ФЛАТЫ́ЛІЯ (франц. flottille, італьян. flottiglia),
1) аператыўнае аб’яднанне ў ВМФ (ВМС) шэрагу дзяржаў для выканання задач (самастойна ці ў складзе флоту, а ў прыбярэжных раёнах і ва ўзаемадзеянні з сухап. войскамі) у адпаведным раёне мора, на рацэ, возеры. Складаецца са злучэнняў ваен. караблёў, марской авіяцыі, часцей марской пяхоты і інш. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. дзейнічалі рас. Пінская флатылія (1916), флатылія возера Мястра (1916—17), падраздзяленні дазорных катэраў з базамі ў Дзвінску (б. Віцебская губ.) і Віцебску (1916—17); сав.Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Пінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія; польская Пінская флатылія (Зах. Беларусь).
2) Тактычнае злучэнне ў ВМС некат. дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш.), у склад якога ўваходзяць некалькі эскадраў (дывізіёнаў) падводных лодак, эскадраных мінаносцаў, інш. караблёў і суднаў.
3) Злучэнне прамысл., рыбалоўных, экспедыцыйных, спарт. і інш. неваен. суднаў.
Літ.:
Черников И.И. Русские речные флотилии за 1000 лет (907—1917). СПб., 1999;
Павлович Р.К. Речные военные флотилии в Беларуси (1940—1951 гг.). Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОНДААДДА́ЧА,
абагульняльны паказчык выкарыстання сукупнасці асноўных вытворчых фондаў; суадносіны кошту прадукцыі, вырабленай за год (або за іншы перыяд часу), і сярэднегадавога кошту асн.вытв. фондаў. Ужываецца для аналізу і ацэнкі эфектыўнасці выкарыстання асн. фондаў на розных узроўнях нац. эканомікі: прадпрыемства, галіны прам-сці, эканомікі ўвогуле. Можа быць разлічаны па аб’ёме продажу ці рэалізаванай (адгружанай) прадукцыі. Для больш поўнага аналізу і выяўлення рэзерваў павышэння ф. разлічваюць дадатковыя паказчыкі з улікам асаблівасцей кожнай галіны прам-сці. Напр., пры невял. колькасці відаў гатовай прадукцыі вызначаюцца адносіны аб’ёму выпуску дадзенага прадукту ў натуральным выяўленні да кошту асн.вытв. фондаў. У галінах прам-сці выкарыстоўваюць і спецыфічныя паказчыкі, якія характарызуюць ступень выкарыстання пэўнага абсталявання гэтай галіны і вызначаюцца ў адносінах да фактычнага часу, затрачанага на работу. Пры ацэнцы паказчыкаў Ф. па прам-сці ўвогуле ўлічваюць структурныя зрухі і ўзроўні фондаёмістасці розных галін. Павышэнне Ф. дазваляе павялічыць аб’ём выпуску прадукцыі, знізіць выдаткі, павысіць прадукцыйнасць працы, павялічыць прыбытак, павысіць рэнтабельнасць і канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі, садзейнічаць вырашэнню сац. праблем і павышэнню якасці жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАКТА́ЛЫ (ад лац. fractus складзены з фрагментаў, разбіты),
мноствы з нерэгулярнай разгалінаванай ці парэзанай структурай; структуры, складзеныя з частак, якія ў некаторым сэнсе падобныя да цэлага. Напр., натуральнымі Ф. з’яўляюцца берагавыя лініі мацерыкоў і астравоў, горы, воблакі, галіны і лісце дрэў, сняжынкі, броўнаўскія крывыя.
Найб. часта Ф. ўзнікаюць у задачах нелінейнай дынамікі, гідрадынамікі, стат. механікі, тэорыі фазавых пераходаў, тэорыі палімераў. хім. кінетыцы і інш. Адрозніваюць 3 класы Ф.: геаметрычныя Ф. (у 2-мерным выпадку іх атрымліваюць з дапамогай ламанай лініі, у 3-мерным — паверхні, якія наз. генератарам). За 1 крок алгарытму пабудавання кожны з адрэзкаў ламанай замяняюць на ламаную-генератар у пэўным маштабе. Алгебраічныя Ф. (атрымліваюць з дапамогай нелінейных працэсаў у n-мерных прасторах) і стахастычныя Ф., якія атрымліваюць, калі ў ітэрацыйным працэсе выпадкова змяняюць які-н. з параметраў (генерыруюцца аб’екты, якія нагадваюць прыродныя — дрэвы, берагавыя лініі, рэльефы мясцовасці, паверхні мора і інш.). Ф. выкарыстоўваюцца ў машыннай графіцы для адлюстравання і мадэліравання розных працэсаў, пры пераўтварэнні відарысаў і інш.
Літ.:
Федер Е. Фракталы: Пер. с англ.М., 1991.
М.П.Савік.
Да арт.Фракталы. Першыя этапы атрымання «дывана Сярпінскага».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНАЕ КІРАВА́ННЕ,
арганізацыйная структура, якая мае падраздзяленні для выканання пэўных функцый на розных узроўнях кіравання. Часам наз.традыц.ці класічным кіраваннем. У яго аснове — дыферэнцыяцыя кіраўніцкай дзейнасці па асобных функцыях (эканам., фін., вытв., тэхналагічнай), кожную з якіх выконвае спецыяліст, група, аддзел і інш. Функцыі універсальнага кіраўніка выконваюць спецыялісты, кампетэнтныя ў сваёй галіне. Ф.к. значна аблягчае работу кіраўніка, бо кожны кваліфікаваны начальнік функцыянальнага падраздзялення і спецыяліст абавязаны прафесійна вырашаць вытв. задачы і мае права прымаць самаст. рашэнні. Недахопы Ф.к. — парушэнне прынцыпу адзінаначалля, абязлічванне адказнасці, цяжкасці ў каардынацыі дзейнасці ўсіх падраздзяленняў і ў прыняцці ўзгодненых рашэнняў. Ф.к. мэтазгодна тады, калі прадпрыемства выпускае абмежаваную наменклатуру вырабаў і дзейнічае ў стабільных умовах. З ускладненнем вытв. сістэм Ф.к., як і лінейнае кіраванне, у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Рацыянальнае іх спалучэнне з’яўляецца найважнейшым кірункам далейшага ўдасканалення сістэмы кіравання, што знаходзіць адлюстраванне ў выкарыстанні лінейна-функцыянальнай, лінейна-штабной і інш. арганізацыйных структур.
Літ.:
Кноринг В.И. Теория, практика и искусство управления. М., 1999;
Кабушкин Н.И. Основы менеджмента. 3 изд. Мн., 2000;
Золотогоров В.Г. Организация и планирование производства. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАНО́К Эдуард Сямёнавіч (н. 18.4.1940, зернесаўгас у Фёдараўскім р-не Кустанайскай вобл., Казахстан),
беларускі кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1996). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1962, кл. Я.Глебава), Маскоўскую кансерваторыю (1969, кл. Дз.Кабалеўскага, А.Пірумава). У 1969—72 выкладаў у Крыварожскім пед. ін-це. На Беларусі ў 1946—62 і з 1974. Найб. плённа працуе ў песенным жанры. Яго музыцы ўласцівы вобразнасць, меладычнасць, запамінальнасць з характэрнымі інтанацыяй, гармоніяй і рытмікай. Сярод песень «Зіма», «Давай пагаворым», «Ці. тое яшчэ будзе», «Малінаўка», «Я ў бабулі жыву», «Завіруха», «Вы шуміце, бярозы», «Ты вазьмі мяне з сабой» і інш., многія з якіх напісаны на вершы сучасных бел. паэтаў. Напісаў музыку да драм. спектакляў: «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева, «Кот у ботах» С.Пракоф’ева і Г.Сапгіра (Бел.рэсп.т-р юнага гледача), «Брэсцкая Крэпасць» К.Губарэвіча (Брэсцкі абл.драм.т-р), «Амаральная гісторыя» Э.Брагінскага і Э.Разанава, «Канёк-Гарбунок» паводле казкі П.Яршова (Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі). Аўтар музыкі да бел. анімацыйных фільмаў, мюзікла «Маленькая краіна» (у сааўт., 2000. Масква) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя, якое суправаджаецца зменай яго прыродных уласцівасцей, найперш перавышэннем натуральных канцэнтрацый у ім прыродных ці пранікненнем у асяроддзе не ўласцівых яму хім. рэчываў і злучэнняў.
На Беларусі асн. агенты Х.з. (штогадовы выкід) атм.паветра: аксід вугляроду (каля 700 тыс.т), дыаксід серы (140 тыс.т), аксіды азоту (135 тыс.т), лятучыя арган. рэчывы (240 тыс.т), цвёрдыя рэчывы (65 тыс.т), таксама фармальдэгід, фенол, аміяк, цяжкія металы і інш.; паверхневых вод: хларыды (78 тыс.т), сульфаты (64 тыс.т), завіслыя рэчывы (15 тыс.т) і арган. (11 тыс.т) рэчывы, нафтапрадукты (230 т), медзь (18 т), інш. металы (491 т) і інш.; глеб : пестыцыды (да 1,5 ГДК), цяжкія металы (да 0,8 ГДК), сульфаты (да 0,9 ГДК), нітраты (да 1 ГДК). Вядомыя выпадкі Х.з. паверхневых вод да 30 ГДК нафтапрадуктамі, аманійным і нітрытным азотам, цынкам, меддзю, малібдэнам. Асн. забруджвальнікі паветра — аўтатранспарт і інш. рухомыя ўстаноўкі (72,7%), аб’екты энергетыкі (5%), прамысл. прадпрыемствы (асабліва нафтахім., металургічныя, мінер. угнаенняў). Асн. аб’ём забруджаных сцёкавых вод утвараецца ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы (46%), прам-сці (31%), сельскай гаспадарцы (9,5%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫБУ́ЛЯ (Allium),
род кветкавых раслін сям. цыбулевых. Каля 500 відаў. Пашырана ў Паўн. паўшар’і. Уведзена ў культуру больш за 4 тыс. гадоў назад. Вырошчваюць 6 відаў Ц.: батун (A. fistulosum), парэй (A. porrum), рэпчатую (A. cepa), шалот, або аскалонскую (A. ascalonicum), шніт, ці скараду, або рэзанец (A. schoenoprasum), і часнок. На Беларусі 5 дзікарослых відаў Ц.: агародная (A. oleraceum), вінаградная (A. vineale), вуглаватая (A. angulosum), прычасночная (A. scorodoprasum), мядзведжая, або чарамша, і скарада занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца па травяністых схілах, у хмызняках, як пустазелле ў пасевах.
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце лінейнае, пляскатае або дудкаватае, шчыльна размешчанае на пакарочаным сцябле (донцы). Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або ліловыя, сабраныя ў шарападобныя парасонікі на доўгіх кветаносах; часам у іх утвараюцца паветраныя цыбуліны. Плод — каробачка. Насенне мае прамысл. назву чарнушка. Агароднінныя, лек., эфіраалейныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТАДЭ́ЛЬ (ад італьян. citadella літар. — маленькі горад),
1) найб. умацаваная цэнтр.ч. горада або крэпасці, разлічаная на самаст. абарону ў выпадку разбурэння вонкавых фартыфікацыйных збудаванняў; апошні пункт абаронцаў пры штурме. Ц. ўзніклі ў гарадах Стараж. Егіпта, Месапатаміі і інш.Гіст. назвы — акропаль (Стараж. Грэцыя), капітолій (Стараж. Рым). На Беларусі Ц. былі дзядзінцы, пазней астрогі. З 13—14 ст. ролю Ц. выконвалі замкі і вежы-данжоны (гл.Камянецкая вежа, Тураўская вежа). Ц. складаліся з абарончых збудаванняў розных тыпаў і канструкцый (умацаваныя драўляныя тыны, равы, валы, муры, вежы і інш.), дзе размяшчаліся адм. і культавыя пабудовы, жылі князь з дружынай і інш. Часцей іх будавалі на натуральных або штучных узвышшах, на лініі крапасных сцен, унутры горада (крэпасці) ці за іх межамі. Ц. мелі абароннае значэнне да пач. 20 ст. (гл.Бабруйская крэпасць, Брэсцкая крэпасць).
2) Унутраны аб’ём карабля (да 3/4 яго даўжыні), абмежаваны бранявымі паясамі, пераборкамі (траверзамі) і палубай, для размяшчэння жыццёва важных часцей (машынных і кацельных аддзяленняў, боезапасаў і інш.).
3) У пераносным значэнні Ц. — гал. апорны пункт (цэнтр) якой-н. арг-цыі, цвярдыня, крэпасць, апора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫ́ТРА (ням. Zither ад грэч. kithara кіфара),
струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае плоскі драўляны корпус накшталт скрынкі ў форме прамавугольніка з адным фігурна выразаным бокам; уздоўж другога боку змешчаны грыф з метал. ладамі, 4—5 метал. струн — меладычныя, астатнія (25—40) — жыльныя, нацягнуты па-за грыфам над дэкай і служаць для акампанементу. Пры ігры кладзецца на калені або на падстаўку. Гук здабываецца з дапамогай плектра, а таксама зашчыпваннем іх пальцамі.
Вядома са старажытнасці. Карысталася папулярнасцю ў Аўстрыі, Германіі (Баварыя), у 19 ст. існавалі суполкі, клубы, акадэміі цытрыстаў. Сярод яе разнавіднасцей: прыма, тэнар, альт, бас.
На Беларусі пашырылася ў 2-й пал. 19 ст. Бытавала сярод музыкантаў-аматараў. Выйшла з ужытку ў пач. 20 ст. У сялянскім муз. побыце выкарыстоўвалася самаробная Ц., канструкцыя якой спалучала элементы стараж.-рус.гусляў і зах.-еўрап. струнна-клавішных інструментаў. На Ц. ігралі на вяселлях, бяседах, ігрышчах (сола ці ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі) і для суправаджэння прыпевак. Сустракалася ў 1930-я г. ў Чэрвеньскім, Стаўбцоўскім (Мінская вобл.), Пастаўскім (Віцебская вобл.) і Навагрудскім (Гродзенская вобл.) р-нах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ЙНЫ КУСТ, чай (Thea),
род кветкавых раслін сям. чайных; часам уключаюць у род камелія. 2 віды: Ч.к. кітайскі (T. sinensis) і асамскі (T. assamica), які часта лічаць разнавіднасцю кітайскага. Радзіма — горныя раёны Паўд.-Усх. Азіі. Уведзены ў культуру з 4 ст.н.э. ў Кітаі, з 9 ст. — у Японіі і Карэі, з пач. 19 ст. — у Інданезіі, Індыі, Шры-Ланцы; вырошчваюць у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, В’етнаме, Іране, Турцыі і краінах Б. Усходу. Чайны напой у Еўропе спажываюць з 16 ст.
Невял. вечназялёныя дрэвы (у культуры — кусты). Жывуць 100 і больш гадоў. Лісце кароткачаранковае, эліптычнае, даўж. 7—10 см. Кветкі адзіночныя або па 2—4 у пазухах лісця, белыя ці ружовыя, духмяныя. Плод — каробачка. Лісце Ч.к. мае 1,5—3,5% кафеіну, 20—24% дубільных рэчываў, флаваноіды, вітаміны групы B, C, нікацінавую і пантатэнавую к-ты. З лісця і маладых парасткаў (флешаў) выпрацоўваюць прадукт (байхавы, плітачны і інш.чай), з якога гатуюць напітак; з адходаў атрымліваюць кафеін, вітамінныя прэпараты, вяжучыя сродкі; з насення — алей. Лек., харч., тэхн. расліны.
Парасткі, лісце і кветка чайнага куста кітайскага.