СВІ́ТКА,

верхняе мужчынскае і жаночае адзенне з сукна. Бытавала ў беларусаў, рускіх, украінцаў да 1930-х г. На Пн Беларусі насілі С. прамога халатападобнага крою (спінка і пярэдняе крыссе прамыя), у цэнтр. раёнах — з адразной спінкай (ніжняя частка ў зборкі, пярэдняе крыссе прамое) і з неадразной спінкай, звужанай у таліі (ад проймы рукавоў зашывалі вытачкі, якія ніжэй таліі ўтваралі фальбоны альбо фалды). Для Палесся характэрны С. з «вусамі» — вял. клінамі, ушытымі па баках ад таліі і ўпрыгожанымі каляровым шнурам, пярэстымі пампонамі, вышыўкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчаты ў світках Вёска Вугляны Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. Пач. 20 ст.

т. 14, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)