ШЧАДРЭ́Ц, багатая куцця,

у беларусаў і інш. славянскіх народаў стараж. звычай адзначаць святочны вечар напярэдадні Новага года. Вызначаўся багаццем абрадавых страў, з якімі ў старажытнасці звязвалі надзею на дабрабыт і здароўе сям’і. У беларусаў абавязковымі стравамі былі бліны з верашчакай і смажанай каўбасой, скваркамі, куцця, крупнік з мясам, боршч (буракі). На Ш. звычайна варажылі пра будучы ўраджай, дзяўчаты — пра замужжа. Са Ш. звязаны звычай шчадравання.

т. 17, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)