Эстэтычная думка на Беларусі развівалася з часоў сярэдневякоўя. Свае эстэтычныя ўяўленні, цесна звязаныя з язычніцкімі вераваннямі, абрадамі і рытуаламі, мелі крывічы-палачане, дрыгавічы і радзімічы. З прыняццем хрысціянства дамінуючай стала хрысц. эстэтыка, якая своеасабліва спалучалася з нар. і свецкай эстэтыкай, з адметным уплывам візантыйскай культуры. Эстэт. паняцці «краса», «прыгажосць», «аздабленне» і інш. сустракаюцца ў творах Кірылы Тураўскага, які бачыў ідэал прыгажосці ў боскім пачатку, а вышэйшым упрыгажэннем чалавека лічыў маральнасць, дабрадзейнае жыццё. У 15—16 ст. эстэтыка мела прыкметы рэнесансавай культуры, арыентаванай на катэгорыю прыгожага, гармонію прыроды і чалавека, асобы і грамадства, духоўнай універсальнай і нац. самабытнасці; яна адлюстроўвалася ў розных відах мастацтва, асабліва ў дойлідстве (храмы абарончага тыпу ў Сынковічах і Маламажэйкаве, замак-палац у Міры). Элементы эстэтыкі сустракаюцца ў перакладных аповесцях, у мемуарнай («Баркулабаўскі летапіс») і маст. літаратуры, у творах М.Гусоўскага, у публіцыстыцы С.Буднага, В.Цяпінскага, братоў С. і Л. Зізаніяў. Эстэтычнае пранізвае філас. адносіны Ф.Скарыны да свету з пэўнай мерай дабра і красы, праяўляецца ў яго светапоглядзе, паліграфічным мастацтве, у дасканалым маст. гусце гравюр, у яго лексіцы, багата аздобленай эстэт. тэрміналогіяй. У эстэт. дактрынах на Беларусі ў 17—18 ст. знайшлі своеасаблівае выражэнне сістэмы поглядаў, прынятых у межах культуры барока і класіцызму. Сімяон Полацкі распрацаваў сістэму каштоўнасцей у разуменні прыгожага: вышэйшыя яе ступені цесна звязаны з боскім пачаткам, але прырода і чалавек пазнаюцца пры дапамозе органаў пачуццяў. Прадстаўнік бел. барока ў эстэтыцы М.Сарбеўскі зыходзіў з таго, што на вышэйшых ступенях іерархічнай маст. лесвіцы размяшчаюцца «славесныя мастацтвы»: паэзія, рыторыка, гісторыя. Асн. кірункам эстэтыкі і маст. культуры 18—1-й пал. 19 ст. быў класіцызм, які суіснаваў з такімі плынямі, як барока, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм (А.Доўгірд, Л.Бароўскі, І.Капіевіч). У сваіх эстэтычных поглядах В.Дунін-Марцінкевіч зыходзіў з ідэала як асн. катэгорыі, а гал. крытэрыем дасканалага лічыў гармонію. У К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча эстэт. ідэал супадаў з сац.-паліт. і маральным, а гал. праблемай эстэтыкі лічылася стварэнне нац. мастацтва (на аснове нац. мовы), сцвярджэнне прынцыпу праўды, ісціны, дабра і прыгажосці. Сваёй вяршыні дэмакр. эстэтыка Беларусі дасягнула ў 1905—17 у творчасці класікаў бел. літаратуры Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, М.Багдановіча, асаблівую ролю ў яе станаўленні адыграла публіцыстыка «Нашай Нівы» і інш. У савецкі час працэс развіцця эстэтыкі на Беларусі ішоў гал. чынам у рэчышчы марксісцкай філас.-эстэт. думкі. У 1918—20-я г. на яго значна паўплывалі левыя эстэт. кірункі — футурызм, кубізм, супрэматызм. Апошнюю дактрыну распрацоўваў К.Малевіч, у цэнтры якой было сцвярджэнне новага мастацтва, «стварэнне утылітарных форм свету рэчаў». Узнікла нацыянал-камуніст. плынь у эстэтыцы (літ.-маст. аб’яднанні «Маладняк» і «Полымя») і спецыфічна бел. авангардызм—аквітызм (літ.-маст. згуртаванне «Узвышша»). Апублікаваны працы «Пра прыроду эстэтычнай думкі» Я.І.Барычэўскага (1923), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва». М.М.Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Эстэтычныя асновы савецкай літаратуры» І.В.Гутарава (1950) і інш.
З 1960-х г. у галіне эстэтыкі працягвалася вывучэнне праблем агульнага мастацтвазнаўства і крытыкі (А.Б.Ладыгіна, В.В.Грынін, В.І.Старавойтаў), гісторыі і тэорыі эстэтыкі як спецыфічнай навук. дысцыпліны (У.М.Конан, Э.К.Дарашэвіч, А.С.Майхровіч і інш.), тэхн. эстэтыкі і тэорыі дызайну (І.Герасіменка, І.Селязнёў, Г.Сытэнка, А.Чарнышоў), дыялектыкі пераемнасці і маст. ўвасаблення прыгожага (Л.А.Гуцаленка, Э.В.Шыкунова), эстэт. засваення рэчаіснасці і ўздзеяння мастацтва на грамадства (П.К.Астроўскі, А.С.Майхровіч, В.А.Салееў і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне для актывізацыі даследаванняў у галіне эстэтыкі мелі манаграфіі М.І.Крукоўскага «Логіка прыгажосці» (1965), «Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: Спроба сістэматызацыі» (1974) і «Кібернетыка і законы прыгажосці» (1977), В.А.Салеева «Мастацтва і яго ацэнка» (1977). Апубл. працы па гісторыі айч. эстэтыкі: «Дэмакратычная эстэтыка Беларусі (1905—17)» (1971) і «Ад Рэнесансу да класіцызму: Станаўленне эстэтычнай думкі Беларусі ў XVI—XVIII ст.» (1978) У.М.Конана, «Эстэтычныя погляды Я.Коласа» А.С.Майхровіча (1970), «Нарыс гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі» Э.К.Дарашэвіча і У.М.Конана (1972), «Сучасная эстэтыка Беларусі» В.А.Салеева і інш. У 1975 выдадзены навуч. дапаможнік «Марксісцка-ленінская эстэтыка. Хрэстаматыя». У 1983 выйшла з друку фундаментальная праца М.І.Крукоўскага «Homo pulcher — Чалавек прыгожы», у якой упершыню прапаноўваліся ацэнкі чалавека з пункту гледжання эстэтыкі. Працягвалася вывучэнне праблем маст.-эстэт. культуры ў дынаміцы сац. засваення (У.А.Скараходаў, Ю.А.Гусеў), узаемаадносін нац. самасвядомасці і маст. культуры, этнапедагогікі і эстэт. развіцця асобы (У.М.Конан, В.А.Салееў, А.У.Івашкевіч), культуралагічнага зместу феномена прыгажосці, мадыфікацыі яго форм у еўрап. і сусв. культуры ( У.Ф.Мартынаў) і інш. У 1990 адбыўся рэсп. з’езд эстэтыкаў, засн.Бел.эстэт. асацыяцыя. У 2003 выдадзены навучальны дапаможнік «Эстэтыка» У.Ф.Мартынава.
Літ.:
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;
Майхрович А.С. Об эстетическом освоении действительности. Мн., 1973;
Шикунова Э.В. Эстетические потребности и художественная культура. Мн., 1986;
Эстетическое воспитание молодежи: проблемы и опыт. Мн., 1986;
Салееў В.А. Эстэтычнае выхаванне ў сучаснай беларускай культуры. Мн., 1993;
Скараходаў У. Мастацкая культура ў дынаміцы сацыяльнага засваення Мн., 1994;
Социокультурные и эстетические основы творчества детей и подростков. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + ...графія),
1) спецыяльная гісторыка-філал. дысцыпліна, якая вывучае стараж. рукапісныя і друкаваныя помнікі з мэтай іх правільнага прачытання, вызначэння аўтарства, часу і месца стварэння, выяўлення іх сапраўднасці, аўтэнтычнасці. На аснове вонкавых прыкмет рукапісу даследуе пісчыя матэрыялы, прылады, тып пісьма, асаблівасці спосабаў запісу, аздабленне (арнамент, мініяцюры), афармленне пераплётаў, вадзяныя знакі на паперы і г.д. Цесна звязана з гісторыяй, эпіграфікай, геральдыкай, сфрагістыкай, дыпламатыкай, храналогіяй, археалогіяй, нумізматыкай, мовазнаўствам, літаратуразнаўствам, музыказнаўствам і інш. Асобная галіна П. — крыптаграфія. Паводле сістэмы пісьма, алфавіта і мовы адрозніваюць П. грэч., лац., слав., араб., кіт., груз., індыйскую і інш.Слав. П. вывучае стараж. помнікі беларусаў, рускіх, украінцаў, балгараў, сербаў, напісаных пераважна кірыліцай, а таксама глаголіцай, пэўнымі тыпамі пісьма (уставам, паўуставам і скорапісам), дэкаратыўным пісьмом (вяззю).
П. як навука ўзнікла ў 17 ст. ў Францыі і спачатку лічылася галіной дыпламатыкі. Тэрмін «П.» ўпершыню ўжыў франц. вучоны Б.Манфакон (навук. праца «Грэчаская палеаграфія», 1708, на лац. мове) і вылучыў яе ў самаст.навук. дысцыпліну. У Расіі зарадзілася ў 1-й чвэрці 18 ст.Вял. роля ў распрацоўцы слав. кірыліцкай П. належыць І.І.Сразнеўскаму, А.І.Сабалеўскаму, В.М.Шчэпкіну, В.Ягічу і інш. Пачынальнік бел. П. — Я.Ф.Карскі, які найб. дэталёва вызначыў і апісаў крыніцы палеагр. назіранняў з улікам іх складу, месца захоўвання рукапісаў у працы «Славянская кірылаўская палеаграфія» (1928, факсімільнае выданне 1979), апісаў таксама матэрыялы рукапісаў, іх вонкавае афармленне, прылады пісьма. Помнікі пісьменнасці, створаныя на Беларусі, вывучалі І.І.Грыгаровіч, А.Турчыновіч, М.В.Каяловіч, І.М.Даніловіч, М.К.Любаўскі, М.К.Баброўскі, М.Я.Нікіфароўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, А.П.Сапуноў, Дз.І.Даўгяла, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, В.І.Баркоўскі, А.П.Ігнаценка, В.І.Мялешка, В.Ф.Шматаў і інш. Апісанне некалькіх тысяч помнікаў пісьменнасці даў В.Ю.Ластоўскі ў сваёй манаграфіі «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Пра наяўнасць асобнай бел. разнавіднасці кірылічнага пісьма пісаў Л.У.Чарапнін у працы «Руская палеаграфія» (1956). Бел. мовазнавец А.М.Булыка ў манаграфіі «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970) разгледзеў напісанне асобных кірылічных літар у бел. пісьме на розных этапах яго развіцця. Эвалюцыю бел. пісьма ў сувязі з развіццём літ. мовы вывучалі А.І.Жураўскі і Л.М.Шакун. Бел. славіст М.А.Паўленка ў працы «Гісторыя пісьма» (2-е выд. 1987) раскрыў асн. этапы развіцця бел. пісьма. Палеаграфічнае апісанне Баркулабаўскага летапісу зрабіла Н.Т.Вайтовіч. На прыкладзе Судовай (актавай) кнігі Каўнаскага земскага суда 1566—67 літ. вучоны А.К.Антановіч выявіў асаблівасці бел. скорапісу 2-й пал. 16 ст. Яму належыць таксама палеаграфічнае апісанне унікальных па сваёй значнасці бел. тэкстаў, напісаных араб. пісьмом («Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом...», 1968). Літоўскі гісторык Э.Лаўцявічус у працы «Папера ў Літве ў XV—XVIII стст.» (1979) сабраў звесткі пра паперні ў Вільні, Слуцку, Паставах, Гальшанах, Смаргоні і інш. Разгляду асаблівасцей бел. пісьма прысвяціў сваю працу польскі вучоны Т.Рот-Жаброўскі («Гісторыя рускага пісьма», 1987). Пячаткі стараж.-бел. дакументаў апісаў у сваёй працы «Пячаткі старажытнай Беларусі» (1993) бел. гісторык А.К.Цітоў, стараж. прылады пісьма (пісалы) — археолагі Ф.Д.Гурэвіч, Я.Г.Звяруга, А.М.Мядзведзеў. Палеаграфічныя здымкі шматлікіх дагэтуль невядомых стараж. рукапісаў апісаў рас. кнігазнавец М.В.Нікалаеў (кн. «Палата кнігапісная», 1993). Падрыхтаваны і выдадзены першы вучэбны дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996).
2) П. ў музыцы — прыкладная музыказнаўчая дысцыпліна, якая вывучае стараж. сістэмы муз. натацыі, метады іх транскрыпцыі на сучасную натацыю і даследаванне рукапісных помнікаў муз. пісьменнасці, эвалюцыю муз. знакаў. Выконвае крыніцазнаўчыя функцыі — выяўляе, апісвае, сістэматызуе, расшыфроўвае і перакладае муз. помнікі на сучасную натацыю. Выкарыстоўвае метады даследавання пеўчай і агульнай П. Вылучаюць муз. П. візантыйскую (грэч.), лац. (грыгарыянскую), армянскую, славяна-рускую і інш.
Як навука пачала складвацца ў 1850-я г. Яе асн. палажэнні выкладзены ў працах Ш.Э.А.Кусмакера, а таксама І.Вольфа («Гісторыя мензуральнай натацыі ад 1250 да 1460», т. 1—3, 1904—65; «Даведнік натацый», т. 1—2, 1913—19). Уклад у вывучэнне пеўчай натацыі зрабілі Г.Рыман, О.Фляйшэр, П.І.Вагнер, П.Ферэці, Ж.Хандшын, Э.Ямерс. У Францыі выдадзены збор помнікаў неўменнага пісьма «Палеаграфія музычная» (т. 1—19, 1889—1950). Асаблівасцям візант. натацыі прысвечаны працы А.Гастуэ і Ж.Б.Цібо на мяжы 19—20 ст., у 1920—30-я г. — даследаванні Э.Велеса, Г.Тыльярда і К.Хёга. Славяна-рус. пеўчая П. ўключае рус., бел., укр., балг., сербскія, часткова харвацкія рукапісныя муз. помнікі 10—20 ст., знаменныя сістэмы натацыі — кандакарную, стаўпавую (знаменную, крукавую), дзямественную, пуцявую, казанскую і інш., а таксама квадратную лінейную, што на Беларусі вядома з 15 ст., і знаменна-лінейныя дваязнаменныя рукапісы. Найб. раннія даследаванні належаць В.Ундольскаму (1846) і І.Сахараву (1849). Муз. П. цікавіліся У.Адоеўскі, У.Стасаў. Вял. ўклад у распрацоўку муз. П. зрабілі Дз.Разумоўскі, С.Смаленскі, В.Металаў, А.Праабражэнскі, І.Вазнясенскі, пазней да яе звярталіся В.Бяляеў, М.Успенскі. Заснавальнік сучаснай муз. П. і школы муз. медыявістыкі — М.Бражнікаў (аўтар прац «Руская пеўчая палеаграфія», «Курс лекцый па старажытнарускай музыцы і палеаграфіі», абедзве 1971, рукапісы). У галіне славяна-рус. П. працавалі замежныя даследчыкі Э.Ара, І.Гарднер, Э.Кошмідэр, М.Веліміровіч, Р.Палікарава-Вердэй, О.Странк, К.Флорас, К.Леві, Б.Карастаянаў і інш.
На Беларусі ў галіне муз. П. працуюць даследчыкі-медыявісты Л.Касцюкавец (аўтар курсу) у Бел. акадэміі музыкі, Т.Ліхач і інш.Гл. таксама Нотнае пісьмо, Царкоўная музыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РН (франц. moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х. ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Да арт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Да арт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Да арт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Да арт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Да арт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Да арт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Да арт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАЖЫТНЫ ГОРАД.
Да найбольш стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі належаць выяўленыя ў Падняпроўі рэшткі верхнепалеалітычных (24—20-е тыс. да н.э.) жытлаў з выкарыстаннем касцей маманта каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў. У жалезным веку (з 7 ст. да н.э.) насельніцтва жыло на гарадзішчах (ці выкарыстоўвала іх як сховішчы для навакольных паселішчаў); да нашага часу на Беларусі захавалася больш за тысячу такіх гарадзішчаў. Першыя ўласна гарады вырасталі з родаплемянных (Полацк, Гомель, Тураў) ці абарончых (Брэст, Мінск) цэнтраў. Яны ўяўлялі сабой умацаванае (агароджанае, адсюль назва «град», «горад») паселішча, якое нярэдка ўзнікала на месцах гарадзішчаў жалезнага веку (Полацк, Мінск). Многія гарады з’яўляліся гандл. і рэліг. цэнтрамі. Пасля прыняцця хрысціянства тут часам на месцы язычніцкіх капішчаў узнікалі першыя драўляныя, а пазней і мураваныя храмы. Ядром стараж. горада было ўмацаванне (дзядзінец), якое найчасцей размяшчалася на ўзвышаным месцы, на беразе возера ці ракі, на скрыжаванні гандл. шляхоў. Да дзядзінца прылягала ўмацаванае паселішча, т.зв. вакольны горад, у якім жылі гандляры, рамеснікі. Паводле такога прынцыпу фарміраваліся Полацк, Тураў, Мінск, Пінск і інш. гарады. Разам з хрысціянствам у буд-ве пашыраўся візантыйскі ўплыў, у 9—10 ст. прасочваюцца таксама арабскія і скандынаўскія ўплывы. У 11 ст. з’явіліся новыя буд. матэрыялы: плінфа, плітка для падлогі, вапна, цамянка, аконнае шкло, свінцовыя лісты для пакрыцця дахаў.
У перыяд удзельных княстваў (11—1-я пал. 13 ст.) гарады ўзнікалі пераважна як гандл.-рамесныя цэнтры сярод вясковай акругі (Слуцк, Клецк і інш.). часам ускладнялася іх тапаграфічная структура: дзядзінец (часам з асобным княжацкім дваром), вакольны горад, пасад ці прадмесце, гарадскі курганны ці бескурганны некропаль, загарадныя манастыры і наваколле. На княжацкіх дварах, на дзядзінцах Полацка, Гродна і Смаленска будавалі 2-павярховыя каменныя палацы (хорамы). Гарады развіваліся пераважна на аснове радыяльна-кальцавой ці радыяльна-веернай планіроўкі. З ростам заходнееўрапейскага, візантыйскага і кіеўскага імпарту адбывалася пранікненне навацый у матэрыяльную культуру гарадоў Беларусі, што прасочваецца ў інжынерна-фартыфікацыйнай справе і культавай архітэктуры. Гэта трывалыя канструкцыі абарончых збудаванняў у Віцебску, Мінску, Полацку і Гродне (напр., дзядзінец стараж. Гродна быў умацаваны каменнымі абарончымі сценамі вышынёй да 5 м), а таксама спроба збудаваць з дапамогай польскіх майстроў каменны храм у Мінску. У 13 ст. будавалі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане мураваныя вежы-данжоны — «стаўпы» (Камянец, Навагрудак, Гродна, Брэст, Тураў).
Горадабудаўніцтва эпохі ВКЛ. У 13—14 ст. адбывалася творчая перапрацоўка ўсходнеславянскіх і візантыйскіх традыцый. Пашырэнне і развіццё гэтых традыцый працягвалася на тэр. Беларусі і Украіны, а таксама яны інтэнсіўна пранікалі на землі, заселеныя балтамі, дзе бурна развіваліся гарады і ўзнік феномен новай гарадской культуры. На землях праваслаўных беларусаў і язычнікаў літоўцаў апрача храмаў узнікалі шматлікія праваслаўныя манастыры і каталіцкія кляштары. Пасля Крэўскай уніі 1385 на тэр.ВКЛ пачалі пранікаць і пашырацца традыцыі заходнееўрапейскай каталіцкай культуры. У 14 — пач. 17 ст. яе асяродкамі сталі Віцебск, Мсціслаў, Орша і Смаленск. У 14—15 ст. на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі пабудаваны першыя драўляныя мячэці і сінагогі ў месцах кампактнага рассялення татараў і яўрэяў. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410, калі знікла крыжацкая пагроза, гарадская культура ВКЛ канчаткова стала фарміравацца як неад’емная частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. У гэты час пашыралася магдэбургскае права, таму адм. цэнтр горада паступова перамясціўся на рыначную плошчу, дзе ставілі ратушу (Віцебск, Чачэрск, Слонім, Мінск і інш.), часам у комплексе з гандл. радамі (Нясвіж). Часта захоўвалася суіснаванне двух цэнтраў гарадскога жыцця: княжацкая рэзідэнцыя на гарадскім (звычайна верхнім) замку і ратуша з гарадскім магістратам і рыначнай плошчай. Для гэтага часу характэрна з’яўленне мястэчкаў як прамежкавай формы паселішчаў паміж горадам (местам) і вялікім сялом. Пры мястэчках будаваліся мураваныя замкі тыпу кастэляў (Крэва Смаргонскага р-на, Ліда). Пашырыліся новыя буд. матэрыялы — буйнапамерная тоўстая цэгла і керамічная дахоўка, якія наблізілі тэхніку будаўніцтва да заходнееўрапейскіх узораў. З паяўленнем гармат ранейшыя мураваныя і драўляныя замкі перабудоўвалі з улікам выкарыстання агнястрэльнай зброі (Гродна, Ліда, Мір). З 15 ст. пашырыўся стыль готыкі. Яе ўзор — Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на: мураваны храм зальнага тыпу, асноўны аб’ём якога накрыты высокім 2-схільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. Яго пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал. фасадзе аздоблены плоскімі нішамі; нефы асноўнага аб’ёму перакрыты крыжовымі скляпеннямі, апсіда — зорчатым нервюрным. Да найб. значных храмаў абарончага тыпу належаць цэрквы-крэпасці ў вёсках Сынковічы Зэльвенскага і Мураванка Шчучынскага р-наў. Сынковіцкая царква (канец 15 — пач. 16 ст.) — 3-нефавы 4-стаўповы 3-апсідны мураваны зальны храм (у плане перакошаны прамавугольнік), па вуглах фланкіраваны 4 баявымі вежамі (з захаду гранёныя, з усходу круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Па версе сцен праходзіць пояс машыкуляў, дах 2-схільны, з вострымі тарцовымі шчытамі. Мураванкаўская царква (другая памылковая назва — Маламажэйкаўская; пач. 16 ст.) — 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, з паўцыркульнай апсідай і 4 круглымі вуглавымі вежамі. Абарончы характар мелі Барысаглебская царква ў Навагрудку (пач. 16 ст.), кальвінскі збор у Заслаўі (2-я пал. 16 ст. — пач. 17 ст.), сінагога ў Быхаве (пач. 17 ст.), а таксама некаторыя жылыя дамы, вежы-званіцы, брамы і ратушы. Тэр. кальвінскага збору ў мяст. Койданава (цяпер г. Дзяржынск; пач. 17 ст.) была ўмацавана мураванай сцяной з 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі. Манументальна» кампактныя аб’ёмы храмаў, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі вертыкальнымі вежамі: касцёлы ў вёсках Гнезна Ваўкавыскага (каля 1524), Дзераўная Стаўбцоўскага (1-я пал. 17 ст.) р-наў. У 15 — пач. 17 ст. развіццё архітэктуры і горадабудаўніцтва ВКЛ характарызуецца росквітам і агульнымі тэндэнцыямі, якія маюць выразнае заходнееўрапейскае паходжанне. З эпохай Адраджэння (Рэнесанс) звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам кампазіцыі горада была плошча з ратушай і храмамі. Напачатку рысы стылю рэнесанс спалучаліся з элементамі готыкі. Свецкая і культавая архітэктура паступова страчвала абарончыя рысы, набывала аркадныя галерэі (палац у Рагачове, 2-я пал. 16 ст.); з’явіліся храмы-ратонды з купалам (кальвінскі збор у Смаргоні, сярэдзіна 16 ст.), вежы набылі дэкаратыўнае аздабленне. Інтэр’еры ўпрыгожвалі разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі (храмы ў вёсках Чарнаўчыцы Брэсцкага, Вішнева Валожынскага р-наў). Драўляныя вулічныя маставыя замяняліся каменнымі, брукаванымі. У цэнтрах гарадоў з’явіліся першыя цагляныя жылыя будынкі. Рамеснікі і гандляры будавалі дамы фахверкавага тыпу («прускі мур»), простыя гараджане, як і сяляне — аднакамерныя «курныя хаты» або 2- ці 3-камерныя з прыбудаваным хлявом. Пашырэнне атрымалі феад. рэзідэнцыі: замкі ў вёсках Геранёны Іўеўскага (канец 15 — пач. 16 ст.), Смаляны Аршанскага (да 1626) р-наў і інш. Да 16 ст. будавалі пераважна драўляныя замкі, якія складаліся з гародняў, са шмат’яруснымі вежамі (Полацк, Орша, Магілёў), пазней — муравана-драўляныя. Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі з 2-й пал. 16 ст. пашырылася буд-ва ўмацаванняў бастыённай сістэмы (Заслаўе, Нясвіж). Сярод унікальных манументальных ансамбляў — 5-вежавы мураваны замак з палацам у Міры, пабудаваны ў пач. 16 ст. з рысамі готыкі і рэнесансу. Напачатку замак быў мураванай крэпасцю, абнесенай абарончымі сценамі з 5-яруснымі вежамі па вуглах; пасярэдзіне размяшчалася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Замак быў абкружаны землянымі валамі вышынёй каля 10 м і ровам з вадой. У 1580—90-я г. комплекс перабудаваны пад княжацкую рэзідэнцыю. Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў, моцна пашкоджаны. З 1983 вядзецца яго рэстаўрацыя. Мірскі замкава-паркавы комплекс ЮНЕСКА аднесены да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры (1994) і ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА КАНЦА 16 — СЯРЭДЗІНЫ 18 ст.
У гэты перыяд на Беларусі, як і ў многіх краінах Еўропы, быў пашыраны стыль барока. У храмавым дойлідстве ён звязаны з эпохай контррэфармацыі і новым часам. На Беларусі барока бярэ пачатак ад касцёла езуітаў у Нясвіжы (1587—93, арх. Дж.М.Бернардоні, купал — Дж.Брызіо). Узорам для яго паслужыў касцёл Іль Джэзу (Ісуса) у Рыме, толькі ў нясвіжскім касцёле бакавыя нефы не падзелены на асобныя капліцы, што, магчыма, тлумачыцца яго прыходскімі функцыямі і густам М.К.Радзівіла. Касцёл — першы ў Рэчы Паспалітай 3-нефавы крыжова-купальны храм з трансептам. Пазней у стылі барока пабудаваны касцёл св. Казіміра (1604—18, арх. Дж.М.Бернардоні і Я.Франкевіч), Святадухаўская царква (каля 1638) у Вільні, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на (сярэдзіна 17 ст.), касцёлы езуітаў у Брэсце (сярэдзіна 17 ст.), Гродне (1678—1705) і Полацку (закончаны ў 1745). На працягу 17—18 ст.найб. пашыранай была 3-нефавая базіліка: касцёлы бернардзінцаў у Нясвіжы (1598), Гродне (1602—18); францысканцаў у Гродне (апошняя чвэрць 17 ст.); Петрапаўлаўская царква ў Мінску (1620-я г.), касцёлы езуітаў у Магілёве, Мінску (абодва пач. 18 ст.), в. Юравічы Калінкавіцкага р-на (1755), бернардзінак у Мінску (1642) і інш. Каталіцкія ордэны арыентаваліся пераважна на ўзоры рымскіх храмаў, пры якіх знаходзіліся рэзідэнцыі генералаў іх ордэнаў. У адрозненне ад вышынных касцёлаў Польшчы прапорцыі езуіцкіх касцёлаў Беларусі набліжаны да рымскіх. Структура бакавых нефаў касцёла Іль Джэзу паўторана ў касцёлах дамініканцаў у Стоўбцах (1621—42, арх. К.Тэнкала) і францысканцаў у Пінску (1705—21). У перыяд станаўлення барока (1-я пал. 17 ст.) многія храмы адзначаны спалучэннем рэнесансавых рыс з гатычнымі. Дж.М.Бернардоні адначасова з езуіцкім касцёлам у Нясвіжы ў традыцыйных гатычна-рэнесансных формах пабудаваў касцёлы фарны ў Гродне (1584—87), у в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на (пасля 1588), бенедыкцінак у Нясвіжы (1590—96), г.п. Мір Карэліцкага р-на (1599—1605), в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, Клецку (абодва да 1607). У гэтых храмах гал. нефы часта перакрываліся паўцыркульнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі, з’явіліся падпружныя аркі. Пераходную шматстылёвасць увасабляе група аднанефавых касцёлаў з контрфорсамі, шчытавымі фасадамі і часам са своеасаблівым дэкорам цыліндрычнага скляпення: св. Міхаіла ў Вільні (1596—1627), у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на (1617—20), Слоніме (1635—50), у в. Вішнева Валожынскага р-на (1637—41), г.п. Друя Браслаўскага р-на (1646), г.п. Свір Мядзельскага р-на (1653), Брэсце (2-я пал. 17 ст.). Да познарэнесансавай плыні адносяцца нешматлікія храмы з адной вежай на фасадзе: касцёлы бернардзінцаў у Слоніме (1639—70), в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на (пач. 17 ст. ці 1630), царква ў в. Чарэя Чашніцкага р-на (17 ст.). Сярод раннебарочных тыповымі былі аднанефавыя касцёлы з 2-вежавым фасадам і паўцыркульнай або гранёнай апсідай: у г. Дзятлава (1624—46), брыгітак у Гродне (1642—51), в. Міхалішкі Астравецкага р-на (1653), дамініканцаў у Клецку (1680-я г.). Прыкладам сціплага ранняга барока можа служыць езуіцкі касцёл св. Ігнація ў Вільні (1622—47; 3-нефавы, са шчытавым фасадам, падзеленым пілястрамі і плоскай апсідай) і касцёл св. Тэрэзы (1633—54, арх. К.Тэнкала). Сярод іншых ранніх узораў барока касцёл кармелітаў у г. Глыбокае (сярэдзіна 17 ст.), ансамбль кляштара картузаў у Бярозе (1648—66, 1689, арх. Дж.Гіслені). Для перыяду сталага барока характэрны рэгіянальныя архітэктурныя школы, з якіх найбольшай самабытнасцю вылучаецца Магілёўская школа дойлідства. Да яе належаць правасл. храмы Падняпроўя: саборы Успенскі Куцеінскага манастыра (каля Оршы, 1630-я г.), Богаяўленскі (1633—36), цэрквы Мікалаеўская (1665—72) і Пакроўская (1670; усе ў Магілёве). Гэта крыжова-купальныя храмы з кароткімі бакавымі нефамі, 3 апсідамі і фасаднымі шчытамі, дэкарыраванымі радамі арачных нішаў накшталт іканастасных.
Адметнасць і самастойнасць царкоўнай архітэктуры відавочная пры параўнанні іх з магілёўскімі барочнымі касцёламі езуітаў (1699—1725) і кармелітаў (1740). Сінтэз архітэктуры і пластыкі сталага барока рэалізаваны італьянскімі і мясц. майстрамі-штука́тарамі ў віленскіх касцёлах Пятра і Паўла (1668—82) і трынітарыяў (1694—1717), капліцах св. Казіміра ў Вільні і латэранскай у Гродне.
У 1-й пал. 18 ст. сінтэз закрануў і разьбяную скульптуру (касцёл францысканцаў у Пінску, езуітаў у Гродне). У 2-й пал. 18 ст. паліхромны стука становіцца асн. дэкаратыўным матэрыялам манументальных алтароў. Укладам у еўрапейскую архітэктуру з’яўляюцца помнікі т.зв. віленскага барока 1740—70-х г. Для іх характэрны дынамічныя формы фасадаў: хвалістыя ў плане, з ажурнымі стромымі вежамі і фігурнымі шчытамі. Вызначальны ўклад у фарміраванне гэтага стылю зрабіў архітэктар Я.К.Глаўбіц. Яму належаць: у Вільні — рэканструкцыя касцёла бенедыкцінак (1741), касцёлы св. Казіміра (пасля 1749, з Т.Жаброўскім), св. Яна (1760-я г.), брама базыльянскага кляштара св. Тройцы (1761); дамініканскі касцёл у Забелах каля в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на (1760-я г.), архірэйскі палац у Магілёве (1762—85); відаць, касцёл францысканцаў у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1740-я г.). Ён перабудаваў Сафійскі сабор у Полацку (1738—50), пабудаваў царкву манастыра базыльян у в. Беразвечча Глыбоцкага р-на (1756—63), Спаскую царкву ў Магілёве (1756—62). Для храмаў позняга барока характэрна пластычная распрацоўка інтэр’ера з выкарыстаннем архітэктуры малых форм (напр., царква ў Беразвеччы). Да храмаў позняга барока належаць касцёл св. Андрэя ў Слоніме, базыльянскія цэрквы ў вёсках Баруны Ашмянскага (1747—57) і Вольна Баранавіцкага (1768) р-наў. Апошнім выдатным помнікам стылю лічыцца манументальны касцёл у в. Будслаў Мядзельскага р-на (1767—83); яго архітэктар, відаць, Дж.Фантана, які зрабіў значны ўклад у познабарочную архітэктуру на Пн Беларусі. Недастаткова вывучана барока ў драўляных храмах з прычыны слабай захаванасці помнікаў; яго рысы праглядаюцца ў пластыцы 2-вежавых фасадаў 2-й пал. 18 ст. Касцёлы 17—18 ст. (пераважная большасць разабрана ў пач. 20 ст.) адметныя манументальнымі памерамі і простым 2-зрубным планам. Такую ж структуру з мураванага дойлідства перанялі уніяцкія цэрквы 18 ст., хоць майстэрства мясц. цесляроў надало ім своеасаблівыя рысы. Больш выразны сілуэт маюць 3-зрубныя цэрквы. Шэдэўрамі лічацца правасл. храмы на У Беларусі: цэрквы Ільінская і Троіцкая ў Віцебску, Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра. У іх спалучыліся традыцыйны крыжовы 4-зрубны план з манументалізмам і маляўнічасцю барока. На Палессі такі тып, а таксама 3-зрубны з барочнымі купаламі, выкарыстоўваўся аж да пач. 19 ст. (вёскі Кажан-Гарадок Лунінецкага, Старая Беліца Гомельскага р-наў). Барочны стыль больш выразна выявіўся ў маст. афармленні інтэр’ераў (жывапіс, разьба, скульптура). Да дасягненняў барока належаць і драўляныя сінагогі 18 ст. на З Беларусі. Яны адметныя надзвычай складаным шматслойным купальным перакрыццём інтэр’ера (в. Воўпа Ваўкавыскага р-на, Гродна). У канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. магнацкая рэзідэнцыя фарміруецца як палацава-замкавы комплекс рэнесансавага тыпу (Нясвіжскі замак Радзівілаў, Гальшанскі і Быхаўскі замкі Сапегаў, Смалянскі замак Сангушкаў, палац Януша Радзівіла ў Вільні). У 2-й пал. 17 ст. інтэр’еры набываюць багатае жывапісна-скульпт.аздабленне ў стылі барока (палацы Слушкаў і Сапегаў у Вільні). Сядзібы, што складаліся з палаца і 2 афіцын, набылі сіметрычны П-падобны план. У найб. развітых кампазіцыях яны злучаюцца каланадамі (Ружаны). Характэрнымі становяцца высокія ламаныя дахі, вежы з гадзіннікамі і флюгерамі, рызаліты, алькежы з купаламі (Ганута каля в. Ручыца Вілейскага р-на; Дзятлава). У 2-й пал. 18 ст. значны ўклад у палацавае буд-ва зрабілі архітэктары саксонскай (М.Д.Пёпельман, І.Яўх, Я.С.Бекер) і італьянскай (А.Гену) школ.
Петрапаўлаўская царква ў Мінску.Касцёл і кляштар бернардзінак у Мінску. Сучасны Святадухаўскі кафедральны сабор.Касцёл і кляштар бернардзінцаў у Гродне.Мікалаеўская царква ў Магілёве. 1665—72.Ратуша ў Віцебску. 1775.Архірэйскі палац у Магілёве. 1762—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМЫ́КІЯ, Рэспубліка Калмыкія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс.км². Нас. 319 тыс.чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г.Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.
Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На Зўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст.н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст.тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч.феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна і Е.І.Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ.Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак. 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.
4.11.1920 утворана Калм.аўт.вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн.кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс.т (1996). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар.маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс.т, настрыг воўны 5,7 тыс.т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн.га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс.км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд.руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд.руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.
Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст.калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм.л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.Канукава, Н.Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.Каляеў (вершы, паэмы), Х.Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.Сусееў, Л.Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.Джымбінаў, драматург Б.Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял.Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.Дарджыева, Інджыева, А.Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, А.Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.Звонак, Р.Барадулін, А.Грачанікаў, М.Чарняўскі, Ю.Свірка, Броўка, М.Танк, Пысін, С.Грахоўскі, М.Аўрамчык, К.Камейша, Г.Бураўкін, І.Калеснік).
Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.Калмык і жывапісец А.Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.Пюрвеевы, В.Цялегін, В.Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.Альдаеў, Г.Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.Сычоў, графік Б.Данільчанка, скульптар М.Санджыеў і інш.).
Музыка. Да пач. 1920-х г.нар.муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац.муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.Гайгерава, А.Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.
Літ.:
Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;
История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;
Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЫ-ЛА́НКА, Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка,
дзяржава ў Паўд. Азіі, на аднайм. востраве (б. Цэйлон), у Індыйскім акіяне. Ад Індыі аддзелена Манарскім зал. і Полкскім пралівам. Пл. 65,61 тыс.км². Нас. 19 576,8 тыс.чал. (2002). Афіц. мовы — сінгальская і тамільская; мова міжнац. зносін — англійская. Афіц. сталіца — Шры-Джаявардэнапура-Котэ (месцазнаходжанне парламента), фактычная — г.Каломба. Краіна падзяляецца на 8 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 лютага).
Дзяржаўны лад. Прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і прэм’ер-міністр, які ўзначальвае Савет Міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац.дзярж. асамблеі, дэпутаты якой выбіраюцца на 6 гадоў. Выбарчым правам карыстаюцца ўсе грамадзяне з 18 гадоў. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца таксама апеляцыйнай інстанцыяй, суды акруговыя, магістратаў і сельскія. Суддзяў прызначае ўрад, членаў Вярх. суда — прэзідэнт.
Прырода. Большая ч. краіны — узгорыстыя раўніны. На Пд і ў цэнтры сталовыя горы з пераважнымі выш. 1000—2000 м (найб. 2524 м, г. Підуруталагала). Карысныя выкапні: графіт, вапнякі, паўкаштоўныя і каштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты), фасфарыты; на ПнУ і ПдУ узбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі (ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый); разнастайныя буд. матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты). Клімат субэкватарыяльны, на Пд экватарыяльны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах каля 27 °C, у гарах 23—25 °C. Адно з самых халодных месцаў — горны курорт Нувара-Элія (2000 м над узр. м.) з сярэднегадавой т-рай 15 °C. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з ПнУ на ПдЗ з 1300—2000 мм да 2500—3000 мм. Рачная сетка густая. Рэкі кароткія, найб. — Махавелі (330 км). Глебы чырвона-бурыя і чырвона-жоўтыя фералітныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Больш за 70% тэр. ўкрыта натуральным раслінным покрывам. На Пд — участкі вечназялёных трапічных лясоў, на ПнУ трапічныя лістападныя лясы. Жывёльны свет разнастайны: сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы. мядзведзі, шмат малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках — кракадзілы. Нац. паркі: Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла (Рухуна).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — сінгалы (74%) і тамілы (18%). Жывуць таксама маўры (нашчадкі арабаў і мясц. мусульман) — 7%, бюргеры (нашчадкі галандцаў і партугальцаў), малайцы, веды, кафіры (афрыканцы), ланкійскія цыганы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (70%) і індуісты (15%). Ёсць хрысціяне (католікі) — 8%, мусульмане — 7% (1999). Натуральны прырост 0,85% (2002). Сярэдняя шчыльн. 298 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены ПдЗ вострава. У акрузе Каломба шчыльн. больш за 2 тыс.чал. на 1 км². У гарадах жыве 23% насельніцтва. Буйныя гарады (тыс.ж., 1993): Каломба — 2026 (з прыгарадамі), Маўнт-Лавінія — 175, Моратува — 135, Джафна — 125. Працаздольнага насельніцтва 6,6 млн.чал. (1998). У прам-сці занята 17% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 38%, у сферы паслуг — 45%.
Гісторыя. З часоў палеаліту Ш.-Л. насялялі плямёны паляўнічых-збіральнікаў, ад якіх, відаць, пайшоў сучасны народ веды. У 6—3 ст. да н.э. востраў засялілі інда-арыйскія плямёны з Паўн. Індыі. Яны назвалі краіну Сінхаладвіпа (санскр. — «краіна львоў»), у скажонай транскрыпцыі Сілон (рус. і бел. Цэйлон), а сябе — сінгаламі. Адначасова ўжывалася і другая назва вострава — Ланка (благаславёная, цудоўная зямля). У 3 ст.н.э. склалася Сінгальская дзяржава (сталіцы — гарады Анурадхапура, Паланарува), дзе дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Яна з пераменным поспехам ваявала з прышэльцамі з Паўд. Індыі таміламі і ў 15 ст. распалася. На Пн вострава ўзнікла Тамільская дзяржава са сталіцай у г. Джафна. З 1505 да пач. 17 ст. прыбярэжныя раёны Ш.-Л. заваяваны партугальцамі, але яны не здолелі зламаць супраціўленне сінгальскага каралеўства з цэнтрам у г. Канды, якое з 15 ст. існавала ў горнай частцы вострава. У 1658 галандцы з дапамогай кандыйцаў выгналі партугальцаў, але ў 1795—96 самі былі выгнаны англічанамі. З 1802 Ш.-Л. — асобная брыт. калонія Цэйлон, у 1815 англічане захапілі і Кандыйскае каралеўства. У 1833 пры брыт. губернатару створаны Заканад. савет, у 1912 прынята канстытуцыя. Паводле канстытуцыі 1931 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. 4.2.1948 абвешчана незалежнасць Ш.-Л. ў складзе брыт.Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1972 Ш.-Л. — рэспубліка. У краіне дзейнічаюць каля 30 паліт. партый, але ўвесь перыяд незалежнасці ўлада папераменна належыць або правай Аб’яднанай нац. партыі (засн. ў 1946, правіла ў 1948—56, 1960, 1964—70, 1977—94), або левай Партыі свабоды Ш.-Л. (засн. ў 1951, правіла ў 1956—60, 1960—64, 1970—77 і са жн. 1994 у складзе Нар. альянсу). З 1994 прэм’ер-міністр Ш.-Л. — С.Бандаранаіке, прэзідэнт — яе дачка Ч.Кумаратунге. Становішча ў краіне ўскладнена ўзбр. канфліктам (з 1983) паміж урадам і арг-цыяй Тыгры вызвалення Таміл Ілама, якая тэрарыст. метадамі змагаецца за стварэнне на Пн і ПнУ вострава незалежнай Тамільскай дзяржавы. Ш.-Л. — чл.ААН (з 1955), Руху недалучэння (з 1961), інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліст. 2000.
Гаспадарка. Ш.-Л. — агр.-індустр. краіна з развітой плантацыйнай гаспадаркай. З 1970-х г. у краіне праводзяцца рыначныя рэформы, што спрыяе пашырэнню аб’ёму інвестыцый у эканоміку (у 1997—550 млн.дол.), хуткаму развіццю прам-сці і сферы паслуг. Асн. інвестары — Японія, Паўд. Карэя, Сінгапур, мадэлі эканам. развіцця якіх Ш.-Л. прыстасоўвае да сваіх умоў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 62,7 млрд.дол. (3,25 тыс.дол. на 1 чал.). Штогадовы рост ВУП у 1997—2000—5,3%. У сельскай гаспадарцы ствараецца 21% ВУП, у прам-сці — 27%, у сферы паслуг — 52%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства, якое пашырана пераважна на ПдЗ вострава, дзе няма патрэбы ў арашэнні. Апрацоўваецца 14% тэр.Гал. плантацыйныя культуры — чай (збор больш за 240 тыс.т штогод), гевея (100 тыс.т натуральнага каўчуку), какосавая пальма (60 тыс.т копры), займаюць 2/3 пл. зямель, што апрацоўваюцца. З інш. плантацыйных культур вырошчваюць вострапрыпраўныя расліны (перац, кардамон, мускатны арэх, карыца, гваздзіка і інш.), какава, ананасы, цукр. трыснёг, тытунь. У канцы 20 ст. роля плантацыйнай гаспадаркі ў экспартных паступленнях значна знізілася (з 90% у 1970 да 20% у 2000). Гал.харч. культура — рыс (2,76 млн.т, 2000), пашырана паўсюдна, асабліва на алювіяльных глебах у далінах рэк і на прыморскіх нізінах. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. У больш засушлівых раёнах вырошчваюць проса (491 тыс.т, 2000), кукурузу (315 тыс.т), сорга (140 тыс.т), бабовыя, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,56, коз — 0,5, птушак — 11, свіней — 0,07, авечак — 0,01. Буйн. раг. жывёла выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Улоў рыбы (1999) 247 тыс.т. У прамысловасці найб. інтэнсіўна развіваюцца тэкст. і швейная галіны. У 5 зонах свабоднага гандлю працуюць больш за 150 прадпрыемстваў па вытв-сці тэкст. вырабаў на экспарт. Развіты традыц. галіны — чайная, перапрацоўка какосавых арэхаў (алей, мыла, гліцэрын, кандытарскія вырабы, алкагольныя напіткі і інш.), цукр., тытунёвая, мукамольная, гарбарна-абутковая. Ёсць прадпрыемствы чорнай металургіі (Орувела), маш.-буд. (пераважна зборачныя, па вытв-сці абсталявання для лёгкай прам-сці і інш.), нафтаперапр., гумавай (шынны з-д у Келані), фарфоравай, цэм. прам-сці. 50% прамысл. прадпрыемстваў сканцэнтравана ў г. Каломба і яго прадмесцях. Выпрацоўка электраэнергіі 6,6 млрд.кВт∙гадз (2000) на ГЭС (68%) і ЦЭС (32%). Здабыча графіту, каштоўных і паўкаштоўных камянёў, солі. Вял. значэнне маюць маст. промыслы — разьба па дрэве, рогу, чарапахавых пласцінах, слановай косці, чаканка па метале, вытв-сць упрыгожанняў з каштоўных камянёў. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог больш за 25 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 11,3 тыс.км. У краіне 220 тыс. легкавых і 249 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Чыгункі (даўж. 1463 км) пераважна аднакалейныя. Унутр. водных шляхоў — 430 км, трубаправодаў — 62 км. Гал. марскія парты: Каломба, Гале, Джафна, Трынкамалі. 15 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Каломба. Экспарт (4,9 млрд.дол., 2001) тканін, швейных і гумава-тэхн. вырабаў, чаю, каштоўных камянёў, прадуктаў какосавай пальмы. Імпарт (6 млрд.дол., 2001) машын і абсталявання, паліва, харч. прадуктаў. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Індыя. Штогод краіну наведваюць каля 500 тыс. замежных турыстаў. Даход ад турызму 275 млн.дол. (1998). Грашовая адзінка — рупія Ш.-Л.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Вял. ўплыў на стараж. мастацтва Ш-Л. (3 ст. да н.э. — 8 ст.н.э.) зрабіла культура Індыі. У аснове планіроўкі стараж. гарадоў быў падзел на Унутр. (т.зв. Царскі) горад, умацаваны сценамі, з палацам і гал. культавымі пабудовамі, і Знешні горад з жылымі кварталамі, манастырамі, прадмесцямі (Анурадхапура). Самы вял.арх. комплекс горада — будыйскі манастыр (віхара) — пераўзыходзіў інда-будыйскія ўзоры па памерах, разнастайнасці тыпаў пабудоў: ступа (дагоба), дамы дрэва Бодхі, астанкаў, рэліквій і інш.Найб. даўнія арх. помнікі: звонападобныя ступы Тхупарама (3 ст. да н.э.), Руанвелі (2—1 ст. да н.э.), скальны манастыр Ісурумунія (5—8 ст.н.э.), палацы, штучныя вадаёмы ў г. Анурадхапуры; рэшткі палацавых будынкаў, ступы Даміла-тхупа, Ранкатвіхара-ступа, Кірывіхара, круглы храм Вата-да-ге, дом вобраза Ланкатылака, пячорны комплекс Галвіхара і інш. ў г. Паланарува. Для будыйскай каменнай пластыкі характэрны манументальнасць, стрыманасць вобразаў, лаканізм форм: гарэльеф «Закаханыя» ў Анурадхапуры (5 ст.), гіганцкія скальныя статуі Буды і Ананды ў Паланаруве (12 ст.). З 11 ст. ўзводзілі індуісцкія храмы (Шыва Дэвале № 1 і № 2 у Паланаруве). Выяўл. мастацтва звязана з інд.маст. школамі. У 5 ст. на скале Сігірыя створаны размалёўкі (мяркуюць, што першапачаткова іх было 500; захавалася 21) з выявамі фігур знатных жанчын у выглядзе паўбожастваў апсар, якія скрозь воблакі кідаюць на зямлю кветкі. З 16 ст. пашырыліся еўрап. ўплывы. Традыцыі нац. архітэктуры захоўваліся ў г. Канды [храм Зуба Буды (Далада Малігава), 14, 18—19 ст.], мастацтва — у Дамбуле (размалёўка пячорнага храма, 18 ст.). У 1-й пал. 19 ст. пераважалі формы англ. класіцызму, станковае мастацтва развівалася ў духу англ. акадэмізму. У 1888 прадстаўнікі традыц. кірунку ў мастацтве аб’ядналіся ў «Цэйлонскае таварыства мастацтва». У 1-й пал. 20 ст. ў сувязі з нац.-вызв. рухам склалася маст. аб’яднанне «Група 43», прадстаўнікі якога Х.Піерыс, Дж.Кіт, Дж.Дэраніягала і інш. спалучалі нар. і міфалагічныя сюжэты з прыёмамі еўрап. мастацтва. Члены «Таварыства нацыянальнага мастацтва» (1950, арганізатар будыйскі вучоны-манах Мапалагама Віпуласара тхера) у сваіх творах адраджалі традыцыі сярэдневяковага сценапісу (Б.Л.А.Мендыс, К.С.Віджая і інш.). Развіваюцца стараж. віды маст. рамяства: ткацтва, разьба па дрэве (арх. дэталі, маскі), апрацоўка металу (насечка, чаканка) і каштоўных камянёў, вытанчаная разьба па слановай косці, выраб лакавых рэчаў. У буд-ве выкарыстоўваюцца дасягненні сусв. дойлідства і вопыт нац. архітэктуры. Помнікі гарадоў Анурадхапура, Паланарува, Сігірыя, Канды ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Талмуд Э.Д. История Цейлона, 1795—1965. М., 1973;
Республика Шри Ланка: История и современность. М., 1977;
Страны и народы: [Зарубежная Азия. Южная Азия]. М., 1982;
Тюляев С.И., Бонгард-Левин Г.М. Искусство Шри Ланка. М., 1974.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Шры-Ланкі.Да арт.Шры-Ланка. У наваколлі горада Канды.Да арт.Шры-Ланка. Размалёўка на скале. Сігірыя. 5. ст.Да арт.Шры-Ланка. Скульптурнае аздабленне круглага храма Вата-да-ге ў г. Паланарува. 12 ст.Да арт.Шры-Ланка. Размалёўка пячорнага храма ў Дамбуле. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́Й (Paraguay), Рэспубліка Парагвай (гуарані Tetâ Paraguay, ісп. República del Paraguay),
дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Балівіяй, на У з Бразіліяй, на Пд і З з Аргенцінай. Пл. 406,8 тыс.км². Нас. 5434,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — гуарані і іспанская. Сталіца — г.Асунсьён. Краіна падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (14 мая).
Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеаг. выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Кангрэсу (Палата дэпутатаў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на ўсеаг. выбарах на 5 гадоў, выканаўчая — ураду, які прызначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр краіны займае алювіяльная нізіна р. Парагвай, на ПнУ — ускраіны Бразільскага пласкагор’я, на З — раўніна Гран-Чака (выш. да 500 м, асобныя ізаляваныя горы выш. да 1000 м). Ёсць невял. радовішчы жал., марганцавых і медных руд, кухоннай солі, нафты і інш. Клімат трапічны, на У вільготны, на З сухі. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C, студз. 27—29 °C. Ападкаў ад 2200 мм на У да 700—1000 мм за год на З. Рачная сетка на У і ў цэнтры густая. Гал. рэкі Парана і яе прыток Парагвай. Пад лесам і хмызнякамі 32% тэрыторыі. На У мяшаныя трапічныя лясы, на З трапічнае рэдкалессе з каштоўнымі пародамі дрэў (квебраха, гуаякан, альгараба і інш.) і ўчасткі саваннаў. У складзе жывёльнага свету ягуары, тапіры, браняносцы, мурашкаеды, малпы, нутрыі, шмат птушак і змей. Нац. паркі — Дэфенсорэс-дэль-Чака, Тынфунке і інш.
Насельніцтва. Каля 95% складаюць парагвайцы — народ, які сфарміраваўся ад змяшання індзейцаў гуарані з нешматлікімі ісп. каланістамі 16—17 ст. Жывуць таксама бразільцы, немцы, аргенцінцы. У неабжытых раёнах захаваліся індзейскія плямёны. Вернікі пераважна католікі (больш за 90%), ёсць пратэстанты і інш. Сярэднегадавы прырост 2,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 13,4 чал. на 1 км². Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана на У ад р. Парагвай, дзе шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 53% насельніцтва. У г. Асунсьён 1,1 млн.ж. з прыгарадамі (1999), больш за 100 тыс.ж. у гарадах Энкарнасьён, Кансепсьён, Сан-Ларэнса, Вільярыка. У сельскай гаспадарцы занята 45% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 16%, у абслуговых галінах — 39%.
Гісторыя. У дакалумбаву эпоху на тэр. П. жыцці індзейцы гуарані, якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем, рыбнай лоўляй, вырошчвалі с.-г. культуры. У 1537 у П. з’явіліся іспанцы, якія заснавалі г. Асунсьён — адм. цэнтр ісп. калоній на ПнУПаўд. Амерыкі. У 1588 з’явіліся місіянеры-езуіты. З мэтай хрысціянізацыі гуарані яны стварылі спец. пасяленні — рэдукцыі, у якіх індзейцы займаліся земляробствам. У хуткім часе рэдукцыі ператварыліся ў своеасаблівую «дзяржаву езуітаў». У 1767 ісп. кароль Карл III выгнаў езуітаў з ісп. калоній, рэдукцыі былі знішчаны, а іх землі захапілі ісп. каланісты. З 1776 П. — частка ісп. віцэ-каралеўства Ла-Плата з цэнтрам у г. Буэнас-Айрэс. У выніку антыісп. паўстання 14.5.1811 абвешчана незалежнасць П. У 1814—40 кіраўнік дзяржавы Х.Г.Франсія праводзіў палітыку ізаляцыі П. ад знешняга свету. У 1844 прэзідэнтам стаў К.А.Лопес, які спрыяў развіццю гандлю, буд-ву чыгунак, школ, стварыў моцную армію. У 1862 прэзідэнтам абраны яго сын Ф.С.Лопес, у час кіравання якога краіна ўцягнута ў вайну з Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем (1864—70); гл.Парагвайская вайна). У выніку паражэння П. страціў амаль палавіну тэр. і насельніцтва.
Пасля вайны ў П. вялася працяглая барацьба за ўладу паміж рознымі клікамі, за 1870—1932 змяніліся больш як 30 прэзідэнтаў. У 1954 у П. ўсталявалася дыктатура ген. А.Стрэснера, які абапіраўся на ваен. вярхі і партыю «Каларада» (засн. ў 1874). У час яго дыктатуры (1954—89) у выніку рэпрэсій загінула больш за 12 тыс.чал. У лют. 1989 Стрэснер скінуты ген. А.Радрыгесам, які пачаў паліт. лібералізацыю рэжыму. У маі 1993 адбыліся першыя за 40 гадоў свабодныя выбары, на якіх прэзідэнтам абраны лідэр партыі «Каларада» Х.К.Васмосі. У 1997 у 1-м туры прэзідэнцкіх выбараў перамог кандыдат «Каларада» Х.Аўеда, арыштаваны пазней па абвінавачанні ў забойстве паліт. саперніка. Новы прэзідэнт Р.А.Кубас Грау вызваліў Аўеда, але пад пагрозай імпічменту ў 1999 уцёк з краіны. У сак. 1999 прэзідэнтам П. абвешчаны кіраўнік Сената Л.А.Г.Макі. П. — чл.ААН (з 1945) і Лігі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.11.1992. У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыянальна-рэсп. асацыяцыя «Каларада», Сапраўдная ліберальна-дэмакратычная, Рэвалюцыйная фебрэрысцкая і інш.
Гаспадарка. П. — аграрна-індустр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. У 1990-я г. ў гаспадарцы назіраецца паляпшэнне эканам. становішча, працягваюцца рэформы ў агр. сектары, прыватызацыя, лібералізацыя знешнегандлёвага абароту. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 19,8 млрд.дол. (3600 дол. на чалавека). 27% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы, 30% — у прам-сці, 43% — у абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы каля 2,5 млн.га выкарыстоўваецца пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, больш за 22 млн.га пад пашай і лугамі. Значная частка зямель належыць буйным латыфундыстам. Асн. галіна — пашавая жывёлагадоўля мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 9,8, свіней — 2,5, коней — 0,7, авечак — 0,4, коз — 0,1, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—14,8 млн. курэй). Гал.харч. культуры (тыс.т., збор у 1998): кукуруза — 690, маніёк — 2200, соя — 1410, пшаніца — 320, рыс — 80, батат, фасоля. На экспарт вырошчваюць бавоўну — 550 тыс.т (1998), цукр. трыснёг, каву, тунг, тытунь, арахіс, цытрусавыя. Асн. жывёлагадоўчыя раёны — міжрэчча Парагвая і Параны, усход Гран-Чака, земляробства ў далінах гал. рэк. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, асабліва квебраха, збор дзікарослага парагвайскага чаю (матэ). Рыбалоўства і паляўніцтва. У прам-сці вылучаецца электраэнергетыка. Працуюць 2 буйныя ГЭС на р. Парана — браз.-парагвайская Ітайпу (магутнасць 12,6 млн.кВт, найб. ў свеце) і аргенцінска-парагвайская Ясірэта-Апіпе (3,7 млн.кВт), некалькі сярэдніх ГЭС на інш. рэках. У 1996 атрымана 45 млрд.кВт∙гадз. электраэнергіі, з іх 99,9% — на ГЭС, экспартавана ў суседнія краіны (найб. у Бразілію) 40,3 млрд.кВт∙гадз. Здабыча каменнай солі і буд. матэрыялаў. Невял. прадпрыемствы па перапрацоўцы пераважна с.-г. сыравіны. Развіты харч. і харчасмакавая, найб. мясахаладабойная (выпускае штогод каля 300 тыс.т мяса і мясапрадуктаў) прам-сць, вытв-сць тунгавага, какосавага і эфірнага алею, дрэваапрацоўка і вытв-сць дубільнага экстракту з драўніны квебраха (1-е месца ў свеце), тэкст., тытунёвая галіны. Найб. прадпрыемствы: нафтаперапрацоўчы і па вытв-сці мінер. угнаенняў з-ды каля Асунсьёна, сталеплавільны ў г. Вілья-Аес (150 тыс.т сталі за год), цэментны каля г. Кансепсьён. Развіты саматужныя промыслы: ганчарны, пляценне сумак і кошыкаў, выраб нац. карункаў, адзення і абутку. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, чыгуначны. У краіне 29,5 тыс.км аўтадарог, у т. л. 2,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 3,1 тыс.км суднаходных рэк, 971 км чыгунак, 10 аэрапортаў; участак Панамерыканскай шашы і Трансчакская шаша (злучае Асунсьён з Балівіяй). Гал. порт — Асунсьён, там жа міжнар. аэрапорт. У 1997 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2,5 млрд.дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (каля 50% па кошце), электраэнергія, соя, драўніна, алей, мясныя прадукты, кава; у імпарце спажывецкія тавары, машыны, абсталяванне і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Бразілія (48% экспарту, 29% імпарту), ЗША (адпаведна 4 і 22%), Аргенціна (9 і 14%). Замежны турызм. Краіна атрымлівае дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — гуарані.
Літаратура. Развіваецца на мовах ісп. і гуарані. У перыяд ісп.калан. панавання (16 — пач. 19 ст.) ствараліся гіст. хронікі, развіваўся багаты фальклор індзейцаў гуарані. Станаўленне нац. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. Першы паэт-рамантык, стваральнік нац.патрыят. лірыкі і нац. гімна — Н.М.Талавера. У канцы 19 — пач. 20 ст. пісьменнікі асветнікі С.Баэс, М.Дамінгес, Р.Барэт спалучалі літ. публіцыстыку і крытыку з гіст.-філас. пошукамі. Ідэі асветнікаў паўплывалі на творчасць Х.Э.О’Ліры, Э.Фарыньі Нуньеса. Анталогія нар. паэзіі «Лясныя кветкі» (1917) спрыяла актыўнаму выкарыстанню фальклору гуарані (паэзія А.Гуанеса, М.Артыса Герэра). Х.Карэа — заснавальнік нац. драматургіі (п’еса «Голад няшчасных») і арганізатар нар.т-ра гуарані. Развівалася маст. проза (хранікальна-дакумент. раманы Х.Пастара Бенітэса). Творчасць пісьменнікаў 1920—30-х г. адметная дэмакр. ідэямі, сац. тэматыкай, антыімперыяліст. накіраванасцю (Э.Кампас Сервера, Х.Пла, Э.Рамера, А.Роа Бастас). З канца 1940-х г.л-ра П. развівалася ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій; большасць пісьменнікаў эмігрыравала. У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у парагвайскую л-ру зрабілі Рамера (зб-кі вершаў «Параненая маланка», 1967; «Выгнанне і вечар», 1975), Роа Бастас (раманы «Сын чалавечы». 1960; «Я, Вярхоўны», 1974), Г.Касаксія (раманы «Выгнаннікі», 1966; «Наследнікі», 1975), Пла (п’есы і зб. вершаў «Закаханы пыл», 1968) і інш.
Архітэктура. У перыяд ісп. каланізацыі (з 1520-х г.) у місіях езуітаў (рэдукцыях) будавалі арх. комплексы з храмам, вял. дварамі, майстэрнямі, складамі, дамамі для індзейцаў. 3-нефавыя драўляныя каркасныя касцёлы, абкружаныя галерэямі, мелі прымітыўныя фасады з цэглы і адобы (сырцовая цэгла з дабаўленнем рэзанай саломы), якія кантраставалі з багатым аздабленнем інтэр’ера. У канцы 17 — пач. 18 ст. з’явіліся першыя каменныя храмы ў стылі барока (арх. Х.Б.Прымалі, А.Фаркада і інш.). Жылая забудова і цяпер пераважна 1-павярховая, спалучае ісп. тып дома (з унутр. дваром-патыо) з мясц. каркасна-галерэйнай сістэмай. У вёсках, невял. гарадах былі пашыраны хаціны з адобы, гліны, трыснягу, некалькі дамоў аб’ядноўваліся агульным дахам. З 18 ст. пачалі фарміравацца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, 2 цэнтр. плошчамі (адна — з храмам, другая — з ратушай). У 1840—65 сталіца П. Асунсьён перапланавана, на месцы знесеных будынкаў калан. часу ўзведзены грамадскія збудаванні і імпазантныя палацы ў неакласіцыстычным стылі: Паласіо дэль Кангрэса (б. оперны т-р на ўзор «Ла Скала» ў Мілане), Араторыо дэ Нуэстра Сеньёра дэ ла Асунсьён (цяпер Нац. пантэон герояў; абодва італьян.арх. А.Равіца), чыг. вакзал і інш. Пабудаваны сабор (1842—50, арх. Равіца), касцёлы Сантысіма Трынідад (1854), Ла Энкарнасьён (1893, італьян.арх. Дж.Каломба) — усе ў Асунсьёне; і інш. Сярод пабудоў 20 ст. — каледж «Бразілія-Парагвай» у Асунсьёне (1950—60-я г., браз.арх. А.Э.Рэйдзі, Р.Бурле Маркс) і інш. Паркі: «К.А.Лопес», Кавальера, батанічны. Музеі: прыгожых мастацтваў і старажытнасцей, гісторыі і этнаграфіі, Збор К.А.Пусінеры Скала і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. П. мастацтва індзейскіх плямён развівалася ў рэчышчы дэкар. аздаблення утылітарных рэчаў (керамічныя вырабы, адзенне і інш.). З 16 ст.ісп. каланізатары арганізоўвалі маст. школы для аздаблення храмаў. Пашырыліся алтарны жывапіс, разьба па дрэве і камені, гравіроўка па метале. У 17—18 ст. у стылях барока і маньерызму развіваліся жывапіс (Х.М.Кавію), графіка (Т.Тылькара). Самабытнасцю вызначаліся разное аздабленне парталаў, дэкор алтароў, паліхромная скульптура касцёлаў, у якіх спалучаліся стыль ісп. «чурыгерэска» і маст. традыцыі індзейцаў (выявы трапічных звяроў і пладоў, Хрыстос і анёлы з індзейскімі тварамі і інш.). З 19 ст. развіваецца свецкае мастацтва (пейзажы, партрэты, быт. кампазіцыі жывапісцаў А.Гарсія, С.Рыяса і інш.). У 1910 жывапісец і мастацтвазнавец П.Альборна заснаваў Парагвайскую АМ. У 20 ст. развіваліся рэаліст. кірунак (жывапісцы Альборна, А.Гевары, скульптары Ф.д’Альмейды, Э.Мей Ліча, В.Пальярола, А.Пеньі, графік Х. дэ ла Эрэрыя і інш.), мадэрнісцкія кірункі (жывапісец К.Каламбіна, скульпт. Б.Куджары і інш.). Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва спалучае індзейскія і ісп. традыцыі. Пашыраны выраб тонкіх карункаў «ньядуці», гліняных фігурак і пасудзін, упрыгожанняў з медзі, серабра, пер’я, фігуратыўных падвесак з дрэва і косці, пляценне з пальмавых валокнаў і інш.
Музыка П. ўключае музыку індзейскую (гуарані, мака) і крэольскую. У індзейскім муз. фальклоры пашыраны абрадавыя, прац., гіст., лірычныя і інш. песні, інстр. музыка. Сярод інструментаў: падоўжныя і папярочныя флейты (мімбі), акарыны, касцяныя (кангаэра) і бамбукавыя (туру) трубы, барабаны і інш. ўдарна-шумавыя, у т. л.бразготкі мбарака. У крэольскай музыцы найб. пашыраны танцы (парагвайская полька, галандрыяна, сьела, саліта, вальс), традыц. песенныя жанры (парагвайскія каньён і гуаранія). Асн.муз. інструменты гітара і арфа. У 19 ст. адзінымі пастаяннымі муз. калектывамі ў П. былі ваен. духавыя аркестры. У канцы 19 ст. гастраліравалі еўрап. музыканты, якія выступалі ў Нац. т-ры (цяпер Муніцыпальны), т-ры «Алімп». У 1895 створаны «Парагвайскі ін-т» у Асунсьёне з муз. секцыяй і сімф. аркестрам, у 1913 — «Парагвайская гімназія», якая мела сімф. аркестр і стр. «Гайдн-квартэт» (у 1934 ін-т і гімназія аб’яднаны ў «Парагвайскі Атэнеум»), Сярод музыкантаў канца 19—20 ст. кампазітар, спявак і дырыжор Л.Каведаньі, кампазітар, скрыпач і дырыжор Н.Пельегрыні (адзін з аўтараў нац. гімна), кампазітары Х.А.Флорес, Х.М.Бётнер, Р.Хіменес, Э.Хіменес, Х.К.Марэна Гансалес, К.Лара Барэйра і інш. У Асунсьёне працуюць муз. класы пры «Парагвайскім Атэнеуме», муз.-пед. вучылішча (з 1940), прыватныя муз. т-вы і навуч. ўстановы. Музыканты і інш. дзеячы мастацтва і навукі П. аб’яднаны ў Асацыяцыю парагв. аўтараў (з 1951).
Літ.:
Торрес-Риосеко А. Большая латиноамериканская литература: Пер. с исп. М., 1972.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Парагвая.Парагвай. Панарама Асунсьёна.Да арт.Парагвай. Сплаў лесу па р. Парана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДНА,
горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. За 300 км на З ад Мінска. Вузел чыгунак на Вільню, Масты, Беласток, аўтадарога на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. 303,6 тыс.ж. (1997).
Гісторыя. Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у канцы 10 ст. на т.зв. Замкавай гары пры ўпадзенні р. Горадня (Гараднічанка) у Нёман на ятвяжскай тэр. як умацаваны пункт і цэнтр паўн.-зах. каланізацыі дрыгавічоў і валынян. Упершыню Гродна (Горадзен, Гародня, Горадня) упамінаецца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127. Да сярэдзіны 16 ст. вядома ў крыніцах як Горадзен (Городень). Сярод гісторыкаў 19 ст. існавалі розныя меркаванні аб месцы знаходжання летапіснага Гродна. Слушнае абгрунтаванне тоеснасці Горадзена з сучасным Гродна даў Я.Ф.Арлоўскі ў 1893. У 12—13 ст. існавала ўдзельнае Гродзенскае княства. З сярэдзіны 13 ст. ў складзе ВКЛ. Цярпела ад нападаў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якім у 1300—26 паспяхова процістаяў кашталян гродзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З 1376 уладанне кн. Вітаўта, у 1390 было арэнай феад. вайны паміж ім і польскім каралём Ягайлам. Гродзенская харугва ўдзельнічала у Грунвальдскай бітве 1410. У 1391 горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1444 поўнае, у 1496 дапоўненае спец. прывілеем). З 15 ст. праводзіліся кірмашы. З 1413 у складзе Трокскага ваяв., з сярэдзіны 16 ст. цэнтр Гродзенскага павета. З 1540 мела пячатку з гербам на ўзор люблінскага (казёл на задніх нагах абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява ў блакітным полі аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень св.Губерта), які пераскоквае цераз агароджу. Паводле інвентара 1560 у Гродна было каля 4 тыс.ж., 716 дамоў, 33 вуліцы, 3 рынкі, замак, велікакняжацкі (каралеўскі) дом, 9 цэркваў, 2 касцёлы, сінагога, ратуша, звярынец. У 1576—86 — рэзідэнцыя караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца 18 ст. Гродна — велікакняжацкі горад. У 1589—1796 цэнтр Гродзенскай эканоміі. Напярэдадні Брэсцкай уніі 1596 у Гродна дзейнічалі 7 правасл. Цэркваў, 3 касцёлы, у 1-й пал. 17 ст. — Гродзенскі езуіцкі калегіум, ордэны бернардзінцаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, 9 касцёлаў, 2 уніяцкія манастыры. З 1678 месца правядзення заканадаўчых генеральных сеймаў (кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай з гэтага часу праходзіў у Гродна). У 17—18 ст. значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай. У 1793—95 цэнтр Гродзенскага ваяводства. У час паўстання 1794 у жн.—кастр. тут дзейнічала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ — выканаўчы орган паўстанцаў на тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З 1795 у Рас. імперыі, 1796 цэнтр павета, з 1802 — Гродзенскай губерні. У час вайны 1812 у чэрв.—снеж. акупіраваны напалеонаўскім войскам. У час паўстання 1830—31 аб’яўлены на ваен. становішчы. У 1862 праз горад пракладзена першая у Беларусі чыгунка — участак лініі С.-Пецярбург — Варшава. Напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 у Гродна і губерні дзейнічала Гродзенская рэв.-дэмакр.арг-цыя. У 1897 у Гродна 46,7 тыс.ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі Гродзенскае педагагічнае таварыства, Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Гродзенскае таварыства ўрачоў, Гродзенскі гурток беларускай моладзі і інш., дзейнічалі рэв. арг-цыі: Гродзенскі рэв. гурток, Гродзенская рабочая арг-цыя, арг-цыі РСДРП, Бунда, ППС і інш. У рэвалюцыю 1905—07 у Гродна адбыліся ў сак.—крас. 1905 выступленні салідарнасці рабочых з палітвязнямі, у крас.—жн. 1905 забастоўкі на прамысл. прадпрыемствах, у кастр.—снеж. 1905 выступленні салдат гарнізона, паліт. стачкі і інш. З 1915 акупіравана герм. войскам. 19.11.1918 у Гродна створана Бел. рада, у снеж. 1918 сюды пераехаў урад БНР на чале з А.Луцкевічам, пачалося фарміраванне бел. войска. Культ.-асв. дзейнасць праводзіла Грамада Беларускай моладзі ў Гродне. У студз.—крас. 1919 дзейнічаў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. 27.4.1919 герм. войскі пакінулі горад, і ён перайшоў пад уладу Польшчы. Пасля заняцця Гродна 19.7.1920 Чырв. Арміяй (3-і конны корпус Г.Гая) устаноўлена сав. ўлада (да кастр. 1920). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. ў горадзе дзейнічалі паліт., грамадскія і культ.-асв.бел. арг-цыі: ТБШ, БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. Адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі, забастоўкі, у т. л.Гродзенскія выступленні працоўных 1936. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Гродзенскага раёна Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з 24.7.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі і пад назвай Garten (Гартэн) непасрэдна ўключана ў склад Германіі. Разбурана на 43%, у Гродна і раёне загублена 51 438 чал. Дзейнічала Гродзенскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 16—24.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 і Вільнюскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 цэнтр Гродзенскай вобласці. У 1970 — 132,5 тыс. жыхароў.
Гаспадарка. Прамысл. аблічча стаў набываць у 1-й пал. 19 ст. У 1840-я г. ў Гродна было больш як 40 прадпрыемстваў, у т. л. цагельныя, фланелевыя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя і інш. Штогод праводзіўся кірмаш. Важнае значэнне мелі водны шлях па р. Нёман, які звязаў Гродна з рознымі рынкамі, і пракладзеная праз горад чыгунка. У 1861 засн.Гродзенская тытунёвая фабрыка. З 1876 у горадзе працуе водаправод. У 1884 узніклі ліцейна-мех. майстэрні (гл.Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў). Крэдытна-фін. паслугі аказвалі аддзяленні Дзярж. і Віленскага камерцыйных банкаў, Т-ва ўзаемнага крэдыту, банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. ў Гродна было больш за 70 прамысл. прадпрыемстваў (больш за 2 тыс. рабочых); колькасць гандл. устаноў павялічылася з 252 у 1861 да 748 у 1900. Працавалі 4 друкарні. У 1914 у Гродна 99 прадпрыемстваў (2287 рабочых). У выніку 1-й Сусв. і грамадз. войнаў, ням. і польскай акупацыі, знаходжання Гродна ў складзе Польшчы прам-сць заняпала. У 1940 у Гродна дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у т. л. 2 тытунёвыя ф-кі, веласіпедны з-д, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі шклозавод, 3 лесазаводы, 2 гарбарныя, цагельна-кафляны з-ды, швейная, абутковая ф-кі і інш., на якіх працавала 3,5 тыс.чал. У гады 2-й сусв. вайны амаль уся прам-сць Гродна была разбурана. У 1945 працавала 7 прадпрыемстваў. За пасляваенныя гады ў Гродна створаны новыя галіны прам-сці — тэкст., харч.; хутка нарошчвалася вытв-сць лёгкай, шкляной, будматэрыялаў прам-сці.
Сучаснае Гродна — адзін з вядучых прамысл. цэнтраў Беларусі. У 1996 у горадзе 109 прадпрыемстваў, з іх 31 дзяржаўнае. Найб. развіты лёгкая (Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне, ф-кі швейных спарт. вырабаў «Дынама», пальчаткавых вырабаў, дзіцячых цацак і галантарэі), хім. (Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), харч. (кансервавы з-д і інш.), маш.-буд. і металаапр. (гродзенскі завод «Радыёпрылада», з-дтэхнал. аснасткі, гродзенскі завод «Белтапаз», Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Гродзенскі завод карданных валоў) прам-сць, прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапр., гарбарнай, буд. матэрыялаў (з-ды зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, домабудаўнічы, вапны і сілікатных вырабаў, Гродзенскі камбінат будматэрыялаў) прам-сці.
Асвета і культура. Паводле археал. даследаванняў, пісьменнасць у Гродзенскім княстве існавала ў 12 ст. Школы былі пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, дзе па царк. кнігах вучыліся дзеці маёмных бацькоў. У 13 ст. пісьменнасць пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. школы ствараліся і ў буйных маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. З 1591 у Гродна існавалі брацкія школы, з 1625 — Гродзенскі езуіцкі калегіум. У 1774—76 дзейнічаў Гродзенскі кадэцкі корпус. У 1770—80-я г. адчынены школы: мед. (гл.Гродзенская медыцынская акадэмія), вет., чарчэння і малявання, бухгалтэрыі і рахункаводства, каморніцкая, будаўнічая. У 1773 на базе езуіцкага калегіума засн. ваяводская школа, з 1783 акруговае вучылішча, пераўтворана ў 1797 у дамініканскае (з 1825 гімназія). У 1834 яна рэарганізавана ў губернскую свецкую гімназію. У 1860 адчынена жаночая Марыінская гімназія (гл.Гродзенскія гімназіі). У 2-й пал. 19 ст. створаны Аляксандраўскае рамеснае 3-класнае, 2 мужч. і 2 жан. павятовыя прыходскія, 2 евангелічна-лютэранскія прыходскія вучылішчы, у 1852 — прыватнае яўр. вучылішча (у 1906 рэарганізавана ў 4-класную прагімназію). У 1907 створана Гродзенскае рэальнае вучылішча. У 1907—14 існавала Гродзенскае педагагічнае таварыства, у 1912—20 у Гродна працавала Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада, у 1920—21 — Беларуская школьная рада. У 1920—39 у Гродна 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. У 1930-я г. польскія ўлады закрылі ў Гродна ўсе бел. школы; пасля аб’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) яны зноў пачалі працаваць. У 1940 засн.Гродзенскі настаўніцкі інстытут, рэарганізаваны ў 1944 у пед.ін-т, на базе якога ў 1978 створаны Гродзенскі універсітэт. У гады Вял.Айч. вайны большасць школ і культ.-асв. устаноў разбурана. 1.7.1945 у Гродна 9 агульнаадук. школ, пед.ін-т, чыг. і фізкультурнае вучылішчы, 2 мед. школы, 3 дзіцячыя дамы, 6 дзіцячых ясляў. У 1951 засн.Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1956 — Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, у 1958 — Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1996/97 навуч.г. ў Гродна 92 дашкольныя ўстановы (каля 20 тыс. дзяцей), у т. л. цэнтр развіцця дзіцяці, 79 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), санаторны сад (для дзяцей з захворваннямі лёгкіх), сад для дзяцей з парушэннямі зроку, сад для дзяцей з парушэннямі слыху. 39 агульнаадук. школ (каля 48 тыс. вучняў), у т. л. 1 ліцэй, 3 школы з ліцэйскімі класамі, школа-гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дапаможная школа (для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця) і інш. Акрамя таго ў Гродна ёсць школа з польскай мовай навучання, санаторная школа «Нёман», 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па 6 дзяцей у кожным), 10 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (9 з іх школы алімпійскага рэзерву), 2 школьныя вучэбна-вытв. камбінаты, 5 цэнтраў, у т. л. 2 дзіцяча-падлеткавыя, тэхн. творчасці моладзі, сац.-псіхал. дапамогі моладзі, падлеткам і дзецям-інвалідам, цэнтр прафарыентацыі моладзі, абл. Палац дзіцяча-юнацкай творчасці, 18 клубаў для работы з дзецьмі. У 10 праф.-тэхн. вучылішчах займалася больш за 6 тыс. навучэнцаў. Дзейнічаюць 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 5 тыс. студэнтаў), у т. л.Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, Гродзенскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум», палітэхнікум, тэхн. каледж, вучылішчы: пед., мед., мастацтваў, муз., алімпійскага рэзерву. У Гродна 3 дзярж.ВНУ — ун-т, мед., с.-г. ін-ты, Гродзенскі філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У Гродна 14 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, 2 мяшанага тыпу, польскай л-ры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Архітэктура. У 12 ст. на беразе Нёмана пабудаваны Гродзенскі княжацкі церам, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у цэнтры замка (гл.Гродзенскі Стары замак) узведзена Гродзенская Ніжняя царква, на яе руінах у 14 ст. — Гродзенская Верхняя царква. У 12 ст. пабудаваны таксама Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, у канцы 12 ст. — Васкрасенская і т.зв. Малая цэрквы. У выніку ў 12 ст. тут склалася самабытная Гродзенская школа дойлідства. У 15 ст. цэнтр горада змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу, дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 на ёй пабудавана драўляная ратуша, закладзены Гродзенскі фарны касцёл. Своеасаблівае аблічча горада ў 17—18 ст. утваралі касцёлы і праваслаўныя храмы, пабудаваныя пераважна ў стылі барока (гл.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Гродзенскі кляштар францысканцаў, Гродзенскі манастыр базыльянак, Гродзенскі кляштар дамініканцаў). У 2-й пал. 18 ст. будаваліся палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі (Гродзенскі Новы замак, сядзібы ў прадмесці Аўгустава, «Панямонь», Станіславоўская сядзіба). З заснаваннем у Гродна і яго ваколіцах гродзенскім старостам А.Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада, у яго паўн.-ўсх. частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца. У 2-й пал. 18 — 19 ст. ствараліся жылыя і адм. будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), Гродзенскі дом Агінскага, ратуша з гандл. радамі (1807, усе не захаваліся), Гродзенскі дом віцэ-губернатара, будынак мужчынскай гімназіі (1735) і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены будынкі розных арх. стыляў: эклектыкі — жылы дом купца Мураўёва (1914; цяпер б-ка імя Карскага), Гродзенскага акруговага суда будынак; у стылі мадэрн — Гродзенскага пазямельна-сялянскага банка будынак, жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай; у псеўдарус. стылі — Гродзенская Пакроўская царква. Існавалі таксама збудаванні прамысл. архітэктуры — вежа пажарнага дэпо, Гродзенскія воданапорныя вежы і будынак піваварнага з-да (1877). Сучасны горад развіваецца ў паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. напрамках, вядзецца масавае буд-ва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі, Усходні). Сярод сучасных адм. і грамадскіх будынкаў: Дом тэхнікі (арх. В.Бажко, У.Праабражэнскі), гасцініцы «Беларусь» (арх. Л.Вільчко, «Гродна» і «Турыст» (арх. У.Лытаў, І.Абухаў), Гродзенскі абласны драматычны тэатр, гал. корпус медінстытута (арх. Вільчко, У.Давыдзёнак), Ін-т біяхіміі АН Беларусі (І.Мазнічка), аэравакзал (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч і інш.).
У Гродна брацкія магілы: сав. воінаў і партызан; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму; чырвонаармейцаў; сав. ваеннапалонных; магілы польскіх воінаў. Помнікі: Э.Ажэшка, Вітаўту Вялікаму, Я.Купалу, В.Д.Сакалоўскаму, А.Тызенгаўзу, В.Урублеўскаму, у гонар 850-годдзя горада і інш.
Літаратурнае жыццё. У 15—16 ст. у Гродна ствараліся рукапісныя кнігі («Трыёдзь», 1466; Евангеллі), пашыраліся афарызмы і казанні К.Бекеша, які тут жыў. У 16—17 ст. развівалася дзелавое пісьменства на бел. мове — від тагачаснай публіцыстычнай л-ры, распаўсюджваліся ў рукапісах бел.літ. песні, польскамоўная барочная паэзія. З 2-й пал. 17 ст. ствараліся школьныя драмы (У.Нарэвіч, К.Гаршвіла, В.Нармунт, М.Сіповіч, С.Макоўскі, Ф.Ідвель), інтэрмедыі (Я.Пылінскі; гл.Школьны тэатр); у калегіумах працавалі філосафы-публіцысты і перакладчыкі А.Кярсніцкі, І.Сцірпейка, Ф.Андрушкевіч, І.Ляхніцкі, Я.Зноска, Ю.Мышкоўскі, М.Дамашэвіч, Б.Мажэйка і інш. У 18 ст. з Гродна звязана творчасць польскіх паэтаў С.Трамбецкага і Я.Ясінскага, байкапісца С.Кубліцкага. У Гродзенскай друкарні выдаваліся кнігі паэта Ф.Карпінскага, польскія пераклады Вальтэра, Мальера. У Гродна нарадзіліся славісты Я.Замыслоўскі і І.Казлоўскі, публіцыст А.Жышкевіч, паэт Л.Найдус, вучыўся паэт І.Легатовіч, працаваў публіцыст і літ.-знавец Я.Фалькоўскі, жылі паэт-рамантык Т.Зан, пісьменніца і перакладчыца В.Касцялкоўская-Зындрам, бывалі паэты Ю.Нямцэвіч, В.Каратынскі (1862). У 1861 К.Каліноўскі і В.Урублеўскі стварылі тут рэв.-дэмакр. арг-цыю, у якую ўваходзіў паэт Ф.Ражанскі. У 1869—1910 у Гродна жыла Э.Ажэшка, стварыла тут свае найб. значныя творы. Да яе прыязджалі М.Канапніцая, У.Рэймант, Я.Карловіч, часта бываў Ф.Багушэвіч. Этнограф і фалькларыст Е.Раманаў, які працаваў у Гродна ў 1890-я г., апублікаваў у «Гродненских губернских ведомостях» (1894, №71) адну з першых рэцэнзій на зб. Багушэвіча «Дудка беларуская». У 1867—73 тут працаваў М.А.Дзмітрыеў. У Гродна ў 1892—96 праходзіла дзяцінства М.Багдановіча. Яго бацька А.Я.Багдановіч друкаваўся ў гродзенскай прэсе, маці дэбютавала як празаік. У 1896 у Гродна выдадзена паэма «Тарас на Парнасе». У канцы 19 — пач. 20 ст. выйшлі літ.-знаўчыя работы мясц. аўтараў А.Турчыновіча і І.Астравумава, кнігі гісторыка і краязнаўца Я.Арлоўскага. Працавалі т-вы літ.-муз. (1883—1904), пед. (1907—14, мела гісторыка-філал. секцыю) і аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14). У Гродна нарадзіліся бел. і лат. пісьменнік і перакладчык У.Пігулеўскі, польскі філолаг М.Аляхновіч; у гар. гімназіях вучыліся пісьменніца З.Верас, філолаг К.Пушкарэвіч, публіцыст А.Бергман (нарадзілася ў Гродна). У 1918—20 тут у гімназіі выкладаў С.Рак-Міхайлоўскі. У 1909—14 працаваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які выдаў літ. альманах «Колас беларускай нівы» (1913). У 1919—21 пад кіраўніцтвам П.Мядзёлкідрам. гурток Грамады бел. моладзі перакладаў для сваіх пастановак п’есы рус. аўтараў, прапагандаваў бел. паэзію. У 1920—30-я г. дзейнічала польскае т-ва сяброў л-ры і мастацтва імя Э.Ажэшкі. З Гродна звязана творчая дзейнасць Л.Родзевіча, польскай пісьменніцы З.Налкоўскай, у 1930-я г. — Б.Тарашкевіча, П.Пестрака, І.Дварчаніна, В.Таўлая, у 1930—33 тут жыў бел. паэт С.Крывец. У пасляваен. час у горадзе жылі пісьменнікі М.Васілёк, А.Міронаў, А.Астрэйка, З.Бандарына (нарадзілася ў Гродна), М.Дуброўскі, В.Тарас, А.Цяжкі, А.Макаёнак (напісаў тут свае першыя гумарэскі і п’есы). У Гродзенскім пед. ін-це вучыліся пісьменнікі А.Карпюк, М.Грынчык, У.Дадзіёмаў, П.Макаль, Ф.Янкоўскі, Г.Юрчанка, Д.Бічэль-Загнетава, філолагі П.Сцяцко і І.Лепешаў. З Гродна звязана творчае станаўленне пісьменнікаў П.Місько, В.Блакіта, В.Іпатавай. У 1947—49 і 1955—78 у Гродна жыў і працаваў В.Быкаў. Тут адбыўся яго літ. дэбют (1949), напісаны многія аповесці пра Вял.Айч. вайну, якія прынеслі аўтару сусв. вядомасць. У 1960-я г. ў горадзе штогод праходзіў абл.літ. семінар. У 1960—70-я г. Гродна наведалі дэлегацыі рус., літ., узб., арм. і тадж. пісьменнікаў, у 1980-я г. — рус., літ., эст., у 1988 — польскіх. З 1946 дзейнічае аддзяленне (з 1964 абласное) Саюза бел. пісьменнікаў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У канцы 18 ст. дзейнічала Гродзенская друкарня (каралеўская), якая акрамя разнастайнай кніжнай, інфармацыйна-юрыд. і рэкламнай прадукцыі друкавала перыядычныя выданні: «Gazeta Grodzieńska» («Газэта Гродзеньска», 1776—83, першая на тэр. сучаснай Беларусі), «Wiadomości Grodzieńskie» («Вядомосьці Гродзеньске», «Гродзенскія ведамасці», 1792), «Kurier Litewski» («Кур’ер Літэвскі», «Літоўскі веснік», 1796—97), штогоднік «Kalendarz Gospodarski...» («Гаспадарчы каляндар...», 1776—1800). У пач. 19 ст. ў Гродна з’явіліся прыватныя друкарні (у сярэдзіне 1860-х г. іх было 5, у 1915—10). У 1820—1915 дзейнічала Гродзенская губернская друкарня, якая акрамя матэрыялаў урадавых і губ. органаў друкавала час. «Ondyna druskienickich źródeł» («Андына», 1844—46), даведнікі-штогоднікі «Памятная кніжка Гродзенскай губерні» (1857—1915) і «Агляд Гродзенскай губерні» (1880—1914); газеты «Гродненские губернские ведомости» (1838—1915), «Торговый вестник Западного края» (1822) і інш. У 1905—06 група рэвалюцыйна настроеных навучэнцаў выдавала час. «Школа», Гродзенская ваен.-рэв.арг-цыяРСДРП — газ. «Солдатская воля» (1906). Выдаваліся газеты ліберальна-дэмакр. кірунку «Гродненские отголоски» (1905) і «Голос Гродны» (1906), «Гродненская копейка» (1912), «Гродненское эхо» (1914). У пач. 1910-х г. выдаваліся газ.«Наше утро» (1912—15), «Северо-Западная жизнь» (1912—13), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—14; з 1992), «Педагогическое дело» (1911—14), альманах «Колас беларускай нівы» (1913). З вер. 1915 да 1919, калі горад быў акупіраваны герм. войскамі, выходзілі польскія і ням. газеты «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), «Grodnoer Zeitung» («Гродзенская газета»), «Zeitung des Grodnoer Soldatenrates» («Газета Гродзенскага салдацкага Савета»). У 1919 у час акупацыі горада польскімі войскамі выходзілі газеты рознай паліт. арыентацыі: «Набат», «Зорка», «Беларусь», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Родны край», «Dziennik Grodzieński» («Гродзенскі дзённік», замест закрытай уладамі газ. «Echo», «Рэха»); гандлёвы час. «Голас Гродны». У 1920-я г. выдаваліся штодзённыя газ. «Беларускае слова» (1920—21), «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха», 1920), «Беларускі шлях» (1922), «Сялянская гутарка» (1923), газеты-аднадзёнкі «Выстрал» і «Гудок» (1924). У 1927 бел.т-ва «Аб’яднанне» выдавала штодзённую газ.«Беларуская доля». У 1930—32 выходзіў штотыднёвы грамадска-літ. і с.-г.час.«Беларуская думка». Найб. радыкальнай у 1920—30-я г. была штотыднёвая газ. «Postęp» («Прагрэс»), якая вяла барацьбу за сац. справядлівасць і дэмакратыю. Большасць газет гэтага часу — афіц. выданні, якія былі рупарам урадавых колаў: «Dziennik kresowy» («Газета ўскраіны»), «Przegląd Kresowy» («Ускраінны агляд»), «Nowe źycie» («Новае жыццё») і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна ў 1939—41 выходзіла грамадска-паліт.газ. «Свабодная Беларусь» (на бел. і рус. мовах). У 1944 падпольна друкавалася антыфаш. выданне «За Советскую Родину».
Выдаюцца газеты «Гродзенская праўда» (з 1939, абласная, мяняла назвы), «Сельская навіна» (з 1939, раённая, мяняла назвы), «Glos znad Niemna» («Глос з-над Немна», «Голас з-над Нёмана», з 1989), «Молодёжный курьер» (з 1991) і інш., з 1994 выходзіць час. «Свіцязь». Дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза журналістаў (з 1958). Радыёвяшчанне з 1944. Абл. студыя тэлебачання з 1968.
Мастацкае жыццё. Гродна здаўна было цэнтрам ювелірнага, ткацкага, ганчарнага і інш. рамёстваў. Гродзенскія майстры на высокім узроўні выконвалі дэкар.аздабленне сваіх вырабаў ужо ў канцы 11—12 ст. З 14 ст. выраблялі гродзенскую кафлю; у 16—17 ст. Гродна — буйны цэнтр кавальства і маст. ліцця, у 18 ст. — вытв-сці маст. вырабаў. На гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах атрымалі развіццё маст. промыслы: Гродзенскае шкло, Гродзенскае ткацтва, Гродзенскія дываны, Гродзенскія паясы. Замалёўкі Гродна 16 ст. пакінулі мастакі Г.Адэльгаўзер, М.Цюнт. У 17 ст. тут працавалі жывапісцы Ф.Лякштыцкі, Г.Хаецкі. Мясц. майстры зрабілі разны шматфігурны алтар у касцёле Гродзенскага кляштара езуітаў, аздобілі яго інтэр’ер скульптурай, фрэскамі, арх. пластыкай. Маст.-дэкар.аздабленне інтэр’ераў касцёла Гродзенскага кляштара бернардзінцаў належыць мастакам А.Грушэцкаму і Ф.Міхалкевічу. Пры ўдзеле мясц. мастакоў і рамеснікаў аздоблены інтэр’ер касцёла Гродзенскага кляштара францысканцаў, залы Гродзенскага Новага замка. У тэхніцы сграфіта выкананы дэкар. фрыз касцёла Гродзенскага кляштара брыгітак. У канцы 19 ст. мастак В.Гразноў зрабіў замалёўкі фрэсак, якімі быў упрыгожаны алтар Гродзенскай Барысаглебскай царквы. У 1946 у Гродна створаны маст. майстэрні (з 1971 абл.арг-цыяБел. саюза мастакоў). З 1967 дзейнічае Выставачная зала, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы па прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтваў. У Гродна адбыліся персанальныя выстаўкі бел. мастакоў В.Галубкінай, А.Гаршкавоза, У.Голуба, А.Захарава, А.Коха, А.Кузняцова, Г.Мазурава, У.Мурахвера, Л.Мягковай, Л.Налівайкі, М.Плужніка, І.Пушкова, К.Пятрова, В.Савіцкага, А.Салятыцкага, У.Сушкевіча, У.Церабуна, В.Шчарбакова і інш. Сярод тэматычных выставак: «Зямля і людзі», да 850-годдзя Гродна (1978), «Малююць дзеці», мастакоў шклозавода «Нёман», «Песня пра зубра» (усе 1983), «Нёманскі край» (1990), «Творчасць маладых» (1993), «Акварэлі мастакоў Ліды» (1996) і інш.
Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё звязаны з дзейнасцю Гродзенскага школьнага тэатра (16 ст.). У 1780-я г. ў Гродна пабудавана памяшканне т-ра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ім выступалі пастаянныя і вандроўныя польскія трупы. У рэпертуары былі камічныя оперы, камедыі, творы замежных («Паштальён з Ланжумо» А.Адана, «Фра-Д’ябала» Ф.Абера, «Папялушка» Н.Ізуара, «Тарцюф» Мальера, «Гамлет» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» і «Разбойнікі» Ф.Шылера, «Эмілія Галоці» Г.Э.Лесінга) і польскіх («Апошняя варшаўская латарэя» С.Манюшкі, «Вяртанне пасла» Ю.Нямцэвіча, «Генрых VI на паляванні» і «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага, «Помста» і «Муж і жонка» А.Фрэдры) аўтараў. Працаваў Гродзенскі тэатр Дэшнер. З пач. 19 ст. пашыраны аматарскі т-р. У 1883 арганізавана Літ.-муз.т-ва (узначальваў К.Дабравольскі), якое наладжвала канцэрты і драм. спектаклі, літ. чытанні і муз. вечары. З 2-й пал. 19 ст. вядучае месца ў тэатр. жыцці горада належала рус.тэатр. калектывам; працавалі антрэпрызы П.Паўлава, В.Дарашэнкі, А.Даніловіча, Л.Нікольскага, М.Агарова; т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Шчарбакова (у складзе трупы П.Арленеў), Н.Арбеніна (у складзе трупы В.Стрэльская, К.Варламаў, М.Ходатаў), П.Ленскага, Г.Фядотавай, М.Савінай і інш. У рэпертуары т-раў пераважалі вадэвілі, камедыі, меладрамы, п’есы А.Астроўскага, А.К.Талстога, Л.Талстога, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава. У 1907—14 дзейнічала Гродзенскае т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза». 19.2.1910 адбыўся першы спектакль на бел. мове «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Бел. вечарыны (са спектаклямі, маст. чытаннем, спевамі) наладжвалі ў Гродна і навакольных вёсках і мястэчках удзельнікі гэтага гуртка ў 1910—13, а ў 1919—21 — Гродзенскага драм. гуртка Грамады бел. моладзі. Тэатр. жыццё горада з 1860-х г. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1926—29 у Гродна (і Вільні) працаваў польскі т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1920—30-я г. дзейнічаў мясц. польскі т-р, у 1934—38 — польскі т-р імя Э.Ажэшкі. У 1940—41 у Гродна працавалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А.Венгеркі і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР пад кіраўніцтвам У.Ярэмы. У 1945—47 у Гродна знаходзіўся рус.драм.т-рБССР (гл.Дзяржаўны акадэмічны драматычны рускі тэатр Беларусі). З 1947 цэнтрам тэатр. жыцця стаў Гродзенскі абласны драматычны рускі тэатр. У 1980 створаны Гродзенскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць самадз. калектывы. У горадзе гастраліруюць т-ры з Беларусі і інш. краін. Праходзілі фестывалі: 3-і рэсп. т-раў лялек (1968), аматараў т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1988), 2-і Бел. тэатральны (1989).
Музычнае жыццё. Найб. раннія звесткі пра муз. культуру Гродна адносяць да 12 ст., часу, якім датуюцца археал. знаходкі на тэр. горада: калок ад струннага муз. інструмента і фрагмент звона, а таксама ўпамінанне пра «трубы гарадзенскія» ў «Слове пра паход Ігараў». У 1543 у Гродна засн. адзін са старэйшых арк. калектываў на тэр. Беларусі, т.зв.«Літоўская капэла». З канца 16 ст. цэнтрам муз. культуры стала правасл. брацтва. Музыка займала значнае месца ў спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (1650—1754). Зберагліся праграмы спектакляў, з якіх відаць, што пастаноўкі 1720-х г. уключалі інстр., вак. (сольныя і харавыя) і танц. нумары. У 1730 існавала «касцельная музыка», якая абслугоўвала богаслужэнні і свецкія мерапрыемствы. У 1730—90-я г. значнае месца ў муз. жыцці горада займалі інстр. і вак.-інстр. капэлы, у т. л.Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Гродзенская капэла Тызенгаўза і інш. Асабліва вылучаліся выглядам і рэзкім гучаннем янычарскія капэлы, у т. л. капэла янычарскай харугвы ВКЛ (1768) і інш. У 18 ст. разам з аркестравым развівалася і сольнае выканальніцтва. Тут працаваў арганіст, арганны і фартэпіянны майстар Ю.Рудзінскі, выступалі спявачкі і піяністкі-аматаркі У.Тарноўская, Грабоўская і інш.Вял. аматарам музыкі быў А.Тызенгаўз (напісаў месу і, магчыма, кантату, меў вял. калекцыю струнных муз. інструментаў). У 1795 у Гродна выступаў рагавы аркестр, да гэтага часу належаць і найб. раннія звесткі пра існаванне на Беларусі балалайкі і гармоніка. У 19 ст. цэнтрамі муз. жыцця былі муз.навуч. ўстановы — пансіён Фінжана і ўзорны пансіён; у 1840-я г. аркестрам гімназіі кіраваў І.Дабравольскі. Тут пачынала кар’еру Т.Юзафовіч-Бароўская, працаваў І.Глінскі. У 1883 у Гродна створана літ.-муз.т-ва, гастраліравалі рус. і інш. буйныя музыканты (В.Давыдава, Есіпава, С.Рахманінаў і інш.). Значнае ажыўленне ў муз. жыцці выклікалі пастаноўкі муз.-сцэн. твораў С.Манюшкі: у 1841 пастаўлены вадэвіль «Апошняя варшаўская латарэя» Ф.Корвін-Мілеўскага на муз. Манюшкі, у 1856, 1861 і ў 1870-я г. ішла яго опера «Галька». У 1905 у Гродна існавалі 3 «хары духавой музыкі» (аркестры пажарнікаў і 2 ваенныя). У 1907—14 працавала аматарскае т-вамуз. і драм. мастацтва «Муза». Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна пабывала брыгада бел. кампазітараў у складзе М.Аладава, С.Палонскага, П.Падкавырава, Дз.Лукаса. Яна праводзіла тут сходы, рэгістрацыю муз. работнікаў, садзейнічала стварэнню. муз. школы, канцэртнага і духавога аркестраў, арганізацыі муз. аддзела. У 1939 у Гродна засн.пед. вучылішча з дысцыплінай муз. выхаванне (з 1956 муз.-пед., у 1966 створана муз. аддзяленне, у 1969 на яго аснове адкрыта муз. вучылішча). Кафедра музыкі і спеваў існавала ў пед. ін-це (да 1978). З 1944 тут працаваў бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы, рэарганізаваны ў 1950 у Дзярж. хор БССР (з 1952 у Мінску; гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь). Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці з 1975 займалася гастрольна-канцэртнае аддзяленне Бел. філармоніі, у 1987 створана Гродзенская абласная філармонія, у 1992 — «Гродзенская капэла». У 1997 у Гродна працуюць: муз. і муз.-пед. вучылішчы, 2 муз. школы. Развіта муз. самадзейнасць; больш як 20 муз. і харэагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных.
Літ.:
Кудряшев В.И. Гродно. М., 1960;
Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобл.Мн., 1986;
Гродно: Энцикл. справ. Мн., 1989;
Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., 1996.