возера ў Цвярской і Наўгародскай абл. Расіі, на Валдайскім узв., на выш. 205 м. Пл. 212 км². Сярэдняя глыб. 5,8 м, найб. 24 м, працягласць з Пн на Пд 66 км, з З на У 37 км. Катлавіна ледавіковага паходжання. Мае складаную лопасцевую форму. Складзена з некалькіх адасобленых плёсаў, злучаных кароткімі пратокамі. 169 астравоў, найб. Хочын (31 км²). Берагі моцна парэзаныя. Прымае 110 прытокаў (асн., — рэкі Чаромуха, Крапівенга, Сароча), сцёк у р. Селіжараўка (левы прыток р. Волга). Ледастаў ад ліст. да красавіка. Рыбалоўства. На С. — г. Асташкаў. Раён турызму і адпачынку.