раздзел метэаралогіі, які вывучае атмасферныя працэсы, што вызначаюць умовы надвор ’я, а таксама іх змены для распрацоўкі прагнозу надвор’я. Даследуе буйнамаштабныя атм. працэсы (узнікненне і перамяшчэнне цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас і франтоў атмасферных), якія ахопліваюць па гарызанталі сотні і тысячы кіламетраў. Аналіз атм. працэсаў праводзіцца пры дапамозе сінаптычных карт, верт. разрэзаў атмасферы, аэралагічных дыяграм. У сінаптычным аналізе выкарыстоўваюцца таксама фотаздымкі воблакаў зметэаралагічных спадарожнікаў, матэрыялы назіранняў за воблакамі, ападкамі і інш.атм. з’явамі пры дапамозе метэаралагічных радыёлакатараў. На падставе заканамернасцей, якія выяўляюцца пры вывучэнні матэрыялаў, скарыстання лічбавых метадаў прагнозу і рашэння ўраўненняў гідра- і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ, распрацоўваюцца прагнозы надвор’я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЮ́ХА,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1978), жалезістая мінеральная лінза. Размешчана за 2 км на ПнЗ ад в. Астравы Вілейскага р-на Мінскай вобл., на аднайм. балоце, у пойме р. Зуйка Даўж. да 100 м, шыр. 50—60 м, магутнасць тоўшчы да 20 см, глыб. залягання 1,1 м. Характарызуецца жалезістай мінералізацыяй у тарфяным пакладзе, якая прадстаўлена калоідным протамагнетытам, гнёздамі гематыту і магнетыту, а таксама калоідным і зярністым сцяжэннямі сідэрыту і вівіяніту. Канцэнтрацыя мінералаў жалеза да 40%. С. — адзінае ва Усх. Еўропе месцазнаходжанне жалезістай мінералізацыі, якая ўтварылася ва ўмовах павышаных гідрадынамічных уласцівасцей адкладаў. Пры змене фізіка-хім. умоў асяроддзя мінералізацыя пераўтворыцца ў балотную руду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́БРАЕ,
возера ў Полацкім р-не, у бас.р. Палата, за 20 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,54 км², даўж. 1,7 км, найб.шыр. 450 м, найб.глыб. 4,3 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 5,4 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, разараныя, на Пнвыш. 6—10 м, у ніжняй ч. стромкія, пад хмызняком. Пойма шыр. да 8 м, увільготнена, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя. Дно плоскае, у паўн.-ўсх.ч. пясчаная мель, прыбярэжная ч. да глыб. 2 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Злучана пратокай зр. Палата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ГРАДА́,
частка Беларускай грады ў Барысаўскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобласці. Працягнулася ад Мінскага узв. на ПнУ на 100 км, шырыня 10—25 км. Мяжуе з Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ. Лічыцца вуглавым масівам Ашмянскага стадыялу. Пл. каля 2 тыс.км², адзнакі вышыняў паверхні над узр. м. вагаюцца ад 150 м у даліне Бярэзіны да 220 м каля г. Смалявічы.
Прымеркавана да зоны сучлянення Аршанскай монакліналі з Вілейскім пахаваным выступам. Антрапагенавая тоўшча магутнасцю 100 м і больш. Паверхня складзена з пясчана-галечнага матэрыялу, марэнных суглінкаў і супескаў, месцамі з покрывам лёсападобных парод. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, торф.
Участкі з градава-ўзгоркавым рэльефам (каля г. Смалявічы, в. Халопенічы і г. Барысаў выш. 193—220 м) чаргуюцца з раўніннымі. Знайб. павышанымі часткамі грады звязаны масівы марэннага сярэдняўзгоркавага рэльефу з адноснай выш. 10—20 м. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 450—780 ммза год (у Барысаве). Рэкі (бас. Дняпра): Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Сха, Бобр з Начай. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба ападзоленыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках, якія падсцілаюцца пяскамі, забалочаныя і тарфяна-балотныя. Да 40% тэр. пад лясамі хваёвымі, ялова-хваёвымі, бярозавымі і шэраальховымі. Поймавыя і нізінныя лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,
від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).
Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).
На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1921,
дагавор паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога пра спыненне польска-сав. вайны 1919—20 (гл. ў арт.Савецка-польская вайна 1920) і нармалізацыю адносін; падпісаны 18.3.1921 у Рызе. У ходзе польска-сав. вайны, развязанай Польшчай пры ваен.-матэрыяльнай і дыпламат. падтрымцы краін Антанты, што па часе супала зграмадз. вайной у Расіі, урады БССР, Літ.-Бел. ССР і РСФСР неаднойчы заклікалі польскі ўрад «вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя і тэр. пытанні». Але Польшча не адказвала, бо не прызнавала БССР як суб’ект міжнар. права, імкнулася захапіць бел., укр. і літ. землі, аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772. Дзяржавы Антанты прапаноўвалі вызначыць усх. мяжу Польшчы паводле «Керзана лініі». Толькі пасля контрнаступлення сав. войск (ліп. 1920), а потым іх паражэння ў Варшаўскай аперацыі 1920 польскі бок пагадзіўся на перагаворы (пачаліся 17.8.1920 у Мінску, з 21.9.1920 працягваліся ў Рызе). Яны праходзілі без удзелу прадстаўнікоў БССР і БНР, бо ў гэтым не былі зацікаўлены як Польшча і Антанта, так і РСФСР. Дзеля заключэння міру сав. ўрад быў гатовы пайсці на значныя тэр. ўступкі, у т. л.за кошт бел. зямель. А.Р.Чарвякоў — кіраўнік (да пач.кастр. 1920) дэлегацыі БССР (знаходзілася ў Рызе з 18.9.1920) ставіў перад кіраўніком рас. дэлегацыі А.А.Іофе пытанне пра допуск сваёй дэлегацыі на перагаворы, але Іофе адмовіў. ВРКБССР даручыў прадстаўляць інтарэсы рэспублікі на перагаворах рас. боку, што потым пацвердзіў Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (снеж. 1920). 25.9.1920 Польшча прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі УССР. 12.10.1920 падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Канчатковы дагавор ад 18.3.1921 (ад імя БССР яго падпісалі Іофе і інш. прадстаўнікі РСФСР) складаўся з 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Да Польшчы адыходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, усх. мяжа Польшчы (дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі яе ў 1923) устанаўлівалася на У ад «лініі Керзана» (гл. карту). Бакі абавязаліся паважаць дзярж. суверэнітэт адзін аднаго, не дапускаць на сваіх тэрыторыях утварэння і знаходжання арг-цый і груп, дзейнасць якіх магла быць скіравана супраць аднаго з бакоў, адмаўляліся ад умяшання ва ўнутр. справы і варожай прапаганды; Польшча абавязалася забяспечыць беларусам, украінцам і рускім свабоду веравызнання і развіцця іх культуры і мовы, тое ж атрымлівалі палякі на тэр.БССР, УССР і РСФСР (на практыцы многае з гэтага парушалася). Бакі ўзаемна адмаўляліся ад патрабаванняў вярнуць выдаткі і страты, прычыненыя ў час вайны, прадастаўлялі грамадзянам поўную амністыю запаліт. злачынствы. РСФСР і УССР пагадзіліся вярнуць Польшчы ваен. трафеі, вывезеныя з гэтай краіны са студз. 1772, а таксама архівы, б-кі і інш.культ. каштоўнасці, вывезеныя з Польшчы ў Расію ў час 1-й сусв. вайны. Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і інш.фін. абавязацельствы былой Рас. імперыі, Расіі належала выплаціць Польшчы 30 млн.руб. золатам за ўклад апошняй у рас. эканоміку. Неадкладна пасля падпісання дагавора ўстанаўліваліся дыпламат. адносіны паміж бакамі. Дадаткі да Р.м.д. рэгулявалі эканам. і юрыд. пытанні. Дагавор ратыфікаваны Прэзідыумам ВЦВК 14.4.1921, Польшчай — 16.4.1921, УВК УССР — 17.4.1921; абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30.4.1921.
Супраць падрыхтоўкі і падпісання Р.м.д. пратэставалі Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), кіраўніцтва БНР (В.Ластоўскі і інш.), прадстаўнікі нац. інтэлігенцыі БССР. У прынятым 25.3.1921 урадам БНР звароце «Усяму культурнаму свету» заяўлялася пра непрызнанне дагавора бел. народам. Адозва ЦК БПС-Р «Да лепшых сыноў польскай нацыі» заклікала прагрэс.дэмакр. сілы Польшчы да выступлення супраць несправядлівага ў адносінах да Беларусі Рыжскага міру. Напярэдадні падпісання дагавора ЦККП(б)Б санкцыянаваў арышт у БССР 860 бел. эсэраў і больш як 60 дзеячаў БСДП і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, што сарвала акцыі бел. эсэраў супраць падзелу Беларусі. Дагавор асудзілі Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага), Другая Усебеларуская канферэнцыя (1925, Берлін), а таксама праз друк бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, У.Дубоўка, А.Дудар. Р.м.д. дзейнічаў да пач. 2-й сусв. вайны і далучэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны да СССР (адпаведна ў складзе БССР і УССР; 1939).
Літ.:
Пічэта У. Польска-савецкія адносіны і Рыжскі мір // Полымя. 1928. № 4;
Ольшанский П.Н. Рижский договор и развитие советско-польских отношений, 1921—1924. М., 1974;
Дуж-Душэўскі К. Беларусь і Рыжскі мір // Спадчына. 1995. № 6;
Dąbski J. Pokój ryski. Warszawa, 1931;
Kumaniecki J. Pokój polsko-radziecki, 1921. Warszawa, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна каляровай металургіі, якая ўключае прадпрыемствы па здабычы алюмініевай сыравіны і вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду), металічнага алюмінію, крэмнію, алюмініева-крэмніевых сплаваў (сілуніту), фторыстых соляў і інш. (больш за 200 відаў прадукцыі). Па аб’ёме вытв-сці і выкарыстанні алюміній у сусв. эканоміцы займае 1-е месца сярод каляровых металаў. Алюмініевая сыравіна — баксіты, нефелін-апатытавыя і алунітавыя руды, нефелінавыя канцэнтраты і інш. (гл.Алюмініевыя руды). Адна знайб. энергаёмістых галін металургіі (на вытв-сць 1 тметал. алюмінію патрэбна каля 18 тыс.кВт∙гадз электраэнергіі), таму яе размяшчэнне залежыць ад наяўнасці крыніц таннай электраэнергіі.
Узнікла ў 1886, калі быў адкрыты спосаб атрымання алюмінію электролізам гліназёму (ЗША, Францыя). Хуткае развіццё алюмініевай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. звязана з вынаходствам гідрахім. спосабу вытв-сці гліназёму з баксітаў і вял. попытам на алюміній, асабліва ў сувязі з ростам авіяцыі. У б.СССР алюмініевая прамысловасць створана ў 1932—33 на энергет. базе першых буйных гідраэлектрастанцый (Волхаўскі і Дняпроўскі алюм.з-ды; пазней пабудаваны буйныя прадпрыемствы на Урале і ў Сібіры). Хуткі рост алюмініевай прамысловасці выклікаў павелічэнне здабычы баксітаў у свеце. Пасля 2-й сусв. вайны знойдзены багатыя радовішчы баксітаў у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, пазней — у Аўстраліі. Сусв. здабыча баксітаў 92,5 млн.т (1984), найб. — у Аўстраліі і Гвінеі (49% сусв. рэсурсаў), на Ямайцы. Буйнейшыя вытворцы гліназёму — Аўстралія, ЗША Ямайка. Асн. імпарцёры баксітаў і гліназёму — ЗША, Канада, Японія, Нарвегія. Вытв-сць першаснага алюмінію (ступень ачысткі 99,7%) у свеце пастаянна расце, складае каля 16 млн.т (1984), сканцэнтравана ў ЗША, краінах б.СССР, Канадзе і інш. Акрамя першаснага вырабляюць значную колькасць алюмінію высокай ачысткі. Буйныя экспарцёры алюмінію — Канада, Нарвегія, імпарцёры — Японія, ЗША, ФРГ. Вытв-сцю алюмінію займаюцца больш за 80 кампаній (1982), 6 з іх вядучыя транснацыянальныя («Алкэн алюмініум», «Алюмінум компані оф Амерыка», «Рэйналдс металс», «Кайзер алюмінум энд кемікал», «Пешынэ», «Свіс алюмініум»), якія кантралююць 60% здабычы баксітаў, 65% вытв-сці гліназёму, 55% вытв-сці алюмінію.
Сучасная алюмініевая прамысловасць выкарыстоўвае новыя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі нефелін-апатытавых рудаў і нефелінавых канцэнтратаў на гліназём, содапрадукты, цэмент і інш., вядзе пошук новых эканам. тэхналогій атрымання алюмінію з небаксітавых відаў сыравіны. Буйныя запасы такой сыравіны ў ЗША (160 млрд.т), Нарвегіі, Іране, Іспаніі, ФРГ. На Беларусі — багатае радовішча небаксітавай сыравіны — даўсаніту (Заазерскае, паблізу Мазыра) і каалінітавыя гліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СК,
горад у Беларусі абл. падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рось. За 98 км ад Гродна. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Бераставіцу, Свіслач і аўтадарог на Масты, Слонім, Ружаны, Бераставіцу. 43,6 тыс.ж. (1995).
Першыя паселішчы на тэр. Ваўкавыска ўзніклі ў 10 ст., што пацвярджаюць археал. матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы Муравельнік, дзядзінцы Шведская гара і Замчышчы (вакольны горад). Упершыню Ваўкавыск (летапісны Волковыескъ) упамінаецца ў 1252. У 13 ст. цэнтр Ваўкавыскага княства, быў аб’ектам барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі. Зпач. 14 ст. ў ВКЛ. Ваўкавыская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 15 ст. цэнтр староства, з 16 ст. цэнтр Ваўкавыскага павета. Неаднаразова быў спалены ў час войнаў 17 — пач. 18 ст. У час паўстання 1794 заняты паўстанцамі. З 1795 у Рас. імперыі. На пач. вайны 1812 у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-й Зах.рус. арміяй ген. П.І.Баграціёна, горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У 1885 праз Ваўкавыск пракладзена чыг. Баранавічы—Беласток. У 1891 у Ваўкавыску 19 фабрык і прамысл. прадпрыемстваў. У 1897 — 10 323 ж. Жыхары горада ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, тут адбыліся хваляванні салдат і навабранцаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. У 1909—18 працавала Ваўкавыская жаночая гімназія. У 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Беластоцкага ваяв.З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Ваўкавыскага раёна. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ваўкавыску і раёне больш за 29 тыс.чал., у т. л. 20 тыс. у лагеры ваеннапалонных. Злют. 1942 дзейнічала Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 14.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944. У 1969 — 21,5 тыс. жыхароў.
Цэнтр маш.-буд. (Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання), буд. матэрыялаў (Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, «Ваўкавыскцэментнашыфер») і харч. (Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў «Беллакт», мясакамбінат) прам-сці. Пед. вучылішча і Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей. Помнік П.І.Баграціёну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс Вызваліцелям, брацкая магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСІСІ́ПІ (Mississippi, на мове мясц. індзейцаў — вял. рака),
рака ў ЗША, адна з самых вял. на зямным шары. Даўж. 3766 км (ад вытоку р. Місуры 5970 км), пл. басейна 3230 тыс.км². Пачынаецца з невял. возера на ПнЗ штата Мінесота, перасякае ЗША зПн на Пд па Цэнтр. раўнінах і Прымексіканскай нізіне, упадае ў Мексіканскі заліў. У вярхоўі рака працякае праз сістэму невял. азёр, даліна вузкая, месцамі М. ўтварае парогі і вадаспады. Ніжэй вусця р. Дэ-Мойн шыр. даліны да 10—15 км, перад упадзеннем р. Місуры — да 20 км. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі рэк Місуры і Агайо) даліна ракі шырокая, рэчышча ад 600 м да 3—4 км, месцамі разгаліноўваецца на рукавы. У ніжнім цячэнні даліна паступова расшыраецца ад 25 км да 70—100 км, рэчышча замацавана ад паводак сістэмай штучных дамбаў. Каля г. Батан-Руж пачынаецца дэльта (пл. каля 33,5 тыс.км²), дзе вылучаюцца 6 гал. рукавоў. Буйныя прытокі: Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер (справа), Вісконсін, Ілінойс, Агайо (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні М. снегавое і дажджавое, у сярэднім і ніжнім пераважна дажджавое. Вясенне-летняе разводдзе і бурныя дажджавыя паводкі, якія перыядычна выклікаюць навадненні (адно знайб. у ліп. 1993). Сярэдні гадавы расход вады ад 1800 м³/с у вярхоўі да 19 тыс.м³/с (макс. 50—80 тыс.м³/с) у вусцевай ч. ракі. Цвёрды сцёк каля 360 млн.тза год. У верхнім цячэнні М. замярзае на 3—4 месяцы. Водзяцца акуні, фарэлі (у вярхоўі), сазаны, самы, рыбы буфала (у сярэднім і ніжнім цячэнні). М. мае вял.трансп. значэнне: злучана рэкамі і суднаходнымі каналамі зВял. азёрамі і глыбакаводным шляхам па р.Св. Лаўрэнція з Атлантычным ак. Рачное суднаходства ад вусця да г. Мінеапаліс (на 3 тыс.км), марское — да г. Батан-Руж. Даўж. суднаходных шляхоў бас. М. больш за 25 тыс.км. Па М. перавозіцца штогод каля 360 млн.т грузаў (каля 60% рачных перавозак ЗША). Гідратэхн. рэсурсы — 27,5 ГВт. У бас. М. некалькі ГЭС (найб. каля г. Кіякак). Буйныя гарады і парты: Мінеапаліс з Сент-Полам, Сент-Луіс, Мемфіс, Батан-Руж, Новы Арлеан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ІРЛА́НДЫЯ (Northern Ireland),
Ольстэр, адм.-паліт. частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн.-ўсх. частку в-ва Ірландыя. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 1663,3 тыс.чал. (1996), каля 60% — ольстэрцы (пратэстанты, нашчадкі выхадцаў з Англіі і Шатландыі), каля 35% — ірландцы (католікі, карэнныя жыхары). Пратэстантаў больш на У і ў гарадах, католікі пераважаюць у сельскай мясцовасці на З. Адм. і эканам. цэнтр, гал. порт — г.Белфаст. Паверхня хвалістая, на ўскраінах невысокія горы (да 852 м). Клімат умераны акіянічны. Сярэдняя т-раліп. каля 15 °C, студз. каля 6 °C, выпадае каля 1000 мм ападкаў за год. Гал. рака Бан, вял. возера Лох-Ней. У прам-сці найб. развіты суднабудаванне, асабліва буд-ва танкераў; тэкст. (ільняная і зсінт. валокнаў), харч., эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., паліграф., папяровая, мэблевая, швейная, абутковая галіны. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля (дае каля 90% даходаў фермераў) — развядзенне і адкорм буйн. раг. жывёлы, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Вырошчваюць бульбу і сеяныя травы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Гісторыя. Да пач. 20 ст. гісторыя П.І. непарыўна звязана з гісторыяй Ірландыі і Ольстэра. Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 П.І. засталася ў складзе Вялікабрытаніі (утворана з 6 графстваў Ольстэра з пераважна пратэстанцкім насельніцтвам — нашчадкамі англ. і шатл. каланістаў 17 ст.). У 1921—72 мела аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Працяглая паліт., эканам., сац. і культ.-асв. дыскрымінацыя каталіцкай меншасці пасля дэманстрацый пратэсту католікаў у Ландандэры і Белфасце ў 1968—69 і рэакцыі на гэта мясц. паліцыі і пратэстанцкіх экстрэмістаў прывялі да адкрытага нац., рэліг. і эканам. канфлікту ў П.І. (вулічныя баі, акцыі сабатажу). У 1969 брыт. ўрад увёў сюды рэгулярныя войскі, у 1972 — прамое кіраванне рэгіёнам з Лондана. У гэтых умовах актывізаваліся тэрарыст. каталіцкія (гл.Ірландская рэспубліканская армія) і пратэстанцкія групоўкі, у 1969—92 загінула больш за 3 тыс.чал. У 1990-я г. пры пасрэдніцтве Вялікабрытаніі і Ірландыі з’явіліся рэальныя шанцы для мірнага вырашэння канфлікту, асабліва пасля падпісання 10.4.1998 у замку Стормант (прыгарад Белфаста) шматбаковага пагаднення аб урэгуляванні ў П.І. (ухвалена на рэферэндумах у П.І. і Ірландыі ў маі 1998). Дзейнічае шэраг каталіцкіх (Шын-фейн, С.-д. партыя працы) і пратэстанцкіх (Партыя юніяністаў Ольстэра, Дэмакр. юніянісцкая партыя і інш.) партый.
Літ.:
Орлова М.Е. Северная Ирландия: опыт преобразований в расколотом обществе. М., 1994.