КЛАСІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,

адзін з раздзелаў сучаснай поля тэорыі. Створана ў выніку аб’яднання (у 1926) нерэлятывісцкай квантавай механікі і спец. адноснасці тэорыі з мэтай апісання элементарных часціц і іх узаемадзеянняў.

Першапачаткова паралельна развіваліся К.т.п. і квантавая тэорыя паля. Пасля значных поспехаў квантавай электрадынамікі дамінуючай стала канцэпцыя другаснага квантавання палёў. К.т.п. значна ўмацавалася ў 1960—90-х г., калі высветлілася, што задачы пабудовы калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц больш зручна вырашаць да другаснага квантавання палёў. К.т.п. пабудавана за кошт пашырэння варыяцыйных прынцыпаў механікі на неперарыўныя фіз. сістэмы з улікам іх рэлятывісцкіх і квантавых уласцівасцей (шляхам накладання на тэорыю патрабаванняў рэлятывісцкай інварыянтнасці і ўвядзення статыстычнай адначасцінкавай інтэрпрэтацыі агульных рашэнняў палявых — хвалевых ураўненняў). Напр., рашэнні ўраўненняў электрамагнітнага поля (Максвела ўраўненняў) разглядаюцца ў К.т.п. як квантавамех. функцыі стану фатона.

На Беларусі ў межах К.т.п. ў развіццё ідэй У.А.Фока, Р.Фейнмана, Ф.Л.Фёдарава распрацавана простая (без другаснага квантавання палёў і пабудовы матрыцы рассеяння) схема апісання і разліку асн. працэсаў эл.-магн. ўзаемадзеяння элементарных часціц (1968). Яна заснавана на непасрэдным выкарыстанні агульных рашэнняў хвалевых ураўненняў для ўзаемадзейных палёў, якія атрымліваюцца з дапамогай метаду прычынных функцый Грына ў межах тэорыі малых узбурэнняў. Аналагічная схема распрацавана і ў калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў (1987). К.т.п. стала па сутнасці лагічна замкнёнай фіз. тэорыяй, якая ўключае апісанне свабодных элементарных часціц і іх узаемадзеянняў.

Літ.:

Иваненко Д., Соколов А Классическая теория поля. 2 изд. М.; Л., 1951;

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.​А.​Богуш.

т. 8, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСІКА (Corse),

востраў на ПнЗ Міжземнага мора. Дэпартамент Францыі. Пл. 8,7 тыс. км². Даўж. 183 км, шыр. да 85 км. Нас. 249,7 тыс. чал. (1990). Рэльеф гарысты. Б.ч. вострава займаюць горы (выш. да 2706 м, г. Мон-Сенто), мерыдыянальнага напрамку, якія на З стромка абрываюцца да мора і фарміруюць скалісты бераг, моцна расчлянёны залівамі. На У вострава вузкая нізіна Плен-д’Алерыя, шыр. да 10 км. Берагі тут плоскія, нізкія, месцамі забалочаныя, слаба расчлянёныя. К. складзена на З з гранітаў, на У — з моцна дыслацыраваных тоўшчаў мезакайназою, у асн. гліністымі сланцамі. Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і цёплай вільготнай зімой. Сярэднія т-ры студз. 12—13 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 1000—1200 мм у гарах. Максімум ападкаў выпадае зімой, часам у выглядзе снегу. Сухі сезон доўжыцца 3—4 мес. Кароткія парожыстыя рэкі моцна мялеюць і перасыхаюць. Глебы карычневыя і горна-лясныя бурыя. Лясы сустракаюцца асобнымі масівамі, на б.ч. вострава высечаны. Да выш. 600—700 м пашыраны (асабліва на ПнЗ) маквіс (дрэвападобны верас, сунічнае дрэва, каменны дуб, дзікая масліна, лаўр, ладаннік і інш.); да выш. 1100—1200 м — лясы з каштану і дубу; да выш. 1900 м — з буку, вольхі, хвоі. Вышэй субальпійская і альпійская расліннасць. У прыморскай паласе насаджэнні з коркавага дубу і эўкаліптаў. Рэзерваты Касаб’янда, Скандола. Апрацоўваемыя плошчы сканцэнтраваны на нізінах, у далінах і на тэрасаваных схілах вакол населеных пунктаў. Сады, вінаграднікі, аліўкавыя гаі, палі пшаніцы, ячменю, кукурузы. Жывёлагадоўля. Турызм. Гал. гарады — Аяча, Бастыя.

Літ.:

Вандер Ф. Корсика еще не открыта: Пер. с нем. М., 1961.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАСВЕ́ТНЫЯ ПЛА́ВАННІ,

плаванні па Сусветным акіяне вакол Зямлі, пры якіх перасякаюцца ўсе мерыдыяны. Даюць магчымасць больш дасканала вывучаць Сусветны ак., выяўляць яго рэсурсы і магчымасці выкарыстання. Першае К.п. зрабіла ісп. экспедыцыя Ф.Магелана (1519—22) праз Атлантычны і Ціхі ак. да Філіпінскіх і Малукскіх а-воў, па Індыйскім ак. вакол Афрыкі. Толькі карабель «Вікторыя» пад камандай Х.​С.​Элькана завяршыў К.п. Экспедыцыя эксперыментальна пацвердзіла тэорыю шарападобнасці Зямлі, адзінства Сусветнага ак., яго перавагу па плошчы над сушаю. Другое К.п. ажыццявіў Ф.Дрэйк (1577—80). У 17—18 ст., каб пракласці марскія шляхі і адкрыць новыя землі для каланізацыі, экспедыцыі арганізоўвалі Нідэрланды, Вялікабрытанія, Францыя. Значныя адкрыцці зрабілі ў час К.п. англічанін У.Дампір (1683—91), нідэрландзец Я.​Рогевен (1721—23), француз Л.А. дэ Бугенвіль (1766—69), англічанін Дж. Кук (1768—80), экспедыцыя Р.Фіцрая (1831—36) з удзелам Ч.Р.Дарвіна. У 19 ст. шмат К.п. здзейснілі рас. мараплаўцы І.Ф.Крузенштэрн, Ю.Ф.Лісянскі, О.Я.Кацэбу, В.​М.​Галаўнін, Ф.П.Літке, С.В.Макараў і інш. Рас. экспедыцыя Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава (1819—21) зрабіла значныя адкрыцці ў Антарктыцы. У 2-й пал. 19 ст. ажыццёўлена англ. экспедыцыя на судне «Чэленджэр». У 20 ст. ў час К.п. зроблены адкрыцці ў Антарктыцы і пачата сістэм. вывучэнне Сусв. акіяна. Вылучаюцца К. п.: дацкае на судне «Дана» (1928—30), англ. на «Дыскаверы II» (1935—40), шведскае на судне «Альбатрос III» (1947—48). У сярэдзіне 20 ст. вывучалася магнітнае поле Зямлі ва ўсіх акіянах сав. немагнітнай шхунай «Зара». У 19—20 ст. шмат К. п. праведзена з турысцкімі і спартыўнымі мэтамі, у т. л. больш за 40 К.п. маракоў-адзіночак.

Літ.:

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1—5. 3 изд. М., 1982—86.

І.​Я.​Афнагель.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛАЕ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 78 км на ПнЗ ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Талачын на лініі Орша—Мінск. Вузел аўтадарог на Магілёў, Оршу, Шклоў, Талачын, Бялынічы. 8,1 тыс. ж. (1998).

Вядома з 16 ст. як прыватнаўласніцкая вёска ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. У 2-й пал. 18 ст. мястэчка (328 ж.), належала гетману ВКЛ М.​К.​Агінскаму. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вёска ў Магілёўскім пав. Магілёўскай губ. Рас. імперыі. належала кн. К.​Р.​Дашкавай. У 1784 у К. 462 ж., 41 двор, вінакурны з-д, палатняная ф-ка. З 1785 мястэчка. У 1880—119 двароў, нар. вучылішча, правасл. царква, яўр. малітоўная школа. 3 млыны, 2—3 кірмашы на год. У пач. 20 ст. ў К. 1.6 тыс. ж., крухмальны з-д, 22 гандл. прадпрыемствы, нар. і царк.-прыходскае вучылішчы. 3 крас. 1919 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 да 8.7.1931 і з лют. 1935 цэнтр Круглянскага раёна ў Аршанскай акрузе БССР. З 1925 вёска, 1344 ж., 250 двароў. У 1931—35 К. ў Талачынскім р-не. З 1938 у Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 8.7.1941 да 28.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў К. і раёне 3379 чал. Дзейнічала Круглянскае патрыятычнае падполле. У 1959—66 у Бялыніцкім р-не. З 11.3.1967 гар. пасёлак.

Прадпрыемствы лёгкай, харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Круглянскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам Вял. Айч. вайны.

Літ.:

Памяць: Круглянскі р-н. Мн., 1996.

А.​Г.​Шчарбатаў.

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЯНО́СНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма сасудаў і поласцей у арганізме чалавека і жывёл, па якой цыркулюе кроў. Праз К.с. клеткі і тканкі забяспечваюцца пажыўнымі рэчывамі, кіслародам і вызваляюцца ад прадуктаў абмену рэчываў. Гал. орган К.с. — сэрца. Ад сэрца кроў ва ўсе органы і часткі цела ідзе па артэрыях, да сэрца — па венах. Артэрыі разгаліноўваюцца на больш дробныя сасуды, пераходзяць у артэрыёлы, потым у капіляры, якія ўтвараюць капілярную сетку. З капілярнай сеткі кроў паступае ў венулы, з іх — у вены. У чалавека, наземных пазваночных жывёл і дваякадыхальных рыб 2 кругі кровазвароту: вялікі (артэрыяльная кроў па артэрыях паступае ў органы і тканкі, праходзіць праз капілярную сетку органаў, пераходзіць у вянозную сістэму і па буйных венах вяртаецца ў сэрца) і малы (вянозная кроў з сэрца па лёгачных артэрыях ідзе ў лёгкія, дзе праз іх капілярную сетку абагачаецца кіслародам і па лёгачных венах вяртаецца ў сэрца). У чатырохкамерным сэрцы артэрыяльная кроў поўнасцю аддзелена ад вянознай; тканкі і органы забяспечваюцца толькі артэрыяльнай крывёю.

Літ.:

Парин В.В., Меерсон Ф.З. Очерки клинической физиологии кровообращения. 2 изд. М., 1965;

Проссер Л., Браун Ф. Сравнительная физиология животных: Пер. с англ. М., 1967.

А.​У.​Чантурыя.

Да арт. Крывяносная сістэма. I. Замкнёная сістэма кровазвароту (у дажджавога чарвяка); 1 — сэрца, сасуды, што пульсуюць і праганяюць кроў па замкнёнай сістэме крывяносных сасудаў; 2 — крывяносныя сасуды. II. Незамкнёная крывяносная сістэма (крывяносная сістэма рака): 1 — сэрца з адтулінамі, у якія ўсмоктваецца кроў з поласцей паміж органамі; 2 — сасуды, па якіх кроў паступае да органаў. III Схема кровазвароту чалавека: 1 — сэрца; 2 — малы (лёгачны) круг кровазвароту; 3 — вялікі круг кровазвароту. Чырвоны колер — артэрыяльная кроў, сіні — вянозная, жоўты — лімфатычныя сасуды.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (1.11.1895, в. Крыловічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 23.10.1937),

бел. акцёр; адзін з заснавальнікаў бел. т-ра. Засл. арт. Беларусі (1931). Скончыў Мінскае гар. вучылішча (1914). З 1915 выступаў на аматарскай сцэне. З 1921 у БДТ-1 (цяпер Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы). Акцёр шырокага творчага дыяпазону: выконваў ролі сац. і рамант. герояў, характарныя і камедыйныя. Валодаў яркімі сцэнічнымі данымі, высокай культурай мовы, дасканаласцю грыму, мімікі і жэстаў, майстэрствам поўнага пераўвасаблення, узбуйненай тыпізацыі характараў, імправізацыі пры тонкім адчуванні акцёрскага ансамбля. Яго ранняй творчасці ўласціва яскравая рамант. афарбоўка (Машэка, Кастусь Каліноўскі ў аднайм. п’есах Е.​Міровіча). Па-майстэрску непераўзыдзена ствараў вобразы нац. драматургіі: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Ваявода, Граковіч і Вагін («Каваль-ваявода», «Перамога» і «Запяюць верацёны» Міровіча), Жрэц, Чужакоў («Вір» і «Мост» Я.​Рамановіча), Шчураў («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Карнейчык («Канец дружбы» К.​Крапівы) і інш. Сярод інш. роляў: Мароз («Гута» Р.​Кобеца), Шагабутдзінаў («Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.​Іванова), Малько («Далёкае» А.​Афінагенава), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Чадаў («Жыццё кліча» У.​Біль-Белацаркоўскага). У характарных і камедыйных ролях вынаходзіў трапныя дэталі, непаўторныя нюансы: Тарквіній («Жрэц Тарквіній» С.​Паліванава), Муфці («Мешчанін у дваранах» Мальера), Крэспа («Вясковы суддзя» П.​Кальдэрона) і інш. Здымаўся ў кіно: «Двойчы народжаны», «Дняпро ў агні». На магіле К. на Вайсковых могілках у Мінску ўстаноўлены яго бюст.

Літ.:

Есакоў А. Уладзімір Крыловіч. Мн., 1956;

Рамановіч Я. Уладзімір Крыловіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Ажыццёўленае і няздзейсненае // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

У.​І.​Няфёд.

У.М.Крыловіч.
У.Крыловіч у ролі Кастуся Каліноўскага.

т. 8, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛЯГРА́ФІЯ (ад крышталі + ...графія),

навука пра крышталі і крышт. стан матэрыі. Вывучае вонкавую форму, унутр. будову, фіз. ўласцівасці, рост, разбурэнне, сувязь паміж будовай і хім. саставам крышталёў. Даследуе прыродныя і сінт. крышталі. Падзяляецца на крышталяфізіку, крышталяхімію, геам. К. і крышталегенезіс. Геаметрычная К. вывучае вонкавую і ўнутр. сіметрыю крышталёў, формы крышт. мнагаграннікаў; крышталегенезіс — вывучэнне працэсаў зараджэння і росту крышталёў, іх фазавых пераходаў, структурных дэфектаў, зросткаў і інш. Звязана з мінералогіяй, петраграфіяй, геахіміяй і інш.

Зарадзілася ў старажытнасці. Як самаст. навука развіваецца з 2-й пал. 17 ст., з адкрыццём законаў пастаянства вуглоў у крышталях (Н.​Стэна, 1669), падвойнага праменепраламлення (Э.​Барталін, 1669), пастаянства пунктаў плаўлення крышт. рэчываў (Р.​Гук, 1668), з’явы аднароднасці і анізатропнасці крышталёў. Першы дапаможнік па К. апублікаваны Н.​Рамэ дэ Лілем (1772). У 2-й пал. 18 ст. М.​В.​Ламаносаў, Р.Ж.Гаюі (1784) і інш. выказалі меркаванне пра рашэцістую будову крышталёў. У 18—19 ст. Гаюі, А.​В.​Гадалін, Г.​В.​Вульф і інш. распрацавалі вучэнне пра сіметрыю крышталёў, яе развіў Я.С.Фёдараў (1890). У 19—20 ст. пачалося аптычнае вывучэнне шліфаў горных парод. Адкрыццё з’явы дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў (ням. фізік М.​Лаўэ, 1912) і распрацоўка метадаў рэнтгенаструктурнага аналізу (англ. фізікі У.Г. і У.Л.Брэг, 1913) дазволілі расшыфраваць крышт. структуру матэрыі. Уклад у К. зрабілі сав. вучоныя М.В.Бялоў, А.В.Шубнікаў, І.​В.​Абраімаў. Г.​Б.​Бокій, А.​І.​Кітайгародскі, І.​І.​Шафраноўскі і інш.

Прыкладное значэнне К. — распрацоўка метадаў штучнага вырошчвання крышталёў з папярэдне зададзенымі якасцямі, стварэнне новых сінт. матэрыялаў. Развіваецца вытв-сць сінт. крышталёў (кварцу, алмазу, германію, крэмнію і інш.).

Літ.:

Уиттекер Э. Кристаллография: Пер. с англ. М., 1983;

Егоров-Тисменко Ю.К., Литвинская Г.П., Загальская Ю.Г. Кристаллография. М., 1992.

С.​А.​Ціханаў.

т. 8, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Павел Варфаламеевіч) (17.11.1878, г. Саратаў, Расія — 21.2.1968),

расійскі мастак. Засл. дз. маст. Расіі (1928). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1903) у К.​Каровіна і В.​Сярова, у прыватных акадэміях Парыжа (1905).Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», «Чатыры мастацтвы». У 1917—37, 1945—48 выкладаў у Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях — Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це, ін-це выяўл. мастацтваў і інш. ін-тах у Маскве. Працаваў у галінах станковага, манум., тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу, у графіцы. У ранні перыяд зазнаў уплыў В.​Барысава-Мусатава. Звяртаўся да матываў сноў, летуценняў, праз спалучэнне рэальнасці і мары, абагульненыя дэкар.-манум. формы імкнуўся стварыць жывапісна-вобразную аналогію літ. і муз. сімвалізму. Шукаў цэласнасць быцця, гармонію паміж чалавекам і прыродай у першабытным жыцці. У выніку паездак у Заволжа і Сярэднюю Азію стварыў «стэпавую», або «кіргізскую», серыю карцін («Міраж у стэпе», «Дождж у стэпе», «Вечар у стэпе», усе 1912, і інш.). Творам характэрны мігатлівы каларыт з тонкай градацыяй колеравых адценняў, плоскасна-лінейныя рытмы, выкарыстанне ў станковых творах тэхнікі насценных размалёвак. Аўтар манум. пано «Сцяпан Разін на стругах» (1919) для будынка Малога т-ра ў Маскве, «Калгаснае поле» (1937) для сав. павільёна Сусв. выстаўкі ў Парыжы, станковых карцін «Блакітны фантан» (1905), «Яванская танцоўшчыца» (1919), «Нацюрморт з хрусталём», «Адпачынак пастухоў» (абедзве 1927), «Маці» (1930), «Сартаванне бавоўны» (1931), «Дэкаратыўны нацюрморт» (1937), серый аўталітаграфій «Горная Бухара», «Туркестан» (абедзве 1923). Аформіў спектаклі «Сакунтала» Калідасы (1914) у Камерным т-ры, «Свята св. Ёргена» Х.​Бергстэта ў т-ры ВЦСПС, «Вызвалены Дон Кіхот» А.​Луначарскага ў т-ры «Камедыя» (абодва 1924) у Маскве і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

П.Кузняцоў. Міраж у стэпе. 1912.

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТУ́ЗАЎ, Галянішчаў-Кутузаў Міхаіл Іларыёнавіч (16.9 1745, С.-Пецярбург — 28.4.1813), расійскі палкаводзец, дыпламат. Ген.-фельдмаршал (1812), святлейшы князь Смаленскі (1812). Вучань А.В.Суворава. Скончыў артыл.-інж. школу ў Пецярбургу (1759). Удзельнік экспедыцый рас. войск у Рэч Паспалітую 1764—65, 1769 і 1792, рус.-тур. войнаў 1768—74 (у выніку ранення страціў правае вока) і 1787—91. У 1776—79 памочнік Суворава ў Крыме. У 1792—94 пасол у Канстанцінопалі (Стамбуле). З 1795 камандуючы рас. сухап. войскамі, флотам і крэпасцямі ў Фінляндыі. У 1799—1801 і 1809—11 літоўскі, у 1801—02 пецярбургскі ваен. губернатар, потым да жн. 1805 у адстаўцы. Галоўнакамандуючы рас. войскамі ў руска-аўстра-французскую вайну 1805 (гл. таксама Аўстэрліцкая бітва), рус.-тур. вайну 1806—12 (з сак. 1811 дамогся заключэння Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812) і вайну 1812 (са жн., у т. л. правёў Барадзінскую бітву 1812). У час Бярэзінскай аперацыі 1812 быў у Копысі, потым у мяст. Круглае, Жукавец, Радашковічы і інш. месцах. У звароце да жыхароў ВКЛ (8 снеж. 1812), а таксама ў лістах П.​В.​Чычагаву (9 снеж.) і А.​Л.​Гарчакову (28 снеж.) патрабаваў, каб рас. войскі не пакідалі жыхароў бел. губерняў без харчавання, не чынілі ім крыўды. З лют. 1813 галоўнакаманд. саюзнымі рас. і прускімі войскамі (гл. Замежныя паходы рускай арміі 1813—14); памёр у г. Бунцлаў (цяпер Баляславец, Польшча). Пахаваны ў Казанскім саборы ў Пецярбургу, каля якога яму пастаўлены помнік. З 1942 вышэйшыя камандзіры Сав. Арміі ўзнагароджваліся ордэнамі К. трох ступеней (захаваўся ў арміі Рас. Федэрацыі).

Тв.:

Письма, записки. М., 1989.

Літ.:

Жилин П.А. Фельдмаршал М.​И.​Кутузов: Жизнь и полководческая деятельность. 3 изд. М., 1987.

У.​Я.​Калаткоў.

М.І.Кутузаў.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД ДЗЕЯСЛО́ВА,

граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; грамат. спосаб выражэння мадальнасці. Грамат. значэнне форм Л.дз. выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць (піша) і маўленне якога перадае суб’ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць да дзеяння (ацэнка дзеяння як жадаемага, магчымага, мяркуемага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм Л.дз. Адрозніваюць 2 тыпы Л.дз.: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны Л.дз.), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных Л.дз. адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага, што і вызначае разнастайнасць парадыгмаў ускосных Л.дз. ў розных мовах.

У бел. мове 3 Л.дз.: абвесны, загадны і ўмоўны. Абвесны Л.дз. абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: «піша», «пісала», «будуць пісаць», «напішу», «не пісаў». Загадны Л.дз. выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да інш. асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя (можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду). Асн. яго формы — 2-я асоба адзіночнага («ідзі») або мн. л. («ідзіце»), 1-я асоба мн. л. («ідзём»), апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і мн. л. з загаднай часціцай «няхай» («хай»): «няхай ідзе», «хай ідуць». Умоўны Л.дз. абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай «бы» («б»): «спявалі б».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)