ГЕ́БЕЛЬ ((Hebbel) Крысціян Фрыдрых) (18.3.1813, Весельбурэн, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 13.12.1863),
нямецкі драматург, паэт і празаік. Вывучаў права, філасофію, л-ру ў Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах (1836—39). У аснове яго драматургіі метафізічная канцэпцыя ўсеагульнай віны чалавека, які толькі пакутамі і ахвярнасцю, блізкімі да самазнішчэння, можа наблізіць выратаванне свету. Вядомасць Гебелю прынесла ўжо першая п’еса «Юдзіф» (1840). П’еса «Марыя Магдаліна» (1844) паклала пачатак сучаснай мяшчанскай трагедыі. Сярод лепшых яго твораў «Ірад і Марыямна» (1850), «Агнеса Бернаўэр» (1851), «Гіг і яго пярсцёнак» (1856), трылогія «Нібелунгі» (1862), дзе аўтар імкнуўся праз старажытнае і легендарнае спасцігнуць сучаснасць. Пісаў таксама вершы, навелы. Свае эстэт.-філас. погляды выклаў у працах «Маё слова пра драму» (1843), «Пра стыль драмы» (1847) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРОК,
успрыманне арганізмам навакольнага свету праз улоўліванне зроку органамі святла, якое адлюстроўваецца ці выпраменьваецца аб’ектамі святла. У працэсе эвалюцыі З. удасканальваўся: ад здольнасці адрозніваць толькі святло ад цемры (напр., дажджавыя чэрві) да разнастайнага аналізу адлюстравання. Вока чалавека ўспрымае святло з даўж. хвалі 380—760 нм.
На органы З. ўсе прадметы ўздзейнічаюць адбітымі або прамымі светлавымі прамянямі. Пад уздзеяннем энергіі святла ў палачках і колбачках сятчаткі вока адбываюцца фотахім. рэакцыі, узнікаюць эл. токі, якія выклікаюць нерв. імпульсы, што перадаюцца па праводных шляхах зрокавага аналізатара да цэнтр. коркавага аддзела мозга, дзе фарміруюцца зрокавыя адчуванні. Адрозніваюць З. цэнтр. і перыферычны. Характарызуецца З. вастрынёй. Нармальная вастрыня З. — здольнасць адрозніваць 2 кропкі прадмета з вуглом паміж імі ў 1′. Да функцый З. адносяць і бінакулярны зрок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
старэйшы універсітэт ЗША. Прыватны. Засн. ў 1701 у г. Нью-Хейвен як каледж. З 1887 сучасная назва. Да 1969 быў толькі мужчынскі. У складзе І.у. каледжы і школы. У 1996/97. навуч.г. больш за 10 тыс. студэнтаў; каледжы: мастацтва і гуманіт. дысцыплін (выкладаюцца археалогія, архітэктура, стараж. гісторыя, праблемы дзяцінства, класічныя мовы і мовы народаў Азіі і Б. Усходу, слав. мовы і л-ры і інш.); тэхн. навук (электратэхніка і механіка, хім.вытв-сць, прыкладная матэматыка, камп’ютэр і псіхалогія, генетыка і інш.); сац. навук (сацыялогія, паліталогія, рэлігія, філасофія, антрапалогія, міжнар. адносіны і інш.); школы: медыцыны, багаслоўя, мастацтва, архітэктуры, мастацтва і навукі, аховы навакольнага асяроддзя і інш. Ва ун-це адна з буйнейшых б-к і адзін са старэйшых музеяў ЗША — Музей натуральнай гісторыі Пібадзі з 1701.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАНЕ́НТНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
плынь у ням. філасофіі канца 19 — пач. 20 ст., якая атаясамлівала быццё, пазнавальную рэальнасць са зместам свядомасці і адмаўляла існаванне незалежнай ад свядомасці рэчаіснасці. Найб. вядомыя яе прадстаўнікі В.Шупе (заснавальнік), Р.Шуберт-Зольдэрн, А.Леклер, М.Каўфман і інш.Гал. свае ідэі Шупе выклаў у кн. «Тэарэтыка-пазнавальная логіка» (1878). І.ф. грунтавалася на крытычна пераасэнсаванай у суб’ектыўна-ідэалістычнага духу філасофіі І.Канта і спецыялізавалася ў галіне гнасеалогіі. Прадстаўнікі І.ф. лічылі, што рэчаіснасць, мысленны аб’ект непасрэдна дадзены пазнавальнаму суб’екту, іманентны яго свядомасці (адсюль і назва І.ф.). Асн. яе тэзісы: існуе толькі тое, што мысліцца, аб’ект непарыўна звязаны з суб’ектам, існуе родавая (усеагульная) свядомасць, якая выступае ў якасці гаранта і крытэрыя аб’ектыўнасці. Асобныя ідэі І.ф. знайшлі адлюстраванне ў эмпірыякрытыцызме, фенаменалогіі і інш.філас. плынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. in не + адаптацыя),
інадаптыўная спецыялізацыя, кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.А.Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУЛЬ (кірг. гарачае возера),
бяссцёкавае возера ў Кыргызстане, у Паўн. Цянь-Шані, у межах Ісык-Кульскай катлавіны, на выш. 1608 м. Пл. 6236 км² (па інш. даных 6330 км²). Даўж. 178 км, шыр. да 60 км, глыб. да 668 м. Пл. вадазбору 21,9 тыс.км². Упадае больш за 50 рэк; найб. з іх Джэргалан і Цюп. Берагі расчлянёны слаба, глыбокія залівы толькі на У і ПдУ. Зімой не замярзае. Т-ра вады на паверхні летам да 20, зімою каля 2,7 °C. Вада саленаватая (каля 6%). Рыбалоўства (голы асман, чэбак, сазан, марынка, стронга). Суднаходства. Асн. парты: Рыбачае і Прыстань-Пржавальск. На І.-К. курорты Чалпон-Ата і Тамга. Возера ў складзе Ісык-Кульскага запаведніка. На беразе — магіла М.М.Пржавальскага. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ ЗАКО́Н,
любое сапраўднае лагічнае сцвярджэнне. Да Л.з. адносяцца законы логікі выказванняў (напр., закон несупярэчнасці, закон выключанага трэцяга, закон ускоснага доказу) або логікі прэдыкатаў. Напр., у выраз «няправільна, што р і не-р адначасова верныя» (закон несупярэчнасці) замест пераменнай р трэба падставіць выказванне; усе вынікі такіх падстановак уяўляюць сабой сапраўдныя выказванні (напр., «няправільна, што 11 — просты лік і разам з тым не з’яўляецца простым»). Кожная з лагічных сістэм утрымлівае бясконцае мноства Л.з. і ўяўляе сабой абстрактную знакавую мадэль, якая дае апісанне якога-н. пэўнага фрагмента або тыпу разважанняў. На фармалізаванай мове логікі ўсякі яе закон — гэта заўсёды сапраўдная, правільна пабудаваная формула; можна пабудаваць бясконцае мноства такіх формул, але Л.з. лічаць толькі тыя з іх, якія інтэрпрэтаваны на пазнаючае чалавечае мысленне. Гл. таксама Інтуіцыянізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМЕ́ДЫЯ ПРА ЯКУ́БА І ІО́СІФА, ПАТРЫЯ́РХАЎ»
(«Comoedia de Jacob et Joseph Patriarchis»),
школьная драма, «эўхарыстычны дыялог» (ад грэч. eucharistia падзяка). Напісана на лац. мове езуітам Я.Пылінскім, паст. ў Гродзенскім езуіцкім калегіуме ў 1651. Уваходзіла ў рукапісны зборнік (загінуў у 1944), апісаны А.Брукнерам і У.Ператцам. Змест драмы невядомы. Вядомы толькі змест пралога і эпілога, напісаных лацініцай бел.-польскіх інтэрмедый. У іх выкарыстаны апакрыфічныя сюжэты, з пазіцый бел. сялянства крытыкаваўся сац.-рэліг. змест уніі і каталіцызму. Гал. герой інтэрмедый селянін Іван, а ў эпілогу і царкоўны паслугач гавораць па-беларуску. Інтэрмедыі апубл. А.Брукнерам (1891).і Я.Карскім (1921).
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1921. Т. 3, вып. 2. С. 214—238;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні. славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 171—173.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫЦЫЯНІ́РАВАННЕ (ад лац. conditio умова, стан),
1) К. паветра — стварэнне і аўтам. падтрыманне ў закрытых памяшканнях, трансп. сродках і г.д. стану паветр. асяроддзя (т-ры, вільготнасці, саставу, чысціні), найб. спрыяльнага для здароўя і самаадчування людзей (камфортнае К.) або для лепшага працякання вытв. працэсаў, работы прылад і абсталявання (тэхнал. К.). Сістэмы К. паветра бываюць цэнтральныя (абслугоўваюць некалькі памяшканняў) і мясцовыя (адно памяшканне ці яго частку); 1- і 2-канальныя; прамацечныя (апрацоўваюць і перамяшчаюць толькі вонкавае паветра) і з частковай рэцыркуляцыяй унутр. паветра (з памяшканняў). Сістэмы К. (з іх асн. сродкам — кандыцыянерам) часта выконваюць функцыі прытокавай вентыляцыі.
2) К. збожжа — водная і цеплавая яго апрацоўка перад памолам. Увільготненае ў спец. збожжаўвільгатняльніках збожжа награваюць на вадзяных радыятарах і высушваюць нагрэтым паветрам. У такога збожжа лягчэй аддзяляецца абалонка і павышаецца якасць мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНА́НС (франц. consonance ад лац. consonantia гармонія, сугучнасць) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў стройнага, згоднага гучання. Процілеглае К. паняцце — дысананс. Адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычная сутнасць К. ў супадзенні вял. колькасці гармонікаў (абертонаў) гэтых гукаў. Да К. належаць усе чыстыя інтэрвалы, вял. і малыя тэрцыі і сексты і акорды, складзеныя толькі з гэтых інтэрвалаў (за выключэннем тых, у якіх адзін з верхніх гукаў утварае чыстую кварту з басам). Матэматычнае абгрунтаванне К. зрабілі піфагарэйцы ў Стараж. Грэцыі. У еўрап.прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж К. і дысанансам набыло якасны характар, дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. У музыцы 20 ст. рэзка павялічылася значэнне дысанансу, адрозненне паміж ім і К. ў значнай ступені згладжваецца.