МЕ́ЧНІКАЎ (Ілья Ільіч) (15.5.1845, в. Іванаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 15.7.1916),

расійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў эвалюц. эмбрыялогіі, стваральнік параўнальнай паталогіі запалення і фагацытарнай тэорыі імунітэту. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1902), многіх замежных АН, навуковых т-ваў і ін-таў. Брат Л.І.Мечнікава. Скончыў Харкаўскі ун-т (1864). Працаваў у Германіі і Італіі. У 1870—82 праф. Новарасійскага ун-та ў г. Адэса. У 1886 арганізаваў першую ў Расіі бактэрыял. станцыю. З 1887 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы (з 1905 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах старэння. Адначасова з А.А.Кавалеўскім вызначыў агульныя заканамернасці ў развіцці беспазваночных і пазваночных жывёл, залажыў асновы эвалюц. эмбрыялогіі. Даследаваў унутрыклетачнае страваванне і адкрыў фагацытоз. На аснове вывучэння запалення, патагенных уласцівасцей халерных і інш. мікробаў сфармуляваў агульную тэорыю запалення і фагацытарную тэорыю імунітэту. Стварыў рускую школу мікрабіёлагаў, імунолагаў і патолагаў. Нобелеўская прэмія 1908 (разам з П.Эрліхам).

Тв.:

Академическое собр. соч. Т. 1—16. М., 1950—64;

Этюды опимизма. М., 1988.

Літ.:

Резник С.Е. Мечников. М., 1973.

І.І.Мечнікаў.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)