ФЛАТЫ́ЛІЯ (франц. flottille, італьян. flottiglia),

1) аператыўнае аб’яднанне ў ВМФ (ВМС) шэрагу дзяржаў для выканання задач (самастойна ці ў складзе флоту, а ў прыбярэжных раёнах і ва ўзаемадзеянні з сухап. войскамі) у адпаведным раёне мора, на рацэ, возеры. Складаецца са злучэнняў ваен. караблёў, марской авіяцыі, часцей марской пяхоты і інш. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. дзейнічалі рас. Пінская флатылія (1916), флатылія возера Мястра (1916—17), падраздзяленні дазорных катэраў з базамі ў Дзвінску (б. Віцебская губ.) і Віцебску (1916—17); сав. Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Пінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія; польская Пінская флатылія (Зах. Беларусь).

2) Тактычнае злучэнне ў ВМС некат. дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш.), у склад якога ўваходзяць некалькі эскадраў (дывізіёнаў) падводных лодак, эскадраных мінаносцаў, інш. караблёў і суднаў.

3) Злучэнне прамысл., рыбалоўных, экспедыцыйных, спарт. і інш. неваен. суднаў.

Літ.:

Черников И.И. Русские речные флотилии за 1000 лет (907—1917). СПб., 1999;

Павлович Р.К. Речные военные флотилии в Беларуси (1940—1951 гг.). Мн., 2001.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)