сістэма гукавой арганізацыі вершаванай мовы на аснове пэўнай рытміка-інтанацыйнай суладнасці і перыядычнасці. У адпаведнасці з культ. традыцыямі і прасадычнымі асаблівасцямі мовы еўрап. вершаскладанне падзяляецца на дысметрычнае (несувымернае) і метрычнае (размеранае, урэгуляванае). Адзінка сувымернасці вершаў у розных мовах — склад. Асн. фанетычныя характарыстыкі склада (складаўтваральнага галоснага) — вышыня, даўжыня і сіла. Упарадкавацца можа як агульная колькасць складоў (сілабічнае вершаскладанне), так і колькасць складоў пэўнай вышыні (меладычнае вершаскладанне), даўжыні (антычнае, або метрычнае вершаскладанне) і сілы (танічнае вершаскладанне). Звычайна гэтыя фанетычныя прыкметы ўзаемазвязаны, таму існуюць сістэмы, заснаваныя на дзвюх і больш прыкметах (напр., сілаба-меладычнае, сілаба-метрычнае, сілаба-танічнае вершаскладанне). У розных мовах розныя сістэмы вершаскладання развіваюцца па-рознаму. Напр., у рус. мове, дзе вышыня і даўжыня гукаў не з’яўляюцца фаналагічнымі (сэнсавызначальнымі), не развілося меладычнае і метрычнае вершаскладанне. У франц. мове, дзе таксама не фаналагічны націск у слове, не развіліся танічнае і сілаба-танічнае вершаскладанне. Разам з тым не ўсе сістэмы, прыдатныя для пэўнай мовы, атрымліваюць аднолькавае развіццё (напр., стараж.-грэч. мова дазваляла пашырэнне і метрычнага, і танічнага, і сілабічнага вершаскладання, а пераважным стала метрычнае).
У бел. паэзіі склаліся 2 віды дысметрычнага вершаскладання — інтанац.-сказавае і танічнае, або акцэнтнае. Першы з іх заснаваны на гукавой уладкаванасці пэўных сінтаксічных частак ці перыядаў паэт. фразы (напр., стараж. ўзоры нар. паданняў, асобныя ўрыўкі «Слова пра паход Ігараў»). Танічны верш заснаваны на раўнамернасці т.зв. моцных акцэнтаў у рытмарадзе, якія падкрэсліваюць сэнсавую і структурную ролю пэўных слоў. Да танічнага верша звярталіся амаль усе бел. пісьменнікі (паэма «Безназоўнае» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Найб. развітыя і арыгінальныя ўзоры антычнага вершаскладання ёсць у творчасці бел. паэтаў-лаціністаў 16—17 ст. Я.Вісліцкага, М.Гусоўскага і інш. Зараджэнне бел. сілабікі ў 16—17 ст. звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага. Нягледзячы на сваю неадпаведнасць прасодыібел. мовы, сілабічнае вершаскладанне праіснавала амаль да канца 19 ст. і было важным этапам у гіст. развіцці нац. паэзіі. У творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. прадстаўнікоў новай бел. л-ры сілабічнае вершаскладанне мадэрнізавалася і ўзбагацілася. Пад уплывам нар.-песенных формаў, жывых традыцый гутарковай мовы яно прыкметна танізавалася, набліжаючыся да сілаба-танічнага гучання (пачатак паэмы «Гапон» Дуніна-Марцінкевіча). Паралельна з гэтым у пач. 19 ст. пад уплывам рус. і ўкр. літаратур зарадзілася і бел. сілабатоніка (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Працэс сінтэзу сілабічных і танічных прынцыпаў вершаскладання завяршыўся ў канцы 19 ст. (цыкл «Песні» Багушэвіча, вершы і байкі Я.Лучыны, А.Гурыновіча). У пач. 20 ст. сілаба-танічнае вершаскладанне стала пануючым у бел. паэзіі. Для яго характэрна максімальная танізацыя вершаванай мовы, кандэнсацыя энергіі рытму на самых значных у сэнсавых адносінах словах, шырокае выкарыстанне сродкаў эмац. падкрэслівання (эмац. звароты і выклічнікі, паўзы, міжрадковыя пераносы, паўторы, гукаперайманні). Істотную выяўл. ролю адыгрывае страфа як вышэйшая форма арганізацыі верша. У сувязі з далейшым паглыбленнем сац.-эстэтычных і філас. асноў сучаснай бел. паэзіі побач з традыц. формамі сілабатонікі ўсё большае пашырэнне набывае свабодны верш, які будуецца на чаргаванні эквівалентных па гучанні рытмарадоў, аб’яднаных адзінствам думкі, дынамізмам унутр. лірычнай плыні.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. М., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САЎ (Міхаіл Васілевіч) (19.11. 1711, в. Дзянісаўка, цяпер с. Ламаносава Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 15.4.1765),
рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык, асветнік. Акад. Пецярбургскай АН (1745), чл.рас. Акадэміі мастацтваў (1763). Ганаровы чл. Шведскай (1760) і Балонскай (1764). Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі ў Маскве (1731—35), у акад. ун-це ў Пецярбургу (1735), у Германіі (1736—41). З 1742 у Пецярбургскай АН, праф. хіміі (з 1745). З 1748 працаваў у першай у Расіі хім. лабараторыі пры АН (створана па яго ініцыятыве), адначасова (з 1756) на заснаванай ім шкляной ф-цы. Навук. даследаванні па хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі, геалогіі, металургіі. Распрацаваў асновы карпускулярнага (атамна-малекулярнага) вучэння; малекулярна-кінетычную тэорыю цяпла і газаў, тэорыю колераў. Эксперыментальна даказаў закон захавання масы рэчыва ў хім. рэакцыях (1756), сфармуляваў прынцып захавання матэрыі і руху. Адзін з заснавальнікаў фіз. хіміі. Абгрунтаваў неабходнасць выкарыстання фіз. метаду ў хіміі, даў фіз. хіміі азначэнне, блізкае да сучаснага, напісаў «Увядзенне ў сапраўдную фізічную хімію» (1752). Прапанаваў канструкцыю шэрагу (каля 100) розных прылад, у т. л. аптычных. Адкрыў існаванне атмасферы на Венеры (1761). У працы «Першыя асновы металургіі або рудных спраў» (1763) апісаў уласцівасці металаў і практычныя метады іх атрымання. Выклаў асновы тэорыі геал. развіцця Зямлі і зямной кары. Растлумачыў паходжанне многіх карысных выкапняў і мінералаў. Быў кіраўніком Геагр. дэпартамента. З яго ўдзелам складаўся геагр. «Атлас Расійскі». Даследаваў марскія льды і даў іх першую класіфікацыю. Выказаў ідэю аб важнасці для Расіі даследавання Паўн. марскога шляху і асваення Сібіры. У 1755 па ініцыятыве Л. створаны Маскоўскі ун-т.
Л. — адзін з пачынальнікаў новай рус. л-ры, рэфарматар рус. вершаскладання. У «Лісце аб правілах расійскага вершаскладання» (1739, апубл. 1778) абгрунтаваў сілаба-танічную сістэму вершаскладання. Стваральнік новых літ. жанраў, у т. л.рус. оды філас. і высокага грамадз.гучання («На ўзяцце Хаціна», 1751, і інш.). Аўтар паэмы «Пётр Вялікі» (незавершаная, часткова апубл. 1760—61), трагедый у вершах «Таміра і Селім» (1750), «Дземафонт» (1752) і інш., вершаў на выпадак (надпісы, эпіграмы і г.д.). Яго сатыра «Гімн барадзе» распаўсюджвалася ў спісах (апубл. 1859). Асн. рысы паэзіі Л. — грамадзянскасць, патрыятызм, пачуццё ўласнай годнасці паэта. Перакладаў Гамера, Вергілія, Авідзія і інш.ант. аўтараў. Напісаў фундаментальныя філал. працы: «Кароткі дапаможнік красамоўства» (1748; першая рус. рыторыка), «Расійская граматыка» (1757; першая рус. граматыка), «Прадмова пра карысць кніг царкоўных у расійскай мове» (1758; першая спроба рус. стылістыкі). На дакумент. аснове склаў «Старажытную расійскую гісторыю ад пачатку расійскага народа да... 1054 года» (ч. 1—2, 1754—58, апубл. 1766), «Кароткі расійскі летапісец з радаводам» (1760), у якіх крытыкаваў нарманскую тэорыю. Вынайшаў і распрацаваў новы спосаб вырабу смальты для мазаік, заснаваў мазаічную майстэрню, у якой ствараліся партрэты, абразы, ландшафты («Вобраз Хрыста», 1753; пано «Палтаўская баталія», 1762—64).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТ ((Liszt) Ферэнц) (Франц; 22.10. 1811, Добар’ян, каля г. Шопран, Венгрыя — 31.7.1886),
венгерскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў К.Чэрні, А.Сальеры, Ф.Паэра і А.Рэйхі. У 1823—35 жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў пед. і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—39 — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, арк.-сімф. трактоўка фп. З канца 1830-х г. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—58 прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім т-ры больш за 40 опер, у т. л. оперы Р.Вагнера, выканаў у сімф. канцэртах усе сімфоніі Л.Бетховена, сімф. творы Г.Берліёза, Р.Шумана, М.Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу. З 1861 жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Муз. акадэміі ў Будапешце, цяпер Нац.венг.муз. акадэмія імя Л.). Стваральнік першых узораў венг.нац.муз. класікі, адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап.муз. рамантызму. Найб. значныя яго дасягненні ў галіне інстр. музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Л. — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы муз. жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п’есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з л-рай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў нар.-венг. вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрап.прафес. музыкі. Творчасць Л. адыграла вял. ролю ў станаўленні венг.нац.муз. школы і ў развіцці сусв.муз. культуры.
Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Гранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фауст-сімфонія» (паводле І.В.Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімф. паэм (1849—82), у т. л. «Мазепа» (паводле В.Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж.Атрана і А.Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І.Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фауста» Н.Ленаў (1860) і інш.; для фп. з арк. — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венг.нар. тэмы (1852) і інш.; для фп. — саната h-moll (1853); цыклы п’ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А.Ламарціна), «Гады вандраванняў» (3 сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п’есы ў танц. форме, маршы і інш.; для голасу з фп. — песні і рамансы (каля 90) на словы Г.Гейнэ, Гётэ, Гюго, М.Лермантава і інш., інстр. п’есы, камерна-інстр. ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фп.) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,
прылады, з дапамогай якіх здабываюцца акрэсленыя (або недакладна акрэсленыя) па вышыні і рытмічна арганізаваныя (або неарганізаваныя) гукі, паслядоўнасці гукаў, а таксама шумы. Абавязковыя элементы М.і. — вібратар, ці крыніца гуку (струна, мембрана, слуп паветра), і генератар, што пабуджае вібратар да вагання (смычок, сістэма малаточкаў і інш.). Многія М.і. маюць і ампліфікатар для ўзмацнення ваганняў (рэзанансавыя корпус, дошка) з мэтай атрымання гукаў большай сілы. Кожнаму М.і. ўласцівы пэўны гукавы дыяпазон, комплекс тэмбрава-рэгістравых, дынамічных, выразных і тэхніка-выканальніцкіх магчымасцей. Якасць гучання залежыць ад матэрыялаў, з якіх яны зроблены, і нададзенай ім формы, можа мяняцца пры дапамозе дадатковых прыстасаванняў (напр., сурдзіны) і розных прыёмаў гуказдабывання.
М.і. выконваюць разнастайныя грамадскія (ад прыкладной да ўласна эстэтычнай) і маст. функцыі (М.і. сольныя і ансамблевыя, меладычныя і рытмічныя і інш). Падзяляюцца на нар. і прафесійныя. Іх развіццё непасрэдна звязана з развіццём грамадства, яго культуры, муз. мастацтва, выканальніцтва і тэхнікі вырабу. Паводле прынятай у сучасным інструментазнаўстве класіфікацыі Э.М. фон Хорнбастэля — К.Закса (прапанавана ў 1914), якая ўлічвае 2 вызначальныя прыметы — крыніцу гуку і спосаб яго здабывання, М.і. ўтвараюць 4 групы: ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (мембранавыя), аэрафоны (духавыя) і хардафоны (струнныя); у 20 ст. і электрафоны (электрамузычныя інструменты). Крыніца гуку ў ідыяфонах — матэрыял, з якога зроблены інструмент або яго гучальная дэталь, у мембранафонах — нацягнутая перапонка (найчасцей са скуры жывёлы), у аэрафонах — заключаны ў трубцы слуп паветра, у хардафонах — нацягнутая струна. Залежна ад спосабу гуказдабывання ідыяфоны бываюць ударныя, саўдаральныя, патрэсвальныя, скрабковыя, шчыпковыя, аэрафоны — свабодныя, флейтавыя, язычковыя, амбушурныя; хардафоны — шчыпковыя, смычковыя, ударныя і фрыкцыйныя Улічваюць і канструкцыйныя асаблівасці (вядомы флейты адзіночныя падоўжныя — адкрытыя і закрытыя, парныя).
Нар. М.і. беларусаў вызначаюцца разнастайнасцю тыпаў і іх лакальных разнавіднасцей. Група ідыяфонаў уключае талеркі, лыжкі, вугольнік, трашчотку, калотку, брусочкі, звон, бразготкі, званок, шархуны, кляшчоткі, драбінку, шмыгала, рагульку; у мінулым былі яшчэ варган і біла (калатушка); група мембранафонаў — бубен, барабан і грэбень (мірлітон); група аэрафонаў: свабодныя аэрафоны — лісты дрэў і травы, карынка, берасцянка, пуга, дудка шчылінная, гармонік і яго разнавіднасці — баян і акардэон; флейтавыя — свісцёлка, акарына, дудка, салавейка, парныя дудкі (раней, верагодна, і шматствольныя); язычковыя — жалейка, кларнет, дуда, дудачка з падвойным язычком; амбушурныя — рог і труба; група хардафонаў: смыкавыя — скрыпка, басэтля, ліра колавая, шчыпковабрынкальныя — балалайка, мандаліна, гітара, раней і цытра; ударныя — цымбалы. Паводле спосабу вырабу бел.нар. М.і. падзяляюцца на спецыяльна вырабленыя і прыстасаваныя для гукаўтварэння прадметы навакольнай прыроды і побыту. Вырабляюць М.і. музыканты-выканаўцы і муз. майстры-прафесіяналы. У 2-й пал. 20 ст. ў нар.муз. побыце ўсё часцей выкарыстоўваюць інструменты фабрычнай вытв-сці (скрыпка, цымбалы, гармонік, баян, кларнет; гл.Музычных інструментаў вытворчасць). Спрадвеку нар. М.і. звязаны з традыц. каляндарна-земляробчымі і сямейнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам, рознымі святамі. У вясковай практыцы М.і. выкарыстоўваюць як сольныя і ансамблевыя (гл.Народныя інструментальныя ансамблі). Амаль усе прафес. М.і. паявіліся ў выніку ўдасканалення народных. Да прафесійных адносяцца інструменты сімф. (опернага), духавога і эстр. аркестраў, а таксама электра- і мех. інструменты, сінтэзатары, камп’ютэры і інш.Гл. таксама Аркестр, Інструментоўка, Партытура.
Літ.:
Закс К. Современные оркестровые музыкальные инструменты: Пер. с нем. М., 1932;
Чулаки М.И. Инструменты симфонического оркесгра. 4 изд. М., 1983;
Вертков К., Благодатов Г., Язовицкая Э. Атлас музыкальных инструментов народов СССР. 2 изд. М., 1975;
Назіна І.Д. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997;
Sachs K. The History of musical Instruments. New York, 1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕМІ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
публіцыстычная літаратура Беларусі і Украіны канца 16—1-й пал. 17 ст., у якой узнімаліся вострыя праблемы сац.-паліт. жыцця, дагматыкі, гіст.-культ. працэсаў у грамадстве. Прадстаўлена рукапіснымі і друкаванымі помнікамі на царк.-слав., стараж.-бел., укр., польскай і лац. мовах. Уключала палемічныя трактаты, развагі, памфлеты, апалогіі, абароны, адозвы і інш.
Творы хрысц.Пл. ўзніклі ў перыяд ранняга хрысціянства, асабліва пашырыліся пасля адасаблення праваслаўя і каталіцызму (1054). У 11—12 ст. у Кіеўскай Русі былі вядомы палемічныя трактаты, пасланні мітрапалітаў Льва, Георгія, Нікіфара, Іаана, Феадосія Пячэрскага і інш.Рэфармацыйная публіцыстыка на Беларусі прадстаўлена творамі бел. і польскіх пісьменнікаў, рэліг. і дзярж. дзеячаў (С.Будны, А.Волан, Л.Крышкоўскі, М.Радзівіл Чорны, М.Чаховіц, Якуб з Калінаўкі і інш.). Асобныя палемічныя пасажы мелі месца ў прадмове да «Евангелля» В.Цяпінскага. П.л. эпохі контррэфармацыі на Беларусі — трактат Гербеста «Указанне шляху» (1566) і кніга П.Скаргі «Пра адзінства касцёла Божага пад адзіным пастырам» (1577, 2-е выд. 1590). Адказам на іх былі ананімныя правасл. рукапісныя творы антыкаталіцкай накіраванасці: «Пасланне да лацін з іх жа кніг», «На богамярзотную, на паганую лаціну», «Павучэнне, нанова складзенае ў Літваніі» (каля 1581, 1582). Літ. палеміка асабліва актывізавалася напярэдадні і пасля Брэсцкай уніі 1596. З каталіцка-уніяцкага боку з’явіліся творы І.Пацея «Унія» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынку і справы сінодавай» (1597), «Антырызіс» (1600), А.Шчаснага-Жаброўскага «Кукаль, які рассявае Стафан Зізаній» (1595). Найб. значныя творы правасл. палемікі: трактаты С.Зізанія «Казанне святога Кірылы Іерусалімскага пра антыхрыста» (1596), Хрыстафора Філалета «Апокрысіс» (1597, 1598), Клірыка Астрожскага «Гісторыя пра Лістрыкійскі, г.зн. разбойны Ферарскі або Фларэнційскі сінод» (1598). Большасць твораў П.л. ўзнікла ў 1-й трэці 17 ст.: з правасл. боку «Антыграфі...» (1608), «Трэнас» (1610) М.Сматрыцкага, «Адказ на ліст віленскіх уніятаў» (1616) А.Мужылоўскага, «Палінодыя...» (1619—20) З.Капысценскага; з каталіцка-уніяцкага — «Гармонія...» і «Ерасі...» (1608) Пацея, «На трэны і лямант Тэафіла Арталога... перасцярога» (1610) Скаргі, «Абарона уніі» (1617) Л.Крэўзы і інш. Новая хваля літ. палемікі выклікана аднаўленнем вышэйшай правасл. іерархіі ў Рэчы Паспалітай у 1620 іерусалімскім патрыярхам Феафанам. З’явіліся палемічныя творы грамадз.гучання: «Апраўданне невінаватасці» і «Абарона апраўдання» (1621), «Эленхус», «Суплікацыя і Юстыфікацыя» (абодва 1622) М.Сматрыцкага, «Антыдотум» (1629) Мужылоўскага, «Антапалогія» (1631) Г.Дзіпліца. Погляды уніятаў раскрываліся ў творах «Двайная віна» (1621) і «Экзамен абароны» (1622) І.Руцкага, «Антыэленхус» (1622) А.Сялявы, «Апалогія» (1628), «Парэнезіс», «Экзатэзіс» (абодва 1629) Сматрыцкага (пасля яго пераходу ў унію). У 1640-я г. з боку праваслаўных з’явіўся «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, з боку уніятаў — «Абарона святой саборнай апостальскай царквы» (1638), «Праўдзівы каляндар хрыстовай царквы», «Іерархія» Я.Дубовіча, «Акуляры старому календару» К.Саковіча (усе 1644). У сярэдзіне 16—18 ст.Пл. развівалася пераважна на тэр. Украіны. Вядома палеміка паміж П.Магілам («Літас», 1644) і Саковічам («Перспектыва», 1642; «Кайло, або Молат на крушэнне камянёў схізмы», 1646). Палемічнай завостранасцю вызначаліся творы уніятаў П.Боймы, Ц.Жахоўскага, Я.А.Кулешы, Т.Руткі, а таксама правасл. дзеячаў Л.Барановіча, І.Галятоўскага, І.Гізеля і інш. Палемічныя трактаты, дыскусіі, абвяржэнні сталі асновай стварэння багаслоўскіх прац па гісторыі праваслаўя, каталіцызму, уніяцтва і інш. хрысціянскіх канфесій. Асобныя творы перавыдадзены ў 19—20 ст., большасць з іх маладаследаваныя, з’яўляюцца бібліягр. рэдкасцю.
Літ.:
Загайко П.К. Україньскі письменники-полемісти кінця XVI — початку XVII ст. в боротьбі проти Ватікану і унії. Київ, 1957;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст.Мн., 1968;
Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998;
Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,
жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.
З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.
У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт.Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.
Публ.:
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел.нар. творчасць);
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;
Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі і інш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ТНАЕ ПІСЬМО́, натацыя (ад лац. notatio запісванне, абазначэнне),
сістэма графічных знакаў для запісу музыкі, а таксама сам запіс.
Узнікла ў старажытнасці. Першапачаткова перададзеныя па слыху мелодыі абазначаліся піктаграфічным спосабам (з дапамогай выяў) або на аснове алфавітаў, ідэаграфічнага (іерагліфічнага) пісьма і лічбаў (вызначалі ў асн. вышыню гукаў, зрэдку рытм). Найб.стараж. сістэмы натавання кітайская (1300 да н.э.), вавілонская (800 да н.э.), індыйская і грэч. (400 да н.э. — 400 н.э.). У сярэднія вякі для натавання літургічнай музыкі найб. карысталіся неўменным пісьмом (спец. знакі — неўмы — пісаліся над словамі тэксту для напаміну мелодыі песнапенняў). Паступова для больш дакладнага абазначэння вышыні неўмаў пачалі карыстацца лініямі, якія не паказвалі дакладную вышыню гукаў, але дазвалялі адрозніваць гукі адносна больш нізкія і больш высокія. Колькасць такіх ліній дасягала 18; яны як бы ўзнаўлялі на паперы струны муз. інструмента. У 11 ст.Гвіда д ’Арэца ўвёў 4 нотныя лініі (прататып сучаснага нотнага стану). У пачатку ліній ён змяшчаў літарныя знакі (прататыпы сучасных ключоў), што пазначалі дакладную вышыню запісаных на лініях гукаў. Пазней неўменныя знакі заменены квадратнымі або ромбападобнымі нотнымі галоўкамі (пазначалі толькі вышыню гукаў). Неўменным Н.п. найчасцей запісвалі грыгарыянскі харал (адсюль назва харальная натацыя). У канцы 12 ст. пачалі пазначаць працягласць гукаў, узнікла мадальная натацыя. вытокам якой былі старагрэч. стопы — модзі (адсюль назва). У пач. 14 ст. ўзнікла т.зв.мензуральнае Н.п. Яно адначасова фіксавала вышыню і працягласць гукаў (апошнюю вызначала форма нотных галовак) і служыла пераважна для запісу ансамблевай музыкі. Знакі мензуры, якія ўстанаўлівалі 3- або 2-дольнасць кожнай нотнай працягласці, змяшчаліся ў пачатку нотнага радка. пры змене мензуры — у сярэдзіне нотнага тэксту. Знакі паўз адпавядалі мензуральным працягласцям і насілі іх назвы. У 15—17 ст. існавала таксама літарная. або лічбавая сістэма, т.зв. табулатура, для запісу сольнай інстр. музыкі, якая мела шмат разнавіднасцей адпаведна асаблівасцям асобных інструментаў (напр., клавішная. або арганная, лютневая, гітарная, скрыпічная, для цытры, флейты і інш.). Існавалі і нац. табулатуры: ням.. ісп., франц., італьян. і найб.стараж. — англійская (каля 1325). Ва. Усх. Еўропе існавалі самаст. візантыйская (10—18 ст.) і стараж.-руская неўменныя сістэмы натацыі. Найб.стараж. візантыйскія помнікі запісаны экфанетычным Н.п. (9—11 ст.), якое пазначала акцэнты і муз.-рэчытатыўныя інтанацыі літургічных тэкстаў. рытарычныя фігуры (пытанне, вокліч, сцвярджэнне), у пач. 12—15 ст. — вышыню кожнага гуку і акцэнтна-рытмічную структуру мелодыі. У 15 ст. ўведзены дадатковыя знакі для запісу мелізматычных формул. Стараж.-рус. безлінейная сістэма знаменнага Н.п., як і сам знаменны спеў (роспеў), была ўласціва помнікам пісьмовай муз. культуры рускіх, беларусаў, украінцаў, балгар, сербаў, харватаў і інш. У Расіі ў канцы 11—17 ст. існавала безлінейнае знаменнае, стаўпавое або крукавое Н.п. (гл.Крукі). Напачатку яно ўяўляла сабой разнавіднасць ідэаграфічнага неўменнага пісьма — знакі паказвалі асобныя інтанацыі або матывы, а не дакладную вышыню і працягласць гукаў. У 2-й пал. 16 ст. ўведзены кінаварныя паметы, якія паказвалі не толькі вышыню. але і колькасць гукаў, іх напрамак і працягласць. Знакі знаменнага Н.п. адпавядалі 1, 2, 3. 4 і больш гукам, часам цэлым папеўкам, т.зв. какізам. Найб. развітыя мелодыі былі звязаны з тайназамкнёнымі знакавымі зваротамі — ліцамі і фітамі (дайшло больш за 900). Зберагліся фітнікі — зборнікі, дзе змешчаны фіты ў іх графічным абрысе і назве, а таксама з разводам (перакладам на больш даступныя і агульнаўжывальныя знакі безлінейнага Н.п.). Існавалі таксама стараж.-рус. безлінейная кандакарная муз. сістэма (ад грэч. кандак — кантак — палачка, на якую нагортвалі скрутак пергаменту), дзямественная, пуцявая і казанская сістэмы Н.п. (канец 16—17 ст.). У сярэдзіне 17 ст. ўзнікла 5-лінейнае квадратнае кіеўскае Н.п. (занесена ў Расію выхадцамі з Беларусі і Украіны). У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі існавала лічбавая нотная сістэма — цыфір, дзе ноты замяняліся лічбамі. Цыфір’ю надрукаваны 2 зб. «Лепта» (1890, 1914), дзе змешчаны рус., бел. і ўкр.канты і псальмы.
На Беларусі ўжо з 2-й пал. 15 ст. вядома квадратная лінейная натацыя на ўзор ранняй чэшскай, якою запісаны Істэбніцкі канцыянал Яна Гуса (1420). У 1-й пал. 16 ст. паявіліся друкаваныя зборнікі з 5-лінейнай неўменнай зах,еўрап. натацыяй (гл.Канцыяналы). Першы бел. рукапісны зборнік з 5-лінейным кіеўскім Н.п. — «Супрасльскі ірмалагіён» (1598—1601). Зборнік бел. музыкі «Полацкі сшытак» (16—17 ст.) напісаны квадратнай кіеўскай і круглай італьян. нотай, што ляжыць у аснове сучаснага Н.п. Перавага сучаснага Н.п. ў нагляднасці абазначэння гукавышыннага становішча нот і іх метрарытмічных суадносін, у наяўнасці ключоў, якія дазваляюць карыстацца нотным станам для запісу розных дыяпазонаў муз. гукарада, абмежавацца 5-лінейнай нотнай сістэмай і толькі зрэдку звяртацца да дадатковых ліній і вызначэнняў. Элементы сучаснага Н.п. — 5-лінейны нотны стан, ключы, якія паказваюць вышыннае значэнне яго ліній, нотныя знакі — ноты і іх розныя элементы, што выяўляюць адносную працягласць гукаў паводле матэм. прынцыпу дзялення на 2 кожнай нотнай (часавай) долі; знакі альтэрацыі пры ключы, якія фіксуюць вышыню дадзенай ступені на працягу ўсяго твора, і пры асобных нотах (выпадковыя) для змены вышыні ступені толькі ў дадзеным такце і актаве; вызначэнні метра, ці колькасці часавых долей у дадзеным такце і іх працягласці; дадатковыя знакі для павелічэння працягласці гуку (кропка. фермата. ліга), аб’яднання некалькіх нотных станаў у агульную нотную сістэму ў адпаведнасці з магчымасцямі інструмента, ансамблевых, хар. і аркестравых складаў. Існуе і развітая сістэма дадатковых абазначэнняў — нюансаў тэмпавых (allegro, andante, adagio, presto і ў лічбах ваганняў маятніка метранома), дынамічных і тых, што ўказваюць на прыёмы выканання, характар выразнасці і інш., што дае магчымасць фіксаваць музыку больш дакладна. З паяўленнем новых муз. плыней 20 ст. адбываецца. з аднаго боку, далейшае ўдакладненне і ўзбагачэнне выканальніцкіх пазначэнняў, пашырэнне іх комплексу, з другога — адмаўленне ад дакладнай пісьмовай фіксацыі муз. твораў, магчымасць нотнага запісу ў выглядзе шэрагу накідаў, свайго роду муз. графікі, спецыфічныя формы запісу, прызначаныя для абазначэння ў тэксце асобых эфектаў гучання і інш.
Літ.:
Ластоўскі В.У. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926;
Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;
Бражников М.В. Древнерусская теория музыки. Л., 1972;
Rybaric R. Vývoj európskeho notopisu. Bratislava, 1982.
Л.П.Касцюкавец.
Да арт.Нотнае пісьмо. Неўменная натацыя.Да арт.Нотнае пісьмо. Італьянская лютневая табулатура. 1507.Да арт.Нотнае пісьмо. Фрагмент трохрадковага песнапення з пеўчага рукапіснага зборніка 1-й пал. 17 ст. Дзямественная натацыя.Да арт.Нотнае пісьмо. Сучасная натацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар.т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл.т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант.гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт.Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт.Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт.Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт.Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт.Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЮРМО́РТ (франц. nature morte літар. мёртвая прырода),
1) жанр выяўленчага мастацтва (пераважна станковага жывапісу і графікі), прысвечаны адлюстраванню неадушаўлёных прадметаў, размешчаных у адзіным асяроддзі і арганізаваных праз пэўныя эстэт. і сэнсавыя сувязі ў групу. Можа адлюстроўваць і аб’екты жывой прыроды, ізаляваныя ад іх натуральных сувязей і ператвораныя ў рэч (рыба на стале, кветкі ў букеце і інш.), або якія дапаўняюць асн. матыў Н. (выявы птушкі, звера, чалавека).
2) Твор гэтага Жанру. Н. найчасцей складаецца спецыяльна для таго, каб быць адлюстраваным. Гэта абумоўлівае спецыфіку яго кампазіцыі, якая набывае выразна дэманстратыўны характар і з’яўляецца асноваўтваральнай уласцівасцю жанру. Адлюстраванне рэчаў у Н. можа мець самаст. значэнне, падпарадкоўвацца рашэнню дэкар. задач, ствараць складаны сэнсавы падтэкст, што адлюстроўвае сац. становішча, асаблівасці і характар жыцця гаспадара рэчаў, светапогляд мастака і яго адносіны да рэчаіснасці, пэўны сімвалічны змест, асацыяцыі і маст. паралелі і інш. Спецыфіка жанру вызначае павышаную ўвагу да праблем выразнасці маст. формы: архітэктонікі кампазіцыі, структуры і дэталяў аб’ёму, фактуры, характару арганізацыі прасторы ці плоскасці. Вял. ролю ў Н. адыгрываюць традыцыі жанру.
Вытокі Н. ў дэкар., сімвалічным і рытуальным адлюстраванні рэчаў у стараж. мастацтве (фрэскі і рэльефы Егіпта, Грэцыі, Рыма), сярэдневяковым рэліг. мастацтве Еўропы, класічным мастацтве Кітая і Японіі 11—18 ст. Як самаст. жанр склаўся ў эпоху Адраджэння ў Італіі (першы вядомы Н. — «Курапатка са стралой і пальчаткамі» Якопа дэ Барбары, 1504). Н. італьян., ісп. і нідэрл. мастакоў таго часу вызначаліся асаблівай увагай да матэрыяльнага свету рэчаў, ілюзіяністычна дакладнага іх адлюстравання (т. зв. Н.-падманкі).
Пераважна адлюстроўвалі інтэр’еры кухняў і корчмаў (т.зв. бадэгон, у якім аднолькавая ўвага аддавалася і рэчаваму асяроддзю, і персанажам), накрытыя сталы, т.зв. ванітас (тып Н., дзе прадметы, якія сімвалізуюць багацце прыроды і дзейнасці чалавека, супрацьпастаўляюцца элементам, што нагадваюць пра смерць). Станаўленне і росквіт Н. прыпадае на 17 ст., што звязана з ростам цікавасці да побыту, прыватнага жыцця чалавека, пашырэннем метаду маст. асваення свету, развіццём нац. школ жывапісу. У гэты перыяд вызначаліся ўсе асн. разнавіднасці, тэматычныя і іканаграфічныя варыянты Н. («сняданкі», «дэсерты», «рыбы», «кветкі і садавіна», «трафеі палявання», «кладоўкі», «бітая дзічына», «рынкі» і інш.). Стылістычныя асаблівасці італьян. і ісп. Н. у вял. ступені вызначылі маст. рэформы М.Караваджа (творы П.П.Бонцы, М.Кампідольё, Дж.Рэка, Дж.Б.Руапола, Э.Баскеніса, Італія; Х.Санчэса Котана, Ф.Сурбарана, А.Перэды, Іспанія). У кампазіцыях галандскіх мастакоў Н. набыў камерны характар, дэмакратызм і паэтычнасць вобразаў у спалучэнні з дакладнай жывапіснай распрацоўкай прасторы і фактуры рэчаў, пластыкай форм (творы А.Беерэна, Я.Венікса, П. ван дэр Віліге, В.Калфа, П.Класа, В.Хеды, Я.Д. дэ Хема, М.Хондэкутэра і інш). У флам. мастацтве вызначаўся жыццесцвярджальным характарам, манументальнасцю і веліччу гучання, складанасцю і дынамізмам кампазіцый, дэкаратыўнасцю (творы П. дэ Воса, Д.Сегерса, Ф.Снейдэрса, Я.Фейта). Развіваўся таксама ў ням. (Г.Флегель) і франц. (Л.Бажэн, А.Ф.Дэпорт, Ж.Б.Мануае, Ж.Б.Удры) мастацтве. У 18 ст. адной з асн.маст. мэт жанру стала дакладнае ілюзіяністычнае адлюстраванне рэчаў. Н., прызначаныя пераважна для аздаблення інтэр’ераў, набылі дэкар. характар, у іх кампазіцыі пераважалі кветкі і садавіна. Дэмакратызмам і глыбінёй зместу, багаццем кампазіцыйных і каларыстычных вырашэнняў вызначаліся Н. франц. мастака Ж.Б.С.Шардэна. У сярэдзіне 18 ст. ўзнік тэрмін «nature morte», які перадаваў непаважлівыя адносіны да Н. з боку акад. мастацтва, якое аддавала перавагу «жывой натуры» і жанрам, звязаным з яе адлюстраваннем. Рус. нацюрморт 18 ст. вызначаўся натуралістычна-дакладнай перадачай рэчавага асяроддзя (П.Багамолаў, Р.Цяплоў і інш.). У пач. 19 ст. Н. існаваў пераважна ў якасці акад. вывучэння натуры. Пэўны ўздым жанру быў уласцівы асобным творам мастакоў бідэрмеера і рус. мастакоў (Ф.П.Талстой, школа А.Венецыянава). З кампазіцыі Н. знікаюць рукатворныя рэчы, пераважаюць матывы кветак, напісаныя па кампазіцыйных схемах флам.дэкар. Н. 17 ст. У жанры Н. спецыялізаваліся А.Фантэн-Латур (Францыя), У.Харнет, Ч.У.Піль (ЗША), звярталіся да яго Ф.Гоя (Іспанія), Э.Дэлакруа, Г.Курбэ (Францыя) і інш. У 2-й пал. 19 ст. пераважалі крыху мадэрнізаваныя традыц.акад. схемы, франтальныя цэнтрычныя кампазіцыі, Н. эцюднага характару. Супраць уяўлення Н. як замкнёнай кампазіцыі са статычных аб’ектаў выступалі імпрэсіяністы, што часта прадстаўлялі яго ў інтэр’еры або пейзажы як часткі прыроды. Рус. перасоўнікаў быт. рэчы як тэма асобнага твора не цікавілі, лічыліся ўвасабленнем банальнасці жыцця і яго фальшывага бляску. Сярод эцюдаў Н. перасоўнікаў пераважалі «букеты» (І.Крамской, І.Рэпін, В.Сурыкаў, В.Паленаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся ўздым Н., вырасла яго роля як самаст. жанру. Праз яго мастакі-постімпрэсіяністы рэалізоўвалі новыя шляхі ў мастацтве (П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Галандыі). У 20 ст. да Н., у якім адкрыліся бязмежныя магчымасці распрацоўкі ўласнай стылістыкі, эксперыментаў з формай і раскрыцця ўнутр. сутнасці прадметаў, адлюстравання светаўспрымання канкрэтнага чалавека пачалі звяртацца прадстаўнікі ўсіх маст. кірункаў. У жанры Н. стваралі кампазіцыі Ж.Абей, Э.Афрэ, Ж.Брак, Ф.Геры-Кала, Х.Грыс, Ж.Гузі, А.Дэрэн, П.Дзюкардо, К.Івель, К.Лепап, Р.Магрыт, А.Матыс, Ж.Міро, П.Пікасо (Францыя), Ю.Гес, А.Канальт (Германія), Р.Гутуза, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Дж.Северыні (Італія), Ф.Эліяс (Іспанія), І.Альберт, Дж.Энсар (Бельгія), Б.Кубіша, Э.Філа (Чэхія), Дж.Біл, У.Бэйлі, Э.Уает, Дж.Фіш (ЗША), Жэнь Банянь, Цы Байшы (Кітай), А.Акапян, М.Сар’ян (Арменія), Л.Свемп, Л.Эндзеліна (Латвія), А.Асмёркін, А.Галавін, Н.Ганчарова, І.Грабар, П.Канчалоўскі, К.Каровін, П.Кузняцоў, А.Купрын, М.Ларыёнаў, А.Лянтулаў, І.Машкоў, І.Пуні, К.Пятроў-Водкін, В.Раждзественскі, М.Сапуноў, С.Судзейкін, Р.Фальк, А.Экстэр (Расія) і інш.
На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. ў кніжнай графіцы: гравюра «Взор стола на немже бе хлеб посвященный» у кнізе Ф.Скарыны «Зыход», алегарычную ролю адыгрывае прадметнае асяроддзе ў партрэце да яго «Бібліі». Элементы Н. трапляюцца ў ілюстрацыях да «Хронікі ўсяго свету» М.Бельскага (16 ст.), паліванай кафлі 16—17 ст., іканапісе («Нараджэнне Марыі» П.Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Тройца», 18 ст., і інш.), сармацкіх партрэтах 16—18 ст. (атрыбуты ўлады, зброя і інш.). У 19 ст. выдатным майстрам Н. быў І.Хруцкі, які праз адлюстраванне рэчаў перадаваў асабістае адчуванне радасці быцця. У 1-й пал. 20 ст. лірычныя Н. стваралі І.Ахрэмчык, В.Волкаў, Я.Красоўскі, Д.Парахня, М.Станюта, М.Тарасікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст.бел. Н. узбагаціўся новымі матывамі і вобразна-пластычнымі якасцямі. Пашырыліся тэмы Вял.Айч. вайны, дзе праз свет рэчаў раскрываюцца памяць і смутак народа пра тых, хто загінуў, нац. культурнай спадчыны, т.зв. сялянскі Н. і інш. У 1990-я г.вял. ўвагу ў Н. аддавалі асацыяцыям, сімвалам, знакавай сутнасці рэчаў, фармальным элементам кампазіцыі. У жанры Н. працавалі і працуюць Дз.Алейнік, Б.Аракчэеў, Я.Батальёнак, Э.Балагураў, Г.Бржазоўскі, Н.Варвановіч, Г.Вашчанка, Н.Воранаў, А.Гугель, Ф.Гумен, М.Данцыг, Л.Дударэнка, В.Жолтак, Г.Ізергіна, А.Замай, М.Ісаёнак, Б.Казакоў, А.Карпан, Р.Кудрэвіч, С.Лі, А.Малішэўскі, Б.Малкін, А.Марачкін, В.Маркавец, А.Марыкс, У.Мінейка, Н.Паплаўская, А.Паслядовіч, А.Пашкевіч, Я.Радзялоўская, В.Сахненка, В.Свентахоўская, У.Сулкоўскі, В.Сумараў, У.Тоўсцік, У.Хадаровіч, Я.Харытоненка, А.Шаўчэнка, Л.Шчамялёў, Н.Шчасная, В.Цвірка і інш. Н. ў дэкар.-прыкладным мастацтве стварылі В.Грыдзіна, В.Крывашэева (габелены), М.Байрачны, А.Паддубны, В.Прыешкін, Т.Сакалова, У.Угрыновіч (кераміка) і інш.
Літ.:
Кузнецов Ю.И. Западноевропейский натюрморт. Л.;
М., 1966;
Ракова М.М. Русский натюрморт конца XIX — начала XX в. М., 1970;
Пружан И.Н., Пушкарев В.А. Натюрморт в русской и советской живописи. Л., 1971;