ФАРТУНА́ТАЎ Піліп Фёдаравіч (14.1.1848, г. Волагда, Расія — 3.10.1914),
рускі мовазнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1898). Скончыў Маскоўскі ун-т (1868), у 1876—1902 праф. гэтага ун-та. Заснавальнік маскоўскай лінгвістычнай школы. Гал. кірунак даследаванняў — параўнальна-гіст. граматыка і акцэнталогія індаеўрапейскіх моў (пераважна слав. і балт.). Вызначыў (адначасова з Ф. дэ Сасюрам) характар націску і інтанацыі слова ў балт. мовах у суадносінах з аналагічнымі з’явамі ў слав. мовах (закон Фартунатава — дэ Сасюра; «Пра націск і працягласць у балтыйскіх мовах», 1895). Адкрыў існаванне трох насавых галосных у індаеўрап. прамове, галосны «э насавое» ў стараслав. і стараж.-рус. мовах і інш. На аснове тэорыі формы слова пабудаваў асобую марфал. класіфікацыю моў. Вывучаў санскрыт («Індаеўрапейскія плаўныя зычныя ў старажытнаіндыйскай мове», 1896), даследаваў слав. помнікі і графіку («Склад Астрамірава Евангелля», 1908; «Аб паходжанні глаголіцы», 1913), рэдагаваў серыю стараслав. помнікаў.