САБІ́ЛА Іван Іванавіч (н. 22.4.1940, Мінск),

рускі пісьменнік. Правадз. чл.

Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1995). Чл.-кар. Акадэміі рас. славеснасці (1997). Скончыў Ін-т фізічнай культуры імя П.​Лесгафта (1967). Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі (з 1994). Старшыня праўлення Санкт-Пецярбургскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі (з 1993). Друкуецца з 1964. Першая кніга — «Абуджэнне» (1977). У кн. «Паказальны бой» (1980), «Усе дні развітання» (1984), «Апошнія канікулы» (1988), складаны свет падлеткаў, праблемы нефармальнага лідэрства.

Жыццё пасляваен. Мінска ў аповесці «Таварная станцыя» (1995). Аповесць «Застаюся ў заслоне» (1982) пра юнага партызана Вял. Айч. вайны Сашу Барадуліна. У кн. «Прысуд» (1997) артыкулы і мемуарны нарыс пра С.​Даўлатава. Перакладае на рус. мову вершы С.​Законнікава, В.​Зуёнка, А.​Пісьмянкова. Некат. творы С. экранізаваны і інсцэніраваны. Заснавальнік і гал. рэдактар газ. «Литературный Петербург» (1998).

Тв.:

Пострадавших не будет. Л., 1987;

Открытый ринг. СПб., 2000.

І.І.Сабіла.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СРАЗНЕ́ЎСКІ Ізмаіл Іванавіч (13.6.1812, г. Яраслаўль, Расія — 21.2.1880),

рускі філолаг-славіст. Акад. Пецярб. АН (1851). Скончыў Харкаўскі ун-т (1829), дзе працаваў (з 1842 праф.). Выкладаў у пецярбургскіх ун-це (з 1847 праф.) і пед. ін-це (1848—59). У 1839—42 падарожнічаў на землях зах. і паўд. славян, вывучаў нар. мову і фальклор. Асн. працы па гісторыі рус. мовы, дыялекталогіі, пра помнікі стараж. славян. і рус. пісьменства, па палеаграфіі, археалогіі, бібліяграфіі, гісторыі стараж.-рус. л-ры і інш. Вывучаў паэзію і побыт слав. народаў. Заснавальнік школы пецярб. славістаў. Аўтар працы «Матэрыялы для слоўніка старажытнарускай мовы паводле пісьмовых помнікаў» (т. 1—3, 1893—1912, 2-е выд., 1958), у якой шмат матэрыялаў з бел. пісьмовых помнікаў.

Тв.:

Славяно-русская палеография XI—XIV вв. СПб., 1885;

Русское слово: Избр. тр. М., 1986.

Літ.:

Смирнов С.В. И.​И.​Срезневский (1812—1880) // Рус. речь. 1972. №6.

т. 15, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́МІЦ (Stamic, Stamitz) Ян Вацлаў Антанін (Іаган Венцэль Антон; 19.6.1717, г. Гаўлічкаў-Брод, Чэхія — 27.3.1757), чэшскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог; заснавальнік мангеймскай школы, новага канцэртнага стылю арк. выканання. Вучыўся ў бацькі Антаніна Ігнаца С., у езуіцкай гімназіі ў Йіглаве (Чэхія, 1728—34). Як скрыпач-віртуоз шмат канцэртаваў. Прыдворны музыкант у Пфальцы і Мангейме, кіраваў прыдворнай капэлай у Штутгарце. З 1744 1-ы скрыпач, з 1748 кіраўнік Мангеймскай капэлы. Спрыяў станаўленню класічнага тыпу 4-часткавай сімфоніі, узмацніў тэматычныя і дынамічныя кантрасты ў санатна-сімф. цыкле, рэфарматар аркестра (уключыў у яго склад валторны і кларнеты). Сярод твораў: больш за 70 сімфоній, 10 арк. трыо, 16 канцэртаў для скрыпкі з арк., канцэрт для кларнета з арк. (першы ў гісторыі музыкі), камерна-інстр. ансамблі, культавая хар. музыка і інш. Паўплываў на творчасць еўрап. кампазітараў 18 ст. Сярод вучняў яго сыны Карэл С. і Антанін С. і інш.

Н.​В.​Сазановіч.

т. 15, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЗА, Соўза (Sousa) Джон Філіп

[сапр. Окс (Ochs) Зігфрыд; 6.11.1854, Вашынгтон — 6.3.1932],

амерыканскі дырыжор, кампазітар, скрыпач; адзін са стваральнікаў амер. камічнай оперы і аперэты, заснавальнік нац. стылю музыкі духавых аркестраў. Вучань Дж.​Эспуты і Дж.​Ф.​Бенкерта. З 1867 у аркестры амер. флоту «Мэрыне бэнд» (у 1890—92 яго кіраўнік), з 1871 узначальваў аркестр «Т-ва вадэвіляў» у Вашынгтоне. У 1892 заснаваў уласны аркестр. Пераўтварыў духавы аркестр (бэнд) з акампаніруючага калектыву ў самаст. канцэртны ансамбль. Стварыў якасна новы тып гучання духавога ансамбля, які па насычанасці наблізіўся да сімф. аркестра. Вынаходнік меднага духавога басовага інструмента — сузафона. Аўтар маршаў (больш за 130; яго называлі «каралём маршаў»), якія ўключаюць элементы сімф. развіцця, спалучаюць традыц. маршавыя рытмы рэгтайма і уанстэпа. Сярод твораў: 12 опер і аперэт, у т. л. камічная опера «Капітан» (паст. 1895), праграмныя п’есы і танцы для бэнда, каля 70 песень. Аўтар 3 раманаў, аўтабіяграфіі, артыкулаў.

т. 15, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРНКА (Tmka) Іржы (24.2.1912, г. Пльзень, Чэхія — 30.12.1969),

чэшскі рэжысёр-мультыплікатар, мастак. Нар. арт. Чэхіі (1963). Творчую дзейнасць пачаў у 1928 у т-ры лялек. У 1941—45 мастак у Нац. т-ры ў Празе. Заснавальнік нац. школы лялечнай мультыплікацыі, дзіцячай маст. кінематаграфіі. Сярод фільмаў: «Жывёлы і разбойнікі» [1946, прыз Міжнар. кінафестывалю (Мкф) у Канах, Францыя], «Шпалічак» (1947, прыз Мкф у Венецыі, Італія), «Салавей імператара» паводле Х.​К.​Андэрсена (1948), «Прынц Баяя» паводле Б.​Немцавай (1950, прызы Мкф у Карлавых Варах, Чэхія; Лакарна, Швейцарыя), «Старадаўнія чэшскія сказанні» паводле А.​Ірасека (1953, прыз Мкф у Венецыі), «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.​Гашака (1955), «Сон у летнюю ноч» паводле У.​Шэкспіра (1959, гал. прыз Мкф у Канах, прыз Мкф у Венецыі), «Страсць» (1961, гал. прыз Мкф у Обергаўзене, Германія), «Кібернетычная бабуля» (1962) і інш. Ілюстраваў кнігі для дзяцей. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1954.

т. 15, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРТУНА́ТАЎ Піліп Фёдаравіч (14.1.1848, г. Волагда, Расія — 3.10.1914),

рускі мовазнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1898). Скончыў Маскоўскі ун-т (1868), у 1876—1902 праф. гэтага ун-та. Заснавальнік маскоўскай лінгвістычнай школы. Гал. кірунак даследаванняў — параўнальна-гіст. граматыка і акцэнталогія індаеўрапейскіх моў (пераважна слав. і балт.). Вызначыў (адначасова з Ф. дэ Сасюрам) характар націску і інтанацыі слова ў балт. мовах у суадносінах з аналагічнымі з’явамі ў слав. мовах (закон Фартунатава — дэ Сасюра; «Пра націск і працягласць у балтыйскіх мовах», 1895). Адкрыў існаванне трох насавых галосных у індаеўрап. прамове, галосны «э насавое» ў стараслав. і стараж.-рус. мовах і інш. На аснове тэорыі формы слова пабудаваў асобую марфал. класіфікацыю моў. Вывучаў санскрыт («Індаеўрапейскія плаўныя зычныя ў старажытнаіндыйскай мове», 1896), даследаваў слав. помнікі і графіку («Склад Астрамірава Евангелля», 1908; «Аб паходжанні глаголіцы», 1913), рэдагаваў серыю стараслав. помнікаў.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1956—57.

П.Ф.Фартунатаў.

т. 16, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ШЭР Іосіф Залманавіч (24.2.1919, Мінск — 25.5.1995),

бел. і ўкраінскі фізік-тэарэтык, заснавальнік навук. школы па стат. тэорыі вадкасцей. Д-р фіз.матэм. н. (1959), праф. (1960). Скончыў БДУ (1941). З 1945 у Фіз.-тэхн. ін-це АН БССР. З 1948 у БДУ (з 1960 праф.). У 1963—78 заг. кафедры Адэскага ун-та. Навук. працы па стат. фізіцы, агульнай тэорыі адноснасці, тэорыі гравітацыі, тэарэт. праблемах фізікі кандэнсаваных асяроддзяў, крытычных з’яў і квантавых вадкасцей.

Тв.:

Статистическая теория жидкостей. М., 1961;

Изотропное пространство с дискретными источниками гравитационного поля (разам з М.​Ф.​Шырокавым) // Астроном. журн. 1962. Т. 39, вып. 5;

Физика жидкостей // Развитие физики в СССР. М., 1967. Кн. 1;

Жидкость (разам з М.​П.​Каваленкам) // Физическая энциклопедия. М., 1990. Т. 2.

Літ.:

Special problems in physics of liquids: International conference dedicated to the memory of prof. J.Z.Fisher. Odessa, 1999.

Л.​С.​Рэут.

т. 16, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛІ́Ф (араб. халіфа — намеснік, пераемнік),

духоўны і свецкі кіраўнік мусульм. супольнасці (умы), а таксама правіцель мусульм. тэакратычнай дзяржавы (гл. Халіфат). Першыя Х. — Абу-Бекр, Асман, Амар I і Алі Ібн Абі Таліб — выбіраліся і былі пераемнікамі заснавальніка ісламу Мухамеда. Пасля захопу ўлады ў 661 Муавіяй I (заснавальнік дынастыі Амеядаў) тытул Х. стаў спадчынным. У 750 права на тытул Х. захапілі сваякі Мухамеда — Абасіды, якія хоць і страцілі да 11 ст. фактычна рэальную паліт. ўладу, але працягвалі лічыцца вышэйшымі духоўнымі аўтарытэтамі мусульман-сунітаў. Пасля знішчэння ў 1258 манголамі свецкай дзяржавы Абасідаў тытул Х. насілі іх нашчадкі, якія жылі ў Егіпце, а пасля заваявання ў 1517 Егіпта туркамі тытул перайшоў да тур. султанаў (насілі да скасавання халіфата ў 1924). У розны час тытул Х. прымалі ў розных месцах мусульм. свету і інш. правіцелі: Фатыміды, Амеяды ў Іспаніі і інш., але яны не карысталіся ўсеагульным аўтарытэтам.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛУП (Chlup) Отакар (31.8.1875, г. Боскавіцы, Чэхія — 14.5.1965),

чэшскі педагог. Акадэмік Чэхаславацкай АН (1952), праф. Пражскага ун-та (з 1953). Скончыў Пражскі ун-т і з 1919 выкладаў у ім педагогіку. У 1922—39 праф. ун-та ў г. Брно, дзе заснаваў Т-ва новага выхавання і быў рэдактарам (з 1927) яго часопіса. Па яго ініцыятыве ў 1946 адкрыты пед. ф-ты ва ун-тах Чэхаславакіі. З 1953 праф., арганізатар і заг. кафедры педагогікі ў Пражскім ун-це. Заснавальнік (1957) і дырэктар (да 1960) Ін-та педагогікі Я.​А.​Каменскага Чэхаславацкай АН. Аўтар прац па праблемах навучання, пед. адукацыі, гісторыі педагогікі, у т. л. падручніка «Педагогіка» (2-е выд. 1965), «Хрэстаматыі па гісторыі педагогікі» (т. 1—2, 1948—50). Адзін з рэдактараў «Педагагічнай энцыклапедыі» (т. 1—3, 1938—40).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. пед. соч. М., 1966.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМАШПО́ЛЬСКІ Уладзімір Ісакавіч (н. 14.7.1954, г. Днепрадзяржынск, Украіна),

бел. вучоны ў галіне металургіі; заснавальнік бел. навук. школы па металург. цеплатэхналогіях. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Днепрадзяржынскі індустр. ін-т (1976). У 1983—94 і з 1996 у Бел. нац. тэхн. ун-це (з 2000 заг. кафедры). У 1984—94 і з 1999 кіраўнік і ўдзельнік асваення праектных магутнасцей агрэгатаў Беларускага металургічнага завода. З 2003 дырэктар Ін-та цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па цеплафізіцы, цеплаэнергетыцы і тэхналогіі металург. працэсаў. Распрацаваў тэарэт. асновы рэсурса- і энергазберагальных прамысл. высокатэмпературных цеплатэхналогій у металургіі і машынабудаванні. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Теплотехнологические основы металлургических процессов и агрегатов высшего технического уровня. Мн., 1995;

Промышленные теплотехнологии. Ч. 1—5. Мн., 1995—2000 (у сааўт.);

Стальной слиток. Т 1—3. Мн., 2000—01 (у сааўт.).

А.​І.​Болсун.

У.І.Цімашпольскі.

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)