ЗАХА́РКА Васіль Іванавіч (1.4.1877, в. Дабрасельцы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.3.1943),
бел.паліт. дзеяч. З 1895 настаўнік, пісар. У 1898—1902 і 1904—17 на вайск. службе. Чл.Бел.сацыяліст. грамады, чл.ЦКБел. партыі сацыялістаў-федэралістаў. Адзін з арганізатараў з’езда бел. вайскоўцаў Зах. фронту (22.10.1917), сакратар Цэнтр.бел. вайсковай рады. З 21.2.1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, казначэй. Займаў розныя міністэрскія пасады ва ўрадах БНР. Пасля расколу рады БНР (13.12.1919) нам. старшыні Прэзідыума Народнай рады БНР. На 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага) быў нам. старшыні. На 2-й Усебел. канферэнцыі (кастр. 1925, Берлін) не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нац.-дзярж. адраджэння Беларусі, застаўся ў эміграцыі ў Празе, быў нам. прэзідэнта Рады БНР. З 8.3.1928 да 6.3.1943 прэзідэнт эмігранцкай рады БНР. Збіраў архіў БНР, узначальваў т-ва «Беларуская рада». Аўтар працы «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926, часткова апубл. ў кн. «Беларуская дзяржаўнасць: Хрэстаматыя і бібліяграфія», Нью-Йорк, 1988). Пахаваны ў Празе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМА́,
пара года, кліматычны сезон паміж восенню і вясной. У астраноміі — перыяд ад дня зімовага сонцастаяння да веснавога раўнадзенства (з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўн. паўшар’і, з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўднёвым). Паводле календара зімовыя месяцы ў Паўн. паўшар’і снежань, студзень, люты, у Паўд. — чэрв., ліп., жнівень. На тэр. Беларусі пачаткам З. як клімат. сезона лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок паніжэння, за канец — праз 0 °C у бок павышэння. На ПнУ З. пачынаецца ў 2-й дэкадзе ліст., на ПдЗ у канцы ліст., заканчваецца адпаведна ў канцы сак., у 2-й дэкадзе сакавіка. Устойлівае снегавое покрыва ўстанаўліваецца на працягу снеж. і трымаецца ад 75 на ПдЗ да 125 дзён на ПнУ. На тэр. Беларусі З. вызначаецца адмоўным радыяцыйным балансам, узмоцненай атмасфернай цыркуляцыяй, пахмурным надвор’ем, туманамі, мяцеліцамі, частай зменай марозных і адлігавых перыядаў, спыненнем вегетацыі раслін, спячкай або анабіёзам у многіх відаў жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́ГЕРС (Seghers) Ганна [сапр.Радвані
(Radványi) Неці; 19.11.1900, г. Майнц, Германія — 1.6.1983], нямецкая пісьменніца. Чл.Ням.АМ (з 1950). Вучылася ў Кёльнскім і Гайдэльбергскім (1920—24) ун-тах. У 1933—47 у эміграцыі (Францыя, Мексіка). Першыя буйныя творы — аповесць «Паўстанне рыбакоў» (1928) і раман «Спадарожнікі» (1932). Аўтар антыфаш. раманаў «Ацэненая галава» (1933),
«Шлях праз люты» (1935), «Выратаванне» (1937), «Сёмы крыж» (выд. на англ. мове 1942, на ням. мове 1946), «Транзіт» (1943, апубл. 1948). Асн. тэма рамана «Мёртвыя застаюцца маладымі» (1949) — лёс Германіі і ням. народа ад 1-й да 2-йсусв. войнаў; аповесць «Чалавек і яго імя» (1952) і раманы «Рашэнне» (1959), «Давер» (1968) прысвечаны праблемам пасляваен. Германіі. Аўтар зб.апавяд. «Дзіўныя сустрэчы» (1973). Нац. прэміі ГДР 1951, 1959, 1971. Асобныя апавяданні З. на бел. мову пераклалі М.Навіцкі, С.Дзяргай, А.Зарыцкі.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1982—84.
Літ.:
Мотылева Т.Л. Анна Зегерс: Личность и творчество. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал.зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-йпал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-йпал. 16 ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙО́РКІ (Yorks),
дынастыя англ. герцагаў У 14—15 ст. і каралёў у 1461—85, галіна Плантагенетаў. Паходзіла ад герцага Йоркскага Эдмунда — 5-га сына Эдуарда Ш. У 1460 правы на прастол прад’явіў унук Эдмунда Рычард (1411—60, загінуў у бітве пры Уэйкфілдзе). Першым каралём з дынастыі Й. быў сын Рычарда Эдуард IV (1442—83), які правіў у 1461—83 з перапынкам у кастр. 1470 — крас. 1471. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны ён скінуў Генрыха VI Ланкастэра. Сын Эдуарда IV Эдуард V (1470—83) правіў у крас.—жн. 1483, скінуты з прастола і забіты ў Таўэры паводле загаду герцага Глостэра. Апошнім каралём з дынастыі Й. быў герцаг Глостэр Рычард III (1452—85), брат Эдуарда IV, ён загадаў забіць сваіх пляменнікаў Эдуарда V і Рычарда Йоркскага, абвясціў сябе каралём (правіў у 1483—85); загінуў 22.8.1485 у бітве пры Босварце). Пасля яго смерці англ. каралямі сталі Цюдары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РАНСКІ Аляксандр Фёдаравіч (4.5.1881, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 11.6.1970),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярб.ун-т (1904). Адвакат (прысяжны павераны). У час рэвалюцыі 1905—07 прымыкаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Набыў вядомасць як абаронца ў час паліт. судовых працэсаў і як кіраўнік камісіі па расследаванні падзей Ленскага расстрэлу 1912 у 3-йДзярж. думе. У 4-йДзярж. думе старшыня фракцыі трудавікоў. З сак. 1917 чл. Часовага ўрада: міністр юстыцыі (сак.—май), ваен. і марскі міністр (май—вер.), з 8(21).7.1917 міністр-старшыня (прэм’ер), з 30 жн. (12 вер.) і вярх. галоўнакамандуючы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 арганізатар (разам з ген. П.М.Красновым) антыбальшавіцкага выступлення 26—31.10(8—13.11).1917. З чэрв. 1918 у эміграцыі: жыў у Берліне, Парыжы, з 1940 у ЗША. Складальнік і рэд. шэрагу дакумент. публікацый па гісторыі рас. рэвалюцыі, аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — Россия на историческом повороте: Мемуары. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЛЕ́ТКА МА́ЛПЫ»
(«Affenkäfid»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць 4-йБел.партыз. брыгады і цывільнага насельніцтва ў Гарадоцкім і Мехаўскім р-нах Віцебскай вобл. і часткова Невельскім р-не Расіі ў Вял.Айч. вайну ў ліст. 1942. Праводзілася сіламі 12-йтанк. дывізіі, батальёна з ахоўнай дывізіі і паліцэйскімі з мясц. гарнізонаў. Партызаны, манеўруючы ў лясіста-балоцістай мясцовасці, пазбягалі адкрытых сутыкненняў з ворагам і замацаваліся ў цяжкадаступным для праціўніка лясным масіве. Не дасягнуўшы намечанай мэты, гітлераўцы расстралялі больш за 1200 чал., пераважна старых, жанчын з малалетнімі дзецьмі, разрабавалі і знішчылі 58 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Ахрамеева, Вусце, Гумнічына, Казлы, Падранда, Петрачыха, Рудзіха, Сямёнава, Янава Гарадоцкага р-на. У справаздачы ворага аб пазнейшай карнай аперацыі «Зімовы лес» адзначана, што знайсці жывёлу і прадукты харчавання 286-я ахоўная дывізія не змагла з-за амаль поўнасцю разбураных вёсак у Гарадоцкім р-не ў выніку праведзенай аперацыі «К.м.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ БОЙ 1943,
бой партызанскіх брыгад Лепельскай імя Сталіна, імя Чапаева, 2-й Ушацкай імя Панамарэнкі, Чашніцкай «Дубава» і Сенненскай супраць апорнай базы ням. 3-йтанк. арміі ў г. Лепель 19—21 кастр. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася паводле загаду ЦШПР з мэтай перашкодзіць узмацненню абароны гітлераўцаў на левым флангу групы армій «Цэнтр», дзе намячаўся прарыў сав. войск. У Лепелі размяшчаліся 3 пях. палкі, танк. батальён, 2 артыл. і 1 мінамётная батарэі (больш за 2 тыс. гітлераўцаў), горад быў акружаны густой сеткай дзотаў, акопаў, драцяных загарод, подступы да яго былі замініраваны. У ноч на 20 кастр. партызаны раптоўным ударам ушчыльную наблізіліся да абарончых умацаванняў, змялі іх і на досвітку прабіліся ў цэнтр горада, але былі контратакаваны прыбыўшым падмацаваннем ворага. У ноч на 21 кастр. партызаны зноў штурмавалі Лепель, але ў цэнтры горада праціўніку ўдалося іх спыніць. Партызаны адышлі, заблакіраваўшы варожы гарнізон з У і Пд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ННАЯ ВАЙНА́,
1) спосаб вядзення баявых дзеянняў з выкарыстаннем заглыбленых зарадаў выбуховага рэчыва (падземных мін) і падкопаў пад крапасныя сцены і мінныя галерэі, каб разбурыць іх. Элементы М.в. выкарыстоўваліся пры аблозе рус. войскамі Казані (1552), пры абароне Севастопаля (1854—55), у рус.-яп. 1904—05 і 1-йсусв. войнах. У 2-ю сусв. вайну тактыка М.в. ўжывалася, напр., у баях за Сталінград, партызанамі і падпольшчыкамі Беларусі, якія ўзарвалі больш за 11 тыс.фаш. эшалонаў, каля 1 тыс. складоў з боепрыпасамі і інш. (гл.Партызанскі рух).
2) Сукупнасць баявых дзеянняў флатоў па ўстаноўцы мінных загарод. У 2-йпал. 20 ст. такія дзеянні наз. «мінназагараджальнымі дзеяннямі» ці «процімінным забеспячэннем».
3) У арміях некаторых дзяржаў (напр., ЗША) пад тэрмінам «М.в.» разумеецца выкарыстанне наземных мін, спосабы процідзеяння выкарыстанню мін праціўнікам і пераадоленне міннаўзрыўных загарод. Тактыка М.в. шырока выкарыстоўваецца ў шэрагу краін пры вядзенні баявых дзеянняў узбр. сіламі і тэрарыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРНААБНАЎЛЕ́НЦЫ,
«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-йДзярж. думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.А.Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, за паліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-йДзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.