РЫЗО́ПУС (Rhizopus),

род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукоравых. 11 відаў. Пашыраны паўсюдна. Трапляюцца ў глебе, на раслінах і раслінных рэштках, харч. прадуктах, экскрэментах. Выклікаюць псаванне (гніенне) кармоў, збожжа, прадуктаў, ёсць патагенныя для жывёл і чалавека.

Міцэлій паветраны, пушысты, дыферэнцыраваны звычайна на сталоны, спарангіяносцы і рызоіды. Спарангіі шарападобныя. У выніку палавога працэсу паяўляюцца зігаспоры. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць. У краінах Азіі выкарыстоўваюцца як кампанент закваскі (т.зв. кітайскія дрожджы) або для вытв-сці зброджаных прадуктаў харчавання (соевы сыр).

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-АНТО́НІО (San Antonio),

горад на Пд ЗША, у штаце Тэхас. Засн. ў 1718. 1114,1 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1,5 млн. ж. (2000). Буйны вузел чыгунак і аўтадарог на шляхах у Мексіку і на зах. ўзбярэжжа. Міжнар. аэрапорт. Гандл.фін. цэнтр жывёлагадоўчага раёна (буйнейшы ў ЗША рынак шэрсці і махеру). Прам-сць: маш.-буд., металаапр., харч., цэм., хім., швейная, гарбарна-абутковая. 18 ун-таў і каледжаў. Музеі. Бальнеакліматычны курорт. Арх. помнікі 18—19 ст., у т. л. сабор Сан-Фернанда. Турызм.

т. 14, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕРБІГУ́З (Bunias),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. усходні (B. orientalis). Трапляецца на лугах і ў агародах, у пасевах, каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 120 см. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя, галінастыя, апушаныя. Лісце чаргаванае, перыста-раздзельнае, апушанае. Кветкі дробныя, жоўтыя або белыя, у шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — стручочак. Лек., харч. (маладое лісце і сцёблы), меданосныя расліны, некат. — пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Свербігуз усходні.

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ЛІЯ (Aralia),

род кветкавых раслін сям. араліевых. 35 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукавана аралія маньчжурская, або чортава дрэва (A. mandshurica), разводзіцца ў садах і парках.

Невялікія дрэвы або кусты і высокія травы Сцябло густа ўкрытае вострымі калючкамі. Лісце няпарнаперыстае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, жоўта-белыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод — ягадападобная касцянка. Дэкар., харч. расліна. У каранях ёсць эфірны алей, смолы, сапаніны, вітаміны C, B, B1; настой з іх ужываецца як танізоўны сродак (сурагат жэньшэню).

Аралія маньчжурская.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з жн. 1941 да ліп. 1942 у г.п. Асвея і Асвейскім раёне Віцебскай вобласці. Арганізатары і кіраўнікі: У.​У.​Сімацкі (да 18.11.1941) і І.​К.​Захараў. Аб’ядноўвала 9 падп. груп (каля 100 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, здабывалі зброю і боепрыпасы, знішчалі гітлераўцаў, вывелі са строю 14 аўтамашын, 6 танкаў, разбурылі 10 мастоў, сапсавалі тэлеграфную сувязь, спалілі льнозавод, харч. склад і інш. У крас. арганізавалі партыз. атрад, які ў жн. 1942 увайшоў у Асвейскую партыз. брыгаду.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНЯ́НЫ АЛЕ́Й,

раслінны алей з насення бавоўніку. Вадкасць ад светла-жоўтага (рафінаваны баваўняны алей) да карычневага колеру, тэмпература застывання ад 5 да -6 °C, шчыльн. 0,918—0,932∙10​3 кг/м³. Нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках (акрамя метылавага і этылавага спіртоў). Мае 22—25% тлустых насычаных кіслот (C10—C20), 23—35% алеінавай, 34—57% лінолевай кіслот. Атрымліваюць прасаваннем насення ці яго экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Баваўняны алей — сыравіна ў вытв-сці тлустых кіслот, гліцэрыны, мыла, кампанент змазачных матэрыялаў, пакостаў, алкідных смолаў; рафінаваны — харч. прадуктаў (напр., маргарыну).

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУА́Н (стараж. назва Сіене, Сіена),

горад на ПдУ Егіпта. Адм. ц. мухафазы Асуан. Порт на р. Ніл. Трансп. вузел. 192 тыс. ж. (1986). Хім. (азотныя ўгнаенні), тэкст., харч. прам-сць, здабыча жал. руды, буд. каменю. Каля горада гідраэнергет. комплексы Асуанскіх плацін. Цэнтр турызму і месца паломніцтва мусульманаў — ісмаілітаў, філіял Каірскага музея старажытнасцяў. Помнікі архітэктуры: скальная грабніца намарха Сарэнпута II (20 ст. да нашай эры), Абу-Сімбел, хрысц. манастыр св. Сімяона (8—13 ст.), мінарэт і маўзалеі (10—11 ст.). Батанічны сад. Курорт. Сухі трапічны клімат з умовамі для лячэння хвароб нырак.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФЛАТАКСІ́НЫ,

група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у т. л. для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГЕН (Bergen),

горад на З Нарвегіі, на ўзбярэжжы Паўн. мора. Адм. ц. фюльке Хордалан. Засн. ў 11 ст. 218 тыс. ж. (1993). Важны трансп. вузел. Гандл. і рыбацкі порт. Аэрапорт. Машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне), рыбалоўства, харч. (пераважна рыбаапрацоўчая), тэкст. (вытв-сць рыбалоўных снасцяў), швейная, папяровая прам-сць. Нафтаперапр. і хім. прам-сць (буйны нафтахім. комплекс у Монгстадзе — паўн. прыгарадзе Бергена). Ун-т. Турыстычны і культ. цэнтр. Арх. помнікі 13—17 ст. Дом-музей кампазітара Э.​Грыга. З 1898 штогадовыя муз. фестывалі, засн. Грыгам.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ КАНТРО́ЛЬ,

1) сістэматычны адбор проб і аналіз канцэнтрацыі забруджвальнікаў, прадуктаў абмену і біятрансфармацыі ў чалавека і навакольным асяроддзі. Пры біялагічным кантролі вядзецца нагляд за колькасцю шкодных рэчываў у паветры, вадзе, глебе, харч. прадуктах, арганізмах і рэгіструюцца яе адхіленні ад прынятых нарматываў — гранічна дапушчальных канцэнтрацый (ГДК).

2) У замежнай л-ры тэрмін біялагічны кантроль выкарыстоўваецца як сінонім «біял. метаду» — сукупнасці прыёмаў скарачэння колькасці непажаданых арганізмаў з дапамогай інш. жывых істот і біяпрадуктаў.

3) Сукупнасць метадаў, якія забяспечваюць дасягненне мэт біялагічнага маніторынгу, кантроль за станам папуляцый, біяцэнозаў ці інш. біясістэм.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)