ЯГА́ЙЛА (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Уладзіслаў; 1352?—1.6.1434),
вялікі князь ВКЛ [1377—81, 1382—92], кароль Польшчы [1386—1434]. Заснавальнік дынастыі Ягелонаў. Старэйшы сын вял. князя ВКЛАльгерда і цвярской князёўны Ульяны Аляксандраўны. Альгерд прызначыў Я. спадчынным уладальнікам трона ВКЛ. Вял. князем стаў у маі 1377. Адразу ўступіў у канфлікт з уплывовым дзядзькам, князем троцкім Кейстутам, які намагаўся захапіць велікакняжацкі трон. У адрозненне ад Кейстута, які быў прыхільнікам барацьбы на 2 франты — з крыжакамі і рус. княствамі, Я. намагаўся замацаваць усх. тэрыторыі нават за кошт часовай уступкі Жамойці крыжакам. У 1380 Я. заключыў з Залатой Ардой дагавор, накіраваны супраць Маскоўскага княства, і планаваў удзел у Кулікоўскай бітве 1380. Крыжакі выкарысталі дынастычную барацьбу і заключылі перамір’е ў 1379 з Кейстутам, а ў 1380 з Я. У 1381 Кейстут захапіў уладу ў Вільні, аднак у чэрв. 1382 Я. вярнуў сабе сталіцу, у час перагавораў захапіў Кейстута, які паводле загаду Я. быў задушаны ў Крэўскім замку. Я. абапіраўся на дапамогу Тэўтонскага ордэна, якому ў 1382 перадаў палову Жамойці і заключыў з ім перамір’е на 4 гады. Яго стрыечны брат Вітаўт увосень 1382 уцёк з Крэўскага замка да крыжакоў і заключыў з імі саюз. У 1383 Я. вёў вайну з крыжакамі, адбіў у іх гарады Коўна і Трокі. У 1383—84 вёў перагаворы з маскоўскім вял. князем Дзмітрыем Іванавічам Данскім аб саюзе супраць крыжакоў; саюз меркавалася ўмацаваць шлюбам Я. з дачкой Дзмітрыя, аднак гэты план не быў здзейснены. Я. паразумеўся з Вітаўтам, і той вярнуўся ў ВКЛ, дзе атрымаў ад Я. Падляшша і г. Гародню. Для барацьбы супраць крыжакоў Я. заключыў Крэўскую унію 1385. У 1386 прыняў каталіцтва, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём Польшчы (Уладзіслаў II). У 1387 здзейсніў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду літоўцаў-язычнікаў і заснаваў Віленскае біскупства для Літвы і Беларусі (для Жамойці пазней утворана ўласнае біскупства). Яго намаганні падпарадкаваць ВКЛ польскай кароне выклікалі незадаволенасць большай часткі бел. і літ. феадалаў на чале з Вітаўтам. Вайна вялася некалькі гадоў і скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і вял. князем ВКЛ (фармальна з 1401). Улада Я. ў ВКЛ станавілася намінальнай, хаця ён меў тытул вярх. князя (які амаль ніколі не ўжываўся). Пастаянныя канфлікты з Тэўтонскім ордэнам прывялі да стварэння ваен. саюза паміж Польшчай і ВКЛ. У выніку заключана новая, Віленска-Радамская унія 1401. У Вялікай вайне 1409—11 з ордэнам саюзнікі атрымалі перамогу. У вырашальнай Грунвальдскай бітве 1410 галоўнакамандуючым быў Я. Пасля разгрому крыжакоў ён падпісаў Тарунскі мір 1411, паводле якога Жамойць перадавалася пажыццёва Вітаўту. Гарадзельская унія 1413 замацавала саюзныя адносіны паміж Польшчай і ВКЛ. У Польшчы Я. пацвердзіў ранейшыя прывілеі шляхты (1388), гарантаваў недатыкальнасць шляхецкіх маёнткаў (1422), забараніў сумяшчаць адм. і суд. пасады, у 1400 аднавіў Кракаўскі ун-т. Каб забяспечыць спадчыннасць трона для свайго старэйшага сына Уладзіслава, Я. ў 1430 яшчэ раз пацвердзіў правы шляхты і забараніў арышт шляхціцаў. Я. вёў актыўную палітыку ў дачыненні да «Свяшчэннай Рым. імперыі», Чэхіі і Венгрыі. Выступаў супраць гусітаў, падтрымліваў ідэю уніі каталіцкай і правасл. цэркваў. На Канстанцкім саборы 1414—18 дэлегацыя Я. дамагалася дыпламат. замацавання перамогі над Тэўтонскім ордэнам. Аднак канчатковае вырашэнне тэр. пытання адбылося пасля новай вайны з крыжакамі на тэр. ордэна. Паводле Мельнскага дагавора 1422 Жамойць замацавана за ВКЛ, невял. тэрыторыі атрымала і Польшча. У 1429 Я. падтрымаў план Вітаўта абвясціць ВКЛ каралеўствам, зыходзячы з разліку, што каралеўская карона пасля смерці Вітаўта пяройдзе да яго сына Уладзіслава. Аднак пад націскам каралеўскай рады Я. адмовіўся ад падтрымкі гэтага плана. Пасля смерці Вітаўта ў 1430 Я. прызнаў абранне на велікакняжацкі трон у Вільні свайго брата Свідрыгайлы, што выклікала незадавальненне польскіх паноў. У 1431 адбыўся ваенны канфлікт: польскае войска спрабавала захапіць Валынь. У 1432 у выніку перавароту вял. князем ВКЛ стаў Жыгімонт Кейстутавіч. Пачалася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой Я. падтрымаў Жыгімонта. 15.10.1432 у Гародні адноўлена дзярж. унія Польшчы і ВКЛ. Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434 Я. і Жыгімонт ураўнавалі ў маёмасных і асабістых правах феадалаў-католікаў і праваслаўных у ВКЛ. Пасля смерці Я. каралём Польшчы стаў яго сын Уладзіслаў III Варненчык.
Літ.:
Krzyźaniakowa J., Ochmański J. Władysław II Jagiello. Wroclaw etc., 1990.