ЯКО́БІ (Jacobi) Фрыдрых Генрых (25.1.1743, г. Дзюсельдорф, Германія — 10.3.1819, нямецкі пісьменнік і філосаф; прадстаўнік філасофіі пачуцця і веры. Прэзідэнт Баварскай АН (1807—12). Аўтар філас. раманаў «З пісьмаў Эдуарда Альвіля» (1775—76) і «Вальдэмар» (1779). У сваёй філасофіі выступаў супраць «разважнага» рацыяналізму Асветніцтва і вучэння І.​Канта. На першы план ставіў права пачуцця і ўслед за Д.Юмам лічыў, што рэальнае існаванне прадметаў дадзена чалавечай свядомасці непасрэдна. Гэту непасрэдную верагоднасць Я. называў верай, шчырасцю або пачуццём, а таксама розумам і проціпастаўляў апасродкаваным ведам — разважанню. Паводле Я., змест веры — рэальнасць як пачуццёвага свету зямных рэчаў, так і абсалютнага і вечнага, у якім чалавек адчувае сябе адначасова і паглынутым абсалютам, і выратаваным праз сваю суб’ектыўнасць. Кантаўскаму катэгарычнаму імператыву Я. проціпастаўляў асобасную маральную аўтаномію, якая ўзвышаецца над рыгарызмам маральных запаветаў. Я. крытыкаваў вучэнні І.​Г.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінга, Г.​Гегеля, бачыў у іх пантэістычныя і «нігілістычныя» тэндэнцыі. Ірацыяналістычныя імкненні вучэння Я. выступілі прадвеснікам некаторых матываў філасофіі жыцця і экзістэнцыялізму.

Л.​Б.​Савеня.

т. 18, кн. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНІ́НІ (Bernini) Джавані (Джан) Ларэнца (7.12.1598, г. Неапаль, Італія — 28.11.1680),

італьянскі архітэктар, скульптар, жывапісец. Найб. вядомы прадстаўнік барока. Вучыўся ў бацькі, скульптара П’етра Берніні. Арх. пабудовы вылучаюцца прасторавым размахам і пышнасцю дэкору, дынамікай формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, цэласным сінтэзам мастацтваў (ансамбль плошчы св. Пятра, 1657—63, і царква Сант-Андрэа, 1653—58, фантан на П’яцца Навона, 1648—51, у Рыме). Арганічна спалучаў архітэктуру і скульптуру, выкарыстоўваў розныя матэрыялы, размалёўку, пазалоту (інтэр’еры сабора св. Пятра, 1657—66). Скульптуры Берніні ўласцівыя імклівасць руху, спалучэнне рэліг. афектацыі і экзальтацыі пачуццяў («Апалон і Дафна», 1622—25; «Экстаз святой Тэрэзы», 1644—52; капэла Карнара ў царкве Санта-Марыя дэла Віторыя, усе ў Рыме). У творчасці Берніні сфарміраваўся тып параднага партрэта барока з яго рэаліст. дакладнасцю, псіхал. вастрынёй і дэкар. пышнасцю («Людовік XIV»). Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на еўрап. мастацтва 17—18 ст.

Літ.:

Лоренцо Бернини, 1598—1680: Воспоминания современников: Пер. с итал. и фр. М., 1965.

Дж.Л.Берніні. Экстаз святой Тэрэзы. 1644—52.
Дж.Л.Берніні. Фантан на П’яцца Навона ў Рыме. 1648—51.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫЯ Лаўрэнцій Паўлавіч (29.3.1899, с. Мерхеулі Сухумскага р-на, Грузія — 23.12.1953),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч; адзін з гал. арганізатараў і кіраўнікоў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Маршал Сав. Саюза (1945), Ген. камісар дзярж. бяспекі (1941), Герой Сац. Працы (1943). Чл. КПСС з 1917. Скончыў Бакінскае сярэдняе мех.-буд. тэхн. вучылішча (1919). У 1921—31 у органах разведкі і контрразведкі, нам. старшыні Азербайджанскай ЧК, старшыня Грузінскага і Закаўказскага ДПУ, прадстаўнік АДПУ у ЗСФСР. З 1931 1-ы сакратар ЦК КП(б) Грузіі, адначасова з 1932 — Закаўказскага крайкома і Тбіліскага гаркома партыі. У 1938—45 і ў сак.—чэрв. 1953 нарком унутр. спраў СССР. Чл. ЦК КПСС у 1934—53, чл. Палітбюро ЦК КПСС з 18.3.1946 да 7.7.1953. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. 26.6.1953 арыштаваны, на ліпеньскім (1953) Пленуме ЦК КПСС выведзены са складу ЦК і выключаны з партыі як вораг Кампартыі і сав. народа. 23.12.1953 прыгавораны за «здраду» да расстрэлу і ў той жа дзень расстраляны.

Літ.:

Берия: конец карьеры. М., 1991;

Дело Берия // Изв. ЦК КПСС. 1991. № 1—2.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬРА́С, Вальра (Walras) Мары Эспры Леон (16.12.1834, г. Эўрэ, Францыя — 5.1.1910), швейцарскі эканаміст, заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Праф. Лазанскага ун-та (1870—92). Родапачынальнік (з К.Менгерам і У.Джэвансам) гранічнай карыснасці тэорыі. Асн. твор — «Элементы чыстай палітычнай эканоміі» (ч. 1—2, 1883). Вальрас — стваральнік агульнай стат. мадэлі нар. гаспадаркі, вядомай пад назвай «сістэма агульнай эканамічнай раўнавагі», якая ахоплівала сферу вытв-сці, абмену, капіталу і грошай. У рэгуляванні працэсаў вытв-сці і спажывання адводзіў вял. ролю дзяржаве. У 1950—60-я г. мадэль Вальраса была пераўтворана сродкамі лінейнага праграмавання. Рацыянальны элемент яго мадэлі — пастаноўка экстрэмальнай задачы для нар. гаспадаркі (дасягненне макс. эфекту пры найменшых выдатках) і падыход да цэн як да састаўнога элемента пры адшуканні агульнага оптымуму. Ён лічыў, што «рэдкасць» таксама з’яўляецца элементам вартасці. Паслядоўнікі Вальраса — Г.Касель, А.Афтальён, І.Шумпетэр, В.Парэта.

Тв.:

Théorie mathématique de la richesse sociale. Lausanne, 1883;

Théorie de la monnaie. Paris, 1886;

Etude d’economie sociale, ou Théorie de la réparation de la richesse sociale. Lausanne;

Paris, 1896;

Etudes d’économie politique appliquée. Lausanne, 1896.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІО́ (Viau) Тэафіль дэ (сак. або май 1590, Клерак, каля г. Ажэн, Францыя — 25.9.1626),

французскі паэт; прадстаўнік ліберцінажу (вальнадумства). Працаваў у жанрах санета, оды, эпіграмы, элегіі. Аўтар «Трактата пра бяссмерце душы», трагедыі «Пірам і Фісба» (1617, паст. 1625), вальнадумных і сатыр. вершаў, змешчаных у калектыўным зб-ку «Сатырычны Парнас» (1622), выданне якога стала падставай для ганенняў на паэта, арганізаваных езуітамі. У 1623 яму вынесены смяротны прыгавор, заменены ў 1625 пажыццёвай ссылкай. Ганенні і турма — прычына заўчаснай смерці Віо. У яго лірыцы па-барочнаму пераплецены вытанчанасць і метафарычнасць з канкрэтнасцю і рэалістычнасцю, экзальтаванасць з іранічнасцю. Віо ўпершыню ў франц. паэзіі змог перадаць паяднанне прыроды і душы чалавека. Лепшыя яго вершы прасякнуты духам унутр. свабоды, няскоранасці і адлюстроўваюць асабістую драму («Санет Тэафіля на яго выгнанне», «Ліст да брата», «Шыбеніца», «Стансы» і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;

[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Французская литература первой трети XVII в. // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАРНЕ́РЫ (Guarneri),

сям’я італьян. майстроў смычковых інструментаў. Нарадзіліся ў г. Крэмона, Італія.

Андрэа (1622 ці 1626 — 7.12.1698), старэйшы прадстаўнік сям’і. Вучань Н.Амаці. Працаваў у Крэмоне. Спачатку вырабляў інструменты паводле мадэлі Амаці, пазней стварыў уласную мадэль. Яго скрыпкі і віяланчэлі вылучаюцца пяшчотным, не вельмі моцным гукам. П’етра Джавані (18.2.1655—26.3.1720), сын Андрэа. Магчыма, вучань Амаці. Працаваў у Крэмоне і Мантуі. Вырабляў інструменты ўласнай мадэлі з прыгожым гукам. Джузепе Джамбатыста (25.11 1666—1739), сын Андрэа. Працаваў у Крэмоне. Спачатку камбінаваў мадэлі бацькі і Амаці, потым імітаваў працы свайго сына Джузепе Антоніо. П’етра (14.4.1695—7.4.1762), сын Джузепе Джамбатыста. Працаваў у Крэмоне, потым у Венецыі. Яго інструменты блізкія да вырабаў бацькі. Джузепе Антоніо (21.8.1698—17.10.1744), сын Джузепе Джамбатыста, вядомы як дэль Джэзу. Побач з А.Страдывары адзін з найб. выдатных майстроў. Стварыў уласны індывід. тып скрыпкі з прыгожым моцным гукам, багатым выразным тэмбрам, разлічаны на ігру ў вял. канцэртнай зале. Скрыпкі і альты яго работы высока цэняцца і цяпер. На яго інструментах ігралі Н.Паганіні, А.В’ётан, Э.Ізаі, Ф.Крэйслер і інш.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАВА́ЦКІЯ,

беларускія мастакі 18—19 ст., бацька і сын.

Антоні (каля 1750—1811), тэатральны мастак і партрэтыст. Прадстаўнік класіцызму. У 1780-я г. быў дэкаратарам у Шклоўскім т-ры Зорыча, у 1794—1802 — у Магілёўскім т-ры С.​Богуша-Сестранцэвіча, з 1789 у Мінску (да 1793 у трупе А.​Ш.​Жукоўскага, у 1802—05 у антрэпрызе М.​Кажынскага), у 1805—10 у Вільні. Напісаў партрэт Богуш-Сестранцэвіча, размалёўваў цэрквы і касцёлы ў Магілёве. Пісаў алтарныя карціны, рыхтаваў ілюмінацыі для прыдворных свят.

Юзаф Гіляры (14.1.1789, Мінск — 21.12.1858), тэатральны мастак, жывапісец і літограф. Сын і вучань Антонія. У 1810-я г. вучыўся ў Віленскай маст. школе ў Я.Рустэма, у 1821—25 выкладаў там перспектыву і кіраваў літаграфскімі майстэрнямі. Афармляў спектаклі ў т-рах Мінска (1806—08), Вільні (1808—25), Варшавы (1826—58). Выканаў літаграфіі: «Касцёл св. Ганны ў Вільні», «Партрэт Л.​Стуока-Гуцявючуса», «Аўтапартрэт» і інш. Аўтар жывапісных работ («Евангеліст Марка», «Партрэт жонкі»), пейзажаў, малюнка на цынку «Размова пасла Смірноўскага з гетманам Хмяльніцкім пад Замосцем у 1647 г.» (1840).

т. 5, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМЫ́КА Андрэй Андрэевіч (18.7.1909, в. Старыя Грамыкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.7.1989),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Д-р эканам. н. (1956). Скончыў эканам. ін-т (1932). З 1939 на дыпламат. службе. Надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у ЗША (1943—46 і па сумяшчальніцтве пасланнік на Кубе) і Вялікабрытаніі (1952—53). Узначальваў сав. дэлегацыю на Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 і Устаноўчай канферэнцыі ААН (1945), удзельнічаў у працы Крымскай і Патсдамскай канферэнцый кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (1945). Пастаянны прадстаўнік СССР у Савеце Бяспекі ААН (1946—48). Міністр замежных спраў СССР у 1957—85. Чл. ЦК КПСС (з 1956) і Палітбюро ЦК КПСС (1973—88). 1-ы нам. старшыні СМ СССР (1983—85). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1985—87). Дэп. Вярх. Савета СССР (1946—50, 1958—88). Аўтар працы «Знешняя экспансія капіталу: гісторыя і сучаснасць» (1982), успамінаў «Памятнае» (кн. 1—2, 2-е выд., 1990) і інш. Ленінская прэмія і Дзярж. прэмія СССР 1984. У Гомелі яму ўстаноўлены бюст.

А.А.Грамыка.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЕ́ВІЧ Яфім Яфімавіч (27.2.1888, Мінск — ?),

дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). У 1-ю сусв. вайну на фронце, прапаршчык, штабс-капітан. Удзельнік Усебел. з’езда 1917, чл. яго прэзідыума. Міністр юстыцыі і фінансаў (да ліп. 1918) у Народным сакратарыяце Беларусі. Дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне і інш. У 1919 арыштаваны палякамі як дзеяч БНР. У 1918—19 чл. Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1920 — Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). 1.10.1920 арыштаваны асобым аддзелам Зах. фронту па падазрэнні ў контррэв. дзейнасці, вызвалены праз 6 месяцаў. У 1920—22 служыў у чыг. часцях Чырв. Арміі ў Гомелі. Удзельнічаў у правядзенні ліквідацыйнага з’езда БПС-Р (чэрв. 1924). У 1925—30 упаўнаважаны Наркамфіна БССР, з 1931 працаваў у Белшвейаддзяленні ВСНГ. У 1932 арыштаваны ДПУ БССР і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне адбываў у Свірлагу, дзе ў 1936 зноў арыштаваны і прыгавораны да 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1963, па 2-м — у 1992.

М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д (David) Жак Луі (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),

французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац. музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял. рэаліст. сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.

Літ.:

Кузнецова И.А. Луи Давид М., 1965.

А.​М.​Пікулік.

Ж.Л.Давід. Сафо і Фаон. 1809.
Ж.Л.Давід. Аўтапартрэт. 1794.

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)