ЗАХА́РКА Васіль Іванавіч
(1.4.1877, в. Дабрасельцы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.3.1943),
бел. паліт. дзеяч. З 1895 настаўнік, пісар. У 1898—1902 і 1904—17 на вайск. службе. Чл. Бел. сацыяліст. грамады, чл. ЦК Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў. Адзін з арганізатараў з’езда бел. вайскоўцаў Зах. фронту (22.10.1917), сакратар Цэнтр. бел. вайсковай рады. З 21.2.1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, казначэй. Займаў розныя міністэрскія пасады ва ўрадах БНР. Пасля расколу рады БНР (13.12.1919) нам. старшыні Прэзідыума Народнай рады БНР. На 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага) быў нам. старшыні. На 2-й Усебел. канферэнцыі (кастр. 1925, Берлін) не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нац.-дзярж. адраджэння Беларусі, застаўся ў эміграцыі ў Празе, быў нам. прэзідэнта Рады БНР. З 8.3.1928 да 6.3.1943 прэзідэнт эмігранцкай рады БНР. Збіраў архіў БНР, узначальваў т-ва «Беларуская рада». Аўтар працы «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926, часткова апубл. ў кн. «Беларуская дзяржаўнасць: Хрэстаматыя і бібліяграфія», Нью-Йорк, 1988). Пахаваны ў Празе.
Літ.:
Геніюш Л. Споведзь. Мн., 1993.
Л.Глагоўская.
т. 7, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)