ПРАПО́ЙСКІ ЗА́МАК Існаваў у 13—18 ст. як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск (з 1945 г.Слаўгарад). Займаў выцягнутае з Пн на Пд гарадзішча (95 × 40 м) стараж. Прупоя, ці Пропошеска, якое размяшчалася на стромкім беразе Сажа, недалёка ад упадзення ў яго р. Проня. Паводле гіст. крыніц за 1564, у П.з. былі драўляныя вежы і сцены, вежа-брама і пад’ёмныя масты-«ўзводы». Звесткі пра колькасць вежаў у П.з. адсутнічаюць. Па грэбені вала, які ішоў у паўд. напрамку, над абарончым ровам размяшчаліся замкавыя гародні. З Пд і У замак прыкрываўся стромкім 20-метровым абрывам у бок Сажа. У ваен. час у П.з. быў невял. пастаянны гарнізон з 10—20 казакоў на чале з ротмістрам. Пасля разбурэнняў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П.з. быў адноўлены і не страціў свайго ваен. значэння. Інвентар за 1681 зафіксаваў замак як невял. ўмацаванне, абгароджанае «палямі». Згадваюцца «брама, драницами крытая», «форта у паркане до воды», жылыя і гасп. пабудовы (хаты белыя, піўніца, 2 свірны, сыраварня, пякарня, 3 стайні, лазня, шопа). У канцы 17 — пач. 18 ст. Прапойск страціў сваё стратэг. значэнне, аднак яшчэ ў 1780 упамінаўся «замок, окруженный полисадом». У канцы 18 ст. ў выніку праведзенай кн. А.М.Галіцыным на пляцоўцы замчышча планіроўкі зніклі абарончыя валы і рэшткі стараж. замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ СЯЛЯ́Н У абставінах гасп. разрухі ў 2-й пал. 17 ст., выкліканай вайной Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і недахопам грошай у казне, сялянам Слонімскага староства выдавалі каралеўскія граматы, якія часткова замянялі паншчыну грашовым чыншам, а вёскі Какошчычы, Кракотка, Лапухова, Мяльканавічы, Перавалока, Саленікі, Сасноўка, Сялявічы, Чамяры, Якуцічы дамагліся права «сядзець» на «голым» чыншы. Калі трымальніца староства Г.Сапега (жонка вял. гетмана ВКЛ П.Сапегі) запатрабавала ад сялян выканання паншчыны і інш. павіннасцей адпаведна даўнейшым інвентаром, яны не пагадзіліся. Асабліва актыўна выступалі сяляне, якія былі на «голым» чыншы. У кастр. 1701 Г.Сапега скардзілася ў слонімскі гродскі суд, што сяляне бунтуюць і адмаўляюцца выконваць паншчыну і інш. павіннасці. У 1720 хваляванні ахапілі Загжывальскае, Любішэцкае, Мяльканавіцкае і Чамерскае войтаўствы. У 2-й пал. 18 ст. тут адбыліся выступленні служылых людзей шэрагу баярскіх і канюшых вёсак. Да сярэдзіны 18 ст. яны «сядзелі» на грашовым чыншы. Спроба павялічыць павіннасці ў пач. 1750-х г. выклікала супраціўленне сялян-слуг. Сяляне не падпарадкоўваліся трымальніку Слонімскага староства на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.
Літ.:
Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Гісторыя сялянства Беларусі са старажытнасці да 1861 г.Мн., 1997;
Мелешко В.И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII—XVIII в. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ,
гарадскі пасёлак у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось, чыг. ст. на лініі Ваўкавыск—Масты; на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. За 15 км ад г. Ваўкавыск, 85 км ад Гродна. 6,6 тыс.ж. (2000).
У ВКЛ вядома з 16 ст. як мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв. Побач знаходзіўся маёнтак Хадкевічаў, таму другая назва Р. — Падросль. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Слонімскай, Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ., цэнтр Роскай воласці Ваўкавыскага пав. У канцы 19 ст. больш за 700 ж., школа, 2 шавецкія майстэрні, шкіпінарны з-д, вадзяны млын, ваўначоска, 4 крамы. З пабудовай у 1886 Баранавіцка-Беластоцкай чыгункі Р. — чыг. станцыя. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска Ваўкавыскага р-на Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 45 жыхароў. З 1944 у Гродзенскай вобл., з 30.4.1958 гар. пасёлак.
Працуюць камбікормавы з-д, дзярж. прадпрыемства «Рось», лясніцтва; 2 сярэднія школы. дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, дом быту. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Троіцкі касцёл (1801), Троіцкая царква (1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШЭ́МЫСЛЬ (Przemyśl),
горад на ПдУ Польшчы, у Падкарпацкім ваяводстве, на р.Сан. Каля 85 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: радыёэлектронная і эл.-тэхн., дрэваапр., хім., тэкст., швейная. Вышэйшая духоўная семінарыя. Арх. помнікі: сабор (1460—1571, перабудаваны ў 1744; уключае ратонду 12—13 ст.), кляштары і касцёлы 17—18 ст., рэшткі замка (пабудаваны пасля 1340, перабудаваны ў 1612—30), асабнякі і палацы 18—19 ст., складаныя фартыфікацыйныя збудаванні канца 19 — пач. 20 ст.
Засн. ў 10 ст. З 12 ст. ўваходзіў у Галіцка-Валынскае княства, усх.-слав. назва Перамышль. З 1340 у складзе Польшчы. У 1389 горад атрымаў магдэбургскае права. Пацярпеў ад пажараў 1489, 1498, 1535. У 15—16 ст. развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) адышоў да Аўстрыі. Ажыўленню гасп. дзейнасці ў П. садзейнічала буд-ва чыгункі да Кракава (1860). З 1876 вялося буд-ва крэпасці, якую ў 1-ю сусв. вайну абложвалі рас. войскі (1914—15). У 1918—39 у складзе Польшчы, у 1939—41 падзелены ўздоўж р. Сан на сав. і ням. часткі. У 1941 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў час Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. З 1945 у Польшчы. У 1975—99 адм. цэнтр Пшамыскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛАВО́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 ст. на ўскраіне Гродна ў яго б. прыгарадзе Станіславова. Сфарміравана ў 1760—70-я г. паводле праекта арх. Дж. Сака. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ансамбль уключаў сядзібны дом, 2 флігелі, гасп. пабудовы, парк. У планіроўцы ансамбля захаваліся элементы рэгулярнасці. Цэнтр. месца займаў сядзібны дом, размешчаны на вяршыні пакатага схілу. Дом — 1-павярховы (2-і паверх надбудаваны пазней) прамавугольны ў плане мураваны будынак з 2-павярховай цэнтр.ч., вылучанай на дваровым фасадзе паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а на галоўным — рызалітам з атыкавым завяршэннем і шырокай тэрасай. У дэкоры выкарыстаны вязкі пілястраў, раскрапаваныя карнізы, філёнгі, лепка. Прамавугольныя і арачныя аконныя праёмы аздоблены лучковымі трохвугольнымі франтонамі, гірляндамі і інш. У вестыбюлі захаваліся 2 печы ў стылі неаготыкі, абліцаваныя паліванымі керамічнымі пліткамі (канец 19 ст.). Ніжэй за палац сіметрычна размешчаны 2 бакавыя флігелі, якія ўтвараюць парадны курданёр, абнесены з боку ўезда невысокай цаглянай агароджай з брамай. Флігелі — 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі чарапічнымі дахамі. За зах. флігелем размешчаны гасп. пабудовы. За домам размяшчаўся парк рэгулярнага тыпу з радыяльна-прамянёвай схемай планіроўкі.
А.М.Кулагін.
Станіславоўская сядзіба. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Станіславоўская сядзіба. Сядзібны дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАСЕ́ЛЛЕ,
вёска ў Старасельскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПнЗ ад г. Шклоў, 50 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Копысь. 478 ж., 192 двары (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, ацтэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. За 2 км на ПнУ ад вёскі магіла сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў.
Вядома з 16 ст. як маёнтак у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв.ВКЛ; уладанне Сапегаў. У 1606 у С. быў касцёл. З 1656 уладанне Нерушэвічаў, потым пратэстанцкай царквы. Вёска спалена ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскай акрузе, у 19 ст. ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ.; смалакурна-шкіпінарнае прадпрыемства (1859), Троіцкая царква і царк.-прыходская школа (1862). У 1868 уладанне Л.Цітова; 2 крупадзёрныя, вінакурны і цагельны з-ды, сукнавальня, 2 млыны, карчма. З 1886 мястэчка, цэнтр воласці Аршанскага пав.; 242 ж., 33 двары, валасное і мяшчанскае праўленне, 2 царквы, касцёл, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1909—450 ж., 88 двароў. З 1919 у Гомельскай, з 1920 у Віцебскай губ., з 1924 у БССР. З 1924 цэнтр сельсавета Копыскага, з 1931 — Талачынскага, Шклоўскага р-наў, з 1938 у Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРО́СТВА, стараства,
дзяржаўны маёнтак у ВКЛ (16—18 ст.) і Польшчы (14—18 ст.), які даваў вял. князь або кароль на часовае карыстанне феадалам за службу. Гродавыя С. прыпісваліся да судова-адм. цэнтраў — замкаў і складалі кармленне дзярж. службовых асоб — старостаў. Нягродавыя С. даваліся на пажыццёвае карыстанне як узнагарода за паслугі вял. князю ці дзяржаве, а таксама здаваліся ў арэнду за пэўную гадавую плату ці ў залог за грашовую пазыку. З 1562 уладальнікі С. ўносілі ў дзярж. скарб на ўтрыманне войска т. зв. кварту — 1/4 частку чыстага даходу. З 1775 кварта падвоена. Перыядычна праводзіліся рэвізіі (люстрацыі) С. Феадалы імкнуліся як мага даўжэй пратрымаць С. ў сваім родзе, пераўступалі яго (са згоды вял. князя) пры жыцці членам сваёй сям’і ці пабочным асобам за плату. Вял. князі выкарыстоўвалі права раздачы С. з мэтай вярбоўкі сваіх прыхільнікаў. Шляхта вяла барацьбу за абмежаванне гэтага права. У 1775 сойм забараніў раздачу С., і яны павінны былі пасля смерці ўладальніка здавацца ў спадчынную арэнду на 50 гадоў. Да 1791 удзельная вага С. сярод зямельных уладанняў на Беларусі (без усх. часткі) складала 8%. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай С. ўвайшлі ў склад дзярж. маёнткаў. Пазней некаторыя з іх, асабліва ва ўсх. Беларусі, падараваны рас. дваранам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТКЕ́ВІЧЫ, Сцяцкевічы, Сцяцковічы, Стацкевічы,
Стацковічы, шляхецкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Родапачынальнік — Сцецка Пятровіч, гаспадарскі дваранін, войт магілёўскі і слуцкі (15 ст.). Меў сына Ждана, які валодаў Любанічамі, Чаркасавам і Расасною, унукаў Хаму, Яўмена і Андрэя, ротмістра і двараніна вял. князя ВКЛ Казіміра. Найб. вядомыя:
Іван Андрэевіч (?—1554), сын Андрэя Жданавіча, падскарбі надворны ВКЛ. Багдан Іванавіч (? — да крас. 1586), сын Івана Андрэевіча, староста кокенгаўзенскі, падчашы ВКЛ у 1558—72, маршалак гаспадарскі з 1572, маршалак браслаўскі. Атрымаў ад вял. князя маёнтак Заверцы ў Ашмянскім пав., адсюль прадстаўнікі роду ўжывалі прозвішча Статкевіч-Заверскі. Вільгельм (?—1616), сын Багдана Іванавіча, падкаморы браслаўскі ў 1613. Крыштоф (? — да 1652), сын Вільгельма, ротмістр, староста азярышчанскі, падкаморы браслаўскі. Вызначыўся ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 абаронай Азярышчанскага замка ў 1654. Багдан (?—1651), сын Вільгельма, падкаморы мсціслаўскі ў 1630—44, кашталян мсціслаўскі ў 1644—46 і новагародскі з 1646. Актыўна выступаў у абарону праваслаўя. Разам з жонкай Аленай Багданаўнай Саламярэцкай заснаваў Баркалабаўскі Узнясенскі жаночы манастыр, Буйніцкі Святадухаўскі манастыр, Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр, фінансаваў дзейнасць Куцеінскай друкарні. Ян (1601—34), сын Вільгельма, харунжы ашмянскі. Удзельнічаў у бітвах пад Хацінам (1621) і Смаленскам (1633—34). Ян (? — 1660), сын Яна, каралеўскі дваранін, кашталян новагародскі з 1652.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—17 ст. у г.п. Ула Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Узведзены ў 1563 у час Інфлянцкай вайны 1558—82 паводле загаду вял.кн.ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста для абароны вусця р. Ула і кантролю за рухам па Зах. Дзвіне. Мысавую пляцоўку адрэзалі ровам ад плато, па перыметры ўзвялі абарончы вал, схілы замчышча, звернутыя да вады, выбрукавалі валунамі. Але буд-ва У.з., якім кіраваў венецыянскі інжынер, спынілася ў сувязі з нападам атрада рус. войск. Уся буд. каманда была перабіта. У 1567 Іван IV Грозны загадаў пабудаваць тут крэпасць у выглядзе драўляных сцен-гародняў і вежаў. Запоўненыя зямлёй гародні добра вытрымлівалі артыл. абстрэл. У.з. меў 8 вежаў, вароты і брамкі. З сярэдзіны лютага да 4.3.1568 У.з. беспаспяхова штурмавала войска Я.Хадкевіча. Разбіўшы гарматамі сцены і вежы, яно, аднак, адступіла. Толькі 20.9.1568 гетман Р.Сангушка прыступам захапіў У.з. У палон трапілі 2 ваяводы — браты Вельямінавічы, 300 баяр і 800 стральцоў са зброяй. Спалены ў час штурму замак хутка зноў быў адноўлены. Паводле загаду Стафана Баторыя ў 1580 тут насыпалі магутны вал выш. каля 11,5 м. У пач. вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 У.з. зноў быў заняты рус. войскамі, спалены і больш не аднаўляўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДО́СІЙ КАСО́Й (? — сярэдзіна 1570-х г.),
рэлігійны вальнадумец і прапаведнік у Маскоўскай дзяржаве і ВКЛ; адзін з кіраўнікоў рэфармацыйнага руху ва Усх. Еўропе. Ідэолаг радыкальнай антыправасл. ерасі — феадасіянства. У 1554 прыцягнуты да следства па справе рус. вальнадумца М.Башкіна і зняволены ў адзін з маскоўскіх манастыроў. Уцёк на Беларусь, дзе жыў у 1550—60-я г. (спачатку ў Віцебску). Крытыкаваў царк. абраднасць, афіц. веравучэнне, правасл. царкву як сац.ін-т і духавенства як носьбіта ўласцівых царкве заганаў. Адмаўляў боскую прыроду Хрыста, не верыў у святых і цуды, у замагільнае жыццё і ўваскрэсенне мёртвых, крытыкаваў шанаванне абразоў, асуджаў феад. адносіны і ўладу, заклікаў да грамадскага непадпарадкавання. Выступаў за роўнасць народаў і веравызнанняў. Ідэі Ф.К. мелі шырокую падтрымку сярод гар. нізоў Беларусі і ўвогуле ВКЛ. Феадасіянства стала агульнаславянскай з’явай і адыграла немалую ролю ў генезісе антыфеад. тэндэнцый у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай, уяўляла небяспеку для духоўнай манаполіі правасл. царквы. Пад пагрозай расправы Ф.К. з аднадумцамі прымусілі пакінуць Віцебск. Самыя познія звесткі пра Ф.К. датуюцца сярэдзінай 1570-х г., калі ён прапаведаваў на Валыні. Прадаўжальнікам феадасіянскіх традыцый на Беларусі быў С.Лован.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970.