лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́КІ (ням. Lack),
растворы плёнкаўтваральных рэчываў у арган. растваральніках. Тонкія слаі Л., нанесеныя на паверхню, высыхаюць з утварэннем цвёрдых, бліскучых, празрыстых пакрыццяў (гл.Лакафарбавыя пакрыцці). У састаў Л. звычайна ўваходзяць пластыфікатары, сікатывы, ацвярджальнікі і інш.спец. дабаўкі. Класіфіцыруюць Л. паводле хім. прыроды плёнкаўтваральніка, напр., алкідныя лакі (гл.Алкідныя смолы), поліэфірныя лакі, эфірацэлюлозныя лакі, а таксама паводле галін выкарыстання (напр., мэблевыя, кансервавыя, электраізаляцыйныя). Выкарыстоўваюць як аснову пры атрыманні эмаляў, грунтовак, шпаклёвак, для апрацоўкі драўніны, металу, пластмасы, паперы, тканін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГКАПЛА́ЎКІЯ ГЛІ́НЫ,
полімінеральныя, звычайна жалезіста-мантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя гліны з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; часта з дамешкам пяску і арган. рэчываў. Выкарыстоўваюцца для вытв-сці грубых керамічных вырабаў (гл.Керамічная прамысловасць, Керамічная сыравіна), цэменту, керамзіту і інш. Лепшыя гатункі пластычных Л.г. выкарыстоўваюць для вырабу посуду і ў мастацкай кераміцы. На Беларусі разведаны значныя паклады Л.г. для вытв-сці цэглы, абліцовачных камянёў і дрэнажных труб; улічаны 232 радовішчы з запасамі 251,6 млн.м³, эксплуатуецца 100 радовішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННІК (Schizandra),
род кветкавых раслін сям. лімоннікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. кітайскі (S. chinensis).
Лістападныя ліяны даўж. да 15 м. Лісце простае, эліпсоіднае, пры расціранні мае пах лімона (адсюль назва). Кветкі звычайна аднаполыя, духмяныя. Плод — сакаўная шматлістоўка ў выглядзе гронкі з ягадападобных 1—2-насенных плодзікаў, ядомы. Мае ў сабе арган. к-ты, вітаміны, цукар, эфірны алей. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАСТРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
магнітамяккія матэрыялы з дастаткова вял. эфектам магнітастрыкцыі. Да іх адносяць нікель і сплавы на яго аснове (напр., пермалой), жалезакобальтавыя (напр., пермендзюр) і жалеза-алюмініевыя (алфер) сплавы, а таксама злучэнні рэдказямельных элементаў, некаторыя ферыты і інш. Металічныя М.м. звычайна пракатваюць у стужкі таўшчынёй да 0,3 мм, з якіх штампуюць або навіваюць асяродкі, з ферытавых М.м. вырабляюць маналітныя асяродкі. Выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі эл.-магн. энергіі ў мех. і наадварот (напр., выпрамяняльнікі акустычных ваганняў, датчыкі ціску, радыёчастотныя фільтры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСАМАТО́З,
вострая кантагіёзная воспападобная вірусная хвароба трусоў. Зрэдку хварэюць зайцы. Пашкоджваюцца лімфатычныя вузлы, кроў, селязёнка, скура, слізістыя абалонкі. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, Аўстраліі; у Еўропу занесены ў 1952. На Беларусі з 1980.
Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Заражэнне кантактнае, аэрагеннае, праз кармы і інш.Асн. пераносчыкі — насякомыя-крывасмокі. Прыкметы: кан’юнктывіт, ацёчнае апуханне (інфільтрацыя) падскурнай клятчаткі ў вобласці галавы, вушэй, ануса і вонкавых палавых органаў; воспападобная вузельчыкавая высыпка на целе (пры вузельчыкавай форме). Ускладняецца архітам, пнеўманіяй. Звычайна мае лятальны вынік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́НДЛІК,
у беларусаў спосаб сушкі снапоў жыта і пшаніцы на полі. Звычайна М. ставілі з 10 снапоў: да вертыкальна пастаўленага снапа пад нахілам прыстаўлялі 4 снапы, потым — яшчэ 4 у прамежкі, апошнім — дзесятым — накрывалі М. Сцёблы з калоссем гэтага снапа заломвалі каля перавясла, каб атрымалася «веер-шапка». Яна засцерагала астатнія снапы ад дажджу і мацавала М. У добрае надвор’е «шапку» здымалі, каб зерне ў снапах хутчэй прасохла. У некат. рэгіёнах М. называлі бабкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАХГЕШЫ́ХТЭ (ням. Nachgeschichte гісторыя, што адбылася пасля),
у літаратурным творы сціслыя звесткі пра герояў і падзеі, што адбыліся пасля развязкі. Разам з тэрмінам форгешыхтэ ўведзены ў рас.літ.-знаўства ў 1920-я г. Ад эпілога адрозніваецца лаканічнасцю інфармацыі і звычайна не вылучаецца ў адзінае кампазіцыйнае цэлае твора. Часцей практыкуецца ў малой прозе («У старых дубах» Я.Коласа, «Былі ў мяне мядзведзі» У.Караткевіча, «У канцы чэрвеня» Л.Арабей), трапляецца і ў буйных эпічных творах («Лявон Бушмар», «Бацькаўшчына» К.Чорнага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЖАВЕ́ЙНАЯ СТАЛЬ,
высакаякасная сталь, устойлівая супраць іржаўлення (карозіі) у атм. умовах, марской і рачной вадзе і некаторых агрэсіўных асяроддзях. Найб. пашырана хроманікелевая (мае 18% хрому і 9% нікелю) і хромістая (13—27% хрому) сталь, звычайна з дабаўкамі інш. элементаў. Хромістая сталь выкарыстоўваецца пераважна як канструкцыйны матэрыял для турбінных лапатак, арматуры крэкінг-установак, рэжучага інструменту, іншыя Н.с. — для вырабу зварачнай апаратуры, што працуе ў агрэсіўных асяроддзях, гарачаўстойлівых і гарачатрывалых канструкцый (для работы пры т-ры 550—800 °C).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РАВЫ,
прынятыя ў грамадстве або калектыве ўстойлівыя ўзоры паводзін; звычаі, якія склаліся ў працэсе гіст. развіцця і маюць маральную каштоўнасць. Паняцце «Н.», блізкае да паняццяў нормы маральныя, норма паводзін, звычайна выкарыстоўваецца пры характарыстыцы ладу жыцця пэўнага грамадства. Да Н. належаць і звычаі, якія супярэчаць патрабаванням маралі і маюць адмоўную маральную каштоўнасць. Пры ўздыме ўзроўню цывілізацыі і павышэнні маральнасці грамадства Н. змякчаюцца, пры дэмаралізацыі грамадства, сац. катаклізмах адбываецца іх агрубенне (павышэнне колькасці актаў насілля, узнікненне бязлітаснасці і інш.).