ФІЛАКАРТЫ́Я (ад філа... + лац. carta, charta ад грэч. chartēs папера, спісаны ліст, кніга),

калекцыяніраванне, як правіла ілюстраваных, паштовых картак (паштовак). Зарадзілася ў канцы 19 ст., калі пачаўся масавы выпуск паштовак, якія атрымалі міжнар. пашырэнне як самы танны від паштовага адпраўлення. Першая паштоўка выпушчана ў 1869 у Аўстра-Венгрыі (у Расіі ў 1872); першая ілюстраваная — у 1870 у Германіі і Францыі (у Расіі ў 1895).

У 1878 на 1-м Сусв. паштовым кангрэсе ў Парыжы прыняты міжнар. стандарт паштоўкі: 9 × 4 см; у 1925 — 10,5 × 4,8 см. Першапачаткова адваротны бок прызначаўся для адраса (спец. месца для пісьма не прадугледжвалася), з 1904 яе левая палова адведзена для пісьма. Сучасныя ілюстраваныя паштоўкі падзяляюцца на мастацкія (рэпрадукцыйныя і арыгінальныя) і дакументальныя (фотапаштоўкі). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі першыя арг-цыі філакартыстаў, пачалі выдавацца спец. часопісы і каталогі, адбыліся міжнар. выстаўкі і кангрэсы калекцыянераў і выдаўцоў паштовак. У б. СССР штогод выдавалася 7—8 тыс. сюжэтаў паштовак агульным тыражом 2,5—3,5 млрд. экз. Матэрыялы па Ф. друкаваліся (да 1992) у зб. «Савецкі калекцыянер» і час. «Филателия СССР».

На Беларусі першыя ілюстраваныя паштоўкі з’явіліся ў 1890-х г. — у Мінску, Гродне, Брэсце. З 1900-х г. паштоўкі пачалі выдаваць прыватныя выд-вы, кніжныя магазіны, фотаатэлье Ліды, Слуцка, Кобрына, Рагачова і інш. Найб. значным быў выпуск паштовак у 1905—10 (друкаваліся ў губернскіх, павятовых і нават заштатных гарадах). У гады 1-й сусв. вайны ням. акупац. ўлады выдалі пэўную колькасць паштовак з відамі гарадоў Беларусі для патрэб армейскай палявой пошты. Шэраг паштовак быў надрукаваны ўрадам БНР. У 1923 створана Усерас. т-ва філатэлістаў, у якім існавала секцыя Ф. Аддзяленні т-ва існавалі ў Мінску, Гомелі, Рагачове, Віцебску, Мазыры. Да канца 1930-х г. дзейнасць т-ва заняпала ў сувязі з арыштамі яго членаў органамі АДПУ—НКУС. У 1925 Нар. камісарыят пошт і тэлеграфаў СССР выдаў бел. неілюстраваныя паштоўкі для міжнар., а ў 1926 для ўнутр. карэспандэнцыі. У канцы 1920-х г. невял. серыі паштовак выпусціла Дзярж. выд-ва БССР тыражамі па 5 тыс. экз., а ў пач. 1930-х г. — Дзярж. выд-ва мастацтва. У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. існавалі групы, т-вы, клубы калекцыянераў, у т. л. філакартыстаў, у Вільні, Брэсце, Гродне, Беластоку, Лідзе, Лунінцы, Кобрыне, Баранавічах, Слоніме, Пінску і інш., паштоўкі выпускалі Беларускае выдавецкае таварыства, выд-ва Ф.​Аляхновіча і інш. выд-вы ў Вільні, Гродне, Брэсце, Слоніме, Навагрудку. У Вял. Айч. вайну шматлікія калекцыі бел. філакартыстаў загінулі ці вывезены ў Германію. У першыя пасляваенныя гады ў Беларусі друкавалася мала паштовак, але ў 1961 Дзярж. выд-ва БССР (з 1963 «Беларусь») надрукавала 77 відаў паштовак агульным тыражом больш за 3,5 млн. экз., а ў 1966—136 відаў агульным тыражом 23 млн. экз. У 1966 у СССР створана Усесаюзнае т-ва філатэлістаў, пры якім дзейнічала секцыя Ф. Аддзяленне т-ва створана і на Беларусі. У 1992 створаны Саюз філатэлістаў Беларусі, пры якім існуе секцыя Ф. Секцыя Ф. існуе і пры Мінскім т-ве калекцыянераў. З 1990 выдаецца газ. «Беларускі калекцыянер», якая змяшчае матэрыялы пра Ф.

Літ.:

Подлипский А.М. Белоруссия на почтовых открытках. Мн., 1988;

Целеш В. Мінск на старых паштоўках. Мн., 1984;

Яго ж. Гарады Беларусі на старых паштоўках. 2 выд. Мн., 2001.

А.​А.​Суша.

т. 16, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)