СКАРБ,

1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст. н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш.), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.

2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.

Літ.:

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

Ш.​І.​Бекцінееў, Г.​А.​Маслыка (права).

Да арт. Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДДЗЯ́,

службовая асоба, якая ўваходзіць у склад пэўных судовых органаў і выконвае функцыі правасуддзя.

У ВКЛ С. былі ўраднікі велікакняжацкай адміністрацыі (цэнтральнай і мясц.); выбраныя ў вызначаным парадку члены аддзеленых ад адміністрацыі судоў; феадалы ў адносінах да залежнага насельніцтва, найб. паважаныя сяляне-гаспадары (копныя мужы, старцы) — члены самага старажытнага копнага суда. Галоўным С. у дзяржаве лічыўся вялікі князь. Разам з панамі-радай ён выконваў функцыі правасуддзя ў вышэйшым велікакняжацкім судзе. Вял. князь (кароль) разам з сенатарамі з’яўляўся С. соймавага суда, у склад якога выбіраліся і некалькі соймавых паслоў. С. камісарскага суда прызначаліся вял. князем або інш. пастаяннымі С. з прадстаўнікоў Рады ВКЛ ці велікакняжацкай адміністрацыі Членаў Вышэйшага апеляцыйнага суда — Трыбунала Вялікага княства Літоўскага — выбірала на дэпутацкіх сойміках шляхта. Членаў земскага суда (С., падсудка, пісара) выбірала шляхта павета на элекцыйных сойміках. З чатырох вызначаных ёю кандыдатаў (на кожную пасаду) вял. князь зацвярджаў пажыццёва аднаго. Такі ж парадак існаваў і пры выбарах С. падкаморскага суда — падкаморыяў. На перыяд бескаралеўя ствараліся каптуровыя суды, членамі якіх былі С. павятовых судоў; гродскага, земскага, падкаморскага і некат. інш. ўраднікі. С. гродскага суда (замкавага) былі службовыя асобы мясц. адміністрацыі, а таксама прадстаўнікі мясц. шляхты; з 1566 са шляхціцаў прызначаліся С. і пісар. Для гараджан і феадальна-залежных людзей С. былі феадалы і іх ураднікі (гл. Вотчынны суд), а таксама асобы мясц. дзярж. і гасп. адміністрацыі. У гарадах ВКЛ, якія атрымалі магдэбургскае права, ствараліся бурмістраўска-радзецкія суды і войтаўска-лаўніцкія суды. С. палюбоўнага суда (кампрамісарскага) выбіраліся бакамі, якія вялі справу. С. канфедэрацкіх судоў — канфедэратамі. С. судоў духоўных былі прадстаўнікі духавенства, якія выбіраліся капітулам.

У Рэспубліцы Беларусь, паводле Закона «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995, С. з’яўляюцца асобы, надзеленыя ва ўстаноўленым законам парадку паўнамоцтвамі па ажыццяўленні правасуддзя. С. ўсіх судоў Рэспублікі Беларусь валодаюць адзіным статусам. Асаблівасці статуса асобных катэгорый С. вызначаюцца законамі рэспублікі. С. можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 25 гадоў, мае вышэйшую юрыд. адукацыю, не ўчыняў ганьбуючых яго ўчынкаў, мае стаж работы па юрыд. спецыяльнасці не менш як 2 гады або прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку на працягу 2 гадоў і здаў кваліфікацыйны экзамен. Пры ажыццяўленні судовай улады С. павінен няўхільна выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, быць справядлівым і непрадузятым. Пры выкананні сваіх абавязкаў, а таксама ў неслужбовых адносінах С. павінен пазбягаць усяго, што прыніжае аўтарытэт судовай улады, годнасць С. Ён не можа займацца якой-н. іншай дзейнасцю (акрамя навук. ці педагагічнай, не звязанай з заняццем штатных пасад), быць дэпутатам, ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, належаць да паліт. партый і масавых рухаў. С. ўсіх судоў нязменныя. Яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў іншы суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы С. не могуць быць спынены інакш, як у парадку і на падставах, устаноўленых законам. С. з’яўляецца недатыкальным і не можа быць прыцягнуты да крымін. адказнасці без згоды органа, які яго выбраў ці прызначыў. Выбраныя і прызначаныя на пасаду С. прыносяць прысягу.

Т.​І.​Доўнар, Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦОВАЕ КІРАВАННЕ І САМАКІРАВАННЕ

Ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Мясц. Саветы дэпутатаў з’яўляюцца прадстаўнічымі органамі дзярж. улады на тэр. адпаведных адм.-тэр. адзінак і асн. звяном мясц. самакіравання, якое забяспечвае на сваёй тэр. ўзгодненую дзейнасць органаў тэр. грамадскага самакіравання. Адзіную сістэму мясц. Саветаў дэпутатаў складаюць сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя і абласныя Саветы дэпутатаў. Яны выбіраюцца грамадзянамі, якія пражываюць на адпаведнай тэр., тэрмінам на 4 гады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 20.2.1991 (у рэдакцыі закона ад 10.1.2000) да выключнай кампетэнцыі мясц. Саветаў належаць: зацвярджэнне праграм эканам. і сац. развіцця (жыллёвага і дарожнага буд-ва, добраўпарадкавання, камунальна-быт. і сац.-культ. абслугоўвання насельніцтва, аховы прыроды і інш.), мясц. бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні; устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясц. падаткаў і збораў; вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; кантроль за выкарыстаннем зямель, іх нетраў, вод, лясоў, паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў і інш. прыродных рэсурсаў; вырашэнне пытанняў адм.-тэр. ўладкавання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; назначэнне мясц. рэферэндумаў. Для папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, а таксама для кантролю за выкананнем рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў з дэпутатаў выбіраюцца пастаянныя камісіі. Рэкамендацыі камісій аддаюцца на разгляд адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арганізацыямі.

Органамі мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі і адначасова выканаўчымі і распарадчымі органамі мясц. Саветаў дэпутатаў з’яўляюцца абласныя, раённыя, гарадскія, пасялковыя і сельскія выканаўчыя камітэты з правамі юрыд. асобы. Яны падсправаздачныя і падкантрольныя вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам, а таксама падсправаздачныя мясц. Саветам дэпутатаў па пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі. У сістэму органаў выканаўчай улады ўваходзяць таксама мясц. адміністрацыі, утвораныя на тэр. раёнаў у гарадах, дзе не выбіраюцца раённыя Саветы дэпутатаў. Кіраўнікі мясц. выканаўчых і распарадчых органаў назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясц. Саветамі дэпутатаў. На аснове добраахвотнага волевыяўлення грамадзян па іх ініцыятыве, па ініцыятыве Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта могуць стварацца органы тэр. грамадскага самакіравання (саветы і камітэты мікрараёнаў, жыллёвых комплексаў, дамавыя, вулічныя, квартальныя, пасялковыя, сельскія камітэты і інш.) з мэтай вырашэння праблем сац.-эканам. развіцця сваёй тэр., задавальнення духоўных і культ. патрэбнасцей насельніцтва. На адпаведнай частцы адм.-тэр. адзінкі можа быць створаны толькі адзін орган тэр. грамадскага самакіравання. Мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству або абмяжоўваюць ці парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, адмяняюцца паводле існуючага заканадаўства або могуць быць абскарджаны ў суд. парадку. У выпадку сістэматычнага або грубага парушэння мясц. Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Саветам Рэспублікі.

т. 18, кн. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛОГІЯ І КЛІМАТАЛОГІЯ

Фарміраванне сеткі метэаралагічных станцый на тэр. Беларусі пачалося ў пач. 19 ст. У ліку першых станцыі створаны ў Магілёве (1809), Віцебску (1810), Брэсце (1834), Бабруйску і Свіслачы (1836), Горках (1841), Мінску (1849). Матэрыялы іх назіранняў публікаваліся ў штогодніках Гал. фіз. абсерваторыі (з 1924 Гал. геафіз. абсерваторыя). У выніку зах. экспедыцыі па асушэнні балот на Палессі арганізаваны станцыі ў Пінску (1871) і Васілевічах (1878). Па ініцыятыве Паўн.-Зах. аддзела Геагр. т-ва створаны метэаралаг. станцыі ў Маладзечне (1870), Слоніме (1872), Полацку (1885), Гомелі (1891). Даныя назіранняў гэтых станцый абагульнены ў працах А.​І.​Ваейкава («Клімат Палесся», 1899). У канцы 19 ст. створаны метэастанцыі ў Баранавічах, Барысаве, Мазыры, Калінкавічах, Лепелі, Сянне, Дрысе (зараз Верхнядзвінск), Мар’інай Горцы, Стоўбцах, Чэрыкаве, Чачэрску, Асіповічах, Лідзе, Пружанах. У 1-й пал. 20 ст. амаль уся тэр. Беларусі пакрыта сеткай метэастанцый. На шматгадовых матэрыялах іх даследаванняў А.​І.​Кайгарадавым закладзены асновы кліматалогіі, метэаралогіі і службы надвор’я Беларусі, складзены «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). У пасляваенныя гады ў Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі створаны аддзелы клімату, аграметэаралогіі, актынаметрыі, атмасфернай оптыкі, гідралогіі і сіноптыкі; вывучана размеркаванне паступлення сонечнай радыяцыі і радыяцыйнага балансу на тэр. рэспублікі, альбеда с.-г. культур, радыяцыйны рэжым у лесе, асветленасць і паступленне фотасінтэтычна актыўнай сонечнай радыяцыі, даследаваны клімат абл. гарадоў, выдадзены кліматычныя і агракліматычныя даведнікі і інш.

Найб. поўнае і глыбокае абагульненне дадзеных метэаназіранняў ажыццявіў А.​Х.​Шкляр, які прааналізаваў умовы ўвільгатнення на тэр. Беларусі ў перыяд вегетацыі культурных раслін, распрацаваў аптымальныя тэрміны сяўбы с.-г. культур, зрабіў агракліматычнае раянаванне і інш.

У 1970—90-я г. распрацавана методыка арганізацыі і правядзення мікракліматычных даследаванняў прыродных і прыродна-антрапагенных геасістэм. Вывучаны фітаклімат, клімат глебы і прыземнага слоя паветра, цепла- і вільгацеабмен паміж імі, распрацавана методыка пабудовы буйнамаштабных мікракліматычных карт, выкарыстанне якіх дазваляе вырошчваць с.-г. культуры ў адпаведнасці з асаблівасцямі мікраклімату гаспадаркі і канкрэтнага поля (П.​А.​Каўрыга).

Фундаментальнае абагульненне матэрыялаў метэаралагічных назіранняў на аснове сучасных метадаў аналізу праведзена пад кіраўніцтвам В.​Ф.​Логінава. Даследавана выкарыстанне колькасных і матэматычных метадаў, камп’ютэрнага мадэліравання пры аналізе структуры гідраметэаралагічнага рэжыму Беларусі (Р.​І.​Сачок), аграэкалагічнае даследаванне клімату і кліматычных рэсурсаў (А.​М.​Вітчанка), метэаралагічныя асновы фарміравання экалагічных умоў (Л.​М.​Ражкоў). Шматбаковая характарыстыка клімату і яго рэсурснага патэнцыялу адлюстравана на 100 кліматычных і агракліматычных картах Нац. атласа Беларусі (2002).

Метэаралагічныя звесткі збіраюць і аналізуюць рэсп. цэнтры: гідраметэаралагічны, цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, авіяцыйна-метэаралагічны, у складзе якіх 9 авіяметэаралагічных станцый, 6 абласных гідраметэастанцый, 33 метэастанцыі, 5 аграметэастанцый, 3 гідралагічныя станцыі, 137 гідралагічных пастоў, станцыя фонавага маніторынгу («Бярэзінскі біясферны запаведнік»), азёрная станцыя «Нарач», балотная станцыя «Палеская». Каардынуюцца даследаванні Дэпартаментам гідраметэаралогіі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Шкляр А.Х. Климатические ресурсы Белоруссии и использование их в сельском хозяйстве. Мн., 1973;

Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995;

Климат Беларуси. Мн., 1996;

Изменение климата и использование климатических ресурсов. Мн., 2001;

Изменение климата и его последствия. Мн., 2003.

П.​А.​Каўрыга.

т. 18, кн. 2, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕНА І САНІТАРЫЯ

У 19 ст. на Беларусі праводзіліся адзінкавыя санітарна-гігіенічныя даследаванні па гігіене працы (Л.​Я.​Поляк), школьнай (В.​Л.​Лунц) і жыллёвай гігіене (П.​Н.​Гамаля і інш.). Навук. асновы гігіены і санітарыі закладзены ў 1920-я г., калі заснаваны санітарна-бактэрыялагічны НДІ у Віцебску (1921), НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (1924) і санітарна-гігіенічны (1927) у Мінску, кафедры гігіены на мед. ф-це БДУ, у Віцебскім мед. ін-це і Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Развіццё гэтай галіны звязана з працамі П.​В.​Астапені, С.​Ю.​Бусловіча, Дз.​П.​Бяляцкага, Г.​Г.​Вінберга, М.​А.​Габрыловіча, І.​Б.​Кардаша, З.​К.​Магілеўчыка, М.​А.​Мухіна, І.​А.​Чахоўскага і інш. У пасляваенныя гады значна большая ўвага аддавалася рацыянальным метадам санітарна-гігіенічнага абслугоўвання насельніцтва, гігіене і фізіялогіі працы ў розных галінах прамысловасці, даследаванню праблем аховы навакольнага асяроддзя, жыллёвага будаўніцтва і інш. У наш час пытанні гігіены і санітарыі распрацоўваюцца ў санітарна-гігіенічным НДІ, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у Рэсп. навукова-практ. цэнтры гігіены Мін-ва аховы здароўя, у мед. ун-тах і інш. ВНУ. Даследуюцца прыродныя і антрапагенныя фактары навакольнага асяроддзя і сац. ўмовы, якія ўплываюць на здароўе чалавека (метадалагічныя аспекты экалагічна абумоўленых захворванняў чалавека, выяўленне ўплыву забруджвання атмасфернага паветра вуглевадародамі, сац.-гігіенічны маніторынг і інш.). Распрацоўваюцца метады экспрэс-ацэнкі сумарнай мутагеннай актыўнасці і агульнай таксічнасці вод паверхневых вадацёкаў, даецца гігіенічная ацэнка эфектыўнасці новых тэхналогій па ачыстцы і абеззаражванні пітных і сцёкавых вод. Перагледжаны нарматывы якасці атмасферы з улікам новых таксікалагічных, эпідэміялагічных, біяхім. даных; ствараюцца камп’ютэрныя інфармацыйна-мадэлявальныя сістэмы для ацэнкі рызыкі мнагафактарнага ўплыву навакольнага асяроддзя на арганізм чалавека і інш. У рашэнні гэтых пытанняў прымалі ўдзел П.​А.​Амвросьеў, В.​В.​Драбеня, В.​І.​Ключановіч, А.​Г.​Кокіна, Т.​К.​Навуменка, І.​Р.​Першын, А.​П.​Русяеў, С.​М.​Сакалоў, В.​П.​Філонаў, П.​А.​Чабатароў. На кафедрах гігіены Мінскага, Гродзенскага, Віцебскага, Гомельскага мед. ун-таў, Рэсп. навукова-практ. цэнтра гігіены даследуюцца пытанні па гігіене дзяцей і падлеткаў. Вядзецца маніторынг стану здароўя дзяцей, пераселеных з забруджаных радыенуклідамі раёнаў; школьнікаў навуч. устаноў рознага тыпу. Вывучана залежнасць паміж станам навакольнага асяроддзя і здароўем дзяцей, распрацоўваюцца тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па фіз. выхаванні дзяцей і падлеткаў, гігіенічнае абгрунтаванне планіроўкі дзіцячых і падлеткавых устаноў, нормы рацыянальнага харчавання з улікам экалагічнага стану рэгіёнаў і інш. Вядучыя спецыялісты ў галіне гігіены дзяцей і падлеткаў Н.​А.​Болдзіна, А.​М.​Давыдок, А.​А.​Крукава, Ж.​М.​Лабадаева, Г.​В.​Лаўрыненка, Н.​Ц.​Лебедзева, Н.​Ф.​Фарыно, А.​І.​Шпакаў.

Літ.:

Современные проблемы гигиенической науки и практики // Сб. материалов объединенного пленума Респ. проблемной комиссии по гигиене и Правления Бел. науч. о-ва гигиенистов. Мн., 2000;

Материалы научно-практ. конф. «75 лет санитарно-эпидемиологической службе Республики Беларусь». Мн., 2001;

Руководители санитарно-эпидемиологической службы. Мн., 2001;

Здоровье и окружающая среда // Сб. науч. трудов к 75-летию НИИ санитарии и гигиены. 2002. Т. 1—2.

Т.​Е.​Навуменка, Н.​Ф.​Фарыно.

т. 18, кн. 2, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАТЭ́ХНІКА (ад агра... + тэхніка),

сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).

Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл. Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.

На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл. Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;

Моргун Ф.Т., Шикула Н.К., Тарарико А.Г. Почвозащитное земледелие. 2 изд. Киев, 1988;

Механизация обработки почвы и посева при интенсивных технологиях возделывания сельскохозяйственных культур. Горки, 1993.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАХІ́МІЯ (ад бія... + геахімія),

галіна геахіміі, якая вывучае геахім. працэсы ў біясферы ў іх сувязі з працэсамі біял. кругавароту рэчываў на працягу геал. гісторыі Зямлі і ў сучасных умовах. Даследуе: жывое рэчыва, яго ўздзеянне на геахім. працэсы; гісторыю, біягенную міграцыю, размеркаванне і канцэнтрацыю ў зямной кары хім. элементаў; біягеахім. правінцыі ў ходзе біягеахім. раянавання; геахім. цыклы біягенных элементаў праз пабудову колькасных мадэляў; ролю арганізмаў ва ўтварэнні і разбурэнні радовішчаў карысных выкапняў; тэрыторыі антрапагеннага ўздзеяння (гар. экасістэмы, цэнтры здабыўной і перапрацоўчай прам-сці); біягеахім. эндэміі чалавека і жывёл; геахім. дзейнасць арганізмаў на забруджаных цяжкімі металамі і радыенуклідамі ўчастках; прагназуе развіццё біясферы.

Заснавальнік біягеахіміі — рус. вучоны У.​І.​Вярнадскі, які арганізаваў першую ў свеце біягеахім. лабараторыю (1918), пашырыў уяўленне аб біясферы як абалонцы Зямлі, даў тлумачэнне геахім. дзейнасці жывых істот, увёў вызначэнні біягеахім. энергіі засялення Зямлі як планеты, скорасці расцякання і паўсюднасці жыцця і інш. Гэтыя даследаванні развіваў А.​П.​Вінаградаў, які вызначыў сярэдні хім. састаў жывога рэчыва, распрацаваў тэарэт. ўяўленні аб біягеахім. правінцыях, што паслужыла асновай для біягеахім. пошукаў карысных выкапняў. На Беларусі праблемы біягеахіміі даследуюцца з 1960-х г. (К.​І.​Лукашоў, А.​К.​Лукашоў, У.​А.​Кузняцоў, В.​Б.​Кадацкі і інш.). Работы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, эксперым. батанікі, заалогіі, фотабіялогіі), у БДУ, БСГА, БелНДІ земляробства і кармоў і інш.

І.​К.​Вадкоўская.

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯМЕ́ТРЫЯ (ад бія... + ...метрыя), біялагічная статыстыка,

навука пра выкарыстанне матэм. метадаў у вывучэнні з’яў жывой прыроды. Уключае сукупнасць прыёмаў планавання і апрацоўкі даных біял. даследаванняў і назіранняў метадамі матэм. (варыяцыйнай) статыстыкі.

Асновы біяметрыі закладзены ў канцы 19 ст. працамі бельг. антраполага А.​Кетле, англ. вучоных Ф.​Гальтана і К.​Пірсана, якія з 1901 выдавалі ў Лондане часопіс «Biometrica». Распрацоўка тэорыі малых выбарак у працах англ. вучонага В.​Госета і біяметрычных метадаў у генет. даследаваннях англ. біёлага Р.​Фішэра (1890—1962) адыграла значную ролю ў гісторыі біяметрыі. У Расіі выкарыстанню і развіццю біяметрыі спрыялі працы С.​Н.​Бернштэйна, А.​Я.​Хінчына, А.М.Калмагорава, У.І.Раманоўскага, І.І.Шмальгаўзена, С.С.Чацверыкова і інш. На Беларусі вял. ўклад зрабіў П.Ф.Ракіцкі.

Біяметрыя вывучае зменлівыя прыкметы арганізмаў і біял. працэсаў, іх размеркаванне ў сукупнасцях: нармальнае (паказвае размеркаванне варыянтаў па колькасных прыкметах), бінамінальнае (характарызуе якасныя прыкметы) і пуасонаўскае (адлюстроўвае рэдкую з’яву). Пры апрацоўцы вынікаў доследаў праводзяць ацэнку параметраў размеркавання (сярэдняй велічыні, сярэдняга квадратычнага адхілення, памылкі сярэдняй, дысперсіі, асіметрыі, эксцэсу, энтрапіі, лішку і інш.), параўнанне выбарачных размеркаванняў і іх параметраў (верагоднасць адрозненняў) і выяўленне стат. сувязяў (простая, частковая і множная карэляцыя, рэгрэсія), напр. паміж памерамі органаў і масай арганізма. Дысперсійны аналіз служыць для вызначэння ўплыву розных фактараў на зменлівасць прыкмет. Б. шырока ўжываецца ва ўсіх галінах біялогіі, а таксама ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і медыцыне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНТЫЛЯ́ЦЫЯ,

замена забруджанага паветра чыстым у памяшканнях, збудаваннях, апаратах і інш. Стварае спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку людзей, правядзення тэхнал. працэсаў, захоўвання абсталявання, канструкцый, матэрыялаў, прадуктаў, кніг, карцін і інш. Вентыляцыя бывае: натуральная і мех. (робіцца вентылятарамі); выцяжная, прытокавая, прытокава-выцяжная; агульнаабменная і мясцовая.

Арганізаваная натуральная вентыляцыя (аэрацыя) ажыццяўляецца праветрываннем праз фрамугі ў вокнах, сценах, вентыляцыйныя ліхтары, неарганізаваная — праз поры і няшчыльнасці агараджальных канструкцый будынка. У жылых памяшканнях выкарыстоўваецца выцяжная вентыляцыя, у цэхах і вытв. будынках — выцяжная і прытокава-выцяжная. Пры мясц. выцяжной вентыляцыі шкодныя рэчывы выдаляюцца з месца іх утварэння з дапамогай мясц. адсмоктвальнікаў (выцяжных шафаў, парасонаў і інш.). Мясц. прытокавая вентыляцыя робіцца паветр. душамі, заслонамі, аазісамі ў гарачых цэхах, каб стварыць спрыяльны мікраклімат у абмежаванай прасторы (на рабочым месцы). Прытокавая вентыляцыя забяспечвае награванне, ахаладжэнне і ўвільгатненне паветра, ачыстку яго ад пылу і газаў. Агульнаабменная вентыляцыя заснавана на разбаўленні шкодных рэчываў, што ёсць у памяшканні, а таксама цеплыні і пары чыстым паветрам да патрэбнай нормы. Яна стварае ў вытв. і грамадскіх будынках аднолькавыя паветр. ўмовы ва ўсіх памяшканнях. Для ачысткі прыточнага паветра ад пылу ўстанаўліваюць паветр. фільтры, а для ачысткі паветра, якое выдаляецца мясц. адсмоктвальнікамі, — пылаўлоўнікі, абсорберы і адсорберы. У прамысл. будынках вентыляцыя ажыццяўляецца праз вентыляцыйныя каналы і паветраводы.

Схема механічнай прытокава-выцяжной вентыляцыі: 1 — паветразаборная шахта; 2 — прытокавыя каналы; 3 — выцяжныя каналы; 4 — выцяжны вентылятар; 5 — вентылятар; 6 — каларыферы; 7 — фільтр.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],

1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.

2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.

3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.

Да арт. Гарызонт. Расшырэнне бачнага гарызонту з павышэннем пункта назірання.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)