ГІМН (грэч. hymnos),

урачыстая песня. У сучасным разуменні разам з дзярж. гербам і дзярж. сцягам з’яўляецца афіц. сімвалам дзяржавы (гімн дзяржаўны). Існуюць таксама гімны рэв., парт., вайск., рэліг., спарт., прысвечаныя пэўным гіст. падзеям, святам, героям і інш. Іх выконваюць у час афіц. дзярж. мерапрыемстваў, масавых маніфестацый, святкаванняў, мітынгаў, сходаў, спарт. спаборніцтваў і інш. Прызначэннем гімна абумоўлены іх муз.-паэт. асаблівасці: заклікальнасць, узнёсласць, рытарычнасць муз. лексікі, велічнасць, шырыня, рытмічная размеранасць (часта маршавасць) музыкі. У розныя часы ствараліся і сатырычна-парадыйныя гімны. Змест паняцця гімна змяняўся ў працэсе гіст. развіцця. Найстаражытнейшыя гімны — малітоўныя песнапенні лірычнага характару (Егіпет, Месапатамія). У Стараж. Грэцыі гімнамі называлі харавыя песні ў гонар багоў і герояў, разнастайныя культавыя песнапенні (дыфірамб, праомія, прасодыя, пеон і інш.). У перыяд ранняга хрысціянства гімнамі лічыліся страфічныя духоўныя песні. У богаслужэнне хрысц. Рымскай царквы гімн ўведзены ў 4 ст. н. э., у інш. краінах Зах. Еўропы — у 5—6 ст. З 14 ст. вядомы ўзоры гімнічнага шматгалосся (творы Г.Дзюфаі). Сац.-рэліг. рух 15—16 ст. спарадзіў новыя, аддаленыя ад царк. абраду формы гімна, разнастайныя пратэстанцкія гімны, у якіх адчувальны ўплыў нац. фальклору. На Беларусі пашырэнне рэфармацыйных ідэй суправаджалася пранікненнем пратэстанцкіх песнапенняў. Своеасаблівай разнавіднасцю гімна сталі распаўсюджаныя на Беларусі з 2-й пал. 16 ст. канты і псальмы (свецкія харавыя песні) — носьбіты сутнасных рыс беларусаў, адлюстраваных у муз.-паэт. вобразнасці гэтых твораў (напр., героіка-патрыят. кант «Даруй спакой» А.​Філіповіча, 1646). Канты-гімны друкаваліся ў канцыяналах, багагласніках, у т. л. ў адных з першых ва Усх. Еўропе друкаваных зб-ках «Брэсцкі канцыянал» (1558), «Нясвіжскі песеннік» (1563). Да 19 ст. гімн сфарміраваўся як урачыстая песня свецкага характару. У працэсе рэв. і нац.-вызв. барацьбы з’явілася шмат песень-гімнаў, у т. л. «Марсельеза» К.​Ж.​Ружэ дэ Ліля, «Гімн свабодзе» Ф.​Гасека, «Гімн розуму» Э.​Мегюля (Францыя), «Гімн Гарыбальдзі» А.​Аліўеры (Італія), «Гімн Рыега» Ф.​Уэрты (Іспанія), «Ракацы-марш» (Венгрыя), «Мазурка Дамброўскага» (Польшча). «Інтэрнацыянал» П.​Дэгейтэра стаў гімнам салідарнасці працоўных. На Беларусі ў час паўстання 1863—64 пашырыліся баявыя (ваяцкія) песні-гімны (таксама польскія і бел. паўстанцкія гімнічныя песні на вершы Ф.​Ражанскага). Шмат бел. песень-гімнаў напісана ў час рэв. руху пач. 20 ст.: «А хто там ідзе?» Л.​Рагоўскага, «Не пагаснуць зоркі ў небе» М.​Янчука, «Гэй, наперад, покі сэрца б’ецца» (усе на вершы Я.​Купалы), «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» М.​Тэраўскага на вершы М.​Краўцова, «Пагоня» М.​Куліковіча-Шчаглова на словы М.​Багдановіча і інш.

У 1955 Дзярж. гімнам Рэспублікі Беларусь зацверджана песня «Мы беларусы», напісаная кампазітарам Н.​Сакалоўскім на словы М.​Клімковіча. У характары і стылістыцы гімна шмат песень створана бел. кампазітарамі: «Радзіма мая дарагая» У.​Алоўнікава на словы А.​Бачылы, «Беларусь — мая песня» Ю.​Семянякі на словы М.​Браўна, «Песня пра Нёман» Сакалоўскага на словы А.​Астрэйкі, а таксама «Жыві, Беларусь» А.​Багатырова, «На родных прасторах» Р.​Пукста, «Красуй, Беларусь» Я.​Цікоцкага, «Беларусь — наша родная маці» Сакалоўскага. У пач. 1990-х г. песні-гімны створаны У.​Мулявіным («Пагоня» на словы М.​Багдановіча), В.​Раінчыкам («Жыве Беларусь» на словы Л.​Пранчака), В.​Войцікам («Патрыятычны кант» на словы аўтара) і інш. Жанравыя рысы гімна маюць асобныя часткі, фрагменты, тэмы ў буйных муз. творах розных жанраў (фінал 9-й сімфоніі Л.​Бетховена, 8-я сімфонія Г.​Малера, хор «Слаўся» з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Гімн вялікаму гораду» з балета «Медны коннік» Р.​Гліэра, «Гімн жыццю» — фінал 10-й сімфоніі М.​Аладава, «Жыццесцвярджэнне» — фінал 5-й сімфоніі Цікоцкага і інш.).

Літ.:

Бернштейн Н.Д. История национальных гимнов. Пг., 1914;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

Gerber R. Zur Geschichte des mehrstimmigen Humnus. Musikwissenschaftliche Arbeiten. B. 21. Kassel, 1965.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)