КРЫ́СЦІ ((Christie) Агата) (15.9.1891, г. Торкі, Вялікабрытанія — 12.1.1976),
англійская пісьменніца, майстар дэтэктыўнага жанру. Дэбютавала раманам «Таямнічая гісторыя» (1920). Шматлікія раманы (больш за 60) «Пуаро расследуе» (1924), «Таямніца камінаў» (1925), «Забойства Роджэра Экрайда» (1926), «Усходні экспрэс» (1934), «Забойства па алфавіце» (1936), «Смерць на Ніле» (1937), «Дзесяць негрыцянят» (1939), «Н або М?» (1941), «Труп у бібліятэцы» (1942), «Крывая хаціна» (1949), «Кот сярод галубоў» (1959) і інш., п’есы «Пастка», «Сведка абвінавачання» (абедзве 1954), «Бледны конь» (1961), «Трэцяя» (1966) і інш. напісаны ў жанры т.зв. інтуітыўнага дэтэктыва. Злачынства ў іх выкрываецца не з дапамогай фактаў і рэчавых доказаў, а дзякуючы выключнай псіхал. праніклівасці і незвычайнай назіральнасці герояў — Джэйн Марпл і прафес. сышчыка Эркюля Пуаро. Творам К. ўласцівы тонкі гумар, дакладнасць дэталяў у абмалёўцы калізій і персанажаў. За літ. творчасць ёй нададзены дваранскі тытул. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі П.Марціновіч, В.Чудаў, К.Дзмітрыенка, М.Котаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЙГЕЛЬ (дакладней Брогел) Старэйшы, ці «Мужыцкі» (Bruegel de Oude, Boeren Brueghel) Пітэр (паміж 1525 і 1530, г. Брэда, Нідэрланды — 5.9.1569), нідэрландскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў флам. і галандскага рэаліст. мастацтва. У 1551 прыняты ў Антверпенскую гільдыю жывапісцаў. З 1563 працаваў у Бруселі. У раннія гады зазнаў уплыў Х.Босха. У яго творчасці ўвасобіліся пачуцці і страсці эпохі; складана перапляталіся гумар і трагізм, гратэск і грубаватая прастата з горыччу, сарказм з сатыр. павучальнасцю. Свайго гал. героя — сучасніка ён маляваў бескампрамісна («Сялянскае вяселле», «Сялянскі танец», абедзве каля 1566—67). Пачуццё бязмежнай велічы сусвету і неабходнасці ва ўсіх выпадках памятаць пра вечнасць жыцця і арыентавацца на яго першародныя законы не пакідалі мастака і тады, калі ён звяртаўся да тэмы вайны, голаду і смерці. Сэнс яго твораў неадназначны і часам глыбока зашыфраваны: «Перапіс у Віфлееме» (1566), «Сарока на шыбеніцы» (1568), «Сляпыя» (1568). Вял. значэнне ў яго творчасці мелі нідэрл. традыцыі, фальклор і нар. міфатворчасць. Нярэдка прыказка ці прытча выкарыстоўваліся ім як іншасказальная форма для глыбокага роздуму пра лёс краіны і свайго народа («Краіна гультаёў», 1567). У канцы жыцця звяртаўся да сцэн сял. жыцця, пейзажа («Змрочны дзень», «Поры года», «Вяртанне статка», «Паляўнічыя на снезе», «Жніво», усе 1565).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСАГА́НСКІ (сапр.Табілевіч) Панас Карпавіч
(15.5.1859, с. Каменна-Каставатае Мікалаеўскай вобл., Украіна — 17.9.1940),
украінскі акцёр і рэжысёр. Брат І.Карпенкі-Карага, М.Садоўскага. Нар.арт.СССР (1936). Прафес. акцёрскую дзейнасць пачаў у 1883 у трупе М.Старыцкага. У 1890—1909, 1915—17 арганізоўваў і ўзначальваў т-вы ўкр. акцёраў (з Садоўскім, М.Крапіўніцкім, М.Занькавецкай, Карпенкам-Карым, І.Мар’яненкам). У 1918 стварыў у Кіеве Нар.т-р, з якога ў 1922 арганізаваны Укр.драм.т-р імя Занькавецкай. Працаваў у ім (з перапынкамі) да 1932, а таксама ў т-ры імя І.Франко, у 1927—31 у Харкаўскім нар. т-ры. Тонкі знешні малюнак ролі, дасканалая прапрацоўка дэталей, багатая адценнямі сцэн. мова, нар.гумар — характэрныя рысы яго выканальніцкай дзейнасці. Сярод лепшых роляў: Возны («Наталка Палтаўка» І.Катлярэўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Банавентура, Гнат Голы, Тарабанаў («Сто тысяч», «Мартын Баруля», «Марнасць» Карпенкі-Карага), Галахвосты («За двума зайцамі» Старыцкага), Франц («Разбойнікі» Ф.Шылера). З 1889 працаваў як рэжысёр. Паставіў п’есы «Абяздоленая», «Марасць» Карпенкі-Карага (1890, 1904), «Па рэвізіі» Крапіўніцкага (1891), «Урыэль Акоста» К.Гуцкава (1918), «Атэла» У.Шэкспіра (1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНА-БЫТАВЫ́Я КА́ЗКІ,
казкі, якія ў крытычна-завостранай форме адлюстроўваюць побыт і жыццё працоўных, узаемаадносіны ў грамадстве і сям’і, высмейваюць адмоўныя сац. тыпы і людскія недахопы, сцвярджаючы нар. ідэалы. У адрозненне ад чарадзейных казак у іх адсутнічаюць элементы фантастыкі. Героі С.-б.к. — бедны селянін, работнік, салдат, якія перамагаюць сваіх ворагаў-прыгнятальнікаў не звышнатуральнай сілай, а мудрасцю, кемлівасцю і знаходлівасцю. Найб. папулярнасцю карысталіся казкі на тэмы «мужык і пан», «мужык і поп(ксёндз)», дзе паны, папы і ксяндзы трапляюць у камічнае становішча, праз якое выразна выяўляюцца іх прагнасць, хцівасць, жорсткасць, дурасць («Пану навука», «Завідлівы поп»). У С.-б.к. 2-й пал. 19 ст. ярка адлюстравалася класавае расслаенне ў вёсцы ў паслярэформенны час. Канфлікт паміж беднымі і багатымі выразна раскрывае асн. рысы і якасці створаных народам вобразаў — бязлітаснага жорсткага багатыра і прыгнечанага абяздоленага бедняка. У некат. з гэтых казак вял. месца адведзена псіхал. характарыстыцы персанажаў. Адна з найважнейшых іх асаблівасцей адлюстравання рэчаіснасці — спалучэнне верагоднага паказу жыцця з карыкатурна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў. Для іх характэрна іронія, сарказм, гіпербала, дасціпны нар.гумар. Найб. развіццё С.-б.к. набылі ў эпоху феадалізму, актыўна бытавалі ў перыяд капіталізму, лепшыя ўзоры дайшлі да нашага часу.
Публ.: Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976.
Літ.:
Фядосік А.С. Беларуская сацыяльна-бытавая казка. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́ ВЫЯЎЛЕ́НЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,
від народнай творчасці, які развіваецца ў рэчышчы мастацтва прымітывізму. Генетычна звязаны з сял. творчасцю, сістэмай нар. выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Выразна выявіўся ў 2-й пал. 18 ст., калі завяршалася дыферэнцыяцыя на прафес. і нар. мастацтва, на сял. і гар. культуру. Як самаст. галіна развіваўся ў 19 — пач. 20 ст. (рускі мяшчанскі, купецкі партрэт). Яго стваральнікі — гар. і прыгонныя дваровыя мастакі, рамеснікі, дробныя гандляры, купцы і інш., найчасцей — самавукі, дылетанты, аматары, былі і прафес. рамеснікі, выхаванцы правінцыяльных маст. школ. Існавалі розныя спосабы і формы выяўлення: станковыя, камерныя (лубок, безыменныя мяшчанскія партрэты), манум.-дэкар. (размалёўка інтэр’ераў шынкоў і корчмаў, шыльды і вітрыны крам, жывапіс на плоце і інш.), тэатр.-дэкарацыйныя (антураж правінцыяльных фотастудый, афішы, дэкарацыі ў балаганах, цырках, батлейках і інш.). Адметныя рысы: рэпрэзентатыўнасць, дэмакратызм, стыхійны рэалізм і непасрэднасць выяўл. мовы, свежасць светаўспрымання, плоскаснасць формаў, перавага стракатых фарбаў, святочныя інтанацыі, гумар і інш. У гарадскім выяўленчым фальклоры відавочны і адбітак маст. кірункаў (класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн і інш.). Многія віды традыц.нар. мастацтва істотна паўплывалі і ўзбагацілі яго. На пачатку творчасці многія мастакі 19—20 ст. зазналі ўплыў гарадскога выяўленчага фальклору, сярод іх М.Шагал, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, А.Шаўчэнка, У.Лебедзеў, І.Машкоў і інш.чл. аб’яднання «Бубновы валет», а таксама інш. жывапісцы, графікі.
Літ.:
Островский Г.С. О городском изобразительном фольклоре // Сов. искусствознание, 74. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБЫЛІ́ЦЫ,
фальклорныя празаічныя і вершаваныя творы жартоўнага характару, рознай жанравай прыналежнасці, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць са знарочыстым парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычынна-выніковых сувязей і г.д., чым ствараюць поўны недарэчнасцей маст. малюнак свету. Для іх характэрны сатыра, дасціпны гумар, гратэск, гіпербалізацыя. Прынцыпы небылічнасці часта выкарыстоўваюцца ў жартоўных і вясельных песнях, дзіцячым фальклоры, выслоўях, зрэдку ў баладах і былінах: «Нашы сваты ды ня ехалі, // Нашы сваты ды пяшком ішлі, // Маладога ды мяшком няслі»; «Пашый жа мне, мілы, з пяску чаравічкі. // Насучы мне дратвы з дажджавых кропляў». У некат. выпадках Н. могуць быць гал. сюжэтаўтваральным элементам. Уключаюцца, напр., у казку як яе частка. Элементы Н. могуць быць таксама ў казачных зачынах і канцоўках. Паказальнікі казачных сюжэтаў фіксуюць сюжэты і матывы Н. пад № 1875—1999. Вядомыя бел. казкі пра мужыка, што лётаў на журавах, пра чалавека, што выбраўся з багны, цягнучы сябе за чуб, і інш.Асн. змест вершаваных Н. у гульні недарэчнасцямі, што ўзнікаюць пры перастаноўках (метатэзе) рознага характару. Вершаваныя Н., «Н.-скамарошыны» часта спяваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМО́ВА МЯЛЕ́ШКІ»,
помнік бел. літаратуры 1-й пал. 17 ст. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатыр. твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сейме, прыпісанай смаленскаму кашталяну І.Мялешку. Супастаўляючы сучаснае з мінулым, аўтар закранае надзённыя праблемы грамадскага жыцця Беларусі свайго часу, падае яркія малюнкі ўнутрыпаліт. становішча ў краіне. У творы дасціпна парадзіруюцца норавы і звычкі бел. шляхты, высмейваюцца яе баязлівасць і бяздзейнасць, нізкапаклонства перад усім замежным. Асабліва асуджаюцца пануючыя вярхі, крытыкуецца антынар. палітыка пануючага класа, грамадскія парадкі Рэчы Паспалітай. Твор глыбокапатрыят., лёгкі гумар спалучаецца ў ім з сатырай. Яго аўтар — прадстаўнік служылай бел. шляхты, чалавек свецкага светапогляду, назіральны і дасціпны, прыхільнік традыц. ўкладу жыцця і маральнай чысціні грамадства. «П.М.» — твор значнага грамадскага гучання, накіраваны супраць іншаземнага засілля на бел. землях, разбурэння нар. традыцый, нац. рэнегацтва. Напісана жывой бел. мовай, багатай нар. фразеалогіяй. Разам з «Лістом да Абуховіча» «П.М.» — яркая з’ява пераходнага перыяду развіцця бел. л-ры на шляху яе набліжэння да нар. вытокаў, дэмакратызацыі. Упершыню апублікавана Ю.Нямцэвічам ў 1822 у перакладзе на польск. мову.
Публ.: У кн.: Хрэстаматыя па старажытнабеларускай літаратуры. Мн., 1959.
Літ.:
Даўгяла З.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927;
Прашович Н. «Прамова Мялешкі» и «Ліст да Абуховіча» — новый этап в истории белорусской литературы // Тр.Отд. древнерусской литературы. 1969. Т. 24;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джон Бойнтан) (13.9.1894, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.8.1984),
англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т. Дэбютаваў як эсэіст і крытык (кнігі «Постаці сучаснай літаратуры», 1924; «Англійскія камічныя характары», 1925, і інш.). Вядомасць прынёс раман «Добрыя сябры» (1929) аб прыгодах вандроўнай трупы. Аўтар сац.-псіхал. («Вуліца Анёла», 1930; «Яны бадзяюцца па горадзе», 1936) і антыфаш. («Зацямненне ў Грэтлі», 1942) раманаў. У раманах «Трое ў новых касцюмах» (1945), «Чараўнікі» (1954), «Сэр Майкл і сэр Джордж» (1964), дылогіі «Стваральнікі вобразаў» (1968) і «Лонданскі тупік» (1969) пасляваен. рэчаіснасць. У п’есах «Ракітавы гай» (1933), «Час і сям’я Конвей» (1937), «Містэр Кетл і місіс Мун» (1955), «Шкляная клетка» (1958) і інш. маральна-філас. праблемы. Драмы пабудаваны на парадоксе, насычаны гумарам і сатырай. Як празаік зазнаў уплыў Ч.Дзікенса, як драматург — А.Чэхава. Аўтар аўтабіягр.кн. «За высокай сцяной» (1982), апавяданняў, кінасцэнарыяў, тэле- і радыёп’ес, літ.-крытычных прац, у т. л. «Англійскі гумар» (1976). На бел. сцэне паводле п’ес П. пастаўлены спектаклі «Небяспечны паварот» (1940, Дзярж.рус.драм.т-р), «Ён прыйшоў» (1946, Бел.т-р імя Я.Купалы).
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1987;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990;
Гендель и гангстеры: Рассказы. М., 1983;
Заметки на полях: Худож. публицистика. М., 1988;
Затемнение в Грэтли: Повести, рассказы, пьесы. М., 1988.
Літ.:
Бабенко В.Г. Драматургия современной Англии. М., 1981;
Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЖЭ́ЦКАЯ (Лідзія Іванаўна) (17.4.1899, Мінск — 24.10.1977),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1944). Нар.арт.СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1916. У 1917—20 працавала ў Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1921 — у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Для творчасці характэрны глыбіня думкі і прастата выканання, народнасць, мяккі лірызм і гумар, палкая грамадзянскасць. Значнымі дасягненнямі сталі яе ролі ў бел. рэпертуары: Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Маці («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Наталля, цёця Каця, Вярбіцкая («Канец дружбы», «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Каспарыха («Салавей» З.Бядулі), Ганначка («На Купалле» М.Чарота), Афрасіння («Машэка» Е.Міровіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка). У класічнай рус. і сусв. драматургіі спалучала традыц. падыход да класікі з сучасным яго разуменнем, уласнай адметнай трактоўкай вобразаў: Мурзавецкая, Кручыніна і Галчыха, Шаблова, Домна Панцялееўна, Кукушкіна, Турусіна («Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Сакалова («Апошнія» М.Горкага), Фразіна («Скупы» Мальера). Сярод інш. роляў: Марфа Пятроўна («Рускія людзі» К.Сіманава), Марфа Касьянаўна («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Заіра («Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава) і інш. Выступала на радыё, здымалася ў кіно («Хто смяецца апошнім», «Гадзіннік спыніўся апоўначы»), Дзярж. прэмія СССР 1951.
Літ.:
Бутакоў А. Актрыса яскравага таленту // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд.Мн., 2000. Т. 3. С. 240—252.