1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст.н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.
2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
Ш.І.Бекцінееў, Г.А.Маслыка (права).
Да арт.Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.