ШРЫ-ЛА́НКА, Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка,

дзяржава ў Паўд. Азіі, на аднайм. востраве (б. Цэйлон), у Індыйскім акіяне. Ад Індыі аддзелена Манарскім зал. і Полкскім пралівам. Пл. 65,61 тыс. км². Нас. 19 576,8 тыс. чал. (2002). Афіц. мовы — сінгальская і тамільская; мова міжнац. зносін — англійская. Афіц. сталіца — Шры-Джаявардэнапура-Котэ (месцазнаходжанне парламента), фактычная — г. Каломба. Краіна падзяляецца на 8 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 лютага).

Дзяржаўны лад. Прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і прэм’ер-міністр, які ўзначальвае Савет Міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. дзярж. асамблеі, дэпутаты якой выбіраюцца на 6 гадоў. Выбарчым правам карыстаюцца ўсе грамадзяне з 18 гадоў. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца таксама апеляцыйнай інстанцыяй, суды акруговыя, магістратаў і сельскія. Суддзяў прызначае ўрад, членаў Вярх. суда — прэзідэнт.

Прырода. Большая ч. краіны — узгорыстыя раўніны. На Пд і ў цэнтры сталовыя горы з пераважнымі выш. 1000—2000 м (найб. 2524 м, г. Підуруталагала). Карысныя выкапні: графіт, вапнякі, паўкаштоўныя і каштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты), фасфарыты; на ПнУ і ПдУ узбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі (ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый); разнастайныя буд. матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты). Клімат субэкватарыяльны, на Пд экватарыяльны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах каля 27 °C, у гарах 23—25 °C. Адно з самых халодных месцаў — горны курорт Нувара-Элія (2000 м над узр. м.) з сярэднегадавой т-рай 15 °C. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з ПнУ на ПдЗ з 1300—2000 мм да 2500—3000 мм. Рачная сетка густая. Рэкі кароткія, найб. — Махавелі (330 км). Глебы чырвона-бурыя і чырвона-жоўтыя фералітныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Больш за 70% тэр. ўкрыта натуральным раслінным покрывам. На Пд — участкі вечназялёных трапічных лясоў, на ПнУ трапічныя лістападныя лясы. Жывёльны свет разнастайны: сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы. мядзведзі, шмат малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках — кракадзілы. Нац. паркі: Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла (Рухуна).

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — сінгалы (74%) і тамілы (18%). Жывуць таксама маўры (нашчадкі арабаў і мясц. мусульман) — 7%, бюргеры (нашчадкі галандцаў і партугальцаў), малайцы, веды, кафіры (афрыканцы), ланкійскія цыганы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (70%) і індуісты (15%). Ёсць хрысціяне (католікі) — 8%, мусульмане — 7% (1999). Натуральны прырост 0,85% (2002). Сярэдняя шчыльн. 298 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены ПдЗ вострава. У акрузе Каломба шчыльн. больш за 2 тыс. чал. на 1 км². У гарадах жыве 23% насельніцтва. Буйныя гарады (тыс. ж., 1993): Каломба — 2026 (з прыгарадамі), Маўнт-Лавінія — 175, Моратува — 135, Джафна — 125. Працаздольнага насельніцтва 6,6 млн. чал. (1998). У прам-сці занята 17% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 38%, у сферы паслуг — 45%.

Гісторыя. З часоў палеаліту Ш.-Л. насялялі плямёны паляўнічых-збіральнікаў, ад якіх, відаць, пайшоў сучасны народ веды. У 6—3 ст. да н.э. востраў засялілі інда-арыйскія плямёны з Паўн. Індыі. Яны назвалі краіну Сінхаладвіпа (санскр. — «краіна львоў»), у скажонай транскрыпцыі Сілон (рус. і бел. Цэйлон), а сябе — сінгаламі. Адначасова ўжывалася і другая назва вострава — Ланка (благаславёная, цудоўная зямля). У 3 ст. н.э. склалася Сінгальская дзяржава (сталіцы — гарады Анурадхапура, Паланарува), дзе дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Яна з пераменным поспехам ваявала з прышэльцамі з Паўд. Індыі таміламі і ў 15 ст. распалася. На Пн вострава ўзнікла Тамільская дзяржава са сталіцай у г. Джафна. З 1505 да пач. 17 ст. прыбярэжныя раёны Ш.-Л. заваяваны партугальцамі, але яны не здолелі зламаць супраціўленне сінгальскага каралеўства з цэнтрам у г. Канды, якое з 15 ст. існавала ў горнай частцы вострава. У 1658 галандцы з дапамогай кандыйцаў выгналі партугальцаў, але ў 1795—96 самі былі выгнаны англічанамі. З 1802 Ш.-Л. — асобная брыт. калонія Цэйлон, у 1815 англічане захапілі і Кандыйскае каралеўства. У 1833 пры брыт. губернатару створаны Заканад. савет, у 1912 прынята канстытуцыя. Паводле канстытуцыі 1931 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. 4.2.1948 абвешчана незалежнасць Ш.-Л. ў складзе брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1972 Ш.-Л. — рэспубліка. У краіне дзейнічаюць каля 30 паліт. партый, але ўвесь перыяд незалежнасці ўлада папераменна належыць або правай Аб’яднанай нац. партыі (засн. ў 1946, правіла ў 1948—56, 1960, 1964—70, 1977—94), або левай Партыі свабоды Ш.-Л. (засн. ў 1951, правіла ў 1956—60, 1960—64, 1970—77 і са жн. 1994 у складзе Нар. альянсу). З 1994 прэм’ер-міністр Ш.-Л. — С.Бандаранаіке, прэзідэнт — яе дачка Ч.​Кумаратунге. Становішча ў краіне ўскладнена ўзбр. канфліктам (з 1983) паміж урадам і арг-цыяй Тыгры вызвалення Таміл Ілама, якая тэрарыст. метадамі змагаецца за стварэнне на Пн і ПнУ вострава незалежнай Тамільскай дзяржавы. Ш.-Л. — чл. ААН (з 1955), Руху недалучэння (з 1961), інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліст. 2000.

Гаспадарка. Ш.-Л. — агр.-індустр. краіна з развітой плантацыйнай гаспадаркай. З 1970-х г. у краіне праводзяцца рыначныя рэформы, што спрыяе пашырэнню аб’ёму інвестыцый у эканоміку (у 1997—550 млн. дол.), хуткаму развіццю прам-сці і сферы паслуг. Асн. інвестары — Японія, Паўд. Карэя, Сінгапур, мадэлі эканам. развіцця якіх Ш.-Л. прыстасоўвае да сваіх умоў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 62,7 млрд. дол. (3,25 тыс. дол. на 1 чал.). Штогадовы рост ВУП у 1997—2000—5,3%. У сельскай гаспадарцы ствараецца 21% ВУП, у прам-сці — 27%, у сферы паслуг — 52%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства, якое пашырана пераважна на ПдЗ вострава, дзе няма патрэбы ў арашэнні. Апрацоўваецца 14% тэр. Гал. плантацыйныя культуры — чай (збор больш за 240 тыс. т штогод), гевея (100 тыс. т натуральнага каўчуку), какосавая пальма (60 тыс. т копры), займаюць 2/3 пл. зямель, што апрацоўваюцца. З інш. плантацыйных культур вырошчваюць вострапрыпраўныя расліны (перац, кардамон, мускатны арэх, карыца, гваздзіка і інш.), какава, ананасы, цукр. трыснёг, тытунь. У канцы 20 ст. роля плантацыйнай гаспадаркі ў экспартных паступленнях значна знізілася (з 90% у 1970 да 20% у 2000). Гал. харч. культура — рыс (2,76 млн. т, 2000), пашырана паўсюдна, асабліва на алювіяльных глебах у далінах рэк і на прыморскіх нізінах. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. У больш засушлівых раёнах вырошчваюць проса (491 тыс. т, 2000), кукурузу (315 тыс. т), сорга (140 тыс. т), бабовыя, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,56, коз — 0,5, птушак — 11, свіней — 0,07, авечак — 0,01. Буйн. раг. жывёла выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Улоў рыбы (1999) 247 тыс. т. У прамысловасці найб. інтэнсіўна развіваюцца тэкст. і швейная галіны. У 5 зонах свабоднага гандлю працуюць больш за 150 прадпрыемстваў па вытв-сці тэкст. вырабаў на экспарт. Развіты традыц. галіны — чайная, перапрацоўка какосавых арэхаў (алей, мыла, гліцэрын, кандытарскія вырабы, алкагольныя напіткі і інш.), цукр., тытунёвая, мукамольная, гарбарна-абутковая. Ёсць прадпрыемствы чорнай металургіі (Орувела), маш.-буд. (пераважна зборачныя, па вытв-сці абсталявання для лёгкай прам-сці і інш.), нафтаперапр., гумавай (шынны з-д у Келані), фарфоравай, цэм. прам-сці. 50% прамысл. прадпрыемстваў сканцэнтравана ў г. Каломба і яго прадмесцях. Выпрацоўка электраэнергіі 6,6 млрд. кВт∙гадз (2000) на ГЭС (68%) і ЦЭС (32%). Здабыча графіту, каштоўных і паўкаштоўных камянёў, солі. Вял. значэнне маюць маст. промыслы — разьба па дрэве, рогу, чарапахавых пласцінах, слановай косці, чаканка па метале, вытв-сць упрыгожанняў з каштоўных камянёў. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог больш за 25 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 11,3 тыс. км. У краіне 220 тыс. легкавых і 249 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Чыгункі (даўж. 1463 км) пераважна аднакалейныя. Унутр. водных шляхоў — 430 км, трубаправодаў — 62 км. Гал. марскія парты: Каломба, Гале, Джафна, Трынкамалі. 15 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Каломба. Экспарт (4,9 млрд. дол., 2001) тканін, швейных і гумава-тэхн. вырабаў, чаю, каштоўных камянёў, прадуктаў какосавай пальмы. Імпарт (6 млрд. дол., 2001) машын і абсталявання, паліва, харч. прадуктаў. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Індыя. Штогод краіну наведваюць каля 500 тыс. замежных турыстаў. Даход ад турызму 275 млн. дол. (1998). Грашовая адзінка — рупія Ш.-Л.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Вял. ўплыў на стараж. мастацтва Ш-Л. (3 ст. да н.э. — 8 ст. н.э.) зрабіла культура Індыі. У аснове планіроўкі стараж. гарадоў быў падзел на Унутр. (т.зв. Царскі) горад, умацаваны сценамі, з палацам і гал. культавымі пабудовамі, і Знешні горад з жылымі кварталамі, манастырамі, прадмесцямі (Анурадхапура). Самы вял. арх. комплекс горада — будыйскі манастыр (віхара) — пераўзыходзіў інда-будыйскія ўзоры па памерах, разнастайнасці тыпаў пабудоў: ступа (дагоба), дамы дрэва Бодхі, астанкаў, рэліквій і інш. Найб. даўнія арх. помнікі: звонападобныя ступы Тхупарама (3 ст. да н.э.), Руанвелі (2—1 ст. да н.э.), скальны манастыр Ісурумунія (5—8 ст. н.э.), палацы, штучныя вадаёмы ў г. Анурадхапуры; рэшткі палацавых будынкаў, ступы Даміла-тхупа, Ранкатвіхара-ступа, Кірывіхара, круглы храм Вата-да-ге, дом вобраза Ланкатылака, пячорны комплекс Галвіхара і інш. ў г. Паланарува. Для будыйскай каменнай пластыкі характэрны манументальнасць, стрыманасць вобразаў, лаканізм форм: гарэльеф «Закаханыя» ў Анурадхапуры (5 ст.), гіганцкія скальныя статуі Буды і Ананды ў Паланаруве (12 ст.). З 11 ст. ўзводзілі індуісцкія храмы (Шыва Дэвале № 1 і № 2 у Паланаруве). Выяўл. мастацтва звязана з інд. маст. школамі. У 5 ст. на скале Сігірыя створаны размалёўкі (мяркуюць, што першапачаткова іх было 500; захавалася 21) з выявамі фігур знатных жанчын у выглядзе паўбожастваў апсар, якія скрозь воблакі кідаюць на зямлю кветкі. З 16 ст. пашырыліся еўрап. ўплывы. Традыцыі нац. архітэктуры захоўваліся ў г. Канды [храм Зуба Буды (Далада Малігава), 14, 18—19 ст.], мастацтва — у Дамбуле (размалёўка пячорнага храма, 18 ст.). У 1-й пал. 19 ст. пераважалі формы англ. класіцызму, станковае мастацтва развівалася ў духу англ. акадэмізму. У 1888 прадстаўнікі традыц. кірунку ў мастацтве аб’ядналіся ў «Цэйлонскае таварыства мастацтва». У 1-й пал. 20 ст. ў сувязі з нац.-вызв. рухам склалася маст. аб’яднанне «Група 43», прадстаўнікі якога Х.​Піерыс, Дж.​Кіт, Дж.​Дэраніягала і інш. спалучалі нар. і міфалагічныя сюжэты з прыёмамі еўрап. мастацтва. Члены «Таварыства нацыянальнага мастацтва» (1950, арганізатар будыйскі вучоны-манах Мапалагама Віпуласара тхера) у сваіх творах адраджалі традыцыі сярэдневяковага сценапісу (Б.Л.​А.​Мендыс, К.​С.​Віджая і інш.). Развіваюцца стараж. віды маст. рамяства: ткацтва, разьба па дрэве (арх. дэталі, маскі), апрацоўка металу (насечка, чаканка) і каштоўных камянёў, вытанчаная разьба па слановай косці, выраб лакавых рэчаў. У буд-ве выкарыстоўваюцца дасягненні сусв. дойлідства і вопыт нац. архітэктуры. Помнікі гарадоў Анурадхапура, Паланарува, Сігірыя, Канды ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Талмуд Э.Д. История Цейлона, 1795—1965. М., 1973;

Республика Шри Ланка: История и современность. М., 1977;

Страны и народы: [Зарубежная Азия. Южная Азия]. М., 1982;

Тюляев С.И., Бонгард-Левин Г.М. Искусство Шри Ланка. М., 1974.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Шры-Ланкі.
Да арт. Шры-Ланка. У наваколлі горада Канды.
Да арт. Шры-Ланка. Размалёўка на скале. Сігірыя. 5. ст.
Да арт. Шры-Ланка. Скульптурнае аздабленне круглага храма Вата-да-ге ў г. Паланарува. 12 ст.
Да арт. Шры-Ланка. Размалёўка пячорнага храма ў Дамбуле. 18 ст.

т. 17, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)