ДАБРА́НСКІ (Флавіян Мікалаевіч) (16.2.1848, с. Чэрніцы Валынскай губ., Украіна — 1919),
гісторык, археограф, лінгвіст. З сям’і святара. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1868), Маскоўскую духоўную акадэмію (1872). Выкладаў у Літоўскай духоўнай правасл. семінарыі, Віленскім хрысціянскім настаўніцкім ін-це (з 1883). З 1876 чл. камісіі па стварэнні Віленскай публічнай б-кі. У 1886—1913 у Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1915 эвакуіраваўся з Вільні. Аўтар «Слоўніка асаблівасцей грэчаскіх дыялектаў...» (1879), прадмоў да 15, 21, 26, 31, 34-га тамоў Актаў віленскай камісіі, прац «Вільня і наваколле» (1883), «Пра літоўскіх татараў» (1906), публіцыст. артыкулаў. Склаў і выдаў каталог рэчаў музея старажытнасцей у Вільні (1879), вопіс рукапісаў Віленскай публічнай б-кі (1882).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́Д»,
газета, орган Бел.сял. партыі. Выдавалася з 18.8.1927 да ліп. 1929 у Вільні на бел. мове. Адлюстроўвала паліт. пазіцыю правацэнтрысцкай групоўкі ў бел.нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Апублікавала шэраг артыкулаў па праблемах бел.вызв. руху («Не дадзімся збіць з беларускай дарогі» М.Пронскага, «Беларускі рух і бальшавікі», «Дзе выхад?» і інш.). Надрукавала выступленне ў сейме дэпутата ад Навагрудскай акр. Я.Станкевіча, крытычны арт. «Польскае вучыцельства ў Заходняй Беларусі», нататкі пра Паўн. кірмаш і маст. выстаўку ў Вільні, рэцэнзію на падручнік С.А.Любіч-Маеўскага, ліст А.Каўша. Друкавала паэму «Новая зямля» Я.Коласа, у бел. перакладзе аповесць «Абарона зямлі» У.Рэйманта. Выйшла 25 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел.нац.к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.Карабач, К.Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.Будзька). Друкавала творы Я.Бялькевіча, А.Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Вікенцій) (1805 або 1807, в. Нагародавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.1862),
бел. жывапісец, тэатр. дэкаратар. Бацька мастака У.Дмахоўскага. Вучыўся ў Віленскім ун-це на літ. ф-це, адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма (1826—29).
Удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—37 у эміграцыі, потым жыў у Вільні, у 1855—58 у в. Брацянка каля Навагрудка. Аўтар рамант. пейзажаў «Рака Нерыс каля Верак» (1840), «Радзіма» («Двор у Нагародавічах», 1843), «Пажар у лесе» (1850), «На начлезе» (1854), «Каля пераправы», «Замак і вежа ў Троках», «Від замка ва Урадніках», «Вуліца ў Вільні», «Руіны замка ў Гальшанах», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Навагрудку» і інш. Сярод жывапісных работ «Аўтапартрэт», «Крыжакі пры асадзе крэпасці Пуня» (1837), «Яўрэйскае вяселле» (1860-я г.). Выканаў акварэлі — віды ваколіц Навагрудка, Вільні, «Сядзіба ў Тутанавічах». У 1850—54 афармляў спектаклі ў Віленскім гар. т-ры («Галька» М.Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Дж.Расіні, «Фаварытка» Г.Даніцэці і інш.).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Картинная галерея. Вильнюс, 1969.
В.Дмахоўскі. Аўтапартрэт.В.Дмахоўскі. Каля пераправы. 1850-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІЧА́НІН»,
бел. палітычна-літ. часопіс. Выдадзены ў кастр. 1918 у Вільні на бел. мове (лацініцай). Выйшаў 1 нумар. Рэдактар-выдавец В.Ластоўскі. Меў на мэце тэарэт. распрацоўку бел.нац. пытання і яго папулярызацыі сярод грамадзянства. Увага акцэнтавалася на эканам. аспекце пазнання Беларусі і духоўнай сферы, у т. л. прыгожага пісьменства і мастацтва. Апублікаваў арт. «Нацыянальнае пытанне», гіст. нарыс «Тураўскае княства», стат. агляд тэр. і насельніцтва Беларусі ў яе этнагр. межах, кароткі аналіз этнічнай сітуацыі на Віленшчыне, маст. творы (прытчу Ластоўскага «Прыповесць аб старым мужу і гожай дзеве», ананімную паэму «Энеіда навыварат», апавяданне «Русалкі» З.Бядулі, «Санет» М.Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыя «Помнік»), Змясціў аналіт. разбор легенды «Жалезны воўк» пра заснаванне Вільні і нататак пра герб «Пагоня», пра наданне ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы імя патронкі Беларусі Праксэдзе-Ефрасінні Полацкай. Апублікаваў інфарм. матэрыял пра заснаванне ў Вільні арг-цыі «Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага народу», пра з’езд каталіцкіх святароў Дзісенскага дэканата. На вокладцы час. змешчаны графічны і тэкставы план эвакуацыі з У ад Бярэзіны герм.акупац. войск паводле Брэсцкага міру 1918. «К.» — правобраз час.«Крывіч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ ПРА́ЦЫ»,
газета. Выдавалася з 3.2 да 26.5.1934 у Вільні на бел. мове Бел. нацыяналістычнай сябрынай (БНС). Друкавала заклікі, дакументы і праграмы БНС па пытаннях нац. адраджэння, барацьбы з голадам, хваробамі і інш. Мела рубрыкі: «Апошнія весткі», «Хроніка», «Адказы», «Аб’явы». Выйшла 5 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛАЧА́НІН»,
беларускае выдавецкае т-ва. Існавала ў 1910 у Вільні. Выдала зборнік гумарыст. вершаў А.Паўловіча «Снапок» (1910) і паэму Т.Шаўчэнкі «Кацярына» (1911) у перакладзе Х.Чарнышэвіча (рэд. перакладу Я.Купала).
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявінамі роднага слова. Мн., 1971. С. 146.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
каардынацыйны орган бел.паліт., грамадскіх і прафес. арг-цый. Дзейнічаў у 1915—18 на тэр. Беларусі, акупіраванай Германіяй. Створаны ў Вільні. У БНК уваходзілі прадстаўнікі Бел.с.-д. работніцкай групы (БСДРГ), Віленскага к-таБел.сацыяліст. грамады (БСГ), Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны і інш. Узначальваў БНК А.І.Луцкевіч. Напачатку БНК прытрымліваўся канцэпцыі Канфедэрацыі ВКЛ. Пазней выказваўся за ўтварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з унутр. размежаваннем аўтаномных бел. і літ. зямель. У чэрв. 1916 выпрацаваў ідэю Злучаных Штатаў ад Балт. да Чорнага мораў. Гэту канцэпцыю БНК прадставіў Лазанскай канферэнцыі народаў Расіі (1916). БНК удзельнічаў у правядзенні Бел. канферэнцыі 1918 у Вільні. На ёй была выбрана Віленская беларуская рада, якой БНК здаў свае паўнамоцтвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́НСКІ (Міхаіл Ігнатавіч) (14.8.1794, б. маёнтак Цярэспаль Полацкага пав. — 22.12.1864),
гісторык і публіцыст. Скончыў Віленскі ун-т (1818). У 1816—22 і 1829—30 супрацоўнік час. Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), з 1818 разам з І.Лялевелем рэдагаваў час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік»). Чл.літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў, адзін з рэдактараў яго газ. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830—31 арыштаваны. З 1836 жыў у Варшаве, адзін з заснавальнікаў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). З 1847 у Вільні, віцэ-старшыня Віленскай археалагічнай камісіі. Разам з Ц.Ліпінскім выдаў даследаванне «Старажытная Польшча...» (т. 1—3, 1843—46), у 3-м томе якога пададзена гісторыя населеных пунктаў Беларусі. Даследаваў гісторыю Вільні, Віленскага ун-та.