«УСТА́ВА НА ВАЛО́КІ» 1557, адзін з гал. дакументаў агр. рэформы 16 ст. — валочнай памеры. У гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладаннях памера пачалася ў шырокіх маштабах з 1551 у адпаведнасці з распараджэннем Жыгімонта II Аўгуста. Тэкст Уставы 1551 і інструкцыі гаспадарскім мернікам пакуль не выяўлены. Вядома, што напачатку валочнай памеры падлягалі тыя гаспадарскія землі, дзе здаўна існавалі двары — гаспадаркі, заснаваныя на працы прыгонных сялян, правобразы будучых фальваркаў. Пры правядзенні памеры напачатку былі дапушчаны пэўныя парушэнні і недакладнасці, таму вял. князь даў указанне аб праверцы (рэвізіі) правядзення памеры. Менавіта для рэвізораў у першую чаргу і была зацверджана 1.4.1557 «У. на в.». У тым жа годзе і ў 1558 у яе ўнесены некат. папраўкі, і надалей яна стала інструкцыяй не толькі для рэвізораў, але і для ўпраўляючых гаспадарскімі ўладаннямі. Паводле ўставы выпраўляліся пралікі і памылкі папярэдняй памеры, уводзілася аднастайнасць яе правядзення на ўсёй тэр.ВКЛ. У якасці пазямельнай меры прынята валока (21,36 га), яна ж станавілася і стандартнай адзінкай падатковага абкладання сялян. Адначасова перад рэвізорамі і мернікамі ставілася задача пашырэння ранейшых і стварэння новых двароў (фальваркаў) як гаспадарак па вытворчасці таварнага збожжа. На падставе «У. на в.» рэвізія скончана ў 1568. На тэр. Беларусі яна ахапіла ўсе гаспадарскія ўладанні ў Ашмянскім, Берасцейскім, Браслаўскім, Ваўкавыскім, Віленскім, Гарадзенскім, Лідскім, Менскім, Новагародскім, Пінскім і Слонімскім пав. Ва ўсх. валасцях рэформа пачала праводзіцца ў 1560 паводле інструкцыі, якая значна адрознівалася ад «У. на в.». На У Беларусі агр. рэформа завяршылася ў 1630—40-я г.
Устава складаецца з 49 артыкулаў. 1—8-ы арт. вызначалі абавязкі людзей, якія выконвалі спец. «службы» вял. князю (путных баяр, стральцоў, войтаў і інш.); 9—14-ы — статус дзярж. гарадоў; 15—19-ы — павіннасці з валокі і дадатковыя павіннасці і выплаты; 20—25-ы — парадак стварэння і функцыянавання фальваркаў; 26—28-ы — парадак збору падаткаў; 29—30-ы — правядзенне валочнай памеры; 31-ы — парадак збору дзесяціны для мясц. адміністрацыі; 32—34, 40, 48, 49-ы — функцыянаванне лясной гаспадаркі, карыстанне насельніцтвам пушчамі, рэкамі і азёрамі; 35—38-ы — дадатковыя павіннасці сялян (падводы, падвоз камення, будаўніцтва мастоў і інш.); 39-ы — надзяленне зямлёй і абавязкамі рамеснікаў; 41—43-і — парадак задавальнення шкод і крыўд, пакарання злачынцаў; 44-ы — павіннасці на карысць Віленскага і Трокскага замкаў; 45-ы — становішча шляхты ў Жамойці; 46-ы — становішча «рус. валасцей» (падняпроўскіх і падзвінскіх); 47-ы — становішча старостаў і дзяржаўцаў.
Агр. рэформа ў дзярж. уладаннях, праведзеная паводле «У. на в.», дала пачатак перабудове сельскай гаспадаркі ВКЛ. Па прыкладу гаспадара прыватныя і духоўныя землеўладальнікі таксама пачалі праводзіць валочную памеру, ствараючы нават свае адмысловыя ўставы. Рэалізацыя палажэнняў «У. на в.» стварыла прыкладна роўныя ўмовы для атрымання зямельнага надзелу і адбывання павіннасцей з яго і гэтым затармазіла дыферэнцыяцыю сялян. Дакладна вызначаныя павіннасці (у т. л. і раней уведзеныя), дастаткова роўны іх цяжар (2 дні паншчыны з валокі на тыдзень) не выклікалі значных пярэчанняў падданых. Закладзеныя ва ўставу эканам. ідэі спрыялі росту прыбыткаў феадалаў, а разам з тым стваралі ўмовы гасп. стабільнасці і вызначанасці для феадальна-залежнага насельніцтва, спрыялі ўмацаванню эканомікі краіны ў цэлым.
Публ.:
Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. Мн., 1959.
Літ.:
Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАКАРТЫ́Я (ад філа... + лац. carta, charta ад грэч. chartēs папера, спісаны ліст, кніга),
калекцыяніраванне, як правіла ілюстраваных, паштовых картак (паштовак). Зарадзілася ў канцы 19 ст., калі пачаўся масавы выпуск паштовак, якія атрымалі міжнар. пашырэнне як самы танны від паштовага адпраўлення. Першая паштоўка выпушчана ў 1869 у Аўстра-Венгрыі (у Расіі ў 1872); першая ілюстраваная — у 1870 у Германіі і Францыі (у Расіі ў 1895).
У 1878 на 1-м Сусв. паштовым кангрэсе ў Парыжы прыняты міжнар. стандарт паштоўкі: 9 × 4 см; у 1925 — 10,5 × 4,8 см. Першапачаткова адваротны бок прызначаўся для адраса (спец. месца для пісьма не прадугледжвалася), з 1904 яе левая палова адведзена для пісьма. Сучасныя ілюстраваныя паштоўкі падзяляюцца на мастацкія (рэпрадукцыйныя і арыгінальныя) і дакументальныя (фотапаштоўкі). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі першыя арг-цыі філакартыстаў, пачалі выдавацца спец. часопісы і каталогі, адбыліся міжнар. выстаўкі і кангрэсы калекцыянераў і выдаўцоў паштовак. У б.СССР штогод выдавалася 7—8 тыс. сюжэтаў паштовак агульным тыражом 2,5—3,5 млрд.экз. Матэрыялы па Ф. друкаваліся (да 1992) у зб. «Савецкі калекцыянер» і час. «Филателия СССР».
На Беларусі першыя ілюстраваныя паштоўкі з’явіліся ў 1890-х г. — у Мінску, Гродне, Брэсце. З 1900-х г. паштоўкі пачалі выдаваць прыватныя выд-вы, кніжныя магазіны, фотаатэлье Ліды, Слуцка, Кобрына, Рагачова і інш.Найб. значным быў выпуск паштовак у 1905—10 (друкаваліся ў губернскіх, павятовых і нават заштатных гарадах). У гады 1-й сусв. вайны ням.акупац. ўлады выдалі пэўную колькасць паштовак з відамі гарадоў Беларусі для патрэб армейскай палявой пошты. Шэраг паштовак быў надрукаваны ўрадам БНР. У 1923 створана Усерас.т-ва філатэлістаў, у якім існавала секцыя Ф. Аддзяленні т-ва існавалі ў Мінску, Гомелі, Рагачове, Віцебску, Мазыры. Да канца 1930-х г. дзейнасць т-ва заняпала ў сувязі з арыштамі яго членаў органамі АДПУ—НКУС. У 1925 Нар. камісарыят пошт і тэлеграфаў СССР выдаў бел. неілюстраваныя паштоўкі для міжнар., а ў 1926 для ўнутр. карэспандэнцыі. У канцы 1920-х г. невял. серыі паштовак выпусціла Дзярж.выд-ваБССР тыражамі па 5 тыс.экз., а ў пач. 1930-х г. — Дзярж.выд-ва мастацтва. У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. існавалі групы, т-вы, клубы калекцыянераў, у т. л. філакартыстаў, у Вільні, Брэсце, Гродне, Беластоку, Лідзе, Лунінцы, Кобрыне, Баранавічах, Слоніме, Пінску і інш., паштоўкі выпускалі Беларускае выдавецкае таварыства, выд-ва Ф.Аляхновіча і інш. выд-вы ў Вільні, Гродне, Брэсце, Слоніме, Навагрудку. У Вял.Айч. вайну шматлікія калекцыі бел. філакартыстаў загінулі ці вывезены ў Германію. У першыя пасляваенныя гады ў Беларусі друкавалася мала паштовак, але ў 1961 Дзярж.выд-ваБССР (з 1963 «Беларусь») надрукавала 77 відаў паштовак агульным тыражом больш за 3,5 млн.экз., а ў 1966—136 відаў агульным тыражом 23 млн.экз. У 1966 у СССР створана Усесаюзнае т-ва філатэлістаў, пры якім дзейнічала секцыя Ф. Аддзяленне т-ва створана і на Беларусі. У 1992 створаны Саюз філатэлістаў Беларусі, пры якім існуе секцыя Ф. Секцыя Ф. існуе і пры Мінскім т-ве калекцыянераў. З 1990 выдаецца газ. «Беларускі калекцыянер», якая змяшчае матэрыялы пра Ф.
Літ.:
Подлипский А.М. Белоруссия на почтовых открытках. Мн., 1988;
Целеш В. Мінск на старых паштоўках. Мн., 1984;
Яго ж. Гарады Беларусі на старых паштоўках. 2 выд.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПАЛЕ́РЫ (ням. Spalier ад італьян. spalliera),
1) насценныя гладкатканыя дываны, выкананыя ў тэхніцы т.зв. рэпсавага ўточнага перапляцення. Выява ўтвараецца чаргаваннем рознакаляровых нітак утку (шэрсць, шоўк. часам залатыя ці сярэбраныя ніткі), якія перадаюць паступовую змену тону або рэльефнасці і, шчыльна закрываючы нефарбаваную аснову (шэрсць, лён), ствараюць характэрную рубчастую фактуру. Ш. ўзнаўляюць узор або карціну ў натуральную велічыню з кардону, які найчасцей выконваўся паводле мініяцюр, гравюр ці карцін вядомых мастакоў.
Вытокі ткацкай тэхнікі Ш. у маст. тканінах Стараж. Грэцыі, Месапатаміі, копцкіх тканінах 3—12 ст. У Зах. Еўропе Ш. вядомы з канца 11 ст. Дасягнулі росквіту ў 2-й пал. 14 ст. ў творах майстроў Парыжа, Араса, Турнэ і Бруселя, калі геам., расл. і геральдычныя матывы змяніліся сюжэтнымі выявамі рэліг., міфалагічнай, гісторыка-рамант. тэматыкі, серыямі, прысвечанымі ўшанаванню каралеўскіх і магнацкіх родаў: «Апакаліпсіс» (ткач Н.Батай, мастак Ж.Бандоль, 1377—80), серыя «Дзевяць герояў» (каля 1385, усе парыжская школа), «Дама з аднарогам», «Паляванне на аднарога», «Тры каранаванні» (усе канец 16 ст., брусельская школа) і інш. У 17 ст. агульнаеўрап. вядомасць набылі вырабы каралеўскай мануфактуры габеленаў у Парыжы (серыі «Гісторыя Аляксандра», «Гісторыя караля», «Месяцы», «Каралеўскія дамы» і інш.), пасля чаго да 19 ст. ўсе Ш. сталі называць габеленамі. Сярод мастакоў, якія выконвалі эскізы і кардоны для Ш., П. да Картона, Н.Пусэн, П.П.Рубенс і інш.
На Беларусі Ш. выраблялі ў канцы 17—1-й пал. 19 ст. на ткацкіх мануфактурах (тапіцэрыях) кн. Радзівілаў у Бяла-Падлясцы (цяпер Польшча), Нясвіжы (Мінская вобл.), Альбе (цяпер у межах Нясвіжа), Міры (Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл.), Карэлічах (гл.Карэліцкія шпалеры), кн. Агінскіх у Слоніме (Гродзенская вобл.; 12 Ш. з выявамі ант. статуй, у т. л. «Флейтыст», «Амфітрыта», «Вакханка», «Геркулес»), на каралеўскіх мануфактурах А.Тызенгаўза ў Гродне. У сучасным габеленавым ткацтве да традыц. гладкатканай тэхнікі і кампазіцыйнай пабудовы Ш. звярталіся Л.Пятруль, Ф.Шунейка і інш. 2) Рулонная папера (узорыстая ці аднатонная) для абклейкі сцен, столі і інш. Працэсы вытв-сці: выраб друкавальнай формы (клішэ), друкаванне малюнка на машыне, сушка і перамотка. Адрозніваюць Ш. звычайныя, вільгацеўстойлівыя (якія можна мыць) і гукапаглынальныя (варсаваныя). На Беларусі вырабляюцца на Мінскай шпалернай фабрыцы, Гомельскім акцыянерным таварыстве «Гомельшпалеры».
3) У садова-паркавым мастацтве рады дрэў, кустоў абапал дарогі ці дарожкі, якія ўтвараюць алеі. Выкарыстоўваюцца пераважна пры стварэнні рэгулярных кампазіцый. Алеі маглі мець выгляд калідораў з высокімі зялёнымі сценамі, у якіх праразаліся «дзверы» і «вокны». Падобныя сцены могуць акаймоўваць прамавугольнікі баскетаў, аддзяляюць партэры ад бакавых алей, служаць фонам, на якім размяшчаюцца скульптуры. Жывую агароджу робяць з граба, ліпы, бука ляснога, а таксама з некаторых высокарастучых кустоў. На Беларусі Ш. вядомы ў парках вёсак Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Дзярэчын Зэльвенскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-наў Гродзенскай вобл., вёсак Бачэйкава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., Альба Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. і інш. Ш. наз. таксама рашотку-апору для прымацавання павойных раслін.
4) Рады, шарэнгі войск па абодва бакі руху каго-н. або чаго-небудзь.
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
С.У.Пешын, В.Р.Анціпаў.
Шпалеры «Юнакі, якія кідаюць ружы свінням і зерне галубам». Фрагмент. Францыя. Пач. 16 ст.Шпалеры «Бітва пад Славечнай» (фрагмент). Карэлічы. 2-я пал. 18 ст.Шпалеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ,
этнаграфічны рэгіён, які займае большую частку Мінскай і зах. ўскраіну Магілёўскай абласцей. На Пн мяжуе з Паазер’ем, на У — з Падняпроўем, на Пд — з Усходнім Палессем (гл. Дадатак), на З — з Панямоннем. Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове (патомкі дрыгавічоў і крывічоў) з удзелам асобных груп палякаў, рускіх, татараў і інш. З 10 ст.паўн.ч. рэгіёна ўваходзіла ў склад Полацкага княства. У пач. 12 ст. вылучыліся самаст. Мінскае, Ізяслаўскае, Лагожскае княствы. У 14 ст. Ц.Б. увайшла ў ВКЛ. З пач. 15 ст. Мінскі ўдзел быў у складзе Віленскага ваяводства (у 1566 утворана Мінскае ваяводства з цэнтрам у Мінску). Паўд. частка Ц.Б. ў старажытнасці была цесна звязана з Тураўскім княствам, дзе вылучыліся Слуцкі і Клецкі ўдзелы. У канцы 12 ст. Слуцкі ўдзел стаў самаст. княствам, якое ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай існавала як асобная адм. адзінка да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ц.Б. увайшла ў склад Мінскай губ.
У сярэдневякоўі Ц.Б. размяшчалася на сумежжы Белай Русі і Чорнай Русі і як этнагр. рэгіён са сваімі адметнымі рысамі склалася ў 18—19 ст. У ім былі сканцэнтраваны этнакульт. рысы, характэрныя амаль для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Аднак яна адыграла важную ролю ў фарміраванні бел. народнасці і культуры (Слуцк, Нясвіж, Клецк, Капыль і інш. гарады доўгі час былі буйнымі цэнтрамі культ. і паліт. жыцця). Мова Ц.Б. належыць да сярэднебеларускіх гаворак. Характар сельскіх пасяленняў мяняецца з ПнУ на ПдЗ і Пд ад невялікіх вёсак, раскіданых сярод лясоў, да мнагадворных сёл на адкрытай мясцовасці. Пасяленні вызначаліся выразнай планіроўкай, нярэдка мелі браму ў канцы вуліцы, якая нанач зачынялася. Вясковае жыллё і хлявы звычайна будавалі на адным баку вуліцы, а гумны, свірны, адрыны — на другім. На тэр. рэгіёна існавалі амаль усе тыпы забудоў (вянковы, пагонны, Г-падобны). Традыц.сял. жыллё — хата + сенцы, хата + сенцы + клець, зрэдку — хата + хата + сенцы. Да сянец часам дабудоўвалі ганак. Зруб ставілі з сасновых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам («у чашку»), Стрэхі крылі саломаю «пад шчотку», на У пераважала драўлянае крыццё. У традыц.нар. адзенні жанчын рэгіёна былі пашыраны кашуля з полікамі стрыманага дэкору, суконны клятчасты або паласаты андарак (або льняная спадніца), фартух, гарсэт, каптур з «вушкамі». хустка або намітка (гл.Капыльска-клецкі строй, Ляхавіцкі строй, Слуцкі строй, Вілейскі строй). Своеасаблівым арнаментам і каларыстычнай гамай вызначаюцца слуцкае ткацтва і капыльскае ткацтва. Мясц. кераміка па сваёй тэхналогіі і маст. якасцях вызначалася разнастайнасцю і спалучала ў сабе рысы, уласцівыя суседнім рэгіёнам. У адных і тых жа ганчарных цэнтрах вядома па некалькі спосабаў апрацоўкі гліны і вырабу посуду. Фармовачную масу рыхтавалі звычайна з гліны аднаго гатунку (часам з дамешкам жарствы) і апрацоўвалі на нажным ганчарным крузе з рухомай воссю. У 19 — пач. 20 ст.найб. пашыраны быў задымлены і паліваны посуд (бабруйская кераміка, гарадоцкая кераміка, дарасінская кераміка), а таксама абвараная кераміка (сіняўская кераміка). Вырабы размалёўвалі ў выглядзе хвойных галінак, стылізаваных кветак, паяскоў, хвалістых ліній (івянецкая кераміка, ракаўская кераміка).
Літ.:
Зеленский И. Материалы для географии и статистики России: Минская губерния. Ч. 1—2. СПб., 1864;
Титов В.С. Историко-этнографические регионы в экспозиции Белорусского государственного музея народной архитектуры и быта. Мн., 1982;
Яго ж. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ
Даследаванні магнітных матэрыялаў на Беларусі пачаліся ў пасляваенныя гады ў Фізіка-тэхнічным ін-це АН Беларусі пад кіраўніцтвам М.С.Акулава. Даследаваліся магнітааптычныя і магнітастрыкцыйныя ўласцівасці ферамагнетыкаў, распрацоўваліся метады магнітнага структурнага аналізу і магнітнай дэфектаскапіі. З 1963 гэтыя даследаванні працягнуты ў Ін-це прыкладной фізікі (да 1980 Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю) АН Беларусі, дзе распрацаваны метады і апаратура неразбуральнага кантролю ферамагнітных матэрыялаў (М.С.Акулаў, М.М.Зацэпін, А.А.Лухвіч, У.Ф.Мацюк, М.А.Мяльгуй, У.А.Франюк і інш.). З 1957 сістэматычнае даследаванне ўласцівасцей магнітных матэрыялаў пачалося пад кіраўніцтвам М.М.Сіраты ў арганізаваным ім Ін-це (да 1963 Аддзел) фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі.
Даследаваны працэсы сінтэзу, фізічныя і фізіка-хімічныя ўласцівасці магнітных матэрыялаў. Пабудаваны дыяграмы структурных, электрычных і дыэлектрычных характарыстык нікель-магнійцынкавых, магній-нікель-марганцавых і інш. падвойных і шматкампанентных сістэм ферытаў (Л.А.Башкіраў, В.І.Паўлаў, М.М.Сірата, М.Ю.Хачатран і інш.). Даследаваны структура і фізічныя ўласцівасці тонкіх ферамагнітных плёнак падвойных і патройных сплаваў жалеза, кобальту і нікелю, атрыманых тэрмічным выпарэннем і электралітычным асаджэннем (А.В.Балтушкін, Л.Ф.Ільюшэнка, С.У.Сухвала, Ж.П.Трафімава, М.У.Шэлег і інш.). Пабудаваны фазавыя дыяграмы магнітнага стану ўпершыню сінтэзаваных узаемных цвёрдых раствораў квазібінарных сістэм на аснове тэлурыдаў, селенідаў і сульфідаў марганцу, хрому, жалеза і нікелю; вывучаны ўласцівасці і пабудаваны Р-Т дыяграмы крышталічнага і магнітнага станаў арсеніду марганцу і цвёрдых раствораў на аснове арсенідаў і антыманідаў марганцу (Г.А.Говар, Г.І.Макавецкі, У.М.Рыжкоўскі, М.М.Сірата, Р.М.Шахлевіч, К.І.Янушкевіч і інш.). Выяўлены эфект гіганцкага магнітасупраціўлення ў шматслойных структурах Co-Cu, CoAg і інш. (В.М.Федасюк і інш.). У шэрагу аксідных паўправадніковых сістэм атрыманы саставы з вялікай велічынёй магнітарэзістыўнага эфекту (І.А.Траянчук, Дз.Дз.Халявін і інш.). Праведзены даследаванні ўплыву ізавалентных і рознавалентных замяшчэнняў у падрашотках ферытаў-гранатаў на характар пераарыентацыйных фазавых пераходаў, іх магнітныя, кінетычныя ўласцівасці і даменную структуру (С.М.Барыла, А.П.Гесь, В.В.Фядотава і інш.). Вывучаны механізм і кінетыка цвердафазных рэакцый у шэрагу цвёрдых раствораў ферамагнетыкаў са структурай шпінелі, гранату і гексаферытаў (У.В.Панькоў). З выкарыстаннем высокіх ціскаў атрыманы новыя магнітныя матэрыялы, даследаваны фазавыя пераходы ў іх у залежнасці ад ціску і тэмпературы (Г.А.Говар, Г.І.Макавецкі, У.М.Рыжкоўскі, І.А.Траянчук і інш.). Работы па сінтэзе магнітных матэрыялаў і даследаванні іх магнітных, электрычных і дыэлектрычных уласцівасцей вяліся таксама на арганізаваных М.М.Сіратой кафедрах фізікі цвёрдага цела БДУ і тэарэтычнай фізікі Бел.пед. ун-та (А.К.Богуш, Г.Л.Бычкоў, М.І.Данількевіч, А.А.Навіцкі, С.М.Пастушонак, В.І.Паўлаў і інш.). Даследаванні магнітных і электрычных уласцівасцей магнітных матэрыялаў на аснове складаных аксідаў вядуцца ў Бел.тэхнал. ун-це (Л.А.Башкіраў і інш.). Ферытавыя вырабы для прамысловасці Беларусі і замежных спажыўцоў вырабляе прадпрыемства «Ферыт» пры Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі (В.М.Шамбалёў, А.К.Богуш).
Літ.:
Маковецкий Г.И. Магнитные материалы и их применение // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002;
Актуальные проблемы физики твердого тела. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У 6—1-й ПАЛОВЕ 13 ст.
Утварэнне славянскіх супольнасцей. Гаспадарчае развіццё. У 5—7 ст. славяне ўключыліся ў працэс вялікага перасялення народаў. Славяне займалі землі на Пд ад р. Прыпяць і адсюль рассяляліся па тэр. Беларусі. Рухаючыся пераважна ўздоўж буйных рэк і іх прытокаў, яны паступова дасягнулі вярхоўяў Дняпра, Зах. Дзвіны, Акі, Ладажскага воз. Раннесярэдневяковыя слав. паселішчы на Беларусі найлепш даследаваны ў г. Петрыкаў, в. Снядзін (Петрыкаўскі р-н), каля в. Хотамель (Столінскі р-н). Засяленне славянамі сучасных бел. зямель працягвалася да 10 ст. і пазней. Доўгі час існавала змешанае пражыванне славян з балтамі, адбывалася славянізацыя балтаў. У славян было больш развітае, чым у балтаў, земляробства, намнога раней узніклі гарады і дзяржаўнасць. У 6—8 ст. у іх адбываўся распад родавых адносін, фарміраваліся суседскія сельскія абшчыны. Паводле візантыйскіх аўтараў, у тагачасным слав. грамадстве вылучаліся 3 сац. групы: свабодныя раўнапраўныя ў маёмасна-сацыяльным сэнсе абшчыннікі (іх была выключная большасць), нявольнікі — рабы (дамашняе рабства) і кіруючыя вярхі — племянная слав. знаць. Паўсядзённая пагроза ваенных нападаў з боку чужых плямён выклікала неабходнасць у абарончых збудаваннях. На тэр. Беларусі вядомы гарадзішчы 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. Ваенная дэмакратыя была формай пераходнага перыяду да класавага грамадства і ўтварэння дзяржавы. На Усх.Еўрапейскай раўніне ўтварылася каля 15 племянных «княжанняў», што ўяўлялі сабой раннесярэдневяковыя пранароднасці і адначасова прадзяржавы. На тэр. Беларусі сфарміраваліся супольнасці крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, у аснове якіх ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя сувязі.
Летапісны тэрмін «крывічы» — назва збіральная. Гэта вельмі вял. саюз плямён. Даследчыкі адрозніваюць 3 галіны крывічоў: полацкіх, смаленскіх і пскоўскіх (ці ізборскіх). Адпаведна гэтаму племяннымі іх цэнтрамі былі Полацк, Смаленск, Пскоў (ці Ізборск). У Полацкай зямлі было племянное княжанне крывічоў-палачан (назва ад р. Палата). Раннія паселішчы крывічоў існавалі ў Віцебску, Лукомлі, Браславе. Дрыгавічы — паўд. суседзі крывічоў мелі сваё княжанне. Паўн. мяжа іх рассялення праходзіла па лініі гарадоў Мінск, Заслаўе, Барысаў. Гал. дрыгавіцкім горадам лічыцца Тураў. Важным цэнтрам быў г. Пінск. Частка дрыгавічоў рассялілася на Брэстчыне. Радзімічы размяшчаліся ўздоўж р. Сож. Іх племянным цэнтрам быў г. Гомель. Напачатку яны плацілі даніну хазарам, потым кіеўскім князям. Ва ўмовах інтэграцыі рознаплемяннога слав. насельніцтва, славянізаваных балцкіх і фіна-угорскіх плямён ва Усх. Еўропе ствараліся перадумовы працэсу складвання 3 усх.-слав. народаў — беларусаў, рускіх, украінцаў. Заняткамі ўсх. славян былі земляробства, жывёлагадоўля, розныя промыслы. Рэлігійныя вераванні — язычніцкія. Памерлых хавалі ў курганах. Аснову ўсх.-слав. грамадства складалі сяляне-абшчыннікі. Яны былі свабоднымі земляробамі, іх называлі «людзі» («людзіны»). Ва ўсх. славян здаўна існавала патрыярхальнае, дамашняе рабства. Крыніцы здабывання рабоў — вайна, захоп людзей у палон. Рабы ўваходзілі ў склад сям’і, дзе яны былі дамашнімі слугамі і работнікамі. Раба можна было купіць і прадаць, атрымаць за яго выкуп. Але праца рабоў у гаспадарцы славян не адыгрывала такой вял. ролі, як у антычных дзяржавах. Для назвы раба ў славян выкарыстоўваліся словы «чалядзін», «халоп». У 6—9 ст. ва ўсх. славян было дафеадальнае грамадства. У 10—11 ст. складваліся феад. адносіны. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся «смерды», «закупы». Развіццё маёмаснай няроўнасці вяло да фарміравання землеўласнікаў (дружыннікі, баяры). Буйнымі феадаламі станавіліся прадстаўнікі княжацкіх родаў і старшыя дружыннікі.
На тэр. Беларусі ў 9—13 ст. існавала больш за 30 гарадоў. Гарады як цэнтры ўлады, гандлю і рамяства ўзнікалі з умацаваных паселішчаў часоў ваеннай дэмакратыі (Полацк, Віцебск, Лукомль, Гомель, Чачэрск), як крэпасці на граніцах з суседнімі княствамі (Мінск, Гродна, Орша, Копысь, Клецк, Друцк, Ваўкавыск, Брэст, Рэчыца), з замкаў (Заслаўе, Барысаў, Брагін, Мсціслаў). Важнай прыкметай горада было існаванне ў ім пасадскай абшчыны. У сярэдзіне 9 ст. ва Усх. Еўропе з’явіліся варагі (нарманы). Князь Рурык зацвердзіўся ў Ноўгарадзе. У 882 яго сваяк Алег захапіў Кіеў. Алег і Ігар былі першымі кіеўскімі князямі, якія падпарадкавалі сваёй уладзе амаль усе племянныя княжанні ўсх. славян. Адносна адзіная Кіеўская Русь у 1130-я г. распалася на асобныя княствы. Адначасова распалася і адзіная ўсх.-слав. народнасць, якая толькі пачала фарміравацца. Гэта садзейнічала працэсу ўтварэння беларускага, рускага (велікарускага), украінскага народаў.
Усходнелітоўскія курганы. Яцвягі. Крайнія паўн.-зах. раёны Беларусі (Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі і часткова інш.) з’яўляюцца спецыфічным рэгіёнам, на гіст.-культ. развіццё якога адчувальны ўплыў зрабілі балта-славянскія кантакты, што пацвярджаюць звесткі археалогіі, тапаніміі і айканіміі. Тут размяшчаюцца ўсходнелітоўскія курганы — пахавальныя помнікі лета-літоўскіх плямён 4—12 ст. Іх арэал абмежаваны на З сярэднім цячэннем Нёмана, на У ён дасягае воз. Свір, на Пд — басейна р. Мяркіс, на Пн — вярхоўяў р. Швянтойі. Для найбольш ранніх курганоў (4—5 ст.) характэрны пахавальны абрад трупапалажэння, потым пашырыўся абрад крэмацыі. Пахавальны інвентар багаты. У пахаваннях 5—8 ст. шмат зброі: наканечнікаў коп’яў, дэталей шчытоў, шпор, страмёнаў, цугляў і інш.; на мяжы 1—2-га тыс. набыло пашырэнне і пахаванне коней. На думку некат. вучоных, у пісьмовых крыніцах 11—13 ст. насельніцтва гэтай тэрыторыі выступае над назвай «літва». На погляд М.Я.Грынблата, вывучэнне этнічнай гісторыі крайніх паўн.-зах. раёнаў Беларусі выявіла пераканаўчыя факты, што большасць жыхароў гэтага рэгіёна з’яўляюцца нашчадкамі абеларушаных літоўцаў.
Неадназначна вырашаецца пытанне пра яцвягаў. Польскія гісторыкі, мовазнаўцы, археолагі абмяжоўваюць старажытную Яцвязь раёнам Сувалкіі ў паўн.-ўсх. Польшчы. У 1-м — пач. 2-га тыс. яны насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі р. Нараў. Некат. даследчыкі (В.В.Сядоў, Ю.У.Кухарэнка і інш.) у арэал яцвягаў уключаюць таксама Падляшша, Брэстчыну, значную частку Верхняга Панямоння. Асноўным іх аргументам з’яўляецца распаўсюджанне тут каменных курганоў і каменных магіл, якія па традыцыі лічацца яцвяжскімі. У каменных курганах 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і слав. тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён. Каменныя магілы датуюцца 11—17 ст. У 15—16 ст. у пахавальным абрадзе з’явіліся новыя элементы — выбітыя на камянях крыжы ў галаве пахаванняў, каменныя крыжы, устаноўленыя замест вял. камянёў. Асн. колькасць каменных магіл знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Магчыма, у каменных магілах пахаваны славянізаваныя (ці абеларушаныя) балты. Яцвязь уяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічна роднасных плямён: судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў. У 12—13 ст. яцвягі знаходзіліся на стадыі ваеннай дэмакратыі. Паводле старога звычаю органам іх рода-племяннога ладу былі князь і нобілі (знаць), але сацыяльная дыферэнцыяцыя была выяўлена слаба. У час бою яцвяжскія князі знаходзіліся ў самых небяспечных месцах і нярэдка гінулі. Аснову грамадства складалі свабодныя абшчыннікі — язычнікі. У час ваенных паходаў узнікалі саюзы ці канфедэрацыі князёў і зямель. З паведамленняў Галіцка-Валынскага летапісу вынікае, што ў 13 ст. яцвягі размяшчаліся паміж сярэднім правабярэжжам р. Нараў і сярэднім левабярэжжам Нёмана. У наш час гэта паўн. частка Падляскага ваяводства ў Польшчы. У летапісах не адзначана, каб яцвягі ў 12—13 ст. насялялі якія-небудзь раёны Беларусі. Яны зрабілі 2 набегі на Брэст і адзін на Пінск, але былі адбіты. Галіцка-валынскія князі ўчынілі некалькі буйных паходаў на яцвягаў. Каля 1276 нямецкія рыцары пачалі заваяванне Яцвязі. Пасля працяглай барацьбы яцвягі і суседнія прусы былі канчаткова заваяваны крыжакамі ў 1283—84. Значная колькасць яцвягаў перасялілася ў Літву і Беларусь. У летапісе паведамляецца, што вялікі князь ВКЛ Трайдзень дазволіў прусам (магчыма, і яцвягам) пасяліцца ў наваколлі Гродна і Слоніма.
Полацкае княства — адно з самых старажытных усх.-слав. княстваў-дзяржаў з цэнтрам у Полацку. Існавала ў 10—13 ст. Размяшчалася ў басейнах Зах. Дзвіны, Бярэзіны. Нёмана. Полацк упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862. Да 980 у Полацку княжыў Рагвалод. Наўгародскі князь Уладзімір Святаславіч забіў Рагвалода і ажаніўся з яго дачкою Рагнедай Рагвалодаўнай. Стаўшы вял. князем кіеўскім, ён аддаў Полацкую зямлю свайму сыну ад Рагнеды Ізяславу Уладзіміравічу, гэта стала пачаткам новай дынастыі полацкіх князёў. У 11 ст. Полацкае княства было даволі моцнае ў ваенных і эканам. адносінах. Пры Брачыславе Ізяславічу ў 1021 да Полацкай зямлі далучаны гарады Усвят і Віцебск. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці. Пасля Нямігскай бітвы 1067 князі Яраславічы захапілі Усяслава і зняволілі яго ў Кіеўскай вязніцы. У час Кіеўскага паўстання 1068 гараджане вызвалілі яго і абвясцілі вял. кіеўскім князем, але ён неўзабаве вярнуўся ў Полацк. У час княжання Усяслава ішлі войны з Уладзімірам Манамахам. Пасля смерці Усяслава Брачыславіча Полацкае княства пачало распадацца на ўдзелы. У 1-й пал. 12 ст. ўтварыліся Мінскае і Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, у 2-й пал. — Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Стрэжаўскае, магчыма, і Гарадзецкае княствы. Мінскі кн.Глеб Усяславіч спрабаваў сапернічаць з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам і пашырыць свае ўладанні за кошт Тураўскага княства. У 1116 Уладзімір Манамах зрабіў паход на Мінскае і Друцкае княствы, захапіў Друцк, а Оршу і Копысь перадаў Смаленску; у 1119 захапіў Мінск, а яго князя Глеба Усяславіча ўзяў у палон і адправіў у Кіеў. Барацьба Полацка з Кіевам не спынялася і пасля смерці Уладзіміра Манамаха. У 1127 яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.-рус. кааліцыі князёў супраць Полацкага княства; яны ўварваліся ў межы княства чатырма дарогамі — на Ізяслаўль, Лагойск, Барысаў і Друцк, захапілі некалькі гарадоў. Полацкія князі па-ранейшаму не хацелі падпарадкоўвацца Кіеву. Тады Мсціслаў захапіў іх у палон і разам з сем’ямі выслаў у Візантыю (1129). Праз нейкі час яны вярнуліся, і з 1139 уся Полацкая зямля, акрамя Оршы і Копысі, зноў апынулася пад уладай прадстаўнікоў мясц. дынастыі — нашчадкаў Усяслава. Аднак улада князёў у Полацку слабела. Іх назначэнне і выгнанне залежала ад веча, дзейнасць якога накіроўвалі буйныя феадалы. З дапамогай веча феад. знаць абмяжоўвала ў сваіх інтарэсах уладу князя. На полацкім троне былі сыны Усяслава Давыд і Барыс. У 1132 веча выбрала князем унука Усяслава Брачыславіча — Васільку. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася барацьбой баярскіх груповак, зменай князёў, выступленнямі гараджан. У 1151 і 1159 за трон змагаліся ўнукі Усяслава друцкі кн. Рагвалод Барысавіч і мінскі кн. Расціслаў Глебавіч. Пазней полацкім князем стаў віцебскі кн. Усяслаў Васількавіч, які княжыў да 1180. У 1160—70-я г. віцебскія і полацкія князі часова трапілі ў васальную залежнасць ад Смаленскага княства. Паміж імі ўзнікалі міжусобіцы. Разам з тым у перыяд феад. раздробленасці паміж Полацкай і Смаленскай землямі мелі месца кансалідацыйныя тэндэнцыі. Паміж імі пачалі складвацца ўстойлівыя гандл. і культ. сувязі. Вакол Полацка і Смаленска ўзнік буйны смаленска-полацкі дыялект, які адыграў значную ролю ў складванні бел. народнасці.
Тураўскае княства склалася на тэр. дрыгавічоў. Яно прымыкала да паўд. граніц Полацкай зямлі. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980.
Назву горада летапісец звязваў з імем князя Тура і лічыў, што той з’явіўся на Бел. Палессі тады ж, калі князь Рагвалод у Полацку. З 988 у Тураве княжыў Святаполк Яраполчыч, з 1052 Ізяслаў Яраславіч — заснавальнік тураўскай дынастыі Ізяславічаў. Пазней тут сталі княжыць яго сыны Яраполк і Святаполк, які ў 1093 заняў і кіеўскі прастол. З 1113 Тураў ва ўладанні вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха, а пасля яго смерці — Вячаслава Уладзіміравіча. Ён удзельнічаў у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацк (1127). У 1142—57, у час барацьбы за кіеўскі прастол, Тураўскае княства часта пераходзіла з рук у рукі. У 1157 кн.Юрый Яраславіч (унук Святаполка Ізяславіча) дамогся незалежнасці Тураўскага княства і аднавіў тут дынастыю Ізяславічаў. У 2-й пал. 12 ст. Тураўскае княства распалася на ўдзелы. Узніклі Пінскае, Дубровіцкае, Клецкае, Слуцкае княствы. У параўнанні з Полацкам грамадска-паліт. лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі, паводле роднасных сувязей, маглі заняць велікакняжацкі прастол у Кіеве, калі надыходзіла іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. А для непасрэднага кіравання Тураўскім княствам назначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. У Тураве існавала таксама пасада тысяцкага, які быў кіраўніком гар. апалчэння. Важную ролю ў жыцці Тураўскай зямлі адыгрываў Пінск. З цягам часу Пінск узвысіўся над Туравам. Многія гісторыкі называюць Тураўскае княства Турава-Пінскім. У час мангола-татарскага нашэсця асн. маса заваёўнікаў прайшла на Пд ад Турава і Пінска.
Палітычная гісторыя іншых зямель Беларусі. На землях Сярэдняга Пабужжа знаходзіліся гарады Брэст (Берасце), Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск (3 апошнія цяпер на тэр. Польшчы). Размяшчаліся гарады на абодвух баках Зах. Буга. Уся гэта прастора ў сярэдневякоўі была аб’яднана вакол свайго гал. горада — Брэста. Першыя летапісныя звесткі пра яго ў «Аповесці мінулых гадоў» адносяцца да 1019, калі адбывалася жорсткая барацьба паміж князямі за велікакняжацкі прастол. У канцы 12 ст. горад апынуўся ў складзе ўладанняў галіцка-валынскага кн.Рамана Мсціславіча. Гэты князь пашырыў сваю ўладу на Кіеў, стаў магутным валадаром Русі.
Землі Бел. Пасожжа ў 12—13 ст. уваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Смаленск быў гал. горадам смаленскіх крывічоў, паходжаннем і культурай блізкіх да полацкіх крывічоў. Напачатку да Смаленскага княства адносілася паўн. частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапошаск, цяпер Слаўгарад). У 1116 да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэр. ніжняга цячэння Сажа з Гомелем, Чачэрскам і Рэчыцай у 12—13 ст. уваходзіла ў склад моцнага Чарнігаўскага княства. Гомель упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. Каля сярэдзіны 12 ст. ў Гомелі і, відаць, у Чачэрску (1159) з’явіліся ўласныя княжацкія прастолы.
Летапісы не паведамляюць, якія плямёны жылі ў Верхнім Панямонні (сучасная Гродзенская вобл. і 3 Мінскай вобл.). Археал. даследаванні сведчаць, што тут змешваліся розныя плямёны. Усх. славяне (дрыгавічы, валыняне, крывічы) суседнічалі і суіснавалі з балцкімі (літоўскімі, яцвяжскімі, прускімі) плямёнамі. Слав. каланізацыя Панямоння адбывалася з розных бакоў. Славяне засноўвалі свае гарады на ўзвышшах з канца 10 ст. (Навагрудак, Ваўкавыск, Гродна). У 11 ст. ўзнік Слонім. Гэтыя гарады ў 12—1-й пал. 13 ст. сталі цэнтрамі асобных княстваў. Князі з Гродна падтрымлівалі сувязі з Кіевам. Яны неаднаразова выступалі разам з кіеўскімі князямі ў сумесных паходах супраць качэўнікаў-полаўцаў. У 12 ст. Гродна, відаць, адыгрывала ролю сталічнага горада ў Панямонні. З 13 ст. гэта роля перайшла да Навагрудка. Ён з 12 ст. забудоўваўся багатымі дамамі; некаторыя былі 2-павярховыя, з зашклёнымі вокнамі, а асобныя ўпрыгожаны фрэскамі. У Навагрудак траплялі дарагія вырабы з Візантыі і падуладных ёй краін. Шэраг прычын садзейнічаў узвышэнню Навагрудскага княства ў сярэдзіне 13 ст. У ім быў даволі высокі ўзровень сельскай гаспадаркі (гэтаму спрыяла і ўрадлівасць глебы), рамяства, гандлю. Крыжацкая і татарская навала напачатку не дасягала Навагрудскай зямлі, якая знаходзілася на значнай адлегласці ад гэтай небяспекі. Гарадская знаць была зацікаўлена ў аб’яднанні вакол княства інш. зямель.
Крыжацкая і татарская навала. У канцы 12 ст. пачалося пранікненне нямецкіх рыцараў на берагі Рыжскага заліва і ў басейн Зах. Дзвіны. З пач. 13 ст. палачане разам з лівамі, латгаламі, эстамі і інш. плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ў Прыбалтыку. Лівы і латгалы з даўніх часоў плацілі даніну полацкім князям і пасылалі ім дапаможныя войскі. У ніжнім цячэнні Зах. Дзвіны размяшчаліся гарады-замкі Кукенойс і Герцыке. Імі кіравалі васалы полацкага князя. Полацкія дружыны на чале з кн.Уладзімірам не раз выступалі супраць крыжакоў (1203, 1206, 1216). Але крыжакам удалося захапіць Кукенойс і Герцыке. У 1212 рыжскі біскуп Альберт дамогся спынення выплаты даніны Полацку лівамі. Полацк страціў Ніжняе Падзвінне, і толькі для купцоў захаваўся свабодны шлях па Зах. Дзвіне. Націск крыжакоў на ўсх.-слав. землі паступова ўзмацняўся, чаму садзейнічала аб’яднанне ў 1237 ордэна мечаносцаў, перайменаванага ў Лівонскі ордэн, з Тэўтонскім. У 1-й чвэрці 13 ст. Полацк і Віцебск прызналі вярхоўную ўладу смаленскага кн.Мсціслава Давыдавіча. Гэта спрыяла згуртаванню сіл, якія процістаялі крыжацкай агрэсіі. Саюз Полацка, Віцебска і Смаленска меў вял. значэнне для абароны зах. зямель Русі ад крыжакоў. Полацк умацоўваў паліт. сувязі з Наўгародскай зямлёй, аб чым сведчыць шлюб кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1239. У пераможнай бітве са шведскімі рыцарамі на Няве (1240) вызначыўся Якаў Палачанін, які быў на службе пры двары Аляксандра. Перамога Аляксандра Неўскага ў бітве на Чудскім возеры ў 1242 над нямецкімі рыцарамі прыпыніла рух крыжакоў ва ўсх.-слав. землі.
У канцы 1237 унук Чынгісхана Батый пачаў заваёўніцкі паход у землі Русі. Зімой 1239 мангола-татарскія войскі ўварваліся ў паўд.-рус. землі, у 1240 узялі і разрабавалі Кіеў, затым Уладзімір-Валынскі і Галіч. У Іпацьеўскім летапісе гаворыцца, што вясной 1241 у наваколлі Брэста нельга было «выйсці на поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых». Выказваюцца меркаванні, што гэта было вынікам уварвання сюды атрада мангола-татараў. Пасля заваявання большай часткі ўсх.-слав. зямель мангола-татарскае войска рушыла ў Польшчу, Венгрыю, Чэхію і інш. краіны. Нарэшце наступленне мангола-татараў у глыбіню Еўропы стала немагчымым, і яны вымушаны былі ў 1242 павярнуць назад. Барацьба народаў Усх. і Цэнтр. Еўропы пазбавіла краіны Захаду ад спусташальнага мангола-татарскага нашэсця. Княствы на тэр. Беларусі таксама не зведалі яго. Аднак знешнепаліт. сітуацыя, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст., была вельмі небяспечная для літ. і бел. зямель. У гэтых умовах унутрыпаліт. супярэчнасці пачалі адыходзіць на другі план. Усё больш надзённай станавілася задача аб’яднання зямель.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2—3. Мн., 1999—2000;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1 Мн., 1972;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўн. Беларусі. Мн., 1992;
Яго ж. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд.Мн., 2002;
Гісторыя Беларусі. Т. 1. Мн., 2000;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерк происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Сев. Белоруссии). М., 1966;
Яго ж. Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Вост. Белоруссии. М., 1980;
Лысенко П.Ф. Дреговичи. Мн., 1991;
Яго ж. Туровская земля XI—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001;
Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в XI—XIII вв. Мн., 1989;
Каробушкіна Т.М. Насельніцтва Беларускага Пабужжа X—XIII стст. Мн., 1999.
Г.В.Штыхаў.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРУ́Н (англ. Cameroon, франц. Cameroun), Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun),
дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗ з Нігерыяй, на Пн і ПнУ з Чадам, на У з Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс.км². Нас. 14677,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г.Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.
Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 км з ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр.ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 м з конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн.т, 1993), жал. руда (240 млн.т), прыродны газ (110 млрд.м³), нафта (71 млн.т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс.ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст.паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст.феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваны франц. і брыт. войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр.ААН з захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.
У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд.ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац.дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш. Адзіны прафс. цэнтр — Прафс.арг-цыя працоўных К.
Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд.дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал.харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш.Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс.га, збор 70 тыс.т, 1995), кава (340 тыс.га, 100 тыс.т), бавоўна (каля 300 тыс.га, 170 тыс.т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і З краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс.т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн.м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн.т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сці буд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр.прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр.з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч.ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс.км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты: Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд.дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн.дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.
Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная з нар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.Матып, М.Беці, Ф.Аяно). У 1960-я г.
зарадзілася навела (Р.Філамбэ, Г.Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.Ж.Макто) і сац.-крытычнымі (Р.Меду Мвамо, П.Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.М.Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац.маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).
Літ.:
Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камеруна.Да арт.Камерун. Горад Дуала.Да арт.Камерун. Краявід на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТЭ (Goethe) Іаган Вольфганг фон (28.8.1749, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.3.1832),
нямецкі пісьменнік, мысліцель і прыродазнавец; адзін з заснавальнікаў ням. л-ры новага часу. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Вучыўся ў Лейпцыгу (1765—68) і Страсбуры (1770—71). З 1775 жыў у Веймары. Першы зб. вершаў «Лейпцыгская кніга песень» (1769). Пад уплывам літ. руху «Бура і націск» напісаны драмы «Гёц фон Берліхінген» (1773), «Клавіга» (1774), «Стэла» (1775), сентыментальны раман «Пакуты маладога Вертэра» (1774). У 1786—88 і 1790 падарожнічаў па Італіі. Сябраваў з Ф.Шылерам, у канцы 1780-х г. разам з ім распрацаваў канцэпцыю т.зв. веймарскага класіцызму (трагедыі «Іфігенія ў Таўрыдзе», 1787; «Тарквата Таса», цыкл «Рымскія элегіі», абодва 1790). У гіст. драме «Эгмант» (1788) уславіў барацьбу за нац. незалежнасць. Яго негатыўныя адносіны да Французскай рэвалюцыі 1789—99 выявіліся ў «Венецыянскіх эпіграмах» (1790, выд. 1796), п’есе-памфлеце «Грамадзянін-генерал» (1793), скіраванай супраць рэв. насілля, і паэме-ідыліі «Герман і Даратэя» (1797). У паэме «Рэйнеке-Ліс» (1793) высмеяў феад. прыгнёт і дэспатызм. Класічны ўзор «рамана выхавання», спалучаны з сац. утопіяй, — «Гады вучэння Вільгельма Майстэра» (1795—96) і «Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра» (ч. 1—3, 1821—29). Праблемы фарміравання асобы і ўзаемаадносін чалавека і грамадства закрануты таксама ў аўтабіягр. кнігах «З майго жыцця. Паэзія і праўда» (ч. 1—4, выд. 1811—33) і «Італьянскае падарожжа» (т. 1—3, 1816—29). Цікавасць да Б.Усходу выявілася ў зб. інтымнай лірыкі, навеянай перс. паэзіяй, «Заходне-ўсходні дыван» (1819). Твор усяго жыцця Гётэ, выдатны маст. помнік ням. і сусв. л-ры — трагедыя ў вершах «Фауст» (ч. 1—2, 1808—31), якая падвяла вынік развіццю еўрап. асветніцкай думкі 18 ст. У ёй філас. роздум пра сэнс быцця, спрадвечнае імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сусвету, вера ва ўсепераможнасць працы і пазнання. Гётэ аўтар літ.-маст. даследаванняў («Да дня Шэкспіра», 1771; «Пра нямецкае дойлідства», 1773; «Пра нямецкі тэатр», 1812—13, і інш.), прыродазнаўчых прац («Вопыт аб метамарфозе раслін», 1790; «Вучэнне пра колер», 1810, і інш.).
Шырокую вядомасць набылі малюнкі Э.Дэлакруа да «Фауста». На творы Гётэ пісалі музыку: Л.Бетховен — да драмы «Эгмант» (1810), Ш.Гуно — оперу «Фауст» (1859), А.Бойта — оперу «Мефістофель» (1868), Ж.Маснэ — оперу «Вертэр» (1886), Г.Берліёз — араторыю «Асуджэнне Фауста» (1846). На бел. мову творы Гётэ перакладалі А.Барычэўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, Ю.Таўбін, В.Вольскі, С.Ліхадзіеўскі, А.Зарыцкі, В.Сёмуха, А.Лойка. І.Навуменка адзначыў тыпалагічныя паралелі асобных вобразаў і сцэн у творах Я.Купалы і Гётэ, падкрэсліваў значэнне «Фауста» для стварэння драм. паэм Я.Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане». Бел. мастак А.Кашкурэвіч даў новую маст. інтэрпрэтацыю вобразаў «Фауста». Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўкі опер «Фауст» Гуно (1950), «Вертэр» Маснэ (1959).
Тв.:
Бел.пер. — Рэйнеке-Ліс. Мн., 1940;
Спатканне і ростань: Выбр. лірыка. Мн., 1981;
Фауст: Трагедыя. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
У кн.: Ліхадзіеўскі С. Берасцянка жывых трывог. Мн., 1962;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М.; Л., 1932—49;
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1975—80;
Фауст. Мн., 1971;
Избр. произв.Мн., 1977.
Літ.:
Барычэўскі А. Гётэ і ягоны Фауст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1;
Вильмонт Н. Гете: История его жизни и творчества. М., 1959;
Тураев С. Иоганн Вольфганг Гете. 2 изд. М., 1957;
Шагинян М. Гете. М.; Л., 1950;
Эккерман И.П. Разговоры с Гете в последние годы его жизни. М.; Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМН (грэч. hymnos),
урачыстая песня. У сучасным разуменні разам з дзярж. гербам і дзярж. сцягам з’яўляецца афіц. сімвалам дзяржавы (гімн дзяржаўны). Існуюць таксама гімны рэв., парт., вайск., рэліг., спарт., прысвечаныя пэўным гіст. падзеям, святам, героям і інш. Іх выконваюць у час афіц.дзярж. мерапрыемстваў, масавых маніфестацый, святкаванняў, мітынгаў, сходаў, спарт. спаборніцтваў і інш. Прызначэннем гімна абумоўлены іх муз.-паэт. асаблівасці: заклікальнасць, узнёсласць, рытарычнасць муз. лексікі, велічнасць, шырыня, рытмічная размеранасць (часта маршавасць) музыкі. У розныя часы ствараліся і сатырычна-парадыйныя гімны. Змест паняцця гімна змяняўся ў працэсе гіст. развіцця. Найстаражытнейшыя гімны — малітоўныя песнапенні лірычнага характару (Егіпет, Месапатамія). У Стараж. Грэцыі гімнамі называлі харавыя песні ў гонар багоў і герояў, разнастайныя культавыя песнапенні (дыфірамб, праомія, прасодыя, пеон і інш.). У перыяд ранняга хрысціянства гімнамі лічыліся страфічныя духоўныя песні. У богаслужэнне хрысц. Рымскай царквы гімны ўведзены ў 4 ст.н. э., у інш. краінах Зах. Еўропы — у 5—6 ст. З 14 ст. вядомы ўзоры гімнічнага шматгалосся (творы Г.Дзюфаі). Сац.-рэліг. рух 15—16 ст. спарадзіў новыя, аддаленыя ад царк. абраду формы гімна, разнастайныя пратэстанцкія гімны, у якіх адчувальны ўплыў нац. фальклору. На Беларусі пашырэнне рэфармацыйных ідэй суправаджалася пранікненнем пратэстанцкіх песнапенняў. Своеасаблівай разнавіднасцю гімна сталі распаўсюджаныя на Беларусі з 2-й пал. 16 ст.канты і псальмы (свецкія харавыя песні) — носьбіты сутнасных рыс беларусаў, адлюстраваных у муз.-паэт. вобразнасці гэтых твораў (напр., героіка-патрыят. кант «Даруй спакой» А.Філіповіча, 1646). Канты-гімны друкаваліся ў канцыяналах, багагласніках, у т. л. ў адных з першых ва Усх. Еўропе друкаваных зб-ках «Брэсцкі канцыянал» (1558), «Нясвіжскі песеннік» (1563). Да 19 ст. гімн сфарміраваўся як урачыстая песня свецкага характару. У працэсе рэв. і нац.-вызв. барацьбы з’явілася шмат песень-гімнаў, у т. л. «Марсельеза» К.Ж.Ружэ дэ Ліля, «Гімн свабодзе» Ф.Гасека, «Гімн розуму» Э.Мегюля (Францыя), «Гімн Гарыбальдзі» А.Аліўеры (Італія), «Гімн Рыега» Ф.Уэрты (Іспанія), «Ракацы-марш» (Венгрыя), «Мазурка Дамброўскага» (Польшча). «Інтэрнацыянал» П.Дэгейтэра стаў гімнам салідарнасці працоўных. На Беларусі ў час паўстання 1863—64 пашырыліся баявыя (ваяцкія) песні-гімны (таксама польскія і бел. паўстанцкія гімнічныя песні на вершы Ф.Ражанскага). Шмат бел. песень-гімнаў напісана ў час рэв. руху пач. 20 ст.: «А хто там ідзе?» Л.Рагоўскага, «Не пагаснуць зоркі ў небе» М.Янчука, «Гэй, наперад, покі сэрца б’ецца» (усе на вершы Я.Купалы), «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» М.Тэраўскага на вершы М.Краўцова, «Пагоня» М.Куліковіча-Шчаглова на словы М.Багдановіча і інш.
У 1955 Дзярж. гімнам Рэспублікі Беларусь зацверджана песня «Мы беларусы», напісаная кампазітарам Н.Сакалоўскім на словы М.Клімковіча. У характары і стылістыцы гімна шмат песень створана бел. кампазітарамі: «Радзіма мая дарагая» У.Алоўнікава на словы А.Бачылы, «Беларусь — мая песня» Ю.Семянякі на словы М.Браўна, «Песня пра Нёман» Сакалоўскага на словы А.Астрэйкі, а таксама «Жыві, Беларусь» А.Багатырова, «На родных прасторах» Р.Пукста, «Красуй, Беларусь» Я.Цікоцкага, «Беларусь — наша родная маці» Сакалоўскага. У пач. 1990-х г. песні-гімны створаны У.Мулявіным («Пагоня» на словы М.Багдановіча), В.Раінчыкам («Жыве Беларусь» на словы Л.Пранчака), В.Войцікам («Патрыятычны кант» на словы аўтара) і інш. Жанравыя рысы гімна маюць асобныя часткі, фрагменты, тэмы ў буйных муз. творах розных жанраў (фінал 9-й сімфоніі Л.Бетховена, 8-я сімфонія Г.Малера, хор «Слаўся» з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Гімн вялікаму гораду» з балета «Медны коннік» Р.Гліэра, «Гімн жыццю» — фінал 10-й сімфоніі М.Аладава, «Жыццесцвярджэнне» — фінал 5-й сімфоніі Цікоцкага і інш.).
Літ.:
Бернштейн Н.Д. История национальных гимнов. Пг., 1914;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Gerber R. Zur Geschichte des mehrstimmigen Humnus. Musikwissenschaftliche Arbeiten. B. 21. Kassel, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА Міхаіл Іванавіч (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),
рускі кампазітар. Заснавальнік рус.муз. класікі. Паходзіў са стараж.бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.Філда і Ш.Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк.рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус.нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп.нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац.муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж.муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус.муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.
Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.
Літ.:
Асафьев Б. М.И.Глинка. Л., 1978;
Канн-Новикова Е. М.И.Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;
Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;
Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;
Стасов В.В. Избранные статьи о М.И.Глинке. М., 1955;
Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;
Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;
Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;