СЕНАЖА́ЦЬ,

зямельныя ўгоддзі, травяністую расліннасць якіх скошваюць на сена, сілас, сянаж, травяную муку, зялёную падкормку. Падзяляюцца на сеяныя (культурныя) і прыродныя. Прыродныя С. падзяляюцца на заліўныя (поймавыя), нізінныя (забалочаныя) і сухадольныя.

Поймавыя заняты ў асн. злакавым разнатраўем і асаковай расліннасцю; нізінныя даюць сена сярэдняй і нізкай якасці з-за перавагі ў травастоі раслін з сям. асаковых; для сухадольных С. характэрны разнатраўна-злакавая і разнатраўна-асакова-злакавая асацыяцыі, сена з іх сярэдняй і добрай якасці. Для паляпшэння прыродных С. найб. значэнне маюць сістэм. ўнясенне ўгнаенняў, барацьба з пустазеллем, своечасовае правядзенне ўкосаў, чаргаванне тэрмінаў скошвання па гадах (увядзенне сенажацезваротаў).

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)