1) горна-тэхнічнае збудаванне над шахтавым ствалом для размяшчэння пад’ёмнай устаноўкі, накіравальных (капровых) шківаў, разгрузачных крывых для скіпаў і перакульных клецей. Будуюць з металу, жалезабетону, дрэва. Бываюць часовыя (праходчыя) і пастаянныя (эксплуатацыйныя); А-падобныя, 4-стоечныя, вежавыя і шатровыя; вышынёй да 100 м.
2) Будаўнічая машына (канструкцыя, устаноўка) для падтрымкі палябойнага абсталявання (мех., пара-паветраных і дызельных молатаў, вібрапагружальнікаў, вібрамолатаў і інш.), падымання, устаноўкі і накіроўвання паляў і шпунтоў пры іх забіўцы. Бываюць на рэйкавым хаду, на базе самаходных машын (трактара, экскаватара, аўтамабіля), на пароме (пантоне). Вышыня вежы да 30 м, грузападымальнасць да 30 т. 3) Устаноўка для драблення крохкага метал. лому, застылых глыб мартэнаўскага шлаку і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (кранавага тыпу).
4) Прыстасаванне для ўдарных мех. выпрабаванняў матэрыялаў. Бываюць з падаючым грузам («бабай»), маятнікавыя (найб. пашыраны) і ратацыйныя. Для выпрабавання на кручэнне выкарыстоўваюць круцільныя К.
М.М.Кунцэвіч.
Капёр для забівання паляў.Капёр вугальнай шахты: 1 — галоўныя пад’ёмныя тросы; 2 — вугальны скіп; 3 — канвеер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
вытворнае або другаснае значэнне, якое слова набывае ў працэсе яго моўнага ўжывання. У адрозненне ад прамога значэння П.з.с. заўсёды матываванае. Перанос значэнняў адбываецца на аснове пэўных кантэкстуальных ці асацыятыўных сувязей, якія ўзнікаюць паміж асобнымі прадметамі ці з’явамі рэчаіснасці («крыло птушкі» — «крыло самалёта», «акно хаты» — «акно ў прыроду», «лясная дарога» — «дарога да бацькоў»). Гэтыя сувязі могуць абумоўлівацца падабенствам прадметаў паводле іх вонкавай формы, колеру, месцазнаходжання ці размяшчэння ў прасторы, характару руху, функцыі ці прызначэння («нос лодкі», «свінцовыя хмары», «падэшва гары», «рукаў ракі», «галава калоны», «гняздо слоў», «дворнікі аўтамабіля»); тоеснасці прадметаў па якіх-н. знешніх ці ўнутр. праяўленнях, дзеяннях, адносінах ці адчуваннях («лагодны ветрык», «цёплае пачуццё», «кіслая ўсмешка», «шэпча лес», «дыхае зямля», «спіць рака», «дрэмле поле»); суаднесенасці прадметаў ці асоб па месцы і родзе заняткаў, па якіх-н. найб. характэрных для іх адметнасцях («уважлівая аўдыторыя», «здольны клас»). П.з.с. звязаны з асн. значэннем адносінамі метафарычнай ці метанімічнай залежнасці, суаднесенасцю назваў цэлага і яго частак (гл.Метафара, Метанімія, Сінекдаха).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАКТУНО́ЎСКІ Інакенцій Міхайлавіч (28.3.1925, с. Таццянаўка Шагарскага р-на Томскай вобл., Расія — 3.8.1994),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1974). Герой Сац. Праны (1990). Вучыўся ў студыі Краснаярскага т-ра (1945—46). Працаваў у т-рах Нарыльска, Махачкалы, Валгаграда, Масквы (1946—57), у Ленінградскім Вял.драм. т-ры імя М.Горкага (1957—60), з 1971 у Малым т-ры (Масква), з 1976 у Маскоўскім маст.акад. т-ры (МХАТ; з 1989 МХАТ імя А.Чэхава). Для творчай манеры характэрны вытанчаны інтэлектуалізм, арыгінальнасць і глыбіня трактоўкі сцэн. твораў, складанасць псіхал. малюнка роляў, сярод якіх найб. значныя: князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Цар Фёдар («Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога). Іванаў, Дорн («Іванаў», «Чайка» А.Чэхава), Іудушка Галаўлёў («Паны Галаўлёвы» паводле М.Салтыкова-Шчадрына), І.Бах («Магчымая сустрэча» П.Барца) і інш. Здымаўся ў кіно: «9 дзён аднаго года», «Гамлет», «Сцеражыся аўтамабіля», «Злачынства і пакаранне», «Маленькія трагедыі», «Дамскі шавец» і інш. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія Расіі 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на гоначных, спарт. і серыйных аўтамабілях. Асн. віды: шашэйна-кальцавыя і лінейныя гонкі, гонкі на аўтадроме, стадыёне, кросы па перасечанай мясцовасці, ралі, заезды на ўстанаўленне рэкордаў, аўтамаб. мнагабор’е (звычайна ўключае эканам. кіраванне, скораснае манеўраванне і інш.). Асн. крытэрыі класіфікацыі аўтамабіляў для аўтамабільнага спорта — тып аўтамабіля і рабочы аб’ём рухавіка.
Першыя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце праведзены ў 1894 у Францыі. З 1904 дзейнічае Міжнар. аўтамабільная Федэрацыя (ФІА). Чэмпіянаты свету з 1925, Еўропы з 1935. Найб. вядомыя і прэстыжныя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце — чэмпіянат свету па шашэйна-кальцавых гонках для гоначных аўтамабіляў (т.зв. «Формула-1»). На Беларусі аўтамабільны спорт развіваецца з 1960. В.Анкуда — чэмпіён СССР па шашэйна-кальцавых гонках (1973, 1976). У розныя гады ў зборную каманду СССР уваходзілі бел. аўтагоншчыкі А.Альхімовіч, В.Лукашэвіч, В.Рускіх, А.Шымакоўскі. У 1994 упершыню бел. аўтагоншчыкі С.Пракаповіч і Шымакоўскі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на Кубак Еўропы і ў чэмпіянаце Еўропы. У 1962 адкрыта Мінскае спартыўна-гоначнае кальцо, дзе праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па аўтамабільным спорце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ Андрэй Аляксандравіч (7.3. 1941, Масква — 16.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1980). Сын М.У.Міронавай і А.С.Менакера. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1962). Працаваў у Т-ры сатыры. Камедыйны акцёр, іранічны, элегантны, адораны пластычна і музыкальна. У многіх (асабліва позніх) работах выявіўся драм. талент М., яго здольнасць да глыбокага псіхал. аналізу, вострай трактоўкі ролі: Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага, 1967), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ, 1969), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля, 1972), Чацкі («Гора ад розуму» паводле А.Грыбаедава, 1976), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1983). Паставіў: «Бывай, канферансье» Р.Горына (1984, роля Канферансье), «Цені» М.Салтыкова-Шчадрына (1987, роля Клаверава) і інш. З 1961 здымаўся ў кіно: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Брыльянтавая рука» (1969), «Уласнасць рэспублікі» (1971), «Саламяны капялюшык» (1974), «12 крэслаў» (1976), «Мой сябар Іван Лапшын» (1982, вып. 1985), «Бландзінка за вуглом» (1984), «Перамога» (1985) і інш.
Літ.:
Вислова А.В. Андрей Миронов: Детство. Юность. Театр. В кино и на телевидении. В жизни, за кулисами, с друзьями. Ростов н/Д, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НАЎ Эльдар Аляксандравіч (н. 18.11.1927, г. Самара, Расія),
расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1950). Першы маст. фільм — «Карнавальная ноч» (1956). Паставіў камедыі (ад лірычных да вострасатырычных): «Дзяўчына без адраса» (1958), «Гусарская балада» (1962, паводле п’есы А.Гладкова «Даўным-даўно»), «Дайце кнігу скаргаў», (1965), «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1973, з Італіяй), «Іронія лёсу, альбо 3 лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле п’есы Р. і Э.Брагінскага «Калегі», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж», «Пра беднага гусара закіньце слова» (абодва 1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Жорсткі раманс» (1984, паводле п’есы А.Астроўскага «Беспасажніца»), «Забытая мелодыя для флейты» (1987), «Дарагая Алена Сяргееўна» (1988), «Нябёсы запаветныя» (1991), «Прадказанне» (1993), «Прывітанне, дуралеі» (1996), «Старыя клячы» (1999), «Ціхія віры» (2000) і інш. Аўтар сцэнарыяў, аповесцей, п’ес (пераважна з Брагінскім), мемуараў, кнігі вершаў і навел-успамінаў «Настальгія» (1999). Некат. яго п’есы ставіліся на Беларусі.
Тв.:
Грустное лицо комедии. М. 1977;
Смешные невеселые истории: Комедии для кино и телевидения. М., 1979 (разам з Э.Брагінскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў Андрэй Паўлавіч (н. 2.9.1930, С.-Пецярбург),
расійскі кампазітар, муз. і грамадскі дзеяч. Нар.арт.СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1954). У творчасці побач з сучаснай тэматыкай звяртаецца да гіст., легендарных і класічных сюжэтаў. У сімф. музыцы 1990-х г. дамінуе рэлігійная тэматыка. Сярод твораў: оперы «Пётр Першы» (паст. 1975), «Маякоўскі пачынаецца» (паст. 1983); балеты «Станцыйны наглядчык» (паводле А.Пушкіна, паст. 1956), «Бераг надзеі» (паст. 1959), «Стварэнне свету» (паст. 1971; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1976); вак.-харэагр. сімф. «Пушкін» (паст. 1979); аперэты «Мы хочам танцаваць» («У рытме сэрца», паст. 1967), «Аб бедным гусары...» (паст. 1986); для арк.; сімф. паэма «Рада і Лойка» (паводле М.Горкага, 1954), сімф. цыкл «Песні нашых дзён» (1964), «Паэма памяці загінуўшых у гады блакады Ленінграда» (1966), сімф.-фантазія «Майстар і Маргарыта» (паводле М.Булгакава, 1986), сімф. «Час Хрыста» (1995) і інш. Аўтар песень, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў (больш за 50), у т. л. «Я крочу па Маскве», «Сцеражыся аўтамабіля», «Службовы раман», «Жорсткі раманс», «Старыя клячы», тэлесерыял «Пецярбургскія тайны». Аўтар кніг «Дыялог пра кінамузыку» (1982, з Н.Калеснікавай), «Час. Музыка. Музыканты» (1987). Дзярж. прэміі СССР 1967, 1976.
Літ.:
Мархасев Л.С. А.Петров. Л., 1980;
Кац Б.А. Простые истины киномузыки: Заметки о музыке А.Петрова в фильмах Г.Данелия и Э.Рязанова. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПА́НАЎ Анатоль Дзмітрыевіч (31.10.1922, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія —5.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1973). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1946). З 1947 працаваў у Клайпедскім т-ры (Літва), з 1949 — у маскоўскім Т-ры сатыры. Пачынаў як вострахарактарны акцёр: Шафер, Англічанін і Вельзевул («Клоп», «Містэрыя-Буф» У.Маякоўскага), Карэйка, Вараб’янінаў («Залатое цялё», «Дванаццаць крэслаў» паводле І.Ільфа і Я.Пятрова), Пачасухін («Помнік сабе» С.Міхалкова). Зваротам да трагічнай псіхал. сатыры сталі ролі Юсава («Даходнае месца» А.Астроўскага), Гараднічага («Рэвізор» М.Гогаля), Фамусава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), выкананыя тэмпераментна, з выкарыстаннем трагікамічнага гратэску. Выкрывальныя партрэты прыстасаванцаў, бюракратаў, абывацеляў стварыў таксама ў кіно: Крахалёў («Чалавек ніадкуль», 1961), Сокал-Кружкін («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), Васісуалій Лаханкін («Залатое цялё», 1968), Лёлік («Брыльянтавая рука», 1969), Вараб’янінаў («12 крэслаў», 1976) і інш.Драм. талент П. раскрыўся ў т-ры ў ролях Гаева («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлудава («Бег» М.Булгакава), Цёркіна («Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага) і асабліва ў кіно: генерал Сярпілін («Жывыя і мёртвыя», 1964), Дубінскі («Беларускі вакзал», 1971), Уладзімір Дзмітрыевіч («Час жаданняў», 1984), Старабагатаў («Халоднае лета пяцьдзесят трэцяга...», 1988) і інш. Зняўся таксама ў фільмах «Наш дом» (1965), «Іду на навальніцу» (1966), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (тэлефільм, 1972), «Дзень прыёму па асабістых пытаннях» (1974). Агучваў мультфільмы (Воўк у серыяле «Ну, пачакай!», 1969—81, і інш.). Дзярж. прэмія Расіі 1966. Дзярж. прэмія СССР 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФРЭ́МАЎ Алег Мікалаевіч (1.10.1927, Масква — 24.5.2000),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1969). Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Школу-студыю Маскоўскага Маст.акад.т-ра (1949). З 1949 акцёр, рэжысёр Цэнтр. дзіцячага т-ра. З 1956 арганізатар і кіраўнік т-ра «Сучаснік», з 1970 акцёр, гал. рэжысёр Маскоўскага Маст.акад.т-ра (з 1989 імя А.Чэхава). Акцёрскія работы вылучаліся натуральнасцю і шчырасцю, іроніяй і лірызмам, дэтальнай распрацоўкай ролі і адначасова псіхалагічна дакладна пабудаваным вобразам: Барыс Гадуноў, Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Астраў («Дзядзька Ваня» Чэхава), Мальер («Кабала святош» М.Булгакава), Аляксей («У добры час!» В.Розава) і інш. Як рэжысёр адметны вострым адчуваннем часу, імкненнем зрабіць гледача таксама творцам спектакля. Паставіў: «Вечна жывыя» Розава (1957, і роля Барыса), «Пяць вечароў» А.Валодзіна (1959, з Я.Еўсцігнеевым, роля Ільіна), «Нарадавольцы» А.Свабодзіна (1967), «Чайка» (1970, з В.Салюком; 1980, з В.Сергачовым), «Іванаў» (1976, з С.Дзясніцкім), «Дзядзька Ваня» (1985, з М.Скорыкам) Чэхава, «Апошнія» М.Горкага (1971), «Качынае паляванне» (1978, з А.Мягковым, роля Зілава), «Так пераможам!» М.Шатрова (1981), «Маскоўскі хор» Л.Петрушэўскай (1988, абодва з Р.Сіратой), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1992, з І.Уласавым), «Барыс Гадуноў» (1994, з А.Беларучавым), «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана (2000, са Скорыкам). З 1956 здымаўся ў кіно: танкіст Іваноў («Жывыя і мёртвыя», 1964), следчы Падбярозавікаў («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), шафёр таксі Саша («Тры таполі на Плюшчысе», 1968), Палынін («Выпадак з Палыніным», 1971). Сярод інш. фільмаў: «Гары, гары, мая зорка», «Вайна і мір», «Дні хірурга Мішкіна», «Інспектар ДАІ» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1969, 1974, 1983. Дзярж. прэмія Расіі 1997.