НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале з ген. Ж.​Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802 з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп. прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л. з партыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр. Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл. Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813 франц. войскі адступілі на тэр. Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл. «Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.

Літ.:

Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;

Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр. Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;

Исдейл Ч.​Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬНАДУ́МСТВА,

ідэйна-філасофская плынь, зыходным пунктам якой з’яўляецца крытычнае асэнсаванне рэлігіі і рэчаіснасці. У адносінах да дактрыны аб існаванні пазазямных істот можа набліжацца да матэрыялізму (Д.​Дзідро), дэізму (Вальтэр) ці пантэізму (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза). Генезіс і развіццё вальнадумства непасрэдна звязаны з прагрэсам чалавечых ведаў і навук. крытыкі ўсялякіх спроб абмежавання магчымасцяў пазнання Сусвету. Элементы вальнадумства існавалі ўжо ў ант. філасофіі (Сакрат). Асн. этапы развіцця навукі, мастацтва і філасофіі (Адраджэнне, Асветніцтва, пазітывізм і матэрыялізм 19—20 ст.) былі адначасова этапамі развіцця вольнай думкі. Пэўныя арганізац. структуры вальнадумства ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 у Бруселі створаны першы «Міжнародны саюз вальнадумцаў», у 1952 — «Міжнародны гуманістычны і этычны саюз». Паборнікі вальнадумства распаўсюджваюць свае погляды праз шматлікія выданні ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, ЗША.

На Беларусі ідэі вальнадумства мелі свае праявы ўжо ў фальклоры і помніках пісьменства 11—12 ст., у ерасях 14—15 ст. (рух стрыгольнікаў). Вяхой у развіцці вальнадумства з’яўляецца творчасць бел. першадрукара, гуманіста і асветніка Ф.​Скарыны. Яго паслядоўнікі ў 16 ст. С.​Будны, В.​Цяпінскі, С.​Лован і інш. трактавалі біблейскія тэксты з рацыяналістычных пазіцый, патрабавалі развіцця навук. ведаў, пашырэння асветы. У 17 ст. К.​Лышчынскі абараняў матэрыялістычны светапогляд, даказваў супярэчлівасць рэліг. догматаў, быў актыўным барацьбітом за гуманіст. ідэалы і прынцыпы. Важную ролю ў пераадоленні ўплыву схаластыкі, у адстойванні значэння вопыту ў навук. пазнанні адыгралі ў 18 ст. К.​Нарбут, у 19 ст. — Э.​Жалігоўскі, І.​Ястржэмбскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына, у пач. 20 ст. — Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. У Рэспубліцы Беларусь прынцыпы вальнадумства замацаваны ў заканадаўчых гарантыях свабоды сумлення і веравызнання, развіцця і функцыянавання мноства грамадз. рухаў і паліт. партый, якія могуць свабодна распаўсюджваць свае паліт., сацыякульт. погляды, ідэалы, прынцыпы.

Літ.:

Из истории философской и общественно-политической мысли в Белоруссии. Мн., 1962;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Основы религиоведения. М., 1994.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПАВЕ́ТРАНЫЯ СІ́ЛЫ (ВПС),

1) від узбр. сіл дзяржавы, прызначаных для баявых дзеянняў (пераважна ў паветры) сумесна з інш. відамі ўзбр. сіл і самастойна пры выкананні аператыўна-стратэг. задач.

2) Афіц. назва ваеннай авіяцыі ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі, ЗША і інш. краінах.

Ваен. авіяцыя ў большасці развітых краін з’явілася на пач. 20 ст.; у баях упершыню ўдзельнічала ў 1911—12 у Трыпалітанскай вайне (Італія—Турцыя). Атрад самалётаў Рас. імперыі першы раз удзельнічаў у баях у 1913 у час 1-й Балканскай вайны. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ВПС Англіі, Аўстра-Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі і Францыі налічвалі разам каля 900 ваен. самалётаў. У час 2-й сусв. вайны колькасць ВПС многіх краін рэзка павялічылася, узніклі буйныя авіяц. аб’яднанні. У Вял. Айч. вайну лётчыкі СССР здзейснілі каля 3 млн. 125 тыс. самалёта-вылетаў і прычынілі праціўніку вял. страты. Авіяцыя далёкалётнага дзеяння і Грамадз. паветр. флот зрабілі 110 тыс. самалёта-вылетаў, перавезлі каля 83 тыс. партызан, даставілі ім 17 тыс. т узбраення, боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў і інш.

Сучасныя ВПС здольныя наносіць удары па сухап., авіяц. і ваен.-марскіх групоўках праціўніка і аб’ектах глыбокага тылу; знішчаць пункты кіравання і сувязі; парушаць варожыя камунікацыі; ажыццяўляць авіяц. падтрымку войск і сіл флоту і іх прыкрыццё з паветра; праводзіць дэсантаванне і паветр. перавозку сваіх войск і матэрыяльных сродкаў; весці паветр. разведку. На ўзбраенні сучасных ВПС ёсць рэактыўныя, звышгукавыя, усепагодныя ракетаносцы і бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, верталёты, аснашчаныя ракетамі і радыёэлектронным абсталяваннем. ВПС Рэспублікі Беларусь маюць групоўку авіяцыі рознага прызначэння. Арганізацыйна яны складаюцца з авіяц. баз і асобных часцей (тылу, сувязі, радыёэлектроннага забеспячэння). У залежнасці ад прызначэння ВПС падзяляюць на авіяцыю далёкалётную, франтавую, ваен.-трансп.; у залежнасці ад характару выканання задач і лётна-тэхн. характарыстык — на знішчальную, знішчальна-бамбардзіровачную, бамбардзіровачную, разведвальную і дапаможную (санітарную, сувязі). ВПС інш. буйных дзяржаў складаюцца са стратэг., тактычнай, ваен.-трансп. авіяцыі і авіяцыі ППА. У ЗША у склад ВПС уваходзяць таксама злучэнні міжкантынент. балістычных ракет і ваенна-касм. сродкаў. Пра развіццё авіяц. тэхнікі гл. ў арт. Авіяцыя.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКАЯ КААЛІ́ЦЫЯ,

саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2-й сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.

Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл. Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш. дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2-й сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГА́Н (ад грэч. organon прылада, інструмент),

клавішна-духавы муз. інструмент.

Складаецца з мноства трубаў (металічных і драўляных, лабіяльных і язычковых, адкрытых і закрытых) розных памераў і формаў, кожная з якіх дае гук пэўнай вышыні і тэмбру, паветранагнятальнага механізма (мяхі, паветраправоды), апарата кіравання — кафедры, дзе размешчаны клавіятуры для рук (2—7 мануалаў) і ног (1—2 педалі), дапаможныя прыстасаванні (кнопкі, рычагі, рэгістравыя ручкі); сістэма перадачы (трактура) — электрамеханічная (пры ёй кафедра можа перамяшчацца на эстрадзе). Групы трубаў аднаго тэмбру, але рознай вышыні гучання ўтвараюць рэгістры. З-за вял. памераў, шырокага гукавога дыяпазону, багацця тэмбраў і іх спалучэнняў арган наз. «каралём інструментаў».

Вадзяны арган (гідраўлас) вядомы з 3 ст. да н. э. З 4 ст. ў Візантыі выкарыстоўваўся як свецкі інструмент, з 8 ст. паявіўся ў Зах. Еўропе, дзе ўведзены ў каталіцкія храмы. Росквіт арганнага мастацтва (16—18 ст.) звязаны з развіццём арганабудаўніцтва (сярод вядомых майстроў А.​Шнітгер, сем’і Каспарыні, Зільберманаў), узнікненнем арганных школ у Італіі, Францыі, Іспаніі, Нідэрландах, Германіі, дзейнасцю кампазітараў і выканаўцаў (А. і Дж.​Габрыелі, Дж.​Фрэскабальдзі, Ф.​Куперэн, І.​Пахельбель, І.​С.​Бах). У 19—20 ст. для аргана пісалі Ф.​Ліст, М.​Рэгер, П.​Хіндэміт, А.​Месіян, у Расіі С.​Танееў, Ф. і А.​Гедыке, Р.​Шчадрын і інш. На Беларусі паяўленне аргана, дакументальна засведчанае ў пач. 16 ст., абумоўлена распаўсюджаннем каталіцкага веравызнання, буд-вам касцёлаў, правядзеннем службаў. Захаваліся арганы, багата дэкарыраваныя ў барочным і класіцыстычным стылях у касцёлах езуітаў і францысканцаў у Гродне, у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на. Мясц. музыканты атрымлівалі адукацыю ў Варшаве, Вільні, Мінску (у 1871—97 існавала Мінскае вучылішча арганістаў). У 2-й пал. 20 ст. арган і выканальніцтва на ім сталі прыкметнай з’явай свецкай муз. культуры рэспублікі. Арган ўстаноўлены ў Бел. філармоніі (1963), у зале камернай музыкі Бел. філармоніі ў Троіцкім Залатагорскім касцёле (1983), у Полацкім Сафійскім саборы (1985). Сярод бел. арганістаў А.​Янчанка, К.​Шараў. Музыку для аргана пішуць бел. кампазітары А.​Залётнеў, А.​Навахрост, Л.​Шлег і інш.

І.​Дз.​Назіма.

Арган у зале Беларускай філармоніі.
Арган Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1762.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАРСТВА,

1) галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем вінаграду. Забяспечвае насельніцтва свежым і сушаным вінаградам (разынкамі, кішмішам, карынкай), а вінаробную (гл. Вінаробства) і кансервавую прам-сць сыравінай. Вінаградарства мае 4 вытв. кірункі: сталовае вінаградарства — вытв-сць свежага вінаграду для мясц. спажывання, вывазу і захоўвання; вінаградарства як сыравінная база вытв-сці сушанага вінаграду — вырошчванне кішмішна-разынкавых сартоў; вінаградарства як сыравінная база вінаробнай прамысловасці (выкарыстоўвае каля 80% усяго вінаграду) і кансервавай прамысловасці. Адрозніваюць вінаградарства ўкрыўное і неўкрыўное, арашальнае і неарашальнае, або багарнае, коранеўласнае і прышчэпленае на марозаўстойлівых і філаксераўстойлівых прышчэпах.

Вінаградарства з’явілася ў старажытнасці ў краінах Міжземнамор’я, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі. Сусв. вытв-сць вінаграду складае штогод 57—60 млн. т. Больш як палову яго атрымліваюць у Італіі, Францыі, ЗША, Іспаніі, Турцыі. Далей ідуць Аргенціна, Іран, ПАР, Грэцыя, Румынія, Партугалія, Германія, Расія, Чылі, Аўстралія, Азербайджан, Бразілія, Малдова. Прамысл. вінаградарства развіта паміж 34—52° паўн. ш. і 20—40° паўд. ш. У Еўропе паўн. мяжа вырошчвання прамысл. вінаграду праходзіць праз Парыж, Льеж, Дзюсельдорф, Камянец-Падольскі, Саратаў. Прысядзібнае аматарскае вінаградарства пашыраецца далей на поўнач.

На Беларусі вінаград вядомы з 16 ст. Аматарскае вінаградарства адзначана ў большасці раёнаў, невял. вытворчае — у Пінскім, Столінскім, Хойніцкім і Мінскім. Найб. спрыяльныя для яго развіцця паўд. раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей (акрамя раёнаў, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС). Доследныя работы па селекцыі вінаграду на Беларусі праводзяцца ў Бел. НДІ пладаводства (в. Самахвалавічы Мінскага р-на). Беларусь атрымлівае вінаград пераважна з Малдовы. Прамысл. вінаградарства характарызуецца інтэнсіўнасцю, патрабуе вял. капіталаўкладанняў і значных затрат працы. У ім выкарыстоўваецца механізацыя многіх працаёмкіх работ: тэрасавання, плантажу, пасадкі, рыхлення міжрадкоўяў, унясення ўгнаенняў, укрывання і адкрывання кустоў, устаноўкі шпалераў, барацьбы са шкоднікамі і хваробамі і інш.

2) Навука аб біял. асаблівасцях вінаграду і спосабах яго вырошчвання; раздзел раслінаводства. Складаецца з агульнага вінаградарства (вывучае пытанні біялогіі, экалогіі і агратэхнікі вінаграду); прыватнага (распрацоўвае агратэхніку вінаграду ў розных глебава-клімат. умовах, для розных вытв. кірункаў, а таксама пры вырошчванні вінаграду ў цяпліцах); ампелаграфіі — навукі аб сартах і відах вінаграду; селекцыі вінаграду — навукі пра вывядзенне новых сартоў.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,

рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.​Лапіцкі, І.​Касяк, Т.​Шыбут, М.​Сяднёў, Н.​Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел. правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл. царк. к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.​Грынкевіч, В.​Пануцэвіч, А.​Попка, Б.​Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.​Сіповіч, Л.​Гарошка, А.​Адамовіч, М.​Навумовіч, Ф.​Бартуль, А.​Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г. Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.​Ясько і У.​Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.​Рыжы-Рыскі, В.​Матэйчык, Л.​Галубовіч.

Літ.:

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;

Мн., 1994;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІЁЗ ((Berlioz) Гектор Луі) (11.12.1803, Кот-Сент-Андрэ, дэп. Ізер, Францыя — 8.3.1869),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык; прадстаўнік муз. рамантызму. Чл. Ін-та Францыі (1856). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1830). На час заканчэння кансерваторыі напісаў шэраг сталых твораў, у т. л. «Фантастычную сімфонію, або Эпізод з жыцця артыста», якая стала маст. абагульненнем ідэйна-эстэт. імкненняў эпохі, маніфестам франц. рамантызму ў музыцы. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам класічнай і рамант. л-ры, творчасці К.​В.​Глюка, Л.​Бетховена, У.​Шэкспіра, І.​В.​Гётэ. У творах 1830—40-х г. экзальтацыя пачуццяў, схільнасць да медытацыі, пачуццё адзіноцтва і ў той жа час грамадз.-рэв. парывы: сімфонія «Гарольд у Італіі», опера «Бенвенута Чэліні», драм. сімфонія для аркестра, салістаў-спевакоў і хору «Рамэо і Джульета», «Жалобная трыумфальная сімфонія», драм. легенда «Асуджэнне Фауста» (паводле Гётэ). З 1842 гастраліраваў як дырыжор у многіх краінах, з найб. поспехам у Расіі. У творах 1850—60-х г. адышоў ад вострых праблем сучаснасці, застаючыся верным ідэалам гуманіст. мастацтва: араторыя «Дзяцінства Хрыста» на ўласныя тэксты, оперная дылогія «Траянцы» паводле Вергілія. Апошні яго твор — вытанчаная, поўная гумару опера «Беатрычэ і Бенядзікт» (паводле «Многа шуму з нічога» Шэкспіра, 1862). Берліёз пераўтвараў традыц. жанры, смела сінтэзаваў элементы оперы, араторыі, сімфоніі. Як кампазітар-наватар, ён апіраўся на нац. муз. традыцыі. Адсюль манументальнасць, маляўнічасць, тэатральнасць яго музыкі. Шмат новага ўнёс у вучэнне аб муз. форме, голасавядзенні, гармоніі, рытме; зрабіў адкрыцці ў галіне аркестроўкі, развіў прынцып тэмбравай драматургіі і інш. Разам з Р.​Вагнерам заклаў асновы сучаснай школы дырыжыравання. Аўтар артыкулаў, прысвечаных муз.-эстэт. праблемам і з’явам, творчасці Бетховена, Глюка, Г.​Спанціні, К.​М.​Вебера, Вагнера, Н.​Паганіні, Ф.​Ліста, М.​Глінкі і інш.

Літ. тв.: Oeuvres littéraires. Vol. 1—2. Paris, 1968—69; Рус. пер. — Дирижер оркестра. М., 1912; Избр. статьи. М., 1956; Мемуары. 2 изд. М., 1967; Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке. Ч. 1—2. М., 1972; Избр. письма. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1984—85.

Літ.:

Хохловкина А. Берлиоз. 2 изд. М., 1966;

Dömling W. H.Berlioz und seine Zeit. Laaber, 1986.

Г.Л.Берліёз. Мастак П.​Шыферт. 1907.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),

форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.

Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).

На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЯ МО́ВА,

адна з індаеўрапейскіх моў (грэч. група), афіц. мова Грэцыі і Кіпра (разам з турэцкай). Пашырана таксама ў Турцыі, Паўд. Албаніі, Паўд. Італіі, Егіпце, ЗША і інш. краінах. У гісторыі грэчаскай мовы вылучаюць 3 асн. перыяды: старажытнагрэчаскі (14 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), сярэднегрэчаскі (5—15 ст.), новагрэчаскі (з 15 ст.). Стараж.-грэч. мова прайшла наст. этапы развіцця: архаічны (з 14 — 12 да 8 ст. да н.э.), класічны (з 8—7 да 4 ст. да н.э.), эліністычны — перыяд фарміравання агульна-грэч. мовы — кайнэ (4—1 ст. да н.э.), познагрэч. (1—4 ст.) і існавала ў выглядзе дыялектаў, паступова набываючы пісьмовую форму (гл. ў арт. Грэчаскае пісьмо). Захавалася багатая л-ра класічнага перыяду на эалійскім (творы Сапфо, Алкея), дарыйскім (творы Алкмана, Эпіхарма, Сафрона, Філалая, матэматыка Архімеда), іанійскім (творы Гамера, Герадота, Гіпакрата), атычных дыялектах (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш.). Стараж. грэчаская мова мела ў фанетыцы 5 (кароткіх і доўгіх) галосных фанем, асобны рад прыдыхальных зычных, муз. націск; у марфалогіі — развітую сістэму дзеяслоўных формаў, спрошчанае імянное скланенне, развітое словаўтварэнне.

З цягам часу стараж.-грэч. мова мянялася, і да сярэдзіны 15 ст. завяршыўся працэс станаўлення на нар. аснове важнейшых асаблівасцей новагрэч. мовы, што працякаў у кірунку звужэння галосных, манафтангізацыі дыфтонгаў, ператварэння прыдыхальных зычных у спіранты, замены муз. націску сілавым, спрашчэння сістэмы скланення, замены многіх сінтакс. формаў аналітычнымі канструкцыямі.

Грэчаская мова здаўна была вядома на Беларусі. У 16—17 ст. яе вывучалі ў брацкіх школах. Павялічвалася колькасць перакладаў з грэч. на бел. мову («Евангелле вучыцельнае», «Бяседы Макарыя», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш.). У лексічным складзе бел. мовы замацавалася шмат грэцызмаў. З канца 17 ст. папулярнасць грэчаскай мовы на Беларусі ў сувязі з паланізацыяй грамадскага жыцця пачала змяншацца. У 20 ст., калі бел. мова пачала абслугоўваць сферы навукі, асветы, культуры і інш. і ўзнікла патрэба ў разнастайнай навук. тэрміналогіі, грэчаская мова зноў стала адыгрываць прыкметную ролю, і гэты працэс працягваецца.

Літ.:

Соболевский С.И. Древнегреческий язык. М., 1948.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)