ГЛАВА́ЦКІЯ,

беларускія мастакі 18—19 ст., бацька і сын.

Антоні (каля 1750—1811), тэатральны мастак і партрэтыст. Прадстаўнік класіцызму. У 1780-я г. быў дэкаратарам у Шклоўскім т-ры Зорыча, у 1794—1802 — у Магілёўскім т-ры С.Богуша-Сестранцэвіча, з 1789 у Мінску (да 1793 у трупе А.Ш.Жукоўскага, у 1802—05 у антрэпрызе М.Кажынскага), у 1805—10 у Вільні. Напісаў партрэт Богуш-Сестранцэвіча, размалёўваў цэрквы і касцёлы ў Магілёве. Пісаў алтарныя карціны, рыхтаваў ілюмінацыі для прыдворных свят.

Юзаф Гіляры (14.1.1789, Мінск — 21.12.1858), тэатральны мастак, жывапісец і літограф. Сын і вучань Антонія. У 1810-я г. вучыўся ў Віленскай маст. школе ў Я.Рустэма, у 1821—25 выкладаў там перспектыву і кіраваў літаграфскімі майстэрнямі. Афармляў спектаклі ў т-рах Мінска (1806—08), Вільні (1808—25), Варшавы (1826—58). Выканаў літаграфіі: «Касцёл св. Ганны ў Вільні», «Партрэт Л.Стуока-Гуцявючуса», «Аўтапартрэт» і інш. Аўтар жывапісных работ («Евангеліст Марка», «Партрэт жонкі»), пейзажаў, малюнка на цынку «Размова пасла Смірноўскага з гетманам Хмяльніцкім пад Замосцем у 1647 г.» (1840).

т. 5, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)