ПАВЕ́РХНЯЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел дыферэнцыяльнай геаметрыі, які вывучае ўласцівасці паверхняў. Лакальная П.т. вывучае паверхні, атрыманыя ў выніку гладкай дэфармацыі простай вобласці (напр., круга), глабальная — паверхні, «склееныя» з простых, лакальна вызначаных частак. П.т. грунтуецца на тапалогіі і агульнай тэорыі мнагастайнасцей.

У П.т. разглядаюцца ўласцівасці паверхняў, нязменныя пры рухах. Адна з асн. яе задач — вымярэнні на паверхні. Сукупнасць фактаў, якія атрымліваюць пры гэтых вымярэннях, складаюць унутраную геаметрыю паверхні. Да яе паняццяў адносяцца даўжыня лініі, вугал паміж 2 напрамкамі, плошча вобласці, геадэзічная лінія, геад. крывізна лініі і інш. П.т. вылучае і даследуе асобныя класы паверхняў, геам. ўласцівасці ліній на паверхні, прасторавую будову наваколля пункта, выгінанне паверхняў, вызначэнне паверхняў па зададзеных першай і другой квадратычных формах, нармальнай і гаўсавай крывізне, даследаванне паверхні «ў цэлым» па ўласцівасцях наваколля яе пунктаў, тэорыі выпуклых паверхняў, праектыўна-інварыянтныя ўласцівасці паверхняў і інш. У П.т. вызначаюцца ізаметрычнае (пры якім не зменьваюцца даўжыні адпаведных ліній), канформнае (гл. Канформнае адлюстраванне) і інш. адлюстраванні паверхняў адна на адну, будуецца тэорыя сетак на паверхнях. Вывучаюцца паверхні ў мнагамерных эўклідавых і неэўклідавых прасторах, разглядаюцца негаланомныя паверхні (характарызуюць рух цела пад дзеяннем сувязей механічных). Ідэі і метады П.т. шырока выкарыстоўваюцца ў інш. раздзелах матэматыкі, у механіцы і фізіцы. Асновы П.т. закладзены ў працах Л.Эйлера, К.Ф.Гаўса, Т.Монжа.

Літ.:

Норден А.П. Теория поверхностей. М., 1956;

Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;

Дубровин Б.А., Новиков С.П., Фоменко А.Т. Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986.

В.​І.​Бернік.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫ́Я ГАСПАДА́РЧЫЯ СУ́ВЯЗІ,

сукупнасць эканам. арганізацыйных і прававых узаемаадносін, што ўзнікаюць паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі (прадпрыемствамі, арг-цыямі, фірмамі і інш.), у сувязі з абменам прадуктамі працы на доўгатэрміновай аснове. Фарміраванне П.г.с. ва ўмовах рынку ажыццяўляецца партнёрамі па іх уласнай ініцыятыве, якая залежыць ад эканам. мэтазгоднасці і зацікаўленасці ў наменклатуры вырабу (набыцці) прадукцыі, тэрмінаў яе пастаўкі, якасці і віду выканання. Такія сувязі рэалізуюцца на аснове гасп. дагавораў і не прадугледжваюць якіх-н. форм рэгламентавання адносін партнёраў па пастаўках матэрыяльных каштоўнасцей, апрача неабходнасці падпарадкоўвання агульнадзярж. нормам гасп. права. Пры заключэнні прамога гасп. дагавора пастаўшчык і пакупнік самастойна вызначаюць асартымент прадукцыі, тэрміны пастаўкі, патрабаванні да якасці, парадак разлікаў, узаемную адказнасць бакоў і інш. П.г.с. выгадныя і мэтазгодныя ва ўмовах спажывання матэрыяльных рэсурсаў у значных памерах, дазваляюць аператыўна ўлічваць змены попыту і прапановы. Доля рэсурсаў, рух якіх ажыццяўляецца праз П.т.с., залежыць таксама ад характару і перыядычнасці спажывання прадукту працы, стабільнасці асартыменту, умоў транспарціроўкі і захоўвання. У выпадках, калі прадпрыемствы выкарыстоўваюць іх у нязначнай колькасці, якая не дасягае транзітнай формы адгрузкі, то, каб не ствараць лішнія іх запасы, могуць быць эфектыўнымі і сувязі праз паслугі пасрэднікаў. Разумнае спалучэнне П.г.с. і пасрэдніцтва, няўхільнае выкананне гасп. дагавораў — важная ўмова развіцця рыначных адносін. Рацыяналізацыя сістэмы П.г.с. прадугледжвае мінімізацыю выдаткаў вытв-сці і абарачэння, поўную адпаведнасць колькасці, якасці і наменклатуры пастаўленых рэсурсаў патрэбам вытв-сці, своечасовасць і камплектнасць іх паступлення.

Літ.:

Кожемякин Г.Я., Синица Л.М. Организация производства. Мн., 1998;

Макаренко М.В., Махалина О.М. Производственный менеджмент. М., 1998.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ у архітэктуры,

сукупнасць арх. кірункаў 1-й пал. 20 ст., якія арыентаваліся на асваенне дасягненняў сучаснай навукі і тэхнікі. У шырокім сэнсе Р. часам атаясамліваюць з паняццем «сучасная архітэктура». Асн. яго прынцыпы пачалі складвацца ў канцы 19 ст. (арх. Л.​Салівен у ЗША, Х.​П.​Берлаге ў Нідэрландах, А.​Лоз у Аўстрыі, А.​Перэ ў Францыі і інш). Развіццю Р. ў 1920—30-я г. спрыялі ідэі і творчасць арх. Ле Карбюзье ў Францыі, В.​Гропіуса і арх. школы «Баўгауз» у Германіі (гл. Функцыяналізм), работы сав. архітэктараў і арх. школы вышэйшых маст.-тэхн. ін-та ў Ленінградзе і маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Ідэі Р. ляглі ў аснову дзейнасці Міжнар. кангрэса сучаснай архітэктуры (1928—59) і т.зв. Афінскай хартыі (1933), якія сфармулявалі прынцыпы сучаснага горадабудаўніцтва. У 1950-я г. лідэры Р. ў ЗША (Л.​Міс ван дэр Роэ, Э.​Саарынен, фірма «СОМ») і Еўропе (Дж.​Понці ў Італіі, Э.​Аерман у Германіі) распрацавалі універсальныя формы будынкаў т.зв. інтэрнац. стылю, разлічаныя на размяшчэнне ў іх жылых, дзелавых, вытв. і інш. інтэр’ераў. Расчараванне ў дагматызме і утапічнасці позняга Р., крытыка яго аднастайнасці, ігнаравання мясц. умоў і традыцый прывялі да змены Р. на новыя кірункі (бруталізм, неакласіцызм, постмадэрнізм). У СССР рацыяналістамі называлі сябе чл. Асацыяцыі новых архітэктараў (М.​Ладоўскі, В.​Крынскі, К.​Мельнікаў, бел. архітэктар І.​Валадзько і інш.), якія шукалі вобразную выразнасць у творчым асэнсаванні новых канструкцый і матэрыялаў.

Літ.:

Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. М., 1996.

С.​А.​Сергачоў.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РА (ад лац. cultura апрацоўка, выхаванне, адукацыя, шанаванне),

духоўны змест чалавечай жыццядзейнасці, сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нац. самабытных тыпах эканомікі, правасвядомасці, рэлігіі, мастацтва, тэарэт. і практычных ведаў, асвячоных традыцыяй, культам і маральнымі імператывамі. Паводле эмпірычнага вызначэння, К. — сукупнасць рэальных і патэнцыяльных каштоўнасцей, якія ствараюцца людзьмі ў працэсе эканам., грамадска-паліт. і творча-духоўнай дзейнасці. Суадносіцца з цывілізацыяй як сваім этапам на адносна высокім узроўні развіцця пэўнага тыпу К. (стараж.-егіпецкая, антычная і інш. цывілізацыі). Як цэласную сістэму К. даследуе культуралогія, а яе падсістэмы і элементы — паасобныя гуманіт. навукі. Комплекснае даследаванне гісторыі рэгіёнаў і народаў уключае адпаведныя раздзелы па гісторыі К. Існуе мноства метадаў тыпалогіі і класіфікацыі К. Паводле характару суадносін нац. (рэгіянальнага) і агульначалавечага (універсальнага) К. бывае «адкрытая», здольная да пазітыўнага ўзаемадзеяння з іншанац. культурамі, і «закрытая», схільная да самаізаляцыі. У еўрап. культуралогіі вылучаюць гіст. тыпы К.: першабытная, старажытная, сярэдневяковая, рэнесансавая, новая і сучасная. Паводле структуры і зместу яе падзяляюць на этнічную, класічную і посткласічную, традыцыйную і мадэрнісцкую. У шырокім сэнсе паняцце К. ўключае не толькі спецыфічна духоўныя сферы творчасці (мова, міфалогія, рэлігія, мараль, правасвядомасць, мастацтва, навука, філасофія), але і сферы вытв-сці, абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі. У адпаведнасці з гэтай спецыфікай К. ўмоўна падзяляецца на духоўную і матэрыяльную. У асобную комплексную галіну вылучаецца К. мастацкая — здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць усе віды і жанры маст. творчасці. Сукупнасць рэгіянальных і універсальных архетыпаў, увасобленых у мове, міфалогіі, звычаях, абрадах, фальклоры, у класічнай л-ры і інш. відах мастацтва, складаюць культурную традыцыю, якая вызначае нац. самабытнасць К. асобных народаў і макрарэгіёнаў.

Бел. К. належыць да тыпу адкрытых. Яна прайшла асн. этапы, характэрныя для агульнаеўрап. культурнага развіцця (стараж. дахрысціянскі перыяд, сярэдневяковы, рэнесансавы і інш.), развівалася ва ўзаемадзеянні са славянскімі, балцкімі і інш. культурамі, чэрпала свае рэсурсы з багатых крыніц нар. творчасці. У стараж. перыяд высокай канструктыўнай і маст. дасканаласці дасягнулі хатнія рамёствы і ўжытковае мастацтва. Пачынаючы з сярэдневякоўя адбывалася дыферэнцыяцыя старадаўняй К., яе падзел паводле утылітарных, рэліг., эстэтычных і інш. функцый. Сінтэз нар. К. і хрысц. духоўнасці садзейнічаў росквіту фальклору, інш. відаў этн. К., сабраных і апісаных у 19—20 ст. Заканамернасцю развіцця бел. нац. К. ў працэсе дээтнізацыі сац. эліты і страты дзярж. статуса роднай мовы народа з’яўляецца паэтапнае культурна-нац. Адраджэнне — вяртанне яе да актыўнага грамадскага функцыянавання і падключэнне да кантэксту еўрап. і сусв. культ. творчасці (гл. Адраджэнне нацыянальнае). Новы этап развіцця бел. К. пачаўся пасля абвяшчэння суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Беларуская культура: Гіст. нарыс (X ст. — 1917 г.) // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 10;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997;

Крукоўскі М. Чалавек не можа не тварыць // Мастацтва. 1998. № 1—6.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),

абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід. прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАКО́ННАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптаэлектронікі, які вывучае распаўсюджванне святла і перадачу інфармацыі па валаконных святлаводах і займаецца распрацоўкай апаратуры. Вылучылася ў самаст. кірунак у 1950-я г. ў сувязі з развіццём выліч. тэхнікі, кабельнага тэлебачання, сістэм аптычнай сувязі, мед. тэхнікі (зонды), стварэннем квантавых узмацняльнікаў, лазераў і інш.

Па святлаводах светлавыя сігналы перадаюцца з адной паверхні (тарца святлавода) на другую (выхадную) як сукупнасць элементаў відарыса, кожны з якіх перадаецца па сваёй святловядучай жыле. Стрыжань святлавода мае паказчык пераламлення святла, большы за абалонку, таму на мяжы стрыжня і абалонкі адбываецца шматразовае поўнае ўнутранае адбіццё святла, якое распаўсюджваецца па святлаводзе з малымі стратамі. Калі дыяметр святлавода большы за даўжыню хвалі (мнатамодавыя святлаводы), распаўсюджванне святла падпарадкоўваецца законам геаметрычнай оптыкі, у больш тонкіх валокнах (парадку даўжыні хвалі; аднамодавыя святлаводы) — законам хвалевай оптыкі. Святлаводы бываюць жорсткія (аднажыльныя, шматжыльныя) і ў выглядзе жгутоў з рэгулярнай укладкай валокнаў. Якасць відарыса вызначаецца дыяметрам жыл, іх колькасцю, дасканаласцю вырабу. Гал. прычына страт энергіі ў святлаводах — паглынанне святла шклом жылы.

На Беларусі даследаванні па валаконнай оптыцы, пачаліся ў 1974 у Ін-це прыкладной оптыкі АН Беларусі (г. Магілёў), вядуцца ў Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі АН Беларусі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» і інш.

Літ.:

Волоконная оптика. М., 1993;

Тидекен Р. Волоконная оптика и ее применение. Пер. с англ. М., 1975.

Я.​В.​Алішаў.

Валаконная оптыка. Паэлементная перадача відарыса валаконнай дэталлю: 1 — відарыс на ўваходзе; 2 — святлоправодная жыла; 3 — ізаляцыйная праслойка; 4 — мазаічны відарыс на выхадзе.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ (франц. organisation ад позналац. organizo надаю зграбны выгляд, упарадкоўваю),

1) ступень і характар упарадкаванасці элементаў сістэмы, яе адэкватнасць функцыям, што выконвае гэта сістэма. Паняцце «арганізацыя» азначае сістэмны аб’ект, упарадкаванасць, мэтанакіраваную дзейнасць кібернетычных сістэм, сац. сістэму як сродак дасягнення мэты. Сама канцэпцыя арганізацыі, такім чынам, уключае агульнафіласофскі, сістэмны, кібернетычны і сацыялагічны падыходы. Стварыць агульнае вучэнне аб арганізацыі спрабаваў А.​А.​Багданаў (1913), які выказаў ідэю ізамарфізму розных арганізацыйных структур, блізкую да агульнай тэорыі сістэмы, кібернетыкі, сінергетыкі, канцэпцыі глабальнага эвалюцыянізму і інш. Вызначальныя рысы арганізацыі — упарадкаванасць, функцыянальнасць, іерархічнасць. Упарадкаванасць уключае парадак (разнастайнасць устойлівых сувязяў у патоку змен), кампазіцыю элементаў (від ўладкаванасці) і функцыянальную залежнасць (змена элемента вядзе да змены інш. элементаў ці ўсёй сістэмы ў цэлым і, наадварот, змена сістэмы вядзе да змены яе структурных элементаў). Функцыянальнасць характарызуе адносіны сістэмы з навакольным асяроддзем, дасягненне за кошт арганізацыі прыстасавальнага (функцыянальнага) эфекту. Сутнасць іерархічнасці ў тым, што кожная арганізацыя мае розныя ўзроўні (сістэмы і падсістэмы, ступені, формы, структуры, тыпы і г.д.), разуменне якіх спрыяе выяўленню генетычнай сувязі паміж імі: у нежывой прыродзе — ад субклетачнага да Метагалактыкі, у жывой прыродзе — ад субклетачнага да біясфернага (і наасфернага), у грамадстве — ад чалавека да соцыуму.

2) Аб’яднанне людзей для сумеснай рэалізацыі пэўнай праграмы ці мэты на аснове вызначаных правілаў дзеяння.

3) Сукупнасць працэсаў ці дзеянняў, якія вядуць да ўтварэння і ўдасканальвання ўзаемасувязяў паміж часткамі цэлага.

Літ.:

Богданов А.А. Текстология: Всеобщая организационная наука. Кн. 1—2. М., 1989;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986.

Г.​І.​Шчарбінкі.

т. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні,

сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ (франц. armée ад лац. armare узбройваць),

1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.

Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.

2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.

3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л. спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.

4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл. Сухапутныя войскі.

5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортванне гал. сіл (армія прыкрыцця).

6) У пераносным сэнсе — вял. колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Аўстралію і прылеглыя а-вы (Тасманія, Кенгуру і інш.). Размешчана ў трапічным і ўмераным паясах Паўд. паўшар’я. Мае своеасаблівы склад флоры і фауны, абумоўлены аддзяленнем у мезазойскую эру ад стараж. мацерыка Гандвана. Сувязь з Антарктыдай і Паўд. Амерыкай перарвалася значна пазней, адсюль некаторае падабенства флоры і фауны.

У флоры 12 эндэмічных сям і больш за 80% эндэмічных відаў: з іх папараці 115 родаў (у т. л. дрэвападобныя), аднадольныя 320 родаў і двухдольныя 1000 родаў, на Тасманіі — хваёвыя 11 родаў. Шэраг агульных сям. з флорай Паўд. Амерыкі і Палеатропікі. Характэрныя прадстаўнікі — эўкаліпты (каля 400 відаў), акацыі, «травяное дрэва» і інш. Эндэмізм фауны на відавым узроўні блізкі да 100%. Адметная асаблівасць — наяўнасць эндэмічнага падкласа млекакормячых — аднапраходных (качканос і яхідна) і субэндэмічнага атр. сумчатых [каля 200 відаў: кенгуру, каала (сумчаты мядзведзь), сумчаты д’ябал, сумчаты крот, вамбат і інш.) Сярод птушак эндэмічныя сям. аўстралійскіх страусаў (эму) і лірахвостаў. Шмат папугаяў (какаду, лоры, хвалісты папугайчык і інш.), зімародкі, медасмокі, рэптыліі (змяінагаловыя чарапахі, молах, тайпан) і амфібіі (свістуны, аўстралійскія рапухі). Ёсць дваякадыхаючыя рыбы (рагазуб); з беспазваночных найб. адметныя дажджавыя чэрві даўж. да 2,5 м. Сукупнасць арганізмаў (біёта) вобласці вельмі змянілася ў выніку каланізацыі Аўстраліі еўрапейцамі: завезена і акліматызавана шмат еўрап. відаў (дзікі трус, пацукі, рудэральныя расліны), знішчаны многія мясц. віды (напр., сумчаты воўк).

Да арт. Аўстралійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — плямісты кускус; 2 — каала; 3 — яхідна; 4 — эму; 5 — караткашэрсны вамбат; 6 — шэры кенгуру; 7 — чорны лебедзь; 8 — лірахвост; 9 — сумчаты д’ябал; 10 — качканос; 11 — сумчаты крот; 12 — сумчаты воўк.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)