ЗАБО́РСКІ (Пётр Іванаў) (?—1665),

майстар-цаніннік, чаканшчык і ювелір. Паходзіў з Беларусі. У 1658—65 узначальваў арцель бел. майстроў (І.Максімаў, С.Палубес, Ф.​Чука і інш.), якія стварылі вонкавае ўбранства і аздабленне інтэр’ера Васкрасенскага сабора Нова-Іерусалімскага манастыра (каля г. Істра Маскоўскай вобл.) шматкаляровымі паліванымі кафлямі.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СНІЦЫ, брамка, фортка,

у народным дойлідстве Беларусі невял. дзверы для ўваходу ў варотах, плоце, агароджы. Ва ўсх. раёнах весніцы робяць са шчыльна збітых дошак, часта аздабляюць разьбой, размалёўкай, фігурна выкаванымі завесамі і клямкамі, у цэнтр. і зах. — лёгкія, са штыкетаў.

Да арт. Весніцы. Аздабленне варот. Чачэрск. 1970-я г.
Да арт. Весніцы. Вароты сядзібы ў Гомелі.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў Гродне, мае рысы стыляў барока і класіцызму. Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам. Гал. фасад аздоблены лапаткамі, філёнгамі і нішамі, па баках раскрапаваны плоскімі рызалітамі. Больш нізкі 2-і паверх аддзелены карнізным поясам і багата дэкарыраваны. Архітэктурная выразнасць дасягаецца рэгулярным рытмам прамавугольных аконных праёмаў. Першапачатковая планіроўка і аздабленне інтэр’ераў парушаны.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі дом віцэ-адміністратара.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕА́НДР,

геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЛЬ, капялюш,

мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.

Брылі: плецены з мятліцы (уверсе) і лямцавы.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІЯ КАФЛЯ́НЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

Дзейнічалі з 1860 да 1914 у г. Копысь Горацкага пав. (цяпер г.п. Копысь у Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Уключалі 4 кафляныя і кафляна-ганчарныя мануфактуры, кафляна-ганчарную ф-ку, 2 з-ды (кафляны і кафляна-глазурны). Выпускалі кафлю, тэракоту, пазалочанае аздабленне для печаў, вазоны для кветак, сподкі з малюнкамі, паліву для кафляных і ганчарных з-даў. Найб. буйныя прадпрыемствы мелі конныя, газавыя (10 к. с.) і нафтавыя (40 к. с.) рухавікі. У розныя гады працавалі ад 9 да 131 чал.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНФЕРА́Н ((Montferrand) Аўгуст Аўгуставіч) (сапр. Агюст Рыкар дэ М.; 24.1.1786, Парыж — 10.7.1858),

расійскі архітэктар. дэкаратар і рысавальшчык. Па паходжанні француз. Вучыўся ў Політэхн. школе, у арх. Ш.​Персье і П.​Фантэна ў Парыжы. З 1816 працаваў у Расіі. У творчасці М. адлюстраваўся пераход ад позняга класіцызму да эклектызму. Асн. работы ў Санкт-Пецярбургу: Ісакіеўскі сабор, Аляксандраўская калона на Дварцовай плошчы (1830—34, ампір), дом Лабанава-Растоўскага (1817—20), аздабленне Фельдмаршальскай, Пятроўскай і буд-ва Круглай залаў Зімняга палаца (1827 — пач. 1830-х г.), перабудова дома Гагарынай (1840-я г.).

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН ((Braun) Маціяш Бернард) (25.2.1684, Эц, зямля Ціроль, Аўстрыя — 15.2.1738),

чэшскі скульптар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Італіі, зазнаў уплыў Л.Берніні. Працаваў у Зальцбургу, з 1710 — у Празе. Асн. работы: скульпт. група з св. Луітгардай на Карлавым мосце (1710) і скульпт. аздабленне касцёла св. Клемента (1715—21) у Празе; скульпт. кампазіцыі касцёла і шпіталя, дэкар. статуі ў сядзібе Куке (каля Двур-Кралаве, 1712—19, 1726—29), скульптуры партала замка ў Канапішце (1720-я г.), статуя імператара Карла VI у Ярамержы (пасля 1724), св. Войцех на галоўным алтары касцёла ў Бенешаве (Чэхія, каля 1730).

Я.​Ф.​Шунейка.

М.Браўн. Святы Войцех на галоўным алтары касцёла ў Бенешаве (Чэхія). Каля 1730.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́МНІ ПАЛА́Ц у Санкт-Пецярбургу,

помнік рас. архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1754—62 арх. В.​В.​Растрэлі ў стылі барока. У плане мае форму магутнага карэ з унутраным дваром; фасады выходзяць на Няву, Адміралцейства і Дварцовую плошчу. Будынак грандыёзных памераў (больш за 1000 пакояў) з фасадамі рознага вырашэння, з выступамі-рызалітамі, акцэнтаваннем ступеньчатых вуглоў, зменлівым рытмам калон стварае ўражанне пластычнай моцы і ўрачыстасці. Пышнае аздабленне фасадаў падкрэслівае параднае прызначэнне будынка. Інтэр’еры З.п. неаднаразова перабудоўваліся. Пасля пажару 1837 фасады і парадныя залы аднавіў арх. В.​П.​Стасаў, унутр. памяшканні — арх. А.​П.​Брулоў. Быў рэзідэнцыяй расійскіх імператараў. У 1922 перададзены Эрмітажу.

Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Бакавы фасад. Арх. В.​Растрэлі. 1754—62.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

рукапісны помнік усх.-слав. пісьменства 14 ст. Укладзена кн. Васілём Міхайлавічам Друцкім і яго жонкай Васілісай у царкву Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі р-н), у 1441 — віленскім месцічам Коканам у царкву Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, у 18 ст. належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму.

Напісана на царк.-слав. мове ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш». Тэкст размешчаны ў 2 калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Важнае культ.-гіст. значэнне маюць запісы ў канцы рукапісу, якія сведчаць пра існаванне Друцка ўжо ў 10 ст. і пабудову першай царквы ў гэтым горадзе ў 1001. Маст. аздабленне — застаўкі і 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя чырвонай фарбай (кінавар). Зберагаецца ў б-цы Сібірскага аддзялення Рас. АН.

Літ.:

Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9—11.

С.​А.​Акуліч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)