род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і.
У Забайкаллі і Манголіі ўтвараюць піжмавыя стэпы. На Беларусі 1 дзікарослы від — П. звычайная, або дзікая рабінка (T. vulgare), стараж.лек. расліна. Трапляецца на палях, у хмызняках, каля дарог і жылля. Інтрадукавана П. паўночная (T. boreale).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя. Лісце перыстарассечанае ці чаргаванае з кропкавымі паглыбленнямі, апушанае. Кветкі жоўтыя, трубчастыя, у кошыках, сабраных у шчыткападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — сямянка. Траву П. выкарыстоўваюць у харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці (заменнік карыцы, мускатнага арэху). Харч., лек., інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КА (польск. pika ад франц. pique),
дзіда, колючая халодная зброя, якая з часоў старажытнасці была на ўзбраенні пяхоты і кавалерыі; разнавіднасць доўгага кап’я. Складалася з трох- або чатырохграннага стальнога ляза (наканечніка) і дрэўка; даўж. 3,3 м (даўж. наканечніка 12 см) і маса 3—4 кг. У пяхоце выкарыстоўваліся да 2-й пал. 18 ст., у некат. кав. часцях большасці краін — да 1-й сусв. вайны, у шэрагу краін — да 1930-х г. У кавалерыі Чырв. Арміі П. была на ўзбраенні да 1931.
Да арт.Піка: 1 — еўрапейская, каля 1700; 2 — шылападобная чатырохгранная, Швейцарыя або Германія, 15 ст.; 3 — абардажная, Іспанія, 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЮ́ТАЎ (Пётр Андрэевіч) (23.12.1906, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1960),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў 1-ю Ваен. школу авіятэхнікаў (1932), Качынскую ваен. школу лётчыкаў (1935). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік выратавання чэлюскінцаў у 1934, баёў калявоз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка капітан П. вызначыўся 17.12.1941 над Ладажскім воз. пад Ленінградам, дзе ў паветр. баі з 6 варожымі знішчальнікамі збіў 2 з іх, на пашкоджаным самалёце адбіваў атакі; за час вайны збіў 17 варожых самалётаў. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНЕ́ЗІ ((Piranesi) Джавані Батыста) (4.10.1720, г. Мальяна-Венета, Італія — 9.11.1778),
італьянскі гравёр. Працаваў у Рыме, Венецыі і Неапалі. Зазнаў уплывы ант. дойлідства, венецыянскага барочнага тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва. У творчай манеры спалучаў афорт з разцовай гравюрай. Ствараў «архітэктурныя фантазіі», якія вызначаліся грандыёзнасцю прасторавых вырашэнняў, вострадрам. святлоценявымі кантрастамі (цыклы «Фантазіі на тэму турмаў», каля 1745—50, 1760—61) і відавыя гравюры, у якія прыўносіў элементы рамант. вымыслу, што надавалі арх. помнікам манументальнасць і жывапіснасць (цыклы «Віды Рыма», з 1748; «Рымскія старажытнасці», 1756). Гравюры П. паўплывалі на станаўленне стылю ампір. Працаваў таксама як архітэктар.
Літ.:
Лаврова О.И. Избранные офорты Дж.Б.Пиранези. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТРЫ, Пітры Фліндэрс (Petrie Flinders) Уільям Мэцью (3.6.1853, г.
Чарлтан, Вялікабрытанія — 28.7.1942), англійскі археолаг, егіптолаг, заснавальнік навук. метаду археал. раскопак у Егіпце. У 1892—1933 праф. Лонданскага ун-та. У 1885—86 адкрыў і даследаваў Наўкратыс і Дафну; у 1888—90 выявіў шмат помнікаў у Фаюмскім аазісе. У 1891—92 вёў раскопкі ў Тэль-эль-Амарне. У 1899—1901 даследаваў грабніцы стараж. фараонаў у Абідасе, у 1904—05 — энеалітычныя комплексы ў Негадзе. Вёў раскопкі ў раёне г. Мемфіс, каля Гераклеопаля, на Пд Палесціны. Выпрацаваў сістэму адноснага датавання дадынастычнай керамікі Стараж. Егіпта. Сярод яго прац асаблівае значэнне мае атлас стараж. прылад працы ўсіх часоў і народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЎНА,
возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на У ад г. Докшыцы. У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 4 км², даўж. 3,45 км, найб.шыр. 1,75 км, найб.глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км. Пл. вадазбору 186 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя, забалочаныя, пад лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае. Востраў пл. 0,07 км², ёсць сплавінныя астравы. Мінералізацыя вады каля 120 мг/л, празрыстасць да дна. Дыстрофнае. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Рака Сергуч злучае П. з азёрамі Манец і Вольшыца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СКА,
старажытны горад, першая балгарская сталіца (7 — канец 9 ст.). Руіны знаходзяцца за 25 км на ПнУ ад сучаснага г. Шумен у Балгарыі. Агульная плошча П. каля 23 км², у цэнтры знаходзілася цытадэль з магутнымі абарончымі сценамі, Вялікім і Малым палацамі, якія былі складзены з вял. каменных блокаў. Горад абкружалі земляны вал і роў. Археал. даследаванні П. вядуцца з канца 19 ст. Знойдзены рэшткі зброі, прылады працы, упрыгожанні, кераміка, арх. дэталі. Для культуры больш характэрны слав. рысы, сустракаюцца і элементы, характэрныя для культуры цюркаў-пратабалгар, якія прыйшлі на тэр. Балгарыі з Прыазоўя. У 893 сталіца з П. перанесена ў Прэслаў; з 17 ст. — руіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯСЕ́ЦК,
касмадром у Архангельскай вобл.Рас. Федэрацыі. Засн. ў 1957. Гал. аб’екты: стартавыя комплексы, тэхн. пазіцыі, вымяральныя пункты, г. Мірны. Першы старт ракеты-носьбіта з ШСЗ «Космас—112» здзейснены 17.3.1966. З П. адбылося больш за 1500 запускаў ракет-носьбітаў; на каляземныя арбіты выведзена каля 2000 ШСЗнавук., нар.-гасп., ваен. і інш. прызначэння (1.1.2001). Выпрабавана 10 ракетна-касм. комплексаў, 11 ракет-носьбітаў, у т. л.«Саюз» і «Саюз-2», «Маланка», «Цыклон», «Космас» і інш., пры дапамозе якіх на каляземныя арбіты выводзіліся ШСЗ«Маланка», «Метэор», «Акіян», «Фатон», «Інтэркосмас» і інш. Ракеты-носьбіты выкарыстоўваюцца таксама для вываду на арбіты апаратуры і ШСЗінш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я Адкрыта ў 1981 ў г. Полацк Віцебскай вобл. як філіял Нац.Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размяшчалася ў Богаяўленскім саборы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У фондах галерэі налічвалася каля 2 тыс. твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва: калекцыі абразоў 1-й пал. 18 — пач. 20 ст., творы бел. мастакоў І.Басава, Г.Буралкіна, В.Бялыніцкага-Бірулі, Л. і В. Варэцы, Г.Гаравой, В.Грамыкі, Я.Зайцава, С.Катковай, А.Кашкурэвіча, А.Кузняцова, З.Літвінавай, А.Малішэўскага, А.Марачкіна, Г.Паплаўскага, Л.Рана, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, В.Цвіркі, А.Шатэрніка, Г.Шутава, Н.Шчаснай і інш., мастакоў Полаччыны. У 1991 дзейнасць П.к.г. прыпынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́ПІЙ, Пракопій Кесарыйскі (каля 500, г. Кесарыя, Палесціна — пасля 565),
візантыйскі пісьменнік і гісторык. Удзельнічаў у войнах Візантыі з персамі, вандаламі і готамі, дарадчык палкаводца Велісарыя. У афіцыёзных творах «Войны з персамі, вандаламі і готамі» (8 кніг, скончаны ў 553), «Пра пабудовы» (553—555) услаўляў імператара Юстыніяна, аднак у памфлеце «Патаемная гісторыя» даў вельмі негатыўны вобраз імператара і яго жонкі Феадоры. Працы П.К. — важная крыніца па гісторыі Візантыі і суседніх краін 6 ст.
Тв.:
Рус.пер. — Война с готами. М., 1950;
Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история. М., 1993.
Літ.:
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988. С. 50—54.