ПАДСТРА́ЎНІКАВЫ СОК, панкрэатычны сок,

стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ СІГНАЛІЗА́ЦЫЯ,

сукупнасць тэхн. сродкаў для выяўлення пажару, паведамлення аб месцы яго ўзнікнення, а таксама кіравання тэхн. сродкамі проціпажарнай аховы ці інш. абсталяваннем. Мае сетку пажарных апавяшчальнікаў для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., дыму, выпрамянення, полымя, прадуктаў няпоўнага згарання) і пераўтварэння іх у эл. сігнал з мэтай далейшай перадачы, прыёмна-кантрольнае абсталяванне для апрацоўкі інфармацыі, крыніцы электрасілкавання, кампаненты кіравання інш. сістэмамі.

т. 11, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЫ́КАВІЧЫ 1-я,

гарадзішча жалезнага веку каля в. Палыкавічы 1 -я Магілёўскага р-на. Утворана на рачным мысе, мае 2 пляцоўкі, складаную сістэму ўмацаванняў. Датуецца 1-м тыс. да н.э. — 3-й чвэрцю 1-га тыс. н.э. Знойдзены фрагменты ляпнога посуду, у т. л. глянцаванага, жал. наканечнікі стрэл, лязо сякеры, нажы з прамой спінкай, касцяныя шылы і іголкі, гліняныя прасліцы і інш.

т. 12, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬМІЦІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

[CH3(CH2)14COOH], насычаная вышэйшая тлустая кіслата. Пашырана ў прыродзе, у выглядзе гліцэрыдаў ёсць амаль ва ўсіх прыродных тлушчах (у пальмавым алеі 35%, свіным сале 30%, каровіным сале 25%). Уваходзіць у склад воскаў (пчаліны воск, спермацэт). Мае агульныя ўласцівасці тлустых к-т. Солі П.к. ў сумесі з солямі некат. інш. к-т выкарыстоўваюць для атрымання мыла, некат. эфіры — у прыгатаванні фарбаў і пакрыццяў.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́НА,

бальнеалагічны курорт у Закарпацкай вобл. (Украіна), у даліне р. Малая Пінія. Засн. ў 1948. Клімат умерана кантынентальны. Асн. прыродны лек. фактар — вуглякіслая гідракарбанатная натрыевая вада з мінералізацыяй 9,6—10,6 г/л, мае таксама бор і фтор, выкарыстоўваецца для пітнога лячэння і ваннаў. Лечаць захворванні страўніка і кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, падстраўнікавай залозы, парушэнні абмену рэчываў. Выкарыстоўваюць таксама фізіятэрапію, ЛФК і інш.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАНДЖА́, фаранджы (араб.),

халатападобная накідка для вуліцы ў жанчын мусульманскіх народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі. Нашэнне П. абумоўлена патрабаваннямі ісламу максімальнага сакрыцця твару і фігуры жанчыны. Мае доўгія несапраўдныя рукавы, замацаваныя канцамі на спіне. Накідваецца на галаву і цалкам скрывае постаць жанчыны; спераду апранаецца чачван — чорная густая валасяная сетка, якая закрывае твар. У некат. інш. мусульм. народаў функцыі П. выконвае чадра.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́САКА,

вадкасць, якая выцякае з перарэзаных сасудаў драўніны сцёблаў або каранёў жывых раслін пад уплывам каранёвага ціску. Мае солі, амінакіслоты, бялкі, цукры, цытакініны і інш. За вегетац. перыяд у некат. дрэў выцякае 50—150 л П., у травяністых раслін (напр. у гарбуза) — 4—5 л. Найб. П. ў дрэў напрадвесні; у ёй да 8% цукру. Веснавую П. ўжываюць як напітак (бярозавы, кляновы сок).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЦІНА (італьян. pátina),

плёнка розных адценняў (ад зялёнага да карычневага), якая ўтвараецца на паверхні вырабаў з медзі, бронзы, латуні, пры акісленні металаў пад дзеяннем натуральнага асяроддзя або спец. апрацоўкі (пацініравання). П. засцерагае творы мастацтва ад карозіі, мае дэкар. значэнне. У сучаснай маст. практыцы выкарыстоўваецца як сродак вобразнай выразнасці. Пацініраваннем наз. таксама афарбоўка «пад бронзу» твораў не з медных сплаваў, напр., гіпсавай скульптуры.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧУ́ЛІ (Pogostemon patehouli),

кветкавая расліна сям. ясноткавых. Радзіма — Філіпінскія а-вы. Вырошчваюць як эфіраалейную культуру ў трапічнай зоне Паўд.-Усх. Азіі.

Паўкуст выш. да 1 м з валасніковістымі каранямі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, зубчастае, з моцным мускатным пахам. Кветкі белыя або светла-бэзавыя ў гронках. Плод — арэшак. Эфірны алей лісця выкарыстоўваюць у парфумерыі (лепшы фіксатар паху), мае інсектыцыдныя ўласцівасці. Лек., тэхн. расліна.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКЦІ́НЫ, пекцінавыя рэчывы,

кіслыя поліцукрыды расліннага паходжання. Ёсць у сценках клетак, міжклетачным рэчыве, клетачным соку раслін; назапашваюцца ў сакавітых пладах і караняплодах. Аснова малекулы П. — полігалактуронавая к-та. Найб. значэнне мае пекцін, які дае студні ў насычаным (65—70%) растворы цукру пры наяўнасці арган. к-т. Атрымліваюць П. з яблыкаў, скуркі цытрусавых пладоў і інш. Выкарыстоўваюць у кандытарскай і харч. прам-сці, медыцыне.

т. 12, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)