ЛІ ЦЗУНДА́О (Lee Tsung Dao; н. 25.11. 1926, г. Шанхай, Кітай),

кітайска-амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1964), Нац. Акадэміі дэі Лінчэі (1982) і інш. Вучыўся ва ун-тах Кітая. З 1946 у ЗША. У 1951—53 і 1960—63 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане, з 1953 у Калумбійскім ун-це (з 1956 праф.), адначасова з 1997 дырэктар амер.-яп. Даследчага цэнтра пры Брукхейвенскай нац. лабараторыі. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, ядз. фізіцы, квантавай хромадынаміцы і інш. Разам з Янгам прадказаў магчымасць незахавання прасторавай цотнасці ў слабых узаемадзеяннях (1956), што было пацверджана эксперыментальна, увёў паняцце камбінаванай цотнасці (1956), выказаў гіпотэзу аб перадачы слабых узаемадзеянняў прамежкавым вектарным базонам і пастуліраваў яго ўласцівасці. Нобелеўская прэмія 1957 (разам з Янгам).

Тв.:

Particle physics and introduction to field theory. London, 1981;

Рус. пер. — Математические методы в физике. М., 1965;

Слабые взаимодействия. М., 1968 (разам з Ц Ву).

М.​М.​Касцюковіч.

Лі Цзундао.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́РЭНЦ (Lorentz) Хендрык Антон (18.7.1853, г. Арнем, Нідэрланды — 4.2.1928),

нідэрландскі фізік-тэарэтык, стваральнік электроннай тэорыі і электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1910), ганаровы чл. АН СССР (1925). Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1870—72), з 1878 праф. гэтага ун-та. З 1923 дырэктар ін-та Тэйлара ў Харлеме. Арганізатар і старшыня Сальвееўскіх кангрэсаў фізікаў (1914—27). Навук. працы па электрадынаміцы, тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы, оптыцы і тэорыі выпрамянення. Зыходзячы з эл.-магн. тэорыі Дж.Максвела стварыў класічную электронную тэорыю (1880—1909), на падставе якой растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, а таксама эл.-магн. і аптычныя ўласцівасці рэчыва, атрымаў формулу для вызначэння сілы, што дзейнічае на рухомы зарад у магн. полі (гл. Лорэнца сіла), растлумачыў Зеемана з’яву. Незалежна ад Дж.Лармара атрымаў рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл. Лорэнца пераўтварэнні). Даследаванні Л. спрыялі стварэнню адноснасці тэорыі. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з П.Зееманам).

Літ.:

Кляус Е.М., Франкфурт У.И., Френк А.М. Г.​А.​Лоренц, 1853—1928. М., 1974.

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС (Lewis) Сінклер (7.2.1885, г. Сок-Сентэр, ЗША — 10.1.1951),

амерыканскі пісьменнік. Скончыў Іельскі ун-т (1907). Дэбютаваў аповесцю для дзяцей «Хайк і самалёт» (1912). Сусв. вядомасць прынёс Л. раман «Галоўная вуліца» (1920). У раманах «Бэбіт» (1922), «Эраўсміт» (1925, разам з П. дэ Крайфам, экранізацыя 1931), «Элмер Гентры» (1927, экранізацыя 1960), «Додсварт» (1929, экранізацыя 1936), «Эн Вікерс» (1933), «Кінгсблад, нашчадак каралёў» (1947) сац.-паліт. кантрасты амер. рэчаіснасці, праблемы стандартызацыі свядомасці «сярэдняга амерыканца», яго бездухоўнасці і канфармізму, расавай дыскрымінацыі. У рамане-антыутопіі «У нас гэта немагчыма» (1935) і сатыр. «Гідэон Пленіш» (1943) аналізуюцца вытокі і сутнасць фашызму. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Богашукальнік» (1949), «Свет такі шырокі» (1951), кінасцэнарыя «Бура на Захадзе» (1943, з Д.​Шэйры), эсэ, нарысаў. Яго творы адметныя сюжэтнай маштабнасцю і вастрынёй канфліктаў, спалучэннем дакумент.-публіцыстычнага і гратэскава-сатыр. пачаткаў з лірычным. Нобелеўская прэмія 1930.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—9. М., 1965.

Літ.:

Гиленсон Б. Синклер Льюис. М., 1985;

Синклер Льюис: Биобиблиогр. указ. М., 1985.

Е.​А.​Лявонава.

С.Льюіс.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЦІНСАН (Martinson) Хары Эдмунд (6.5.1904, Емсхэг, Швецыя — 11.2.1978),

шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1949). Друкаваўся з 1927. Першы зб. паэзіі — «Карабель-прывід» (1929). У паэт. зб. «Качэўнік» (1931), кнігах нарысаў «Падарожжа без мэты» (1932), «Мыс Фарвэл» (1933) спалучэнне рэаліст. і імпрэсіянісцкіх метадаў. Уражанні нялёгкага юнацтва ў цэнтры аўтабіягр. раманаў «Крапіва цвіце» (1935), «Дарога ў жыццё» (1936).

Прырода ў яе суаднесенасці з найважнейшымі праблемамі чалавечага быцця — гал. тэма зб-каў паэзіі «Прырода» (1934), «Пасат» (1945), «Цыкада» (1953), рамана «Дарога ў Царства Званоў» (1948), у якім рэалізм цесна пераплятаецца з рамант. рысамі. Да наватарскага жанру эпічнай паэмы-антыутопіі належыць «Аніяра» (1956), поўная роздуму пра чалавека і свет, лёс сучаснай цывілізацыі і жыцця на зямлі. Аўтар п’есы «Тры нажы з краіны Вэй» (1964), зб-каў лірыкі «Вершы пра святло і цемру» (1971), «Лясныя ўзгоркі» (1973), «Па сцежках рэха» (1978), «Дарыды» (выд. 1980). Нобелеўская прэмія 1974 (з Э.Юнсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1984.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Х.Марцінсан.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧНІКАЎ Ілья Ільіч (15.5.1845, в. Іванаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 15.7.1916),

расійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў эвалюц. эмбрыялогіі, стваральнік параўнальнай паталогіі запалення і фагацытарнай тэорыі імунітэту. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1902), многіх замежных АН, навуковых т-ваў і ін-таў. Брат Л.І.Мечнікава. Скончыў Харкаўскі ун-т (1864). Працаваў у Германіі і Італіі. У 1870—82 праф. Новарасійскага ун-та ў г. Адэса. У 1886 арганізаваў першую ў Расіі бактэрыял. станцыю. З 1887 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (з 1905 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах старэння. Адначасова з А.А.Кавалеўскім вызначыў агульныя заканамернасці ў развіцці беспазваночных і пазваночных жывёл, залажыў асновы эвалюц. эмбрыялогіі. Даследаваў унутрыклетачнае страваванне і адкрыў фагацытоз. На аснове вывучэння запалення, патагенных уласцівасцей халерных і інш. мікробаў сфармуляваў агульную тэорыю запалення і фагацытарную тэорыю імунітэту. Стварыў рускую школу мікрабіёлагаў, імунолагаў і патолагаў. Нобелеўская прэмія 1908 (разам з П.Эрліхам).

Тв.:

Академическое собр. соч. Т. 1—16. М., 1950—64;

Этюды оптимизма. М., 1988.

Літ.:

Резник С.Е. Мечников. М., 1973.

І.І.Мечнікаў.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́МЗЕН,

(Mommsen) Тэадор (30.11.1817, г. Гардынг, Германія — 1.11.1903), нямецкі гісторык антычнасці. Вучыўся ў Кільскім ун-це (1838—43) і Італіі (1844—47). Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Праф. рым. права ва ун-тах Лейпцыга (1848—50), Цюрыха (з 1852), Брэслаў (з 1854), з 1858 праф. стараж. гісторыі ў Берлінскім ун-це. Дэп. прускага ландтага (1863—66, 1873—79) і рэйхстага (1881—84). Выступаў супраць кансерватыўнай палітыкі О.Бісмарка і антысемітызму Г. фон Трайчке. Гал. працы: «Рымская гісторыя» (т. 1—3, 1854—55, т. 5, 1885; у цэнтры ўвагі праслаўленне Юлія Цэзара і рым. ваен. манархіі як моцнай нац. дзяржавы на шырокай нар. аснове), «Рымскае дзяржаўнае права» (т. 1—3, 1871—88), «Рымскае крымінальнае права» (1899). Выдаваў стараж. крыніцы, у т. л. збор лац. надпісаў «Corpus Inscriptionum Latinarum» (з 1863). Нобелеўская прэмія па л-ры 1902.

Літ.:

Чухно Т.А. Теодор Моммзен в исторической литературе // Вопросы всеобщей истории и историографии. Томск, 1982.

А.​Г.​Зельскі.

Т.Момзен.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́РДАЛЬ (Myrdal) Гунар Карл (6.12.1898; Густафс, Швецыя — 17.5.1987),

шведскі эканаміст і сацыёлаг. Чл. Шведскай каралеўскай АН. Д-р эканам. н. (1927). Ганаровы д-р больш як 30 еўрап. і амер. ун-таў. Скончыў Стакгольмскі ун-т (1923), з 1931 прафесар. У 1945—47 міністр гандлю, у 1947—57 ген. сакратар Эканам. камісіі ААН для Еўропы. Заснавальнік і дырэктар Ін-та даследаванняў сусв. эканомікі пры Стакгольмскім ун-це (з 1961). Навук, працы па пытаннях міжнар. эканам. адносін, тэорыі грошай і эканам. дынамікі, дэмаграфічнай палітыкі, узаемазалежнасці эканам., сац., прававых і культ.-маральных фактараў развіцця. Даследаваў міжрасавыя адносіны і становішча чарнаскурага насельніцтва ЗША («Амерыканская дылема: негрыцянская праблема і сучасная дэмакратыя», т. 1—2, 1944), сац.-эканам. праблемы слабаразвітых краін Паўд.-Усх. Азіі («Азіяцкая драма: даследаванне беднасці народаў», 1968). Нобелеўская прэмія 1974 (разам з Ф.Хайекам).

Тв.:

Рус. пер. — Мировая экономика: Пробл. и перспективы. М., 1958;

Современные проблемы «третьего мира». М., 1972.

Г.Мюрдаль.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́НСЕН (Nansen) Фрыцьяф (10.10. 1861, Осла — 13.5.1930),

нарвежскі акіянолаг, даследчык Арктыкі, грамадскі дзеяч. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1898). У 1880—82 вучыўся ва ун-це ў Осла, з 1897 праф. гэтага ун-та. У 1888 перасек Грэнландыю (на лыжах), вызначыў характар яе ледавіковага покрыва. У 1893—96 на судне «Фрам» дрэйфаваў ад Новасібірскіх а-воў да в-ва Шпіцберген. Даказаў наяўнасць вял. глыбінь у Арктыцы, даследаваў структуру і паходжанне яе водных мас, адкрыў уплыў вярчэння Зямлі на рух ільдоў. У 1900 вывучаў цячэнні ў Паўн. Ледавітым ак. У 1923 праплыў уздоўж берагоў Расіі да вусця р. Енісей, падарожнічаў на Пд Усх. Сібіры і Д. Усходу. Імем Н. названы падводны хрыбет, праліў, востраў, катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., гара на п-ве Таймыр. Нобелеўская прэмія міру 1922.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1937-40.

Літ.:

Нансен-Хейер Л. Книга об отце: Пер. с норв. 2 изд. Л., 1986.

Ф.Нансен.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТО́ПІДАН (Pontoppidan) Генрык (24.7.1857, г. Фрэдэрысія, Данія — 21.8.1943),

дацкі пісьменнік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Капенгагене (1874—77). Друкаваўся з 1881. Вядомасць прынеслі аповесць «Сандынгскі прыход» і кн. апавяд. «Вясковыя абразкі» (абедзве 1883), у якіх рэалістычна паказана жыццё тагачаснага дацкага сялянства. Палемізуючы з неарамантыкамі, стварыў раманы «Начная варта» (1894), «Найвышэйшая песня» (1896), трылогію «Запаветная зямля» (1891—95), дзе панарамна адлюстравана паліт. і рэліг. жыццё краіны канца 19 ст. У шматпланавым эпічным рамане «Шчасліўчык Пер» (1898—1904) канфлікт паміж неардынарнай асобай і бяздушным навакольным светам, праблемы палітыкі, філасофіі, маралі, культуры. Песімістычнымі матывамі прасякнуты раман «Царства мёртвых» (1912—16). Змрочныя прадчуванні расчараванняў і катастроф уласцівы раману «Нябеснае царства чалавека» (1928). Аўтар аўтабіягр. кн. «Па дарозе да самога сябе» (1943). Нобелеўская прэмія 1917 (разам з К.А.Г’елерупам).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. СПб., 1913;

Счастливчик Пер. М., 1995.

Літ.:

Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Г.Пантопідан.

т. 12, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАС (сапр. Персні) Шымон

(н. 16.8.1923, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў ун-т у ЗША. З 1934 у Палесціне. У 1941—45 ген. сакратар сіянісцкага маладзёжнага руху «Працоўная моладзь». Чл. Рабочай партыі МАПАІ (1945—65). З 1948 на розных пасадах у мін-ве абароны Ізраіля, у 1959—65 нам. міністра абароны. У 1965—68 ген. сакратар партыі РАФІ, з 1968 нам., у 1977—92 і 1995—96 ген. сакратар Партыі працы. У 1969—70 міністр эканам. развіцця кантралюемых тэрыторый, у 1970—74 міністр транспарту і камунікацый, у 1974—77 міністр абароны Ізраіля. У 1984—86 і 1995—96 прэм’ер-міністр Ізраіля. У 1986—90 нам. прэм’ер-міністра, адначасова міністр замежных спраў, потым міністр фінансаў. Міністр замежных спраў ва ўрадзе І.Рабіна (1992—95), адзін з аўтараў мірных араба-ізраільскіх дамоўленасцей сярэдзіны 1990-х г. Нобелеўская прэмія міру 1994 (разам з Рабінам і Я.Арафатам).

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)