сямейства дзённых матылёў. У сусв. фауне каля 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць у пустынях, стэпах, лясах, на лугах, некаторыя — на водных раслінах, у прадуктовых складах, збожжасховішчах, млынах. На Беларусі 150 відаў; найб. вядомыя: лугавы і сцябловы (кукурузны) матылькі (пашкоджваюць буракі, каноплі, бабовыя, сланечнік, кукурузу, проса), паўднёвая свірнавая агнёўка (шкодзіць зернебабовым); шышкавая агнёўка (псуе хвою і лісце хваёвых і мяшаных лясоў), млынавая і мучная агнёўкі (пашкоджваюць зерне і харч. прадукты); вял. васковая агнёўка (псуе воск і вашчыну ў вуллях).
Дробныя і сярэдніх памераў: крылы (размах 1—5 см) складаюцца трохвугольнікам ці абгортваюць цела трубачкай. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені жывуць звычайна ўнутры раслін (кормяцца каранямі, парасткамі, пладамі і г.д.) або ў скручаным лісці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАЦЫ́ЙНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,
раздзел фізіялогіі, які даследуе прыроджаныя і набытыя прыстасавальныя рэакцыі розных сістэм жывых арганізмаў на вонкавыя ўздзеянні. Задачы адаптацыйнай фізіялогіі: даследаванне фізіял., біяхім. і структурных пераўтварэнняў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма; вывучэнне механізма прыстасавання пры ўздзеянні фактараў навакольнага асяроддзя; вызначэнне гал. дзеючых фактараў і межаў нармальнага рэагавання; распрацоўка шляхоў карэкцыі парушаных функцый і інш. Адаптацыйная фізіялогія вывучае генатыпічную (эвалюцыйную) і фенатыпічную (індывідуальную) адаптацыі. Значны ўклад у развіццё адаптацыйнай фізіялогіі зрабілі замежныя вучоныя К.Бернар, У.Кенан, Г.Селье, а таксама савецкія Л.А.Арбелі, П.К.Анохін, П.Д.Гарызонтаў, І.В.Давыдоўскі, Ф.З.Меерсон, В.П.Казначэеў, А.Д.Слонім, Ф.І.Фурдуй і інш. На Беларусі праблемы адаптацыйнай фізіялогіі вывучаюцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі, заалогіі АН Беларусі, мед. ін-тах (Мінск, Віцебск, Гродна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫ́ДЫ (Ascaridae),
сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).
Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °Cразвіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА (грэч. graphikē ад graphō пішу),
сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл.Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.
Літ.:
Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЕМСКІ (Пётр Андрэевіч) (23.7.1792, Масква — 22.11.1878),
рускі паэт і літ. крытык. Князь. Правадз.чл.Рас. акадэміі (1839), акад.Пецярб.АН (1841). Атрымаў хатнюю адукацыю, у 1805—07 вучыўся ў езуіцкім пансіёне ў Пецярбургу. Быў блізкі да дзекабрыстаў, сябраваў з А.Пушкіным. Чл.літ. гуртка «Арзамас». У 1810—20-я г. стварыў узоры вольналюбівай грамадзянскай лірыкі (вершы «Пецярбург», «Абурэнне», «Мора», «Я Пецярбурга не люблю» і інш.) і т.зв. «лёгкай паэзіі» (вершы «Смутак», «Першы снег» і інш.). З 1840-х г. паэзія Вяземскага напоўнена ўспамінамі, трагічнымі матывамі (вершы «Я перажыў і многае і многіх», «Сцяжынка», «Сябрам» і інш.). Адстойваў эстэт. прынцыпы рамантызму; адзін з першых спрабаваў асэнсаваць развіццёрус. грамадзянскай паэзіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прытрымліваўся кансерватыўных грамадскіх поглядаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАМАРА́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Вялікамараўскае княства, Багемскае княства,
раннефеадальная дзяржава зах. славян на Пд Маравіі ў 9 — пач. 10 ст.; першае буйное паліт. ўтварэнне ў цэнтр.-еўрап. рэгіёне. Сталіца — г. Велеград (месцазнаходжанне дакладна невядома). Засн. каля 833 князем Маймірам I (п. каля 846), які далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства. Пры кн. Расціславе [846—870] адбіты ўварванні ўсх. франкаў (855 і 869), запрошаны з Візантыі місіянеры Кірыла і Мяфодзій (863), створана ўласнае архіепіскапства, падпарадкаванае папу рымскаму, на чале з Мяфодзіем (869). Пры кн. Святаполку [870—894] дзяржава пасля часовай страты незалежнасці (870—874) дасягнула найб. магутнасці (далучаны землі Чэхіі, Лужыцы, Сілезіі, Малой Польшчы, Паноніі. Значнае развіццё ў культуры краіны набыло культавае буд-ва. Пасля смерці Святаполка пачаўся распад Вялікамараўскай дзяржавы (у 895 аддзяліліся чэхі, у 897 — сербы-лужычане). Разгромлена ў 906 качэўнікамі-венграмі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯЦІНО́ГІЯ РАКАПАДО́БНЫЯ (Decapoda),
атрад беспазваночных падкл. вышэйшых ракападобных. 2 падатр. — Natantia (крэветкі) i Reptantia (рачныя ракі, амары, лангусты, крабы, ракі-пустэльнікі). Больш за 8500 відаў. Больш пашыраны ў морах, менш — у прэсных вадаёмах і на сушы. На Беларусі жывуць рачныя ракі; рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 80 см, размах клюшняў да 3 м. Характэрная прыкмета Дз.р. — зліццё сківічных сегментаў галавы з груднымі і пераўтварэнне 3 пярэдніх пар канечнасцей грудзей у нагасківіцы, якія ўдзельнічаюць у перадачы корму да ротавай адтуліны; 5 пар задніх грудных ног хадзільныя (адсюль назва); на некат. часта развіваюцца клюшні. Галава і грудзі ўкрыты зверху галавагрудным шчытом (карапаксам). Вочы сцябліністыя, фасетачныя. Раздзельнаполыя. Самкі (акрамя крэветак) выношваюць яйцы на брушных ножках. Лічынкі рэзка адрозніваюцца ад дарослых; у многіх развіццё прамое. Кормяцца жывёльным і раслінным кормам. Некат. — аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫ ФОНД АРГАНІЗА́ЦЫІ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ,
(United Nations Children’s Fund; ЮНІСЕФ). Засн.Ген. Асамблеяй ААН 11.12.1946 як Надзвычайны міжнар. фонд дапамогі дзецям у Еўропе пасля 2-й сусв. вайны. З кастр. 1953 — Дз. ф. ААН. Кіруючы орган — Выканаўчы савет (36 чл., 1997). Сакратарыят ЮНІСЕФ вядзе работу праз свае бюро больш чым у 140 краінах. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Нобелеўская прэмія міру 1965.
Праекты ЮНІСЕФ у Беларусі ажыццяўляюцца з 1994, прадстаўніцтва адкрыта ў маі 1997 у Мінску. Распрацаваны праграмы супрацоўніцтва ЮНІСЕФ з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі Беларусі па асн. кірунках: абарона правоў дзіцяці і рэалізацыя Канвенцыі аб правах дзіцяці; развіццё падлеткаў і моладзі; аказанне дапамогі дзецям-інвалідам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў; здароўе дзяцей і жанчын; ліквідацыя адмоўнага ўздзеяння на дзяцей наступстваў, выкліканых катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАМЕРЫ́ДЫ (Glomeridae),
сямейства двухпарнаногіх мнаганожак. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў зонах умеранага клімату. Трапляюцца ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах у глебе, лясным подсціле, трухлявых дрэвах, пад імхом. Найб. вядомыя: гламерыс шасціпалосы (Glomeris hexasticha), G. stellifera, G. ornata. На Беларусі 1 від — гламерыс звязаны (Glomeris connexa); трапляецца ў паўд. і зах.ч., занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 25 мм, цела кароткае і шырокае, укрытае 12 шчыткамі з 17—19 парамі ног. Здольны пры небяспецы скручвацца ў шар. Раздзельнаполыя. Яйцы (па 1—2) адкладваюць у трэшчыны кары дрэў або глебы. Развіццё працягваецца больш за 3 гады, за гэты час адбываецца 9 лінек, якія бываюць і ў дарослым стане. Жывуць 6—7 гадоў. Кормяцца апалым лісцем, гнілой драўнінай, аленевым памётам. Карысныя, абагачаюць глебу гумусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццёмаст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ. жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.С.Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.Х.Бабарыкін), драм. (І.Я.Марголін, В.М.Плахаў) і муз. (С.Л.Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.Чэхава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш.Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.