АНТАНО́ВІЧ (Уладзімір Баніфатавіч) (30.1.1834, с. Камсамольскае Вінніцкай вобл., Украіна — 21.3.1908),
украінскі гісторык, археолаг, этнограф, археограф; адзін з заснавальнікаў укр.нац. гістарыяграфіі. Праф. Кіеўскага ун-та (з 1878). У 1863—80 гал.рэд. Часовай камісіі для разбору стараж. актаў у Кіеве, з 1881 старшыня гіст.т-ва Нестара-летапісца. Апублікаваў шэраг мемуарных і эпісталярных крыніц, у т. л. «Дыярыуш» Ф.Еўлашоўскага, «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з М.П.Драгаманавым). Працы па гісторыі Украіны, Беларусі і Літвы склалі зб. «Манаграфіі па гісторыі Заходняй і Паўднёва-Заходняй Расіі» (т. 1, 1885). Аўтар прац па археалогіі Украіны. Падкрэсліваў бяскласавасць і дэмакратызм укр. народа, ідэалізаваў казацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],
хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.
На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ ((Barrault) Жан Луі) (8.9.1910, Ле-Везінэ, дэп. Івелін, Францыя — 22.1.1994),
французскі акцёр і рэжысёр. Вучыўся на курсах жывапісу ў Луўрскай школе (Парыж). З 1931 у драм. т-ры «Атэлье», адначасова вывучаў мастацтва пантамімы. Працаваў у т-ры «Камеды Франсэз» (1940—46). Разам з жонкай актрысай М.Рэно стварыў сваю трупу (1946), з якой паставіў «Гамлета» У.Шэкспіра, «Працэс» Ф.Кафкі, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (і выканаў ролю Трафімава). У 1959—68 узначальваў «Тэатр дэ Франс» (Парыж), дзе паставіў «Насарогаў» Э.Іанеска, «Маленькую пані Мальер» Ж.Ануя і інш.З 1935 здымаўся ў кіно («Дзеці райка», «Вялікае каханне Бетховена», «Фантастычная сімфонія», «Завяшчанне доктара Кардэлье»). Развіваў традыцыі мастацтва пантамімы. Аўтар успамінаў «Роздум пра тэатр» (1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЁНЫ,
цяжкія (у параўнанні з электронамі) элементарныя часціцы з напаўцэлым спінам і масай, не меншай за масу пратона; удзельнічаюць ва ўсіх вядомых фундаментальных узаемадзеяннях. Належаць да адронаў і складаюцца з 3 кваркаў, што і вызначае іх квантавыя лікі (дзіўнасць, чароўнасць, прыгажосць і інш.). Да барыёнаў адносяцца нуклоны, гіпероны і некаторыя рэзанансы.
Адзіны стабільны барыён — пратон, усе астатнія нестабільныя і паслядоўным распадам ператвараюцца ў пратон і лёгкія часціцы. Гэты эксперым. факт прывёў да ўвядзення ў 1938 новага квантавага ліку — барыённага зараду і ўстанаўлення закону яго захавання. Дакладнасць, з якой выконваецца закон захавання барыённага зараду, характарызуе ўстойлівасць пратона, эксперым. час жыцця якога перавышае 1032 гадоў, што ў сваю чаргу забяспечвае стабільнасць Сусвету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ-МУСА́ТАЎ (Віктар Эльпідзіфоравіч) (14.4.1870, г. Саратаў, Расія — 8.11.1905),
рускі мастак. У 1890—91 і 1893—95 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1891—93 у Пецярбургскай АМ. З 1899 член і адзін з кіраўнікоў Маскоўскага т-ва мастакоў, з 1904 член «Саюза рускіх мастакоў». Выпрацоўваў своеасаблівую жывапісную манеру, заснаваную на вытанчана-прыглушанай гармоніі каларыту, блізкага да пастэлі, на спалучэнні глыбока індывід. перапрацоўкі пленэрнага жывапісу з дэкаратыўнасцю агульнага вырашэння карціны. Асн. творы: «Майскія кветкі» (1894), «Агава» (1897), «Габелен» (1901), «Вадаём» (1902), «Ізумрудныя каралі» (1903—04), «Куст арэшніку» (1905). Яго творчасць паўплывала на станаўленне сімвалізму ў рус. жывапісе пач. 20 ст., асабліва на мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАЙ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЙ АКАДЭ́МІІ.
Размешчаны ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. Ствараўся паступова з 1847 пры Горы-Горацкай земляробчай школе (з 1848 — ін-це). Пасля закрыцця ін-та ў 1863 сад занядбаны. Аднаўленне пачалося ў 1920 з аднаўленнем Горы-Горацкага земляробчага ін-та (1919). У садзе было каля 300 відаў дрэўных раслін. У аддзеле сістэматыкі амаль 400 відаў травяністых раслін. У Вял.Айч. вайну большая ч. калекцыі загінула. Аднаўляецца з 1950. Пл. каля 25 га. Рэстаўрыраваны аддзел сістэматыкі травяністых раслін (450 відаў). Створаны новыя бат. экспазіцыі. База для падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Рэліктавае дрэва гінкга двухлопасцевае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫСКА́Ф (ад грэч. bathys глыбокі + skaphos судна, лодка),
самаходны глыбакаводны апарат. Складаецца з корпуса-паплаўка, запоўненага лёгкай вадкасцю, напрыклад спец. бензінам са шчыльн. да 500 кг/м³, цыстэрны з баластам, акумулятарнай батарэі і назіральнай кабіны — батысферы, дзе знаходзіцца экіпаж і спец. апаратура. Звонку батыскафа ўстаноўлены электрарухавікі з грабнымі вінтамі. Апусканне на глыбіню і ўсплыванне батыскафа рэгулююцца баластам. Выкарыстоўваецца для гідрафіз., біял., геал. і інш. даследаванняў марскіх глыбіняў. Першы батыскаф пабудаваны і выпрабаваны швейц. вучоным А.Пікарам у 1948. У 1960 яго сын Ж.Пікар дасягнуў глыбіні каля 11 км (Марыянскі жолаб у зах. частцы Ціхага ак.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎЭР ((Bauer) Ота) (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),
адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦВІННЕЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для зразання і пагрузкі ў транспарт бацвіння коранеклубняплодаў. Магчыма таксама здрабненне бацвіння і збіранне масы ў бункер ці прычэп. Бацвіннеўборачныя машыны бываюць самаходныя і напаўнавясныя, працуюць у комплексе з коранеўборачнымі і бульбаўборачнымі машынамі.
У асн. зоне буракасеяння краін СНД выкарыстоўваюць 6-радковыя (у арашальнай зоне 4-радковыя) бацвіннеўборачныя машыны прадукцыйнасцю 1,3—1,6 га/гадз, якія агрэгатуюцца з колавымі і гусенічнымі трактарамі. У пераўвільготненай зоне буракасеяння выкарыстоўваюцца 6-радковыя самаходныя бацвіннеўборачныя машыны замежных фірмаў (прадукцыйнасць да 1,1 га/гадз). Для ўборкі бацвіння бульбы, кармавых караняплодаў і траў выкарыстоўваюць бацвіннеўборачныя машыны зспец. бункерам для збору здробненай масы (прадукцыйнасць 0,8—1,2 га/гадз, агрэгатуецца з колавымі трактарамі).