Фізіятэрапія. Першы фізіятэрапеўтычны кабінет на Беларусі арганізаваны ў 1916, хоць асобныя даследаванні ўплыву фіз. фактараў на арганізм чалавека праводзіліся і ў 19 ст. (Я.А.Наркевіч-Ёдка і інш.). З адкрыццём Бел. інстытута фізіятэрапіі (1924) даследаванні набылі сістэмны характар, а фізіятэрапеўтычная служба пачала фарміравацца як галіна практычнай медыцыны. У наш час фізіятэрапеўтычную дапамогу (святлолячэнне, электра-, магніта-, механатэрапію, вода- і бальнеалячэнне, інгаляцыйную тэрапію і інш.) аказваюць у фізіятэрапеўтычных аддзяленнях, якія функцыянуюць ва ўсіх лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных установах Беларусі. Штогод лячэнне атрымліваюць больш за 5 млн. хворых.
Курарталогія (уключае ў сябе бальнеалогію, бальнеатэрапію, кліматалогію і клімататэрапію, таласатэрапію і курартаграфію) фарміравалася паступова, а курортныя фактары з лячэбнымі мэтамі доўгі час выкарыстоўваліся бессістэмна і эмпірычна. Вывучэнне мінеральных крыніц Беларусі пачалося ў 18 ст. У 1778 С.Элі даследаваў і апісаў Шклоўскую серна-жалезістую крыніцу, у 1786 А.Меер-Міхееўскі — крыніцу пад Крычавам. Некалькі мінеральных крыніц выявіў В.М.Севяргін. Рэгулярнае выкарыстанне мінеральных вод пачалося ў 1-й пал. 19 ст., першы курорт засн. ў 1855 каля в. Баркоўшчына на беразе Доўжыцкага возера (існаваў да Вял. Айчыннай вайны). Сістэматычнае і планавае асваенне курортных фактараў у рэспубліцы пачалося ў 1920-я г. Уклад у іх вывучэнне і развіццё санаторна-курортнай справы зрабілі І.П.Антонаў, П.В.Астапеня, М.Ф.Казлоў, І.В.Казлоўскі, Я.Ф.Калітоўскі, Э.С.Кашыцкі, А.В.Кудзельскі, Л.Х.Хасін, Б.В.Шалькевіч і інш. У 1925 адкрыты санаторый «Баркоўшчына», у 1934 — Барысаўскі санаторый, у 1936 — Бабруйская курортная лячэбніца. У пасляваенны час праводзілася мэтанакіраваная разведка мінеральных вод і лячэбных гразей і на іх базе ствараліся санаторна-курортныя ўстановы: санаторыі «Нарач» (1963), «Крыніца» (1966), «Лётцы» (1964) і інш. Адначасова пашыралася сетка дамоў адпачынку, санаторыяў-прафілакторыяў і інш. санаторна-курортных устаноў. У наш час на Беларусі функцыянуе 71 санаторый і пансіянат з лячэннем, 109 санаторыяў-прафілакторыяў і 15 дамоў адпачынку, у якіх штогод папраўляюць здароўе больш за 500 тыс. чалавек.
Навук. даследаванні па фізіятэрапіі і курарталогіі праводзяцца пераважна ў Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; на кафедрах фізіятэрапіі, курарталогіі і мед. рэабілітацыі ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі; у мед. універсітэтах. Бел. вучонымі адкрыты і вывучаны шматлікія крыніцы мінеральных вод і лячэбных гразей, даследавана эфектыўнасць фізіятэрапеўтычных метадаў і курортных фактараў у прафілактыцы хвароб, лячэнні і рэабілітацыі хворых; распрацаваны шматлікія метады лячэння фізічнымі фактарамі, вывучаны фізіка-хім. і лекавыя ўласцівасці прыродных фактараў, прапанаваны дзесяткі фізіятэрапеўтычных апаратаў. Найб. значны ўклад у развіццё фізіятэрапіі і курарталогіі зрабілі Г.Е.Багель, В.А.Кобрык, Д.А.Маркаў, Л.А.Пірагова, У.С.Улашчык і створаная ім бел. фізіятэрапеўтычная школа. Спецыялісты ў галіне фізіятэрапіі і курарталогіі аб’яднаны ў Бел.навук.мед. таварыства фізіятэрапеўтаў і курартолагаў (засн. ў 1948, з 1948 старшыня Маркаў, з 1976 Улашчык). З мэтай укаранення навейшых дасягненняў у галіне фіз. і курортнай тэрапіі ў мед. практыку праводзяцца нарады таварыства і яго філіялаў у абласцях, канферэнцыі, семінары. Асновы фізіятэрапіі і курарталогіі выкладаюцца ў вышэйшых і сярэдніх мед. навучальных установах. Падрыхтоўку і ўдасканаленне ўрачоў па фіз. і курортнай тэрапіі праводзіць створаная ў 1977 кафедра фізіятэрапіі і курарталогіі Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́К (Białystok),
горад на ПнУ Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц.Беластоцкага ваяводства. 275 тыс.ж. (1992), сярод насельніцтва значную ч. складаюць беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (шарсцяной, баваўнянай), маш.-буд. (дарожныя машыны, дэталі станкоў), электроннай (вытв-сць тэлевізараў), харч., дрэваапр. прам-сці. Хім., гарбарныя, шкларобныя, швейныя, мэблевыя, буд. матэрыялаў прадпрыемствы; ф-ка дываноў.
Лічаць, што Беласток заснаваў князь Гедзімін у 1320. Ён уваходзіў у ВКЛ, у падляшскіх граматах 14 ст.наз. Бялынчаны-сток. У 1426 Вітаўт падараваў горад Мацею з Тыкоціна. Пасля Люблінскай уніі 1569 Б. з Падляшскім ваяв. адышоў да Каралеўства Польскага. У 16—18 ст. належаў Весялоўскім, Вастрарогам, Чарнецкім, Браніцкім, быў каронным (дзярж.) уладаннем. У 1723 атрымаў магдэбургскае права. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны ратуша з вежай і мураваныя крамы, палац Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі, вадасховішчамі і 2 звярынцамі; горад умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі. З 1795 у складзе Прусіі. Дзейнічаў Беластоцкі інстытут павітух. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 далучаны да Рас. імперыі. З 1808 цэнтр Беластоцкай вобласці, з 1842 цэнтр Беластоцкага павета Гродзенскай губ. У 1845 атрымаў герб. У 1857 у Беластоку 13 787 ж. У 1862 праз Беласток пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1889 — 56,6 тыс. ж, 4127 жылых дамоў, 27 з-даў, 133 ф-кі (больш за 2 тыс. рабочых), якія штогод выпускалі прадукцыі на 2,7 млн.руб. Дзейнічалі рэальнае вучылішча, ін-т шляхетных дзяўчат, пав. і прыходскае вучылішчы, пач.яўр. Вучылішча, прыватныя школы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, 4 аптэкі, правасл. і лютэранская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі, 29 магазінаў, штогод праводзіўся кірмаш. У 1915 у час 1-й сусв. вайны акупіраваны герм. войскамі, у час сав.-польскай вайны ў 1920 у Беластоку утвораны Польскі рэв. камітэт. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. тут дзейнічалі бел.паліт. і грамадскія арг-цыі, у 1924—25 знаходзіўся ЦККПЗБ. Звер. 1939 у БССР. У Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. З 4.12.1939 цэнтр Беластоцкай вобл.З 23.6.1941 да 27.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя. У 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкім гета. За перыяд акупацыі знішчана 55% насельніцтва, 74% прам-сці, 80% жылой забудовы горада. Беласток вызвалены Сав. Арміяй у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. У вер. 1944 паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі перададзены Польшчы.
Найб. значны помнік архітэктуры — палац Браніцкіх, т.зв. «падляскі Версаль» (1697, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1728—58, арх. Я.Дэйбель, Клем). Гэта вялікая познабарочная рэзідэнцыя з галерэямі, афіцынамі, павільёнамі, комплексам дзядзінцаў, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі; спалены ў 1944, рэканструяваны паводле плана 1726 (цяпер сядзіба мед. акадэміі). Сярод інш. помнікаў: раннебарочны касцёл (1617) з багатым інтэр’ерам 18 ст. (арх. Я.Фантана) і надмагіллямі Браніцкіх, а таксама дабудаваны да яго кафедральны неагатычны касцёл (1900, арх. Я.Дзяконскі); познабарочная плябанія (1746); ратуша з гадзіннікавай вежай (1745—61, арх. Клем); будынак масонскай ложы (1803—06); класіцыстычныя камяніцы (18—19 ст.) і царква св. Мікалая (сярэдзіна 19 ст.); «Дом Напалеона» (19 ст.); касцёл св. Роха (1927, арх. О.Сасноўскі).
У 1927—31 у Беластоку дзейнічаў драм. гурток Т-вабел. школы пад кіраўніцтвам К.Сідарэвіча, які паставіў спектаклі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. У 1929 аматарскі драм. гурток Віленскай бел. гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканне» У.Галубка. У 1937—38 дзейнічала Т-ва працаўнікоў бел.т-ра «Полымя». У 1939 у Беластоку створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі тэатр лялек БССР, т-рмуз. камедыі БССР; арганізаваны Бел. ансамбль песні і танца на чале з Р.Шырмай (гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь), Беластоцкае аддзяленне Белдзяржэстрады; дзейнічалі бел., польскія і рус. самадзейныя драм. калектывы; выступалі БДТ-1 (1939), Дзярж.яўр.т-рБССР (1940).
У пасляваенны час у Беластоку створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, выходзяць газ. «Ніва» і штогоднік «Беларускі каляндар». З 1958 Беластоцкае радыё трансліруе (з 1990 штодзённа) перадачы на бел. мове; праводзяцца Дні бел. культуры, наладжаны пастаянныя кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.Венгеркі і драм. т-рамі Беларусі (абмен гастролямі, пастановачнымі групамі). У Беластоку выступалі Нац.т-р імя Я.Купалы (1955, 1975, 1991, 1993, 1994), Брэсцкі драм.т-р (1958, 1965).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЯ ШКОЛА.
З 10 ст. на тэр. Беларусі пачала распаўсюджвацца слав. пісьменнасць. У 11—12 ст. у Полацку, Віцебску, Тураве, Мазыры, Мінску, Пінску, Слуцку і інш. гарадах перапісваліся кнігі і пачалося навучанне дзяцей грамаце. Дзяцей навучалі як для царк., так і для грамадскіх і гасп. спраў. У Полацку ў 992 і ў Тураве каля 1000 г. заснаваны епіскапскія кафедры. Адметную ролю ў развіцці асветы на Полацкай зямлі адыграла Ефрасіння Полацкая. У Тураўскім княстве вырас талент вядомага пісьменніка і прапаведніка Кірылы Тураўскага, які ў сваіх «Словах» і «Павучаннях» выступаў супраць гультайства, зла, насілля, ілжывасці. Развіццё рукапіснай кніжнай справы садзейнічала ўзнікненню царк.-манастырскіх і свецкіх бібліятэк. У 13 ст. пісьменства пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. сталі адкрывацца школы пры манастырах, цэрквах, феад. маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся і настаўнікі-самавучкі. У 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ўзніклі канфесіянальныя пратэстанцкія школы, друкарні, з’явіліся першыя падручнікі на бел. мове. У пратэстанцкіх школах вывучалі Свяшчэннае пісанне, царк. песнапенне, стараж. мовы (лац., грэч., стараж.-рус.), родную мову, рыторыку, паэзію, дыялектыку, матэматыку. Вял. ролю ў развіцці асветы на Беларусі адыгралі брацкія школы. Эканам. і культ. развіццё бел. зямель у канцы 15 — пач. 16 ст. абумовілі станаўленне і развіццё бел. кнігадрукавання. Яго ўзнікненне звязана з дзейнасцю бел. першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, які пачаў друкарскую дзейнасць у 1517 у Празе. У 1520-я г. ў Вільні ім надрукаваны 22 кнігі пад агульнай назвай «Біблія руская», у 1522 — «Малая падарожная кніжка» і інш. У 2-й пал. 17 ст. многія брацкія школы разам з друкарнямі закрыты. З 16 да пач. 19 ст. існавалі езуіцкія навуч. ўстановы — калегіумы. У канцы 17—18 ст. распаўсюджваліся каталіцкія і уніяцкія школы. У 1773—94 агульная адукацыя ў Рэчы Паспалітай развівалася пад кіраўніцтвам Адукацыйнай камісіі, якая правяла рэформу школ і ун-таў, зацвердзіла статут і адкрыла больш за 20 свецкіх школ, у якіх больш увагі стала аддавацца прыродазнаўчым і фізіка-матэм. навукам.
У канцы 18 ст. пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі было адкрыта 20 рускіх школ, 6 малых і 2 гал.нар. вучылішчы (у Магілёве і Полацку). Да адмены ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 пераважалі каталіцкія (ордэнскія) і уніяцкія школы, навучанне вялося пераважна на польскай мове. Пасля паўстання 1863—64 кіраўніцтва адукацыяй ажыццяўлялася на аснове «Часовых правіл для народных школ Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў» і выдадзенай папячыцелем Віленскай навуч. акругі А.П.Шырынскім-Шыхматавым спец. інструкцыі (1864) нагляд за нар. адукацыяй і свецкімі школамі быў даручаны правасл. духавенству. Пачатковыя школы будаваліся і ўтрымліваліся на сродкі бацькоў. Сярэдняя школа з-за высокай платы была амаль недаступная для дзяцей працоўных. Паводле перапісу 1897 сярод насельніцтва ва ўзросце 9—49 гадоў пісьменныя складалі 32%. Пад уплывам рэвалюцыі 1905—07 актывізавалася барацьба за стварэнне бел.нац. школы. У 1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) адбываўся 1-ы на Беларусі нелегальны з’езд настаўнікаў, на якім былі сфармуляваны патрабаванні ўсеаг. абавязковага навучання і выкладання на бел. мове. У 1906 выдадзены першы бел. буквар «Беларускі лемантар» К.Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, у 1909 — «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа. У 1914/15 навуч.г. на Беларусі працавалі 7682 агульнаадук. школы ўсіх тыпаў, у т. л. 7492 пач., 119 няпоўных сярэдніх, 71 сярэдняя. Ва ўсіх тыпах школ вучылася 489 тыс. вучняў (20% усіх дзяцей школьнага ўзросту).
У 1919 Наркамат БССР увёў у дзеянне «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе РСФСР». Навучанне ў школах вялося на роднай мове. Па ініцыятыве братоў П.М. і М.М.Лепяшынскіх быў створаны новы тып прац. школы — школа-камуна. Асн. тыпам школы стала 7-гадовая працоўная агульнаадук. і політэхнічная школа для дзяцей ва ўзросце 8—15 гадоў. У 1919 адкрыліся першыя вячэрнія школы для дарослых, а з канца 1920 арганізавана сетка школ для непісьменных. У 1926 ЦВК і СНКБССР прынялі пастанову аб увядзенні ўсеаг. абавязковага пач. навучання (завершана да 1932). У 1926 заснаваны школы 2-й ступені з 9-гадовым тэрмінам навучання (з 1932 — з 10-гадовым). Да канца 1930-х г. дзейнічалі таксама школы з выкладаннем на польскай, яўр. (ідыш) і інш. мовах. З 1932/33 навуч.г. ўведзена абавязковае 7-гадовае навучанне (завершана да 1939/40 навуч.г.). У 1939 пісьменнасць насельніцтва дасягнула 78,9%.
На тэр.Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, з 400 бел. школ да 1937 не засталося ніводнай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі зБССР на ўсёй тэр. Беларусі стала дзейнічаць адзіная школьная сістэма. З 1940 у зах. абласцях уведзена ўсеагульная 7-гадовая адукацыя дзяцей ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў. Усяго на тэр. Беларусі ў 1940/41 навуч.г. было 12 тыс. школ, у т. л. 3,5 тыс. сямігадовых і сярэдніх, у якіх навучалася 1,7 млн. вучняў.
У Вял.Айч. вайну было знішчана каля 60% усіх школьных будынкаў (9 тыс. школ), усё школьнае абсталяванне і 20 млн.экз. кніжнага фонду школ. У час вайны школы, пераважна пачатковыя, працавалі ў партыз. зонах. Пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў ужо з 1944/45 навуч.г. заняткі ў школах аднавіліся на ўсёй тэр. краіны У 1945/46 навуч.г. ў 10 982 школах навучалася 1,3 млн.чал. У 1949 прынята рашэнне аб ажыццяўленні ў Беларусі ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі дзяцей 7—15 гадоў. За дзесяцігоддзе (1946—56) колькасць вучняў сярэдніх школ павялічылася на 511 тыс. чал.
У 1961 Вярх. Савет прыняў пастанову «Аб выкананні Закона «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР», у якім гал. ўвага была звернута на далейшае развіццё сярэдніх 11-гадовых школ з вытворчым навучаннем. У 1962/63 навуч.г. працавала каля 13 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. 4,6 тыс. васьмігадовых і сярэдніх з вытворчым навучаннем, 1331 школа рабочай і сельскай моладзі, 18 завочных школ. Колькасць вучняў дасягнула 1577,3 тыс.чал., з іх 103,3 тыс. ў сістэме вячэрніх (зменных) і завочных школ і 127,2 тыс. ў старшых класах агульнаадук. школ з вытворчым навучаннем. Працавала 121 школа-інтэрнат (34 тыс. дзяцей), 38 спец. школ (5,3 тыс. вучняў) для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Вялікі клопат праяўляўся аб дзецях-сіротах: у 1963 у 116 дзіцячых дамах навучалася і выхоўвалася 11,5 тыс. дзяцей. Да 1962/63 навуч.г. закончыўся пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання, у 1975/76 навуч.г. — да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі.
З 1995 пачалася планамерная і паступовая рэформа агульнаадук. школы Беларусі. Яе асн. мэты: стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця асобы, павышэнне якасці адукацыі, павелічэнне эфектыўнасці сістэмы адукацыі і яе адпаведнасці патрэбам грамадства і дзяржавы. Канцэпцыя і праграма рэформы агульнаадук. сярэдняй школы ў Рэспубліцы Беларусь (1996) прадугледжваюць стварэнне мадэлі будучай агульнаадук. сярэдняй школы. Асн. задачы гэтай школы: падрыхтоўка маладога пакалення да паўнацэннага жыцця і дзейнасці ў грамадстве, засваенне фундаментальных асноў нац. і сусв. культуры, садзейнічанне гарманічнаму развіццю асобы. Для іх вырашэння неабходны: аптымальнае спалучэнне фундаментальных ведаў з практыка-арыентаванымі; практычная накіраванасць прыродазнаўчых і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін у базавай школе; ліквідацыя вучэбнай перагрузкі праз вызначэнне базавага кампанента ў межах зацверджаных дзяржавай стандартаў, стварэнне інтэграваных курсаў, аптымізацыі пед. тэхналогій; прыярытэт індывід. падыходу да навучання, асобасна арыентаванай парадыгмы, якая дазваляе гібка рэагаваць на адукац. запатрабаванні вучня; мадэрнізацыя сістэмы ацэнкі ведаў вучняў у кірунку яе гуманізацыі; пабудова выхаваўчай работы на культуралагічнай аснове, стаўленне да нац. і сусв. культуры як да зместу выхавання; грамадзянскі, патрыятычны, экалагічны характар выхавання. Структура 12-гадовай агульнай адукацыі:
Пачатковая школа (1—4-ы класы, з 6 да 10 гадоў) ставіць перад сабой 2 задачы: заахвочванне і развіццё ўстойлівай цікавасці да навучання, да ведаў, засваенне дзіцем базавых навыкаў працэсу вучэння — умення вучыцца; фарміраванне асноў агульнай пісьменнасці, якая дазваляе працягваць далейшае навучанне. Навучанне па праграме 1-га класа можа праходзіць як у школе, так і ў дзіцячым садзе.
Базавая (асноўная) сярэдняя школа (5—10-ы класы, з 10 да 16 гадоў) нясе на сабе асн. нагрузку па рэалізацыі задач агульнаадук. школы, падрыхтоўцы дзяцей да жыцця ў грамадстве. Праграма базавай школы характарызуецца лагічнай завершанасцю і паўнатой кола ведаў у межах дзярж. стандарту. Выпускнік павінен атрымаць веды, якімі ён будзе карыстацца ў жыцці, незалежна ад абранай прафесіі і далейшай адукацыі ці прафес. падрыхтоўкі. Школа павінна сфарміраваць уяўленні аб шляхах магчымага выбару, даць вучню сродкі для яго ажыццяўлення, дапамагчы яму раскрыць і развіць здольнасць, паказаць магчымасці іх аптымальнага выкарыстання. Асаблівай задачай з’яўляецца грамадз. выхаванне, фарміраванне ведаў аб дзяржаве, грамадстве, падрыхтоўка да выканання грамадз. функцый. Рэалізацыя гэтых задач дасягаецца на аснове засваення вучнямі базавага кампанента сярэдняй адукацыі. З 7—8-га класаў магчыма ўвядзенне розных узроўняў падрыхтоўкі (паглыбленага вывучэння асобных прадметаў), у 9—10-м класах — прафіляванне падрыхтоўкі (прыродазнаўчанавуковы, гуманітарны, політэхнічны профілі, сферы мастацтва і спорту). Паспяховае заканчэнне 10-гадовай школы і праходжанне дзярж. атэстацыі дае права на працяг адукацыі па наступных кірунках: атрыманне прафес. і агульнаадук. падрыхтоўкі ў ПТВ ці сярэдняй спец.навуч. установе, агульнаадук. падрыхтоўкі ў ліцэйскіх ці гімназічных класах.
Ліцэйскія і гімназічныя класы (тэрмін навучання 2 гады) ставяць перад сабой задачу — працяг агульнай сярэдняй адукацыі і падрыхтоўкі да вышэйшай адукацыі. Ствараюцца наступныя арганізацыйныя формы навучання: ліцэйскія і гімназічныя класы ў рамках сярэдніх агульнаадук. школ; ліцэі з прыродазнаўчанавуковымі, політэхнічнымі і гуманітарнымі класамі як самаст.навуч. ўстановы; ліцэі пры ВНУ, падрыхтоўка ў якіх адпавядае профілю гэтай навуч. ўстановы, выконваюць і функцыю сац. падтрымкі сельскай і прац. моладзі, аналагічную функцыю падрыхтоўчых аддзяленняў. Прызначэнне, падобнае на ліцэйскае, маюць і гімназіі з 12-гадовым тэрмінам навучання. Паспяховае завяршэнне ліцэйскага ці гімназічнага цыкла навучання (у адпаведных класах) дае права на паступленне ў ВНУ.
У 2003/04 навуч.г. атрыманне базавай і агульнай сярэдняй адукацыі забяспечвалі 4317 дзярж. дзённых агульнаадук. школ (1347 тыс. вучняў), у т. л. 447 пачатковых, 934 базавыя, 2700 сярэдніх, 115 гімназій, 26 ліцэяў, 7 навуч.-пед. комплексаў: школа (гімназія) — каледж і 88 школ і школ-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. Адначасова функцыянавалі 12 недзярж. дзённых агульнаадук. школ (900 вучняў) і 79 дзярж. вячэрніх (зменных) школ (20,7 тыс. вучняў). Ва ўсіх тыпах устаноў працавала 146,7 тыс. настаўнікаў (гл.табл. 1). У першую змену ў дзярж. дзённых агульнаадук. школах навучалася 1153,5 тыс. вучняў (83,1%), у другую — 234,5 тыс. (16,9%). Сярэдняя напаўняльнасць школ усіх тыпаў Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь зменшылася на 0,1%. У 2441 дзярж. дзённай агульнаадук. школе працуюць групы падоўжанага дня, у якіх 150,6 тыс. дзяцей. У 2621 дзярж. дзённай агульнаадук. школе (60,2% ад агульнай колькасці школ) навучанне ажыццяўляецца на бел. мове, у 1313 (30,1%) — на рускай, у 418 (9,6%) — на дзвюх і больш мовах, у 2 — на польскай, у 1 — на літоўскай. Захоўваецца тэндэнцыя змяншэння колькасці школ збел. мовай навучання. На пач. 2004 на бел. мове навучалася 360 тыс. вучняў (26% ад агульнай колькасці вучняў дзённых агульнаадук. школ), на рускай 1023 тыс. (73,7%), на польскай 800 вучняў (0,1%), на літоўскай 75 вучняў. Уведзена 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў. У 1-м класе адзнакі не выстаўляюцца.
Удасканаленне адукац. працэсу ажыццяўляецца за кошт пашырэння культуралагічнай, эканам., экалагічнай падрыхтоўкі, укаранення сучасных тэхналогій навучання, надання зместу адукацыі на ўзроўні базавай (асноўнай) школы адносна завершанага характару і ажыццяўлення профільнай дыферэнцыяцыі на апошнім этапе агульнай сярэдняй адукацыі. Пераход на 5-дзённы навуч. тыдзень дазваляе ўстанаўліваць навукова абгрунтаваную навуч. нагрузку. Паэтапнае зніжэнне напаўняльнасці класаў стварае аптымальныя ўмовы для навучання і аховы здароўя вучняў. Забяспечваецца адзінства навуч.-выхаваўчага працэсу ў сістэмах школьнай і пазашкольнай адукацыі. Працягваецца работа па стварэнні комплекснай сістэмы выхаваўчай работы, арыентаванай на фарміраванне духоўна-маральнай асобы. З 2001 праводзіцца работа па пашырэнні сеткі ўстаноў пазашкольнай адукацыі (комплексы пазашкольнай работы, цэнтры творчасці школьнікаў, турыстычныя клубы, дзіцячыя паркі і інш.) і аказваемых імі паслуг з улікам павелічэння патрэбнасцей і запатрабаванняў навучэнскай моладзі. Развіваецца дзейнасць дзіцячых і маладзёжных арганізацый. Фарміруецца сістэма псіхолага-пед. і сац.-пед. падтрымкі, завершана стварэнне сеткі спец. устаноў для аказання дапамогі дзецям і сем’ям, якія апынуліся ў экстрэмальных сітуацыях, пашырана аказанне карэкцыйна-адукац. паслуг асобам з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця. З 2002 прымаюцца дадатковыя меры па арганізацыі профільных аздараўленчых летнікаў з улікам інтарэсаў, запатрабаванняў і неабходнасці ў аздараўленні розных катэгорый вучняў. Пашыраецца практыка аздараўлення дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця; дзяцей, якія стаяць на прафілактычным уліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх.
Табліца 1 Установы, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі (на пачатак навуч. года)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯГА́ЙЛА (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Уладзіслаў; 1352?—1.6.1434),
вялікі князь ВКЛ [1377—81, 1382—92], кароль Польшчы [1386—1434]. Заснавальнік дынастыі Ягелонаў. Старэйшы сын вял. князя ВКЛАльгерда і цвярской князёўны Ульяны Аляксандраўны. Альгерд прызначыў Я. спадчынным уладальнікам трона ВКЛ. Вял. князем стаў у маі 1377. Адразу ўступіў у канфлікт з уплывовым дзядзькам, князем троцкім Кейстутам, які намагаўся захапіць велікакняжацкі трон. У адрозненне ад Кейстута, які быў прыхільнікам барацьбы на 2 франты — з крыжакамі і рус. княствамі, Я. намагаўся замацаваць усх. тэрыторыі нават за кошт часовай уступкі Жамойці крыжакам. У 1380 Я. заключыў з Залатой Ардой дагавор, накіраваны супраць Маскоўскага княства, і планаваў удзел у Кулікоўскай бітве 1380. Крыжакі выкарысталі дынастычную барацьбу і заключылі перамір’е ў 1379 з Кейстутам, а ў 1380 з Я. У 1381 Кейстут захапіў уладу ў Вільні, аднак у чэрв. 1382 Я. вярнуў сабе сталіцу, у час перагавораў захапіў Кейстута, які паводле загаду Я. быў задушаны ў Крэўскім замку. Я. абапіраўся на дапамогу Тэўтонскага ордэна, якому ў 1382 перадаў палову Жамойці і заключыў з ім перамір’е на 4 гады. Яго стрыечны брат Вітаўт увосень 1382 уцёк з Крэўскага замка да крыжакоў і заключыў з імі саюз. У 1383 Я. вёў вайну з крыжакамі, адбіў у іх гарады Коўна і Трокі. У 1383—84 вёў перагаворы з маскоўскім вял. князем Дзмітрыем Іванавічам Данскім аб саюзе супраць крыжакоў; саюз меркавалася ўмацаваць шлюбам Я. з дачкой Дзмітрыя, аднак гэты план не быў здзейснены. Я. паразумеўся з Вітаўтам, і той вярнуўся ў ВКЛ, дзе атрымаў ад Я. Падляшша і г. Гародню. Для барацьбы супраць крыжакоў Я. заключыў Крэўскую унію 1385. У 1386 прыняў каталіцтва, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём Польшчы (Уладзіслаў II). У 1387 здзейсніў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду літоўцаў-язычнікаў і заснаваў Віленскае біскупства для Літвы і Беларусі (для Жамойці пазней утворана ўласнае біскупства). Яго намаганні падпарадкаваць ВКЛ польскай кароне выклікалі незадаволенасць большай часткі бел. і літ. феадалаў на чале з Вітаўтам. Вайна вялася некалькі гадоў і скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і вял. князем ВКЛ (фармальна з 1401). Улада Я. ў ВКЛ станавілася намінальнай, хаця ён меў тытул вярх. князя (які амаль ніколі не ўжываўся). Пастаянныя канфлікты з Тэўтонскім ордэнам прывялі да стварэння ваен. саюза паміж Польшчай і ВКЛ. У выніку заключана новая, Віленска-Радамская унія 1401. У Вялікай вайне 1409—11з ордэнам саюзнікі атрымалі перамогу. У вырашальнай Грунвальдскай бітве 1410 галоўнакамандуючым быў Я. Пасля разгрому крыжакоў ён падпісаў Тарунскі мір 1411, паводле якога Жамойць перадавалася пажыццёва Вітаўту. Гарадзельская унія 1413 замацавала саюзныя адносіны паміж Польшчай і ВКЛ. У Польшчы Я. пацвердзіў ранейшыя прывілеі шляхты (1388), гарантаваў недатыкальнасць шляхецкіх маёнткаў (1422), забараніў сумяшчаць адм. і суд. пасады, у 1400 аднавіў Кракаўскі ун-т. Каб забяспечыць спадчыннасць трона для свайго старэйшага сына Уладзіслава, Я. ў 1430 яшчэ раз пацвердзіў правы шляхты і забараніў арышт шляхціцаў. Я. вёў актыўную палітыку ў дачыненні да «Свяшчэннай Рым. імперыі», Чэхіі і Венгрыі. Выступаў супраць гусітаў, падтрымліваў ідэю уніі каталіцкай і правасл. цэркваў. На Канстанцкім саборы 1414—18 дэлегацыя Я. дамагалася дыпламат. замацавання перамогі над Тэўтонскім ордэнам. Аднак канчатковае вырашэнне тэр. пытання адбылося пасля новай вайны з крыжакамі на тэр. ордэна. Паводле Мельнскага дагавора 1422 Жамойць замацавана за ВКЛ, невял. тэрыторыі атрымала і Польшча. У 1429 Я. падтрымаў план Вітаўта абвясціць ВКЛ каралеўствам, зыходзячы з разліку, што каралеўская карона пасля смерці Вітаўта пяройдзе да яго сына Уладзіслава. Аднак пад націскам каралеўскай рады Я. адмовіўся ад падтрымкі гэтага плана. Пасля смерці Вітаўта ў 1430 Я. прызнаў абранне на велікакняжацкі трон у Вільні свайго брата Свідрыгайлы, што выклікала незадавальненне польскіх паноў. У 1431 адбыўся ваенны канфлікт: польскае войска спрабавала захапіць Валынь. У 1432 у выніку перавароту вял. князем ВКЛ стаў Жыгімонт Кейстутавіч. Пачалася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой Я. падтрымаў Жыгімонта. 15.10.1432 у Гародні адноўлена дзярж. унія Польшчы і ВКЛ. Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434 Я. і Жыгімонт ураўнавалі ў маёмасных і асабістых правах феадалаў-католікаў і праваслаўных у ВКЛ. Пасля смерці Я. каралём Польшчы стаў яго сын Уладзіслаў III Варненчык.
Літ.:
Krzyźaniakowa J., Ochmański J. Władysław II Jagiello. Wroclaw etc., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
навука, якая вывучае зносіны, паводзіны і дзейнасць асобы, уключанай у сац. супольнасці, а таксама псіхалагічныя характарыстыкі гэтых супольнасцей. Гал. паняцці П.с. — асоба і зносіны. Адрозніваюць данавук. перыяд развіцця П.с., звязаны з кіраваннем і ўздзеяннем на людзей (правадыры плямён, прамоўцы, дзярж. дзеячы і інш.). Абагульненні гэтага эмпірычнага вопыту ажыццёўлены ў працах філосафаў і паліт. дзеячаў (у эпоху антычнасці Платон, Арыстоцель, у наступныя эпохі Т.Гобс, П.Гасендзі, Б.Спіноза, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, К.Гельвецый, у філасофіі 19 ст. Л.Феербах, Г.Гегель і інш.). Сучасны этап развіцця П.с. пачаўся ў 2-й пал. 19 ст. (М.Лацарус, Г.Штайнталь). Вылучаны 3 асн. кірункі П.с.: псіхалогія народаў(В.Вунт), псіхалогія мас (Г.Тард, Г.Лебон), псіхалогія інстынктаў. Пасля 1-й сусв. вайны цэнтр развіцця П.с. перамясціўся ў ЗША, дзе яна развівалася ў рамках эксперым. традыцыі. Найб. значныя вынікі атрыманы ў галіне вывучэння структуры і дынамікі малых груп, уздзеяння групы на асобу, фарміравання сац. установак і іх уздзеяння на паводзіны людзей, псіхалогіі кіравання, рэкламы, гандлю і інш. У шэрагу навук. дысцыплін П.с. найб. распрацавана групавая псіхалогія (даследаванні малых груп людзей, якія разглядаюцца як цэласныя структурна-дынамічныя ўтварэнні). Адрозніваюць нефармальныя групы, што стыхійна ўзнікаюць на аснове асабістых адносін, і фармальныя групы, якія ствараюцца для выканання пэўных грамадскіх функцый; даследуюцца розныя аспекты міжасобасных узаемаадносін унутры групы, праблема лідэрства. Вывучэнне зместу, дынамікі і структуры міжасобасных адносін і зносін у групах дзіцячага сада, школьных класах, групах ПТВ, студэнцкіх групах і вытв. калектывах, а таксама даследаванні ўплыву дарослых і кіраўнікоў на гэтыя працэсы прывялі да стварэння адносна самастойных галін П.с. — узроставай (генетычнай) і педагагічнай П.с. Асн. праблемы ўзроставай П.с. — вывучэнне ўзроставых заканамернасцей развіцця зносін асобы; кантактных (малых) груп і калектываў; паэтапнае развіццё кантактнай групы як універсальнай сістэмы непасрэдных зносін у працэсе сумеснай дзейнасці; узроставыя заканамернасці ўзаемадзеяння асобы з шырокім сац. асяроддзем. Пед. П.с. вывучае ўплыў педагогаў на гэтыя працэсы.
На Беларусі развіваюцца практычна ўсе асн. галіны П.с. Яе станаўленне ажыццяўлялася пад уплывам адраджэння гэтай галіны псіхалогіі ў СССР у канцы 1950 — пач. 1960-х г. Першыя публікацыі бел. псіхолагаў у галіне П.с. з’явіліся ў 1962. Псіхолагі Беларусі першымі пачалі эксперым. вывучэнне міжасобасных адносін у дзіцячых і вучэбных групах, калектывах; разам з псіхолагамі Ленінграда яны ўпершыню выкарысталі мадыфікаваныя і сацыяметрычныя метады. Актуальныя і фундаментальныя праблемы П.с. распрацоўваюцца ў Ін-це сацыялогіі Нац.АН Беларусі (Я.М.Бабосаў, В.А.Секун), Бел.пед. ун-це (Я.Л.Каламінскі, Н.А.Цыркун, Л.А.Панько), Нац. ін-це адукацыі (І.А.Фурманаў, В.Я.Каламінская, М.А.Крэмень, Л.А.Пергаменшчык), БДУ (Г.М.Кучынскі, У.А.Палікарпаў), Гродзенскім дзярж. ун-це (С.В.Кандрацьева), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (У.А.Янчук).
Літ.:
Генетические проблемы социальной психологии: Сб. ст.Мн., 1985;
Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. Мн., 1982;
Западная социальная психология в поисках новой парадигмы. М., 1993;
Одайник В. Психология политики: Полит. и социал. идеи К.Г.Юнга: Пер. с англ. СПб., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУТУРАЛО́ГІЯ (ад лац. futurum будучыня + ...логія),
у шырокім сэнсе — агульная канцэпцыя будучыні Зямлі і чалавецтва; у вузкім сэнсе — галіна навук. ведаў, якая вывучае перспектывы сац. працэсаў, сінонім прагназіравання і прагностыкі. Тэрмін «Ф.» для абазначэння філасофіі будучыні прапанаваў у 1943 ням. сацыёлаг О.Флехтхейм. Асновы Ф. закладзены ў творах вучоных і пісьменнікаў аб розных аспектах будучыні чалавецтва (Ш.Рышэ, Э.Говард, Дз.І.Мендзялееў, К.Э.Цыялкоўскі, Г.Уэлс і інш.). Радыкальныя сац. змены і крызісы 20 ст., бурнае развіццё эканомікі, навукі і тэхнікі, глабалізацыя сусв. тэндэнцый і новыя геапаліт. зрухі выклікалі патрэбнасць у тлумачэнні ходу і перспектыў гіст. працэсу, прагназіраванні яго вынікаў. У 1960—70-я г. распрацаваны асн. канцэпцыі будучыні: індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства, «тэхнатроннай эры», «квітнеючага», «арганізаванага», «асветнага» і інш. грамадстваў. Футуралагічная арыентацыя грамадазнаўства прывяла да стварэння канцэпцый сац. змен у сацыялогіі (Т.Парсанс, Р.Мертан, А.Турэн, П.Штомпке і інш.), тэорый росту (эканам., сац., культ. і інш.), сац. развіцця і фарміравання новых сусв. сістэм (тэорыі новага сусв. парадку). З канца 1980-х г. на Захадзе тэрмін «Ф.» выцясняецца паняццем «даследаванне будучыні», але адначасова захоўвае сэнс сіноніма прагназіравання і прагностыкі, састаўной часткі сац., паліт., эканам. кіравання на аснове сучасных метадаў збору і апрацоўкі інфармацыі і прыняцця на іх аснове навукова апраўданых рашэнняў. У працах М.М.Майсеева, В.А.Коўды, М.У.Цімафеева-Расоўскага, М.М.Багалюбава і інш. паказваецца бесперспектыўнасць выкарыстання ядзернай зброі, несумяшчальнасць НТР з яе сац.-эканам. вынікамі. На першы план вылучаюцца праблемы экалогіі, гарманізацыі паліўна-энергет., матэрыяльна-сыравіннай, харч., дэмаграфічнай і інш. сфер (Д.Медаўс, Дж.Форэстэр і інш.). У 1970—80-я г. ў Ф. актыўна распрацоўваліся праблемы «новай цывілізацыі», вяліся пошукі новай парадыгмы сусв. тэорыі адаптацыі да сац. змен, шляхоў вырашэння сучасных глабальных праблем (А.Тофлер, Э.Шумахер і інш.). З канца 20 ст. вылучаюць 2 асн. кірункі футуралагічных даследаванняў: аптымістычны і песімістычны (тэорыі крызісаў і катастроф), якія падзяляюцца на шэраг школ і тэндэнцый: Ф. «паваротнай будучыні» (Т.Джонс, Б.Фулер, Г.Кан і інш.); Ф. гуманістычна арыентаваных прыродазнаўцаў (Д.Габар, К.Ф. фон Вайцзэкер), праектаванне мадэлей сусв. развіцця (С.С.Мендэловац, Дж.Бхагваці, А.Мазруі, Р.Катары, Р.Фальк); гуманіст. група — Рымскі клуб (Б. дэ Жувенель і інш.); амер. аптымістычны кірунак (Фулер, Дж.Макчэйл); сцыентычны прагнастычны кірунак (Кан, О.Хелмер, Г.Гордан), Камісія-2000 (пад кіраўніцтвам Д.Бела) і інш.
Літ.:
Бестужев-Лада И.В. Прогнозное обоснование социальных нововведений. М., 1993;
Яго ж Нормативное социальное прогнозирование: возможные пути реализации целей общества: Опыт систематизации. М., 1987;
Белл Д. Грядущее постиндустриальное общество: Пер. с англ.М., 1999;
Антонович И.И. После современности: Очерк цивилизации модернизма и постмодернизма. Мн., 1997;
Тоффлер Э. Футурошок: Пер. с англ. СПб., 1997;
Яго ж. Третья волна: Пер. с англ.М., 2002;
Новая постиндустриальная волна на Западе: Антология. М., 1999;
Валлерстайн И. Анализ мировых систем и ситуация в современном мире: Пер. с англ. СПб., 2001;
Данилов А.Н. Социология власти: Теория и практика глобализма. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША НІ́ВА»,
штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва зінш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа падпсеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў знац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе знац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРКМЕНІСТА́Н (Türkmenistan),
дзяржава на ПдЗ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пнз Казахстанам, на Пн і ПнУз Узбекістанам, на Пдз Іранам і Афганістанам; на З абмываецца Каспійскім морам. Пл. 488,1 тыс.км². Нас. 5369,4 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Ашгабат. У складзе Т. 5 вілаятаў (абласцей). Дзярж. мова — туркменская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (27 кастр.), Дзень дзярж. сцяга (19 лют.), Дзень Канстытуцыі (18 мая), Дзень нейтралітэту (12 снеж.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Халк Маслахаты (Народны савет), у склад якога ўваходзяць прэзідэнт, дэпутаты меджліса, старшыні Вярхоўнага і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурор, члены Кабінета міністраў, кіраўнікі адміністрацый. Заканад. орган — меджліс (парламент) з 50 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 5 гадоў па тэр. акругах з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў. Кабінет міністраў — выканаўчы і распарадчы орган, узначальваецца прэзідэнтам.
Прырода. Берагавая лінія Каспійскага м. на Пн парэзана залівамі Кара-Багаз-Гол, Краснаводскі, Туркменскі; п-авы Краснаводскі, Чэлекен. Большая ч.тэр. Т. размешчана ў межах Туранскай нізіны, якая занята пустыняй Каракумы, на Пн Сарыкамышская катлавіна (да -24 м). На ПнЗ ускраіна плато Усцюрт і Краснаводскае, хр.Вял. і Малы Балхан. Уздоўж мяжы з Іранам горы Капетдаг (выш. да 2942 м, г. Рызе) і паўн. перадгор’і Парапаміза. На ПдУхр. Кугітангтау (выш. да 3139 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, сера, калійныя і каменная солі, руды каляровых і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялы. У заліве Кара-Багаз-Гол вял. запасы мірабіліту. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы, звял. гадавымі і сутачнымі амплітудамі т-р. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 28—30 °C. Ападкаў 80—100 мм на Пн, 300—400 мм у гарах. Асн. колькасць ападкаў выпадае ранняй вясной. Гал. рэкі: Амудар’я, Мургаб, Тэджэн. Сарыкамышскае возера. Каля 70% тэр. занята пустыннымі глебамі, на Пн глебы шэра-бурыя, на Пд шэразёмы, у гарах горныя карычневыя. Расліннасць пераважна пустынная (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя), у гарах (вышэй за 1500 м) — зараснікі арчы, дзікіх пладовых (вінаград, яблыні, глог, алыча, міндаль, гранат, грэцкі арэх), па далінах рэк — тугаі. Пад лесам каля 8% тэр. Жывёльны свет — грызуны (суслікі, пясчанкі, тушканчыкі), ліс, воўк, барханны кот, джэйраны, куланы, шмат паўзуноў, насякомых. Запаведнікі: Амудар’інскі, Бадхызскі, Капланкырскі, Капетдагскі, Краснаводскі, Кугітангскі, Рэпетэкскі, Сюнт-Хасардагскі.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва Т. — туркмены (90%), жывуць таксама узбекі, рускія, казахі і інш. Большасць вернікаў — мусульмане (суніты), ёсць праваслаўныя і інш. Сярэдняя шчыльн. 12,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны рэк і перадгорныя аазісы Капетдага, найменш — пустыні. Гар. насельніцтва 45%. Найб. гарады (тыс.ж., 2003): Ашгабат (768), Туркменабат (240,4), Дашхавуз (Дашагуз, 197,4), Мары (133,5), Небіт-Даг (Балканабат, 117,1). У сельскай і лясной гаспадарцы занята 44% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 19%, у сферы паслуг — 37%.
Гісторыя. Тэрыторыя Т. заселена чалавекам у палеаліце. Найб.стараж. паселішча земляробаў часоў неаліту (6-е тыс. да н.э.). — Джэйтун. З часоў бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі паселішчаў гар. тыпу — Намазга-Тэпе, Кара-Тэпе і інш. Да 1-га тыс. да н.э.тэр. Т. насялялі іранамоўныя народы. Найб. развітай вобласцю была Маргіяназ цэнтрам у г.Мерв. У цэнтр. частцы Т. ў перадгор’ях Капетдага знаходзілася вобл. Парфія, у паўд.-ўсх. Прыкаспіі — Гурган (у стараж.-грэч. л-ры — Гірканія). У 7—6 ст. да н.э. Маргіяна ў складзе Бактрыі, Парфія і Гурган — Мідыі. У канцы 6 ст. да н.э. ўсе яны заваяваны Ахеменідаў дзяржавай, у 330—329 да н.э. — Аляксандрам Македонскім, а пасля распаду яго дзяржавы ўвайшлі ў склад Селеўкідаў дзяржавы. У сярэдзіне 3 ст. да н.э. Парфія стала ядром Парфянскага царства. У 224 н.э. Парфянскае царства заваявана Сасанідамі, якія ў 2-й пал. 3 ст. пашырылі сваю ўладу на ўсю тэр. Т. У сярэдзіне 5 ст. Мерв і некат. прыкаспійскія вобласці захоплены эфталітамі, але пасля іх разгрому ў 563—567 цюркамі тут аднавілася ўлада Сасанідаў. У сярэдзіне 7 ст. на тэр. Т. ўварваліся арабы, якія ў 651 захапілі Мерв, у 712 — Харэзм, у 720 — Гурган. З іх прыходам у Т. пачаў пашырацца іслам. Пры араб. панаванні Мерв стаў адным з найважнейшых цэнтраў Араб. халіфата. У 747 тут пачалося паўстанне Абу-Мусліма, якое прывяло да ўлады ў халіфаце Абасідаў. У 813—817 Мерв — сталіца Абасідаў халіфата. З яго распадам Мерв увайшоў у Тахірыдаў дзяржаву (2-я пал. 9 ст.), у 10 ст. — Саманідаў дзяржаву. У Прыкаспіі ў 10—11 ст. існавала дзяржава Зіярыдаў. З падзеннем у 999 дзяржавы Саманідаў узмацніўся націск цюрк. плямён, што вяло да цюркізацыі мясц. насельніцтва. У пач. 11 ст. Мерв трапіў пад уладу цюрк. дынастыі Газневідаў. Тады ж пачала складвацца супольнасць цюрк. плямён (ч. агузаў, халаджы, карлукі і інш.), якая атрымала назву туркмены. У 1038—40 частка агузаў, якія вядомы пад назвай сельджукі, разбіла Газневідаў. Частка туркменаў удзельнічала ў паходах сельджукаў, у выніку якіх створана Семджукская дзяржава (у краінах Б. Усходу да нашага часу ўсіх цюркамоўных называюць туркменамі, або туркманамі). У 1157 сельджукі (апошні вярх. правіцель — султан Мелікшах Санджар) разбіты інш. адгалінаваннем агузаў, пасля чаго пачалося ўзвышэнне дзяржавы харэзмшахаў, якая ў пач. 13 ст. заваявала туркменскія землі. У 1220-я г.тэр. Т. пацярпела ад нашэсця манголаў знішчана значная ч. насельніцтва, разбураны гарады, заняпала ірыгацыя. Землі Т. падзелены манголамі паміж Залатой Ардой, Джагатайскім (Чагатайскім) улусам і Хулагуідаў дзяржавай, а пасля распаду гэтых дзяржаў увайшлі ў склад дзяржавы Цімура (канец 14 — пач. 15 ст.). У 13—14 ст. сфарміравалася туркменская народнасць, але туркмены не здолелі стварыць уласнай адзінай дзяржавы. З 16 ст. розныя землі Т. пад уладай Сефевідаў дзяржавы, Хівінскага ханства і Бухарскага ханства (з 1747 Бухарскі эмірат), аднак туркм. плямёны прызнавалі іх уладу толькі намінальна. Да сярэдзіны 19 ст. туркмены захоўвалі плем. падзел (іамуды, тэкінцы і інш.); значная іх ч. вяла качавы і паўкачавы лад жыцця. Першыя спробы рус. пранікнення на тэр. Т. адбыліся ў пач. 18 ст. У 1717—18 рас. цар Пётр I накіраваў у Т. ваен. экспедыцыю на чале зкн. А.Бековічам-Чаркаскім. якая была знішчана хівінскімі войскамі. У 1869 рас. войскі высадзіліся на ўсх. беразе Каспійскага м. і заснавалі там горад і порт Краснаводск (з 1992 наз. Туркменбашы).
Пасля падпарадкавання Бухары (1869) і Хівы (1873) Расія пачала прасоўванне ў Т. Пад націскам рас. арміі туркм. плямёны пачалі прызнаваць рас. ўладу. Упартае супраціўленне аказалі толькі тэкінцы, якія ў 1879 разбілі рас.ваен. экспедыцыю. Супраць іх былі накіраваны войскі на чале зген. М.Дз.Скобелевым. У студз. 1881 рас. войскі штурмам захапілі крэпасць тэкінцаў Геок-Тэпе, у 1884 занялі Мерв. У 1882 на тэр.Цэнтр. і Зах. Т. створана Закаспійская вобл.. якая ў 1898 уключана ў склад Туркестанскага краю. Усх. і паўн.-ўсх. землі Т. заставаліся пад уладай Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства (у апошнім туркмены складалі каля трэці насельніцтва) — васалаў Рас. імперыі. У 1880—85 пабудавана Закаспійская чыгунка. будаваліся гарады еўрап. тыпу (Ашгабат, Краснаводск і інш.) з пераважна рус. і арм. насельніцтвам Гэта вяло да спынення этнакульт. ізаляцыі туркменаў, якія і ў пач. 20 ст. захоўвалі перажыткі родаплемяннога ладу. У пач. 20 ст.зваен. эліты туркменаў створаны нац. Тэкінскі конны полк. Туркмены ўдзельнічалі ў Сярэднеазіяцкім паўстанні 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у гарадах Т. ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. IV з’езд Саветаў Закаспійскай вобл. абвясціў 15.12.1917 пераход усёй улады да Саветаў. Зкрас. 1918 Закаспійская вобл. увайшла ў Туркестанскую АССР у складзе РСФСР. У ліп. 1918 мясц.рус.сацыялісты-рэвалюцыянеры пры падтрымцы брыт.ваен. атрада скінулі сав. ўладу і ўтварылі ўласны ўрад Закаспія. Пасля адыходу брыт. войск Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Ашгабат, у лют. 1920 — Краснаводск. Карыстаючыся міжусобнай барацьбой, якая пачалася пасля захопу ўлады ў Хіве адным з правадыроў туркм. племя іамудаў Джунаід-ханам. у лют. 1920 Хіву заняла Чырв. Армія і там абвешчана Харэзмская нар. савецкая рэспубліка, якая ў 1923 пераўтворана ў Харэзмскую ССР (ХССР). Да сярэдзіны 1920-х г. на тэр. Т. задушаны паўстанцкі рух (гл.Басмацтва).
27.10.1924 ЦВКСССР пастанавіў стварыць Туркменскую ССР. Дэкларацыю аб яе ўтварэнні (увайшлі б.ч. Закаспійскай вобл., зах. часткі скасаваных ХССР і Бухарскай ССР) 20.2.1925 прыняў 1-ы Усетуркменскі з’езд Саветаў.
Адначасова створана Камуніст. партыя Т. (КПТ). У 1925—27 праведзена зямельна-водная рэформа, якая скасавала буйное землеўладанне. Калектывізацыя, якая пачалася ў 1929, выклікала новы ўздым басмацкага руху (ліквідаваны да 1933). За гераізм на франтах Вял.Айч. вайны ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны больш за 19 тыс. ураджэнцаў Т., званне Героя Сав. Саюза прысвоена больш як 80 воінам з Т., у т. л. за вызваленне Беларусі К.Азалаву, А.Анаеву, М.Байрамаву, Б.Даўлетджанаву, Т.Ніязмамедаву. Былі сфарміраваны нац. туркменскія злучэнні: 2 стралк. брыгады і 2 кав. дывізіі. За гады сав. улады туркмены канчаткова перайшлі да аселага жыцця, у Туркм. ССР створана сучасная прам-сць. Асаблівае развіццё набыла здабыча прыроднага газу (2-е месца ў СССР да 1980-х г.). Узнікла нац. інтэлігенцыя. У той жа час сав. ўлады імкнуліся абмежаваць свабоднае развіццё грамадскай думкі, уплыў мусульм. традыцый (у пач. 1980-х г. легальна дзейнічалі толькі 4 мячэці). З пачаткам у СССРперабудовы ў Т. ўзмацніўся нац. рух. Створаны ў вер. 1989 Нар. фронт («Агзыбірлік») у студз. 1990 забаронены. Ініцыятыву ўтрымала КПТ (са снеж. 1991 — Дэмакр. партыя Т.) на чале з С.А.Ніязавым. У маі 1990 туркм. мова абвешчана дзяржаўнай, 22.8.1990 прынята дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце Т. 27.10.1990 Ніязаў выбраны першым прэзідэнтам Т. На Усенар. рэферэндуме 26.10.1991 насельніцтва Т. выказалася за дзярж. незалежнасць (абвешчана 27.10.1991). Далучыўшыся да Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Т. прытрымліваецца палітыкі строгага нейтралітэту і добрых роўных адносін з усімі суседзямі. Унутры краіны ўсталяваўся рэжым моцнай улады прэзідэнта Ніязава, які ў 1999 атрымаў ад Халк Маслахаты права знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта без абмежавання тэрміну. У Т. дзейнічае адна легальная партыя — Дэмакр. партыя Т. Т. — чл.ААН (з 1992), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1992) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.
Гаспадарка. Т. — індустр.-аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2002 склаў 30 млрд.дол. (5000 дол. на душу насельніцтва). Доля прам-сці і буд-ва ў структуры ВУП (2000) — 41%, сельскай і лясной гаспадаркі — 20%, сферы паслуг — 39%. Недзярж. сектар дае каля 35% ВУП. Гал. галіны прамысловасці: газавая (46% паводле кошту прадукцыі), нафтавая (17%), электраэнергетыка, хім., маш.-буд., лёгкая і харчасмакавая. Агульныя прагнозныя запасы вуглевадароднай сыравіны Т. ацэньваюцца ў 23 трлн. м³ газу і 12 млрд.т нафты, прамысловыя — адпаведна ў 13 трлн. м³ і 213 млн.т. Здабыча прыроднага газу ў 2001 каля 60 млрд.м³, экспарт газу (20 млрд.м³, 1999) ажыццяўляе рас. кампанія «Газпрам». Буйныя радовішчы: Шатлык, Даўлетабад, Наіп, Ачак і інш. Здабыча нафты (10 млн.т, 2001) пераважна ў зах. раёнах Т. (Катурдэпе, Барса-Гельмес), каля п-ва Чэлекен з марскога дна. Нафтаперапрацоўка на з-дах у гарадах Туркменбашы, Чэлекен (Хазар), Сейды. Агульная магутнасць нафтаперапр.з-даў 14 млн.т нафты за год. Вытв-сць электраэнергіі 10,5 млрд.кВт∙гадз (2001) пераважна на ЦЭС; 1,6 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі штогод экспартуецца ў Казахстан. Хім.прам-сць прадстаўлена здабычай мірабіліту, бішафіту, эпсаміту (Бекдаш), самароднай серы (Гаурдак), вытв-сцю ёду [Небіт-Даг (Балканабат)], сульфату натрыю, суперфасфату (Туркменабат), сернай кіслаты, серы, калійных угнаенняў (Гаурдак), пластмасавых і фармацэўтычных вырабаў (Ашгабат). Машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для нафтавай, хім., харч. прам-сці, эл.-тэхн. вырабы, рамонт суднаў, аўтамабіляў, цеплавозаў) у Ашгабаце, Туркменабаце, Дашхавузе (Дашагузе), Мары, Туркменбашы. Лёгкая і харч.прам-сць — прыярытэтны сектар эканомікі Т. Каля 54% замежных інвестыцый накіравана ў гэтыя галіны ў 1997. Асн. галіна лёгкай прам-сці — тэкст., спецыялізуецца на першаснай апрацоўцы мясц. сыравіны — бавоўны, воўны, шаўкавічных коканаў, вытв-сці тканін з іх і трыкатажу. Бавоўнаачышчальныя з-ды ў Мары, Байрам-Алі, Тэджэне, Туркменабаце, Дашхавузе (Дашагузе), Керкі (Агамураце) і інш. Баваўняны камбінат, тэкст., шоўкаматальная ф-кі ў Ашгабаце, шаўковая, шарсцяная, прадзільна-ткацкая, трыкат., швейная, па апрацоўцы каракулевых шкурак ф-кі ў Туркменабаце. Дывановыя ф-кі ў Ашгабаце, Гасан-Кулі, Казанджыку, Небіт-Дагу (Балканабаце), Кізыл-Арваце (Сердары), Мары, Дашхавузе (Дашагузе) і інш. вырабляюць штогод 70 тыс.м² дываноў і дывановых вырабаў. Гарбарна-абутковыя ф-кі ў Ашгабаце і Туркменабаце. У харчасмакавай прам-сці найб. развіта алейна-тлушчавая [Байрам-Алі, Дашхавуз (Дашагуз), Туркменабат], мяса-малочная, вінаробная, саляная, піваварная галіны. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, азбестацэментныя лісты, трубы, жалезабетонныя вырабы, шкло, цэмент і інш.). Нар.маст. промыслы (вырабы з серабра і паўкаштоўных камянёў, ганчарныя вырабы, вышыўка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на бавоўнаводстве і каракульскай авечкагадоўлі. С.-г. ўгоддзі складаюць 32,2 млн.га, з іх ворных зямель 1,5 млн.га (каля 70% арашаецца), пашы 30,7 млн.га. Вял. значэнне для эканомікі Т. маюць Каракумскі канал і вадасх. Хаўз-Ханскае, Сарыязінскае, Тэджэнскае і інш. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства (53% кошту с.-г. прадукцыі), сканцэнтравана пераважна ў аазісах і перадгор’ях. Пасяўныя пл. (тыс.га, 1998) складаюць 1321,4, з іх пад бавоўнікам 544, збожжавымі (пшаніца, ячмень, рыс. джугара) 652, зернебабовымі 93,9, бахчавымі (дыні, кавуны) 12,2, садавінай і агароднінай 19,3. Вінаградарства пашырана ў Ахалскім і Марыйскім вілаятах, пладова-ягадныя насаджэнні ў перадгор’ях Капетдага, Мургабскім аазісе і зоне Каракумскага канала. У далінах р. Атрэк і яго прытока Сумбары вырошчваюць субтрапічныя культуры (гранат, масліны, інжыр, міндаль, айва і інш.). Збор (тыс.т, 1998): бавоўніку — 707, пшаніцы — 1245, фуражу — 174, бахчавых — 122, фруктаў і агародніны — 294,7, вінаграду — 147. У 2001 сабрана звыш 2 млн.т збожжа. Жывёлагадоўля (47% кошту с.-г. прадукцыі) мяса-воўнавага кірунку. На адгонных пашах Каракумаў пераважае каракуля- і вярблюдаводства, на горных пашах — танкарунная авечкагадоўля і козагадоўля; у аазісах гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушак. Племянная конегадоўля (скакуны ахалтэкінскай пароды) у Ахалскім і Марыйскім вілаятах. Пагалоўе (млн. галоў, 2000): авечак — 5,65, буйн. раг. жывёлы — 0,88, коз — 0,38, курэй — 4. Шаўкаводства пераважна ў раёне Туркменабата і Керкі (Атамурат). Рыбалоўства на Каспійскім м. і ва ўнутр. вадаёмах. Пчалярства. Асн. від транспарту — чыгуначны. Даўж. чыгунак 2187 км (1999). Асн. магістралі: Туркменбашы — Ташкент з адгалінаваннем Мары—Кушка; Туркменабат—Кунград—Бейнеў. Даўж. аўтадарог 24 тыс.км, у т. л.з цвёрдым пакрыццём 19,5 тыс.км. Суднаходства па Каспійскім м., р. Амудар’я, Каракумскім канале. Гал. марскі порт — Туркменбашы, звязаны марскім паромам зг. Баку. Газаправоды: Зах. Т.—Бекдаш—Мангышлак, Майскае—Ашгабат—Безмеін і інш. Курорты: Арчман, Байрам-Алі, Малакара, Фіруза. Замежны турызм. Экспарт (2,5 млрд.дол., 2000) нафты, прыроднага газу, бавоўны, электраэнергіі, тэкстылю, дываноў. Імпарт (1,7 млрд.дол., 2000) машын і абсталявання, хімікатаў, харч. прадуктаў, спажывецкіх тавараў. Асн.гандл. партнёры: Іран, Турцыя, Расія, Казахстан, Украіна, ЗША, Германія, Узбекістан. Знешнегандлёвы абарот Т. з Рэспублікай Беларусь у 2000 склаў 46 млн.дол. Грашовая адзінка — манат.
Узброеныя сілы. Складаюцца зсухап. войск, ВПС і Войск ППА, берагавой аховы (ВМС). Агульная колькасць узбр. сіл каля 19 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках каля 16 тыс.чал., 570 танкаў, 1350 баявых браніраваных машын, 560 артыл. гармат, ракетных сістэм залпавага агню і мінамётаў, процітанк. і зенітная артылерыя. У ВПС і Войсках ППА каля 3 тыс.чал., 170 баявых самалётаў, 77 зенітных ракетных комплексаў і інш.
Ахова здароўя ў Т. належыць да кампетэнцыі дзяржавы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 57, жанчын 65 гадоў (2001). Узровень нараджальнасці — 29 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 97 чал., урачамі — 1 на 330 чал. Дзіцячая смяротнасць — 73 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета. У сістэме адукацыі Т. дашкольныя ўстановы (яслі-сады), агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Паводле Закона 1993 агульная адукацыя з’яўляецца абавязковай і набываецца ў школе з 9-гадовым навучаннем. Школьнае навучанне прадугледжвае 2 перыяды — «сават» («грамата», 4 гады навучання) і «білім» («адукацыя», 5 гадоў) і заканчваецца выпускнымі экзаменамі. Атрыманне прафес. і вышэйшай адукацыі магчыма толькі на аснове агульнай адукацыі. Навуч. ўстановы дзярж. і прыватныя. У навуч. установах з тэрмінам навучання 2 гады атрымліваюць падрыхтоўку рабочыя асн. галін прам-сці Т. — нафтавай, газавай, машынабудаўнічай. Сярэднія спец.навуч. ўстановы ў падпарадкаванні ВНУ адпаведных профіляў. У сістэме вышэйшай адукацыі Т. 16 ВНУ (2002), найбуйнейшыя з іх: Туркм.ун-т імя Магтымгулы (з 1950; больш за 2 тыс. студэнтаў), с.-г.ун-т імя С.А.Ніязава, політэхн.ін-т (з 1963), мед. (усе ў Ашгабаце), пед.ін-т у Туркменабаце. У Т. 233 б-кі, найбуйнейшая — Нац.б-ка (з 1895; каля 5,5 млн. адзінак захавання) з’яўляецца цэнтрам навукова-інфарм. дзейнасці краіны. 26 музеяў, найбуйнейшы — Нац. музей Т. Навук. даследаванні вядуцца ў АН Туркменістана і галіновых НДІ.
Літаратура. Развіваецца на туркменскай мове. У культуры туркменаў вылучаюцца 2 плыні: іранская і цюркская. Таму творы фальклору і стараж. помнікі л-ры (на фарсі і цюрк. мовах) агульныя для туркменаў, таджыкаў, персаў, узбекаў, азербайджанцаў, туркаў. З эпічных жанраў фальклору найб. развіты дастан. Найстараж. твор гераічнага эпасу — 12 сказанняў (складаліся ў 9—15 ст.), якія сабраны ў 16 ст. невядомым укладальнікам у «Кнізе майго дзеда Каркуда» («Кітабі дэдэ Каркуд»). Сюжэтнымі элементамі блізкі да яго эпас «Гёраглы» («Кёр-аглы»). Аўтарскай апрацоўкай вядомых сюжэтаў усх. л-ры з’яўляюцца дастаны «Лейлі і Меджнун» і «Юсуф і Зулейха». У стараж. і сярэдневяковай л-ры пераважала дыдактычная паэзія. У 1464 Вепаі (Вефаі) склаў зб. дыдактычнай паэзіі «Светач ісламу». Вядомы паэты-палкаводцы Бурханеддзін Сівасі (14 ст.), Байрам-хан Ханханан і яго сын Рахімхан, паэт Бархудар Туркман (17 ст.) і інш. Ідэямі гуманнасці, дабра і сац. справядлівасці прасякнута творчасць Д.Азадзі. Зпач. 18 ст.л-ра развівалася на мове, блізкай і зразумелай народу. Станаўленне самабытнай нар. л-ры звязана з імем паэта і мысліцеля Махтумкулі (Магтымгулы), які стаў пачынальнікам новай туркм. л-ры, увёў у паэзію свецкія матывы, распрацоўваў грамадз. лірыку, літ. мову наблізіў да народнай. У 18—19 ст.асн. жанрам была лірыка (паэты Андаліб, Шэйдаі, Магрупі, Маланепес, Кеміне, Сеідзі, Мятаджы, Міскінклыч і інш.). У пач. 20 ст. выступілі паэты-імправізатары Байрам Шахір, Кёрмала, Маламурт, Шабендэ, Дурды Клыч. У 1920-я г. ў л-ру прыйшлі паэты Ата Саліх, Б.Кербабаеў, Я.Насырлі і інш.Асн. тэмы л-ры 1920—30-х г. — калектывізацыя і звязаная з ёю класавая барацьба, эмансіпацыя жанчыны (паэты А.Аламышаў, Ш.Кекілаў, А.Кекілаў, Ата Ніязаў і інш.). З канца 1920-х г. развівалася проза (А.Дурдыеў, Кербабаеў, Н.Сарыханаў), зарадзілася драматургія (п’есы А.Каўшутава, К.Бурунава, Т.Эсенавай). У 2-й пал. 1930-х г. паявіліся буйныя творы прозы: 1-я ч. 4-томнага рамана Х.Дзер’яева «Лёс» (закончаны ў 1971), 1-я ч. рамана Кербабаева «Вырашальны крок» (закончаны ў 1955). У Вял.Айч. вайну папулярныя былі вершы Ата Саліха, Д.Халдурды, К.Сейтліева, творы Кекілава, Б.Сейтакава, Насырлі, Кербабаева, Б.Салтаніязава, Х.Ісмаілава, П.Нурбердыева. У пасляваен. л-ру прыйшлі А.Атаджанаў, М.Сеідаў, А.Хаідаў, Ш.Барджакаў і інш. Востраканфліктныя п’есы пісаў Г.Мухтараў. У 1960-я — пач. 1970-х г. л-ру ўзбагацілі раманы «Стэпавікі» Б.Худайназарава, «Чорны караван» К.Куліева, «Крэмені» Атаджанава, «Каханне» Кекілава, раман-эпапея «Браты» Сейтакава. Жанр аповесці і апавядання развівалі Т.Курбанаў, А.Акмамедаў, Я.Маметыеў, Т.Джумагельдыеў, А.Таганаў, Н.Джумаеў, К.Тангрыкуліеў і інш. У 1990-я г.л-ра звяртаецца да гіст. каранёў і традыцый, з’явіліся буйныя творы пра сучаснае жыццё туркм. народа, развіваецца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Т.
Туркменска-бел. літ. сувязі зарадзіліся яшчэ ў 19 ст. Ураджэнец Беларусі, паэт, славіст А.Ходзька даследаваў туркм. фальклор, эпас «Гёраглы», паэзію Махтумкулі і Кеміне. Шырокае развіццё гэтыя ўзаемасувязі атрымалі пасля Кастр. рэвалюцыі. На бел. мове выдадзены «Туркменскія народныя казкі» (1960, пер. Я.Бяганская), казка «Гара самацветаў» (1971, пер. С.Міхальчук), зб-кі вершаў, апавяд. і казак «Каракумскія зоркі» (1969), «Аксамітавая ружа» (1980), «Кветкі Каракумаў» (1990), «Мая Туркменія» (1992), раман «Прапашчы чалавек» Джумагельдыева (1984, пер. А.Жук), зб-кі вершаў «Джайранаў кубак» Я.Піркуліева (1976, пер. А.Вольскі), «Чароўнае шкельца» К.Чаліева (1983, пер. Л.Філімонава), «Песні Каракумаў» Тангрыкуліева (1984, пер. Вольскі, Е.Лось, В.Лукша), «Дождж у пустыні» Н.Байрамава (1987, пер. К.Цвірка), кн.выбр. лірыкі «Салавей шухае ружу» Махтумкулі (1983). У бел. перыёдыцы публікаваліся вершы С.Авезбердыева, Р.Аліева, Атаджанава, Байрамава, Г.Зарыпавай, К.Курбанепесава, А.Курдава, Махтумкулі, А.Рахманава, А.Чарыева, К.Эзізава, апавяданні Б.Каюмава, А.Назарава, Таганава, Тангрыкуліева, Хаідава і інш. Творы туркм. паэзіі і прозы перакладалі і перакладаюць У.Караткевіч, Р.Барадулін, Я.Васілёнак, А.Вольскі, С.Гаўрусёў, М.Гіль, С.Грахоўскі, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, А.Клышка, В.Коўтун, А.Лойка, У.Паўлаў, П.Прыходзька, Ю.Свірка, М.Татур, Х.Чэрня, А.Шаўня, У.Шахавец і інш.Туркм. пісьменнікі ўдзельнічалі ў з’ездах Саюза пісьменнікаў Беларусі, у тыднях л-р, у купалаўскіх і коласаўскіх днях. Беларусі прысвяцілі свае творы Аліеў, А.Кавусаў. На туркм. мове выдадзены зб-кі «Выбраныя вершы і паэмы» Я.Купалы (1941), «Выбраныя вершы» (1941) і «Апавяданні пра мінулае» (1981) Я.Коласа, «Апавяданні» Я.Брыля (1960), раманы «Калі зліваюцца рэкі» П.Броўкі (1962), «Сэрца на далоні» І.Шамякіна (1973) і інш.
Архітэктура. У 4—3-м тыс. да н.э. пераважалі шматпакаёвыя сырцовыя дамы, часам размаляваныя ўнутры. У эпоху бронзы з’явіліся вял. протагар. паселішчы. У 1-м тыс. да н.э. ўзніклі гарады з цытадэлямі (Эрк-Кала ў Мерве), якія абрасталі гар. забудовай. Для раннефеад. часу (5—7 ст.н.э.) характэрны сырцовыя ўмацаваныя сядзібы, 2-павярховыя кёшкі (данжоны) на штучнай платформе і з «гафрыраванымі» сценамі (Кыз-Кала ў Мерве), замкнёныя па перыметры жылыя дамы зунутр. дварамі; вядомы рэшткі хрысц. царквы і манастыра (у Мерве). У 11—12 ст. ва ўмацаваных гарадах са стыхійнай забудовай разрасталіся рабады з караван-сараямі, мусульм. культавымі комплексамі, жылымі кварталамі (Мешэдзі-Місрыян, Шах-Сенем у Харэзме). Будавалі з сырцу, пахсы, абпаленай цэглы, распрацоўвалі скляпеніста-купальныя канструкцыі, у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, стука, арнаментальныя размалёўкі. Для палацаў і караван-сараяў характэрны дваровыя айванныя кампазіцыі (палац у Мерве, Даяхатын). У культавым дойлідстве выпрацаваны мясц. тыпы пятнічнай мячэці, круглых мінарэтаў з узорыстай цаглянай муроўкай, загараднай мячэці «намазга», цэнтр.- і партальна-купальных маўзалеяў (маўзалеі султана Санджара ў Мерве, 1140-я г., арх. Мухамед ібн-Атсыз ас-Серахсі). У 14 ст. ўскладніліся аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі, вылучыўся парадны ўваход-пяштак, у дэкоры з’явіліся разныя наборныя керамічныя мазаікі (маўзалей дынастыі Суфі ва Ургенчы). Нар. жытло аселага насельніцтва — пераважна пахсавыя 2—3-пакаёвыя дамы з лёгкім калонным айванам на фасадзе, плоскім дахам і ўнутр. дваром. Багатыя сядзібы будавалі ў выглядзе невял. крэпасцей. Жытлы памежных з Узбекістанам раёнаў з рысамі туркм. і ўзб. архітэктуры (сядзіба з 2 унутр. дварамі і айванамі на драўляных калонах). Жыллё качавых плямён — юрта, пакрытая лямцам, сцягнутая тканымі ўзорыстымі палосамі. У 19 ст. гарады будавалі паводле рэгулярнага плана. Пераважала 1-павярховая забудова з абліцоўкай абпаленай цэглай. У пач. 20 ст. пашырана буд-вапрамысл. аб’ектаў, распрацаваны тып шматкватэрнага секцыйнага жылога дома з улікам прыродных умоў. У 1930—40-я г. выкарыстоўваліся элементы класіцызму і формы сярэднеазіяцкага дойлідства. Землетрасенне 1948 зруйнавала сталіцу і навакольныя пасёлкі. Праекты сейсмаўстойлівых будынкаў стваралі паводле новых правіл: аб’яднанне прадпрыемстваў у прамысл. раёны, пашырэнне гар. артэрый, стварэнне сістэмы плошчаў, зялёных эспланад, ансамбляў адм. і грамадскіх будынкаў. У горадабудаўніцтве 2-й пал. 20 ст. тэндэнцыя да стварэння сучасных маст.-выразных арх.-прасторавых кампазіцый, функцыян. мэтазгоднасці планіроўкі і афармлення будынкаў, да сінтэзу зманум.-дэкар. мастацтвам, арган. сувязі з ландшафтам (арх. А.Р.Ахмедаў, Ф.А.Аліеў і інш.). Пачынаючы з 1990-х г. для арх-ры характэрны зварот да нац. традыцый у спалучэнні з сучаснымі сусв.арх. тэндэнцыямі, асабліва пры ўзвядзенні манументальных будынкаў — палацаў, мячэцей і інш. Сярод найб. значных пабудоў: мячэць Сапармурата-хаджы ў г.п. Геок-Тэпе, арка Нейтралітэту ў Ашгабаце, мемар. комплекс памяці загінуўшых ад землетрасення 1948 у с. Кіпчак і інш. У 1936 засн. Саюз архітэктараў Т.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. Т. адносяцца да 6—5-га тыс. да н.э. (насценныя размалёўкі, ляпны посуд, статуэткі). У 3—2-м тыс. да н.э. вядома дробная тэракотавая пластыка (жаночыя фігуркі), кераміка згеам. і схематызаванымі зааморфнымі матывамі. У некат. творах 1-га тыс. да н.э. выявіўся ўплыў мастацтва ахеменідскага Ірана. У канцы 4—1-й пал. 3 ст. да н.э. на Пд Т. склаўся лакальны варыянт усх.-эліністычнай культуры, мастацтва паўн. раёнаў развівалася ў рэчышчы маст. культуры Харэзма. З 8 ст.н.э. пашырылася паліваная і непаліваная кераміка, з 12 ст. — танкасценныя пасудзіны з высокакрэменязёмістай масы (кашына) з вытанчаным гравіраваным або ажурным праразным узорам, часам размаляваныя люстрам, з 15 ст. адчувальны ўплыў далёкаўсх. фарфору. Вял. пашырэнне мелі дыванаткацтва, выраб лямцавых дываноў (кошмаў), ювелірная справа. Станаўленне выяўл. мастацтва звязана з адкрыццём у Ашгабаце «Ударнай школы мастацтваў Усходу» (1920). Творам 1920—30-х г. уласцівы пошукі нац. стылю (Г.Бабікаў, С.Бягляраў, Ю.Данешвар, Б.Нуралі, І.Чарынько). Актыўную ролю ў грамадска-паліт. жыцці адыгрывала графіка — плакаты і карыкатуры (Р.Гершанік, М.Касценка, М.Фядура). У Вял.Айч. вайну развівалася агітац. мастацтва («ВокныТуркменТАГа»). Мастацтву 1950—60-х г. уласціва адлюстраванне тагачасных падзей, асаблівасцей грамадскага развіцця (Г.Брусянцоў, І.Клычаў, А.Куліеў, А.Хаджыеў, А.Шчацінін). У 1960—80-я г. склалася і развівалася нац.маст. школа Т., якой уласцівы рысы «суровага стылю». імкненне да засваення нац. спадчыны. Змест і кампазіцыі вылучаліся дакладнасцю рытмаў, вастрынёй ліній, пластычнай выразнасцю і яркай колеравай гамай (А. і Ч.Амангельдыевы, С.Бабікаў, Д.Байрамаў, Клычаў, М.Мамедаў). Развівалася тэатр.-дэкарацыйнае (Ш.Акмухамедаў, Я.Ананураў, Я.Кордыш), манум.-дэкар. (Дж.Джумадурды, К.Ярмамедаў), нар. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Побач з адраджэннем класічных тыпаў арнаментальных ворсавых дываноў вырабляліся партрэтныя і сюжэтна-тэматычныя. З 1990-х г. усе віды мастацтва арыентаваны на ідэю адраджэння нац.маст. спадчыны; вял. ролю адыгрывае манум. скульптура.
Музыка. На песенны і інстр. фальклор туркменаў паўплывала музыка краін Сярэдняй Азіі, Б. і Сярэдняга Усходу. Нар.-прафес. мастацтва дасягнула дасканаласці ў творчасці спевакоў-бахшы, у рэпертуары якіх дастаны на класічныя тэмы зусх. і нац. паэзіі, песні-айдымы на словы туркм. паэтаў. Ладавая будова блізкая да мажорна-мінорнай сістэмы: для нар. музыкі характэрны квартава-квінтавыя гармоніі. Сярод песенных жанраў абрадавыя, каляндарныя, прац., лірычныя песні. Асн. інструменты: дутар (шчыпковы), гыджак (смычковы), цюйдук (духавы). Найб.стараж.вак.-танц. жанр — т.зв. зікр і вытворны ад яго танец кушт-дэпме — адзіны ўзор нар. танца. У пач. 19 ст. зроблены першыя нотныя запісы нар. музыкі, апісанне нар. інструментаў. Прафес.муз. культура пачала складвацца ў канцы 1910-х г. Сярод заснавальнікаў нац. кампазітарскай школы Д.Авезаў. З адкрыццём Туркм.т-ра оперы і балета (1941) звязаны першыя пастаноўкі нац. опер «Захрэ і Тахір» А.Шапашнікава (1941), «Абадан» Ю.Мейтуса і А.Куліева (1943), «Шасенем і Гарыб» Шапашнікава і Авезава (1944), балетаў «Вясёлы падманшчык» К.Карчмарова (1942), «Белая бавоўна» А.Зноска-Бароўскага і В.Мухатава (1945). З 2-й пал. 1940-х г. для муз. твораў характэрна спалучэнне нар. меласу зеўрап. гармоніяй (опера «Лейлі і Меджнун» Мейтуса і Авезава, 1946). У 2-й пал. 20 ст. ў музыцы адбываецца працэс сінтэзу нац. рыс з дасягненнямі сучаснага муз. мастацтва, развіваюцца сімф. і вак.-сімф. жанры. Значны ўклад у муз. мастацтва Т. кампазітараў А.Агаджыкава, Р.Алаярава, Д.Нурыева, Ч.Нурымава, Р.Раджэпава, Н.Халмамедава; дырыжораў Х.Аланурава, М.Мерэдава; спевакоў А.Анакуліевай, М.Куліевай, Х.Анадурдыева, Х.Анаева, А.Курбанава, М.Фараджава; музыказнаўцаў Ф.Абукавай, М.Ахмедавай, Ш.Гулыева. У Т. працуюць: Туркменскі нац.муз.-драм.т-р імя Магтымгулы (да 2001 Туркм.т-р оперы і балета); муз.-драм. т-ры ў гарадах Дашхавуз (Дашагуз; з 1938) і Туркменабат (1979); філармоніі ў Ашгабаце (1938; у яе складзе сімф. аркестр, 1973; аркестр нар. інструментаў, 1978) і г. Мары (1978); ансамбль нар. інструментаў, хор і эстр. аркестр пры туркм. тэлебачанні і радыё; Пед.ін-т мастацтваў (1972), муз. вучылішчы і вучылішча мастацтваў. У 1939 утвораны Саюз кампазітараў Т.
Тэатр. Элементы тэатр. відовішча ў творчасці нар. спевакоў (бахшы) і казачнікаў (гоендзе), у нар. гульнях і абрадах, спарт. спаборніцтвах. З 1918 развіваўся аматарскі т-р. У 1926 арганізавана 1-я нац.драм. студыя, на базе якой у 1929 створаны Туркменскі т-р драмы імя Маланепеса і рус.драм.т-р у Ашгабаце. У 1930-я г. адкрыты т-ры ў гарадах Мары, Керкі (Атамурат), Кізыл-Арват (Сердар), Дашхавуз (Дашагуз), у 1964 — Т-р юнага гледача ў Ашгабаце. Ставяцца нац. творы Б.Аманава, А.Каўшутава, Б.Кербабаева, Г.Мухтарава, К.Сейтліева, Б.Суханава і інш., сусв. класіка, п’есы сучасных драматургаў. Пастаўлены спектаклі бел. драматургіі: «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1961, Туркм.т-р драмы), «Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка (1967), «Радавыя» А.Дударава (1995; абодва ў рус.драм. т-ры). Сярод дзеячаў сцэны: Б.Аманаў, С.Атаева, Н.Бекміеў, К.Бердыеў, Т.Гафурава, І.Громаў, П.Гурніцкі, А.Дурдыеў, К.Дурдыеў, А.Карліеў, Л.Катаўшчыкова, М.Кірылаў, А.Кульмамедаў, Л.Любіна, Сана Мурадава, Сурай Мурадава, Н.Саюнава, М.Сейітніязаў, М.Чэркезаў і інш.
Кіно. У 1926 у Ашгабаце створана кінафабрыка, з 1958 кінастудыя «Туркменфільм». Першапачаткова здымаліся дакумент. фільмы. У 1929 выйшаў дакумент.-маст. фільм «Белае золата» (рэж. А.Уладычук), у 1931 — першы маст. фільм «Забыць нельга» (рэж. Д.Пазнанскі). Сярод стужак 1930-х г.: «Я вярнуся» (рэж. А.Лядашчаў), «Сем сэрцаў», «Людзі даліны Сумбар» (рэж. абедзвюх Н.Ціханаў), «Умбар» (рэж. А.Макоўскі), «Дурсун» (рэж. Я.Іваноў-Баркоў) і інш. У кіно здымаліся вядучыя акцёры туркм.т-ра: А.Дурдыеў, А.Карліеў, А.Кульмамедаў і інш. Вядомасць набыла муз. камедыя «Далёкая нявеста» (1948, рэж. Іваноў-Баркоў). Пасля землетрасення 1948 вытв-сцьмаст. фільмаў адноўлена ў 1950-я г.: «Сын пастуха», «Хітрасць старога Ашыра» (рэж. Р.Перэльштэйн), «Гонар сям’і» (рэж. І.Мутанаў), «Першы экзамен» (рэж. Х.Агаханаў, П.Сыроў) і інш. Кіно Т. 1960—70-х г. вызначалася пашырэннем тэматыкі, пошукамі новых маст. сродкаў, імкненнем да раскрыцця складаных праблем чалавечых узаемаадносін. Стан кінематаграфіі вызначалі рэжысёры Б.Мансураў («Спаборніцтва» 1964; «Наталенне смагі», 1967; «Рабыня», 1970), Карліеў («Вырашальны крок», 1966; «Махтумкулі», 1968; «Тайны мукама», 1974), Хаджакулі Нарліеў («Нявестка», 1972; «Калі жанчына асядлае каня», 1975; «Умей сказаць «не», 1977; «Дрэва Джамал», 1981; «Каракумы, 45° у ценю», 1982; «Фрагі — разлучаны са шчасцем», 1984), Х.Какабаеў («Хлопчык з аслянём». 1974; «Колер золата», 1975; «Выкраданне скакуна», 1979; «Вось вернецца тата»), К.Аразсахатаў і Я.Сеідаў («Кугітангская трагедыя», 1978), Хаджадурды Нарліеў («Белая імгла», 1977; «Ранішнія коннікі», 1981) і інш. Развівалася дакумент. кіно (рэж. А.Геакленаў, В.Гукасаў, К.Курбанклычаў, В.Лаўроў, М.Мэй і інш.). У тэматычным плане кіно 1990-х г. характарызуецца вяртаннем да нац. каранёў і традыцый, фільмам уласціва алегарычнасць, эпічнасць: «Манкурт» (1990, рэж. Хаджакулі Нарліеў), «Анёлак, зрабі радасць» (1992, рэж. У.Сапараў), «Карма» (1994) і «Раскаянне» (1996, рэж. абодвух Какабаеў), «Спаленая душа» (1995, рэж. Л.Сцяпанская, Б.Абдулаеў), «Легенда» (1999, рэж. К.Ананаў). У 1975 створаны першы анімацыйны фільм. У 1963 засн. Саюз кінематаграфістаў Т.
Літ.:
История Туркменской ССР. Т. 1—2. Ашхабад, 1957;
История Туркменистана. Ашхабад, 1966;
Гапуров М.Г. Советский Туркменистан. М., 1982;
Проблемы истории и этнографии советских и зарубежных туркмен: Сб. ст. Ашхабад, 1990;
Юсупов Х. Страницы истории Туркменистана: С древнейших времен до арабского завоевания. М., 1997;
Туркменистан // Содружество Независимых государств: Десять лет спустя. Мн., 2001;
Туркменбашы С. Рухнама: Пер.зрус.Мн., 2003;
Кор-Оглы Х. Туркменская литература. М., 1972;
Очерк истории туркменской советской литературы. М., 1980;
Алиева С.У. Современная туркменская проза. М., 1981;
Архитектура Советского Туркменистана. М., 1972;
Памятники архитектуры Туркменистана. Л., 1974;
Пугаченкова Г.А. Искусство Туркменистана. М., 1967;
Л.В.Лоўчая (прырода. насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура. выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Туркменістана.Да арт.Туркменістан. Пустыня Каракумы.Да арт.Туркменістан. Горад Кушка.Да арт.Туркменістан. Порт Туркменбашы.Да арт.Туркменістан. Маўзалей султана Санджара. 12 ст.Да арт.Туркменістан. Кёшкі Кыз-Кала ў Мерве.Да арт.Туркменістан. Мячэць Сапармурата-хаджы ў г.п. Геок-Тэпе.Да арт.Туркменістан. Арка Нейтралітэту ў Ашгабаце.Да арт.Туркменістан. Мемарыяльны комплекс памяці загінуўшых у час землетрасення 1948 у с. Кіпчак.Да арт.Туркменістан. Б.Нуралі. Партрэт Халіджы. 1926.Да арт.Туркменістан. А.Хаджыеў. Партрэт Махтумкулі. 1947.Да арт.Туркменістан. Дыван-пано «Свята Перамогі» паводле эскіза М.Фядуры. 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале зген. Ж.Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.—вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп. прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л.зпартыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр. Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл.Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813франц. войскі адступілі на тэр. Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл.«Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.
Літ.:
Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;
Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр.Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;
Исдейл Ч.Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІЯ,
1) паселішча, заснаванае стараж. народамі (асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі) у чужых землях. Іх узнікненне найчасцей абумоўлена недахопам зямлі і гандл. рынкаў. К. грэкаў і фінікійцаў былі звычайна самастойнымі, рымскія — апорнымі пунктамі імперыі ў яе правінцыях.
2) Краіна або тэр., якая знаходзіцца пад уладай замежнай дзяржавы (метраполіі), кіруецца на падставе спец. рэжыму і пазбаўлена паліт. і эканам. самастойнасці. Адна згал. прычын утварэння К. — нераўнамернасць эканам. і сац. развіцця чалавецтва. Першыя К. (пазней калан. імперыі) па-за межамі Еўропы (у Амерыцы, Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі) створаны ў эпоху Вял.геагр. адкрыццяў 15—16 ст.Напр., ісп. К. ахоплівалі амаль усю Паўд., Цэнтр. і частку Паўн. Амерыкі. У 17 — пач. 19 ст. ў Паўн. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі К. Англіі, Францыі і інш. краін узнікалі як прыбярэжныя крэпасці, земляробчыя і гандл. паселішчы, якія паступова пашырыліся. Карэннае насельніцтва К. прыгняталася, часам вынішчалася ці выганялася. Самаразвіццё буйных К. выклікала неабходнасць іх аддзялення ад метраполій. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83паўн.-амер. К. Англіі аддзяліліся і ўтварылі самаст. дзяржаву — ЗША. Падобным чынам у выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 утварыліся незалежныя дзяржавы ў Лац. Амерыцы. У эпоху даманапаліст. рыначнай эканомікі К. — рынкі збыту тавараў і крыніцы сыравіны для метраполій. У манапаліст. эпоху К. сталі і сферай прыкладання капіталу. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. патрэбы прам-сці метраполій у сыравіне і барацьба паміж буйнымі індустр. дзяржавамі за рынкі збыту выклікалі новую хвалю калан. захопаў у Афрыцы і Азіі. У 1923 агульная плошча К. Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Францыі, ЗША і Японіі складала 58,5 млн.км² (больш за 1/3 плошчы зямлі), у т. л. К. Вялікабрытаніі 35,2 млн., Францыі 12,2 млн.км². У 1930—40-я г. пачаўся і ў 1970-я г. завяршыўся распад калан. сістэмы, абумоўлены працэсамі сац.-эканам. развіцця чалавецтва і ростам нац.-вызв. руху ў К. Цяпер К. такога тыпу ў свеце няма. Гл. таксама Каланіялізм.
3) Паселішча перасяленцаў зінш. краіны, вобласці. У Рас. імперыі ў 18 — пач. 20 ст. К. называлі пасёлкі замежных перасяленцаў (немцаў, грэкаў, сербаў і інш.), якія атрымлівалі ад дзяржавы зямлю і займаліся сельскай гаспадаркай.
4) У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, у 1920—30-я г. тып с.-г. паселішча сялян-перасяленцаў на новаасвоеных землях (гл.Асаднікі).
5) Супольнасць землякоў у чужой краіне (горадзе); зямляцтва. У 1989 бел. К. налічвалі ў Расіі 1052 тыс.чал., на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс., у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. ад 300 тыс. да 2 млн.чал. 6) У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах СНД від папраўча-працоўнай установы.