ФОНДААДДА́ЧА,
абагульняльны паказчык выкарыстання сукупнасці асноўных вытворчых фондаў; суадносіны кошту прадукцыі, вырабленай за год (або за іншы перыяд часу), і сярэднегадавога кошту асн. вытв. фондаў. Ужываецца для аналізу і ацэнкі эфектыўнасці выкарыстання асн. фондаў на розных узроўнях нац. эканомікі: прадпрыемства, галіны прам-сці, эканомікі ўвогуле. Можа быць разлічаны па аб’ёме продажу ці рэалізаванай (адгружанай) прадукцыі. Для больш поўнага аналізу і выяўлення рэзерваў павышэння ф. разлічваюць дадатковыя паказчыкі з улікам асаблівасцей кожнай галіны прам-сці. Напр., пры невял. колькасці відаў гатовай прадукцыі вызначаюцца адносіны аб’ёму выпуску дадзенага прадукту ў натуральным выяўленні да кошту асн. вытв. фондаў. У галінах прам-сці выкарыстоўваюць і спецыфічныя паказчыкі, якія характарызуюць ступень выкарыстання пэўнага абсталявання гэтай галіны і вызначаюцца ў адносінах да фактычнага часу, затрачанага на работу. Пры ацэнцы паказчыкаў Ф. па прам-сці ўвогуле ўлічваюць структурныя зрухі і ўзроўні фондаёмістасці розных галін. Павышэнне Ф. дазваляе павялічыць аб’ём выпуску прадукцыі, знізіць выдаткі, павысіць прадукцыйнасць працы, павялічыць прыбытак, павысіць рэнтабельнасць і канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі, садзейнічаць вырашэнню сац. праблем і павышэнню якасці жыцця.
Л.М.Нехарошава.
т. 16, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)