від 4-радковай антычнай страфы, што складаецца з трох 11-складовых лагаэдычных радкоў (гл.Лагаэд) і чацвёртага 5-складовага. Названа ў гонар стараж.-грэч. паэтэсы Сапфо, якая вынайшла страфу і шырока карысталася ёю. С.с. імкнуўся імітаваць у некат. вершах Сімяон Полацкі. У сучаснай паэзіі ўдалыя ўзоры імітацыі С.с. трапляюцца ў У.Дубоўкі:
Вечар... П’яны вечар сваволі-траўня...
Вецер косы ночы расплёў, дуронік...
Салавей пяе над ракой, як слаўна!..
Сны сніць сасоннік...
Гукі тыя, здані той цёмнай ночы
Кроў крынічаць... Млосць захапляе волю...
Спакусіцель-чорт з нас трубой рагоча:
«Дзе ж твая доля?»
(«Здані»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КА (Pica pica),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы, зах. абласцях Паўн. Амерыкі. На Беларусі шматлікі, звычайна аселы від. Зімой вандруе невял. чародамі, часта трымаецца населеных пунктаў, асабліва сельскага тыпу. Селіцца ў драбналістых лясах, сярод балот і палёў, у поймах рэк, гаях, парках.
Даўж. цела да 48 см, маса да 260 г. Апярэнне мяккае, кантрастнае, чорна-белае з зеленавата-сіняватым бляскам. Хвост доўгі, ступеньчаты. Гняздо будуе ў густых галінах куста або дрэва. Кладка — 5 (6—8) яец. Усёедная. Корміцца насякомымі, яйцамі і птушанятамі дробных птушак, мышападобнымі грызунамі, харч. адкідамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ГЕРС (Seghers) Херкюлес Пітэрс (1589 або 1590, г. Харлем, Нідэрланды — каля 1638),
галандскі мастак. Да 1606 вучыўся ў Г. ван Конінксла ў Амстэрдаме. Працаваў у Харлеме, Амстэрдаме, Утрэхце, Гаазе (з 1632 або 1633). Яго жывапісныя пейзажы («Від Рэнена», «Раўнінны пейзаж», «Дамы і вёска ў рачной даліне», «Горны пейзаж») і выкананыя ў тэхніцы каляровага афорта («Пейзаж з вялікім дрэвам», «Вялікія караблі», «Марская бура») вылучаюцца шырынёй і манументальнасцю, схаваным драматызмам светлавых і фактурных эфектаў, у гравюрах — выразнасцю дынамічнага ломкага штрыха. Значна паўплываў на творчасць Рэмбранта, Я. ван Ройсдала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВО́Я (Sequoia),
род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. вечназялёная (S. sempervirens). Трапляецца на зах. узбярэжжы Паўн. Амерыкі, у гарах Каліфорніі і Паўд. Арэгона (ЗША). Утварае парасткавыя лясы. У Еўропе і Азіі рэшткі С. выяўлены ў юрскіх і ніжнемелавых пластах. Культывуецца.
Вечназялёныя хваёвыя дрэвы з вузкаканічнай кронай. Адносяцца да найвыш. дрэў (выш. ствала 110—112 м, дыяметр 6—10 м). Жывуць больш за 3 тыс. гадоў. Ігліца лінейна-ланцэтная, размешчана грабеньчата. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. 2—3 см. Насенне з доўгімі крыльцамі. Драўніна светла-чырв., выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў, мэблі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВА́Ж (франц. servage ад лац. servus раб),
відфеад. залежнасці сялянства ў Зах. Еўропе ў сярэднія вякі; адна з найб. крайніх форм абмежавання грамадз. і гасп. правоў сялян (серваў). Сервы працавалі на зямлі феадала, былі ў асабістай ад яго залежнасці, падсудныя яго суду, але ў адрозненне ад прыгоннага права ў Расіі юрыдычна не былі прымацаваныя да зямлі. С. характэрны для перыяду феад. раздробленасці. Рост таварнай вытв-сці ў 13—14 ст., адкрытае супраціўленне сялян (нар. паўстанні 14—15 ст.) зменшылі значэнне С. У 16—18 ст. С. захаваўся толькі ў асобных адсталых рэгіёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІКА́ТНЫ БЕТО́Н,
сумесь вапнава-крэменязёмістага вяжучага рэчыва, неарган. запаўняльнікаў і вады; тып бетону. Атрымліваюць тэрмаапрацоўкай у аўтаклаве пры т-ры 175—200 °C. Па ўласцівасцях набліжаны да бетону на партландцэменце (гідраўл. вяжучае рэчыва, найб. распаўсюджаны відцэменту).
У якасці вяжучага рэчыва ў С.б. выкарыстоўваюць танкамолатыя сумесі паветр. (гідраўл.) вапны з матэрыяламі, што маюць крэменязём; запаўняльнікі — прыродныя або штучныя пяскі. Адрозніваюць цяжкія С.б. (шчыльнасць 1800—2200 кг/м³) для вырабу сценавых панэлей і блокаў, элементаў перакрыццяў, лесвічных маршаў і лёгкія (шчыльнасць 300—1800 кг/м³) для буд-ва агараджальных канструкцый, у якасці ўцяпляльніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЮ́ХА (Polemonium),
род кветкавых раслін сям. сінюхавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. і Паўд. Амерыкі, радзей у Еўразіі. На Беларусі 1 від — С. блакітная (P.caenileum), нар. назвы гадзіннік, аструшка, рабінка. Трапляецца па берагах рэк, на вільготных лугах, у хмызняках. Інтрадукаваны С.: каўказская (P. caucasicum), мяса-чырвоная (P. carneum), паўзучая (P. reptans).
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, неразгалінаваныя. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані С. блакітнай маюць да 30% сапанінаў, смолы, арган. к-ты, эфірны алей. Лек., дэкар., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЯ́К (Echium),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. звычайны (E. vulgare), нар. назвы печаніца, асацец, кепек. Трапляецца на сухіх схілах, сметніках, каля дарог. Інтрадукаваны С. плямісты (E. maculatum) і трыпутнікавы (E. plantagineum).
Адна-, двух-, радзей шматгадовыя цвёрдаваласістыя травы выш. 30—100 см. Сцёблы неразгалінаваныя, прамастойныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, суцэльнакрайняе. Кветкі ў густых завітках, сабраныя на верхавінцы сцябла ў складанамяцёлчатае або коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Усе часткі С. звычайнага ядавітыя (маюць алкалоіды). Лек., алейныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРА́УСНІК, страусапёр (Matteuccia),
род папарацей сям. анаклеевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — С. звычайны (M. struthiopteris). Трапляецца ў вільготных лясах, уздоўж балот і ручаёў.
Травяністыя расліны выш. 60—100 см з тоўстым кароткім карэнішчам і з рэшткамі лісцевых чаранкоў на ім. Вегетатыўнае лісце зялёнае, з перыстарассечанымі сегментамі, даўж. да 1,7 м. Спараноснае лісце доўгачаранковае, з вузкімі сегментамі, нагадвае страусавае пяро (адсюль назва). Спарангіі ўкрыты пакрывальцам. Гаметафіт (зарастак) маленькі, слаявінны, зялёны, двухполы. Маладое лісце С. звычайнага ядомае. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭЛКАЛІ́СТ (Sagittaria),
род кветкавых раслін сям. шальнікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Амерыцы і Еўразіі. У Японіі і Кітаі культывуецца С. трохлісты (S. trifolia). На Беларусі 1 від — С. звычайны, або стрэлкалісты (S. sagittifolia).
Трапляецца на балотах, забалочаных лугах, уздоўж берагоў рэк, азёр, часта ўтварае зараснікі.
Шматгадовыя водныя або балотныя травяністыя расліны выш. 30—100 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы: падводнае — стужкападобнае, тое, што плавае — доўгачаранковае, яйцападобнае; надводнае — са стрэлкападобнай пласцінкай. Аднаполыя кветкі белыя, у гронкавых суквеццях. Плод — шматарэшак. Клубні маюць да 50% крухмалу, 8% цукру, ядомыя. Харч., кармавыя, часам дэкар. расліны.