецца састаўной часткай Н.с. краін СНД, лік вышынь якой вядзецца паводле Балтыйскай сістэмы вышынь ад нуля Кранштацкага футштока. Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя пункты.

П.​П.​Явід.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВАРЫ́СТВА МАСТАКО́Ў-СТАНКАВІ́СТАЎ (ОСТ, Общество станковистов). Існавала ў 1925—31 у Маскве. Засн. групай выпускнікоў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў пад кіраўніцтвам Д.​Штэрнберга. Члены т-ва (П.​Вільямс, Б.​Волкаў, А.​Ганчароў, А.​Дайнека, А.​Лабас, Ю.​Піменаў, А.​Тышлер і інш.) сцвярджалі станковыя формы мастацтва, ставілі за мэту адлюстроўваць у іх тыповыя з’явы сав. рэчаіснасці. Іх творам, прысвечаным пераважна індустрыялізацыі, жыццю сав. горада, спорту, уласцівы гранічная лаканічнасць формы, дынаміка кампазіцыі, графічная дакладнасць малюнка. Вядучыя мастакі ОСТ адыгралі пэўную ролю ў развіцці станковага і манум. жывапісу, кніжнай графікі, плаката, сцэнаграфіі. Т-ва арганізавала 4 выстаўкі ў 1925—28.

Літ.:

Костин В. ОСТ (Общество станковистов). Л., 1976.

т. 15, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ЛБЕРГ, Тыльбергс (Tübergs, Tillbergs) Яніс (2.7.1880, Рыга — 7.11.1972), латвійскі мастак. Нар. маст. Латвіі (1955). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901—09). У 1911—15 выкладаў у Рыжскай гар. маст. школе, у 1918—19 у Нар. маст. школе ў Віцебску, у 1921—32, 1947—57 праф. у АМ у Рызе. Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Творам уласцівы дакладнасць малюнка і перадача пластыкі цела чалавека, імкненне да манахромнасці. Сярод твораў партрэты К.​Ліндэ (1923), Я.​Райніса (1925), Э.​Смілгіса (1949), аўтапартрэт (1951), «Каўгурцы» (1957). Выканаў ілюстрацыі да рамана «Зямля зялёная» А.​Упіта (1948).

Літ.:

Сидорова В.А. Я.​Тильберг. М., 1952.

С.​У.​Пешын.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ЛЬДЭБРАНД, Гільдэбранд (Hildebrand) Адольф фон (6.10.1847, г. Марбург, Германія — 18.1.1921), нямецкі скульптар і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Маст. школе ў Нюрнбергу (1864—66) і ў Мюнхене (1866—67). З 1867 перыядычна жыў у Італіі і Германіі. У мастацтве падзяляў погляды неаідэалізму, што абумовіла рысы яго твораў: унутр. замкнёнасць і своеасаблівая холаднасць вобразаў, статычнасць формы і пластычная яснасць, лаканізм і архітэктанічная дакладнасць кампазіцыі: «Адам» (1878), фантан «Вітэльсбах» (1894), партрэты А.​Бёкліна (1897) і В. фон Бодэ (1900). Вывучаў асн. заканамернасці ўзаемадзеяння формы і прасторавых уяўленняў у мастацтве. Яго тэарэт. канцэпцыі развіты ў ням. мастацтвазнаўстве канца 19 — пач. 20 ст.

А. фон Хільдэбранд. Фантан «Вітэльсбах». 1894.

т. 17, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ Ігар Мікалаевіч (24.2.1923, в. Будзінка Калінінскай вобл., Расія — 18.4.1986),

бел. скульптар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1956). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1956—64), БПІ (1964—76). Працаваў у галіне манум. пластыкі, партрэта, станковай кампазіцыі. Сярод твораў: «На таку» (1957), «Жаночы партрэт (Наташа)» (1959), «Подзвіг народа» (1981) і інш. Аўтар помнікаў бел. воінам і партызанам у г. Стоўбцы (з С.​Селіханавым, 1963) і в. Вял. Бортнікі Бабруйскага р-на (1966), Ф.​Скарыне ў Полацку паводле праекта А.​Глебава (з А.​Заспіцкім, В.​Марокіным, 1974) і інш. Творчасці Глебава ўласцівы дакладнасць рэаліст. формы, мяккасць мадэліроўкі, жыццёвасць вобразаў.

Л.​Ф.​Салавей.

І.М.Глебаў. Жаночы партрэт (Наташа). 1959.

т. 5, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЫ́ЙНА-ДЗЕЛАВЫ́ СТЫЛЬ,

адзін з функцыянальных стыляў літаратурнай мовы, які абслугоўвае сферу афіц.-дзелавых пісьмовых зносін. Вылучаюцца 3 падстылі: канцылярска-дзелавы, дыпламатычны і юрыдычны, на аснове якіх ствараюцца заканад. акты, дакументы міжнар. права і дыпламатыі, пастановы, загады, інструкцыі, статуты, вядзецца службовая перапіска і інш.

Асн. рысы стылю: жанравая, кампазіцыйная і моўная стандартызаванасць; лагічнасць, акрэсленасць і дакладнасць; разгорнутасць зместу і багацце сродкаў перадачы інфармацыі; ускладненасць сінтаксісу, пашыранасць залежных канструкцый, рубрыкацый і пераліку; высокая частотнасць аддзеяслоўных назоўнікаў, вытворных прыназоўнікаў і злучнікаў; насычанасць спец. і абстрактнай лексікай і фразеалогіяй; адсутнасць суб’ектыўнай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі і вобразнага (пераноснага) ужывання слоў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)