асаблівая форма шырокараспеўных нар. песень, пераважна лірычных. Пашыраны ва ўсх. славян, асабліва ў рус. песенным фальклоры («Горы», «Стэп», «Не адна ў полі дарожанька» і інш.). З інш.нар. назваў: рускія — прадольныя, прагалосныя, галасавыя, валакавыя, расцяжныя; беларускія — зацягучыя, далявыя. Як усе лірычныя песні, П.п. вылучаюцца багаццем тэматыкі, складанай паэтычнай сістэмай, якая адлюстроўвае разнастайныя адценні душэўнага стану і перажыванняў. Характар вобразнасці П.п. абумоўлівае ў іх пераважную ролю ўласнага меладычнага пачатку, што выяўляецца ў суадносінах муз. і паэт. бакоў, дзе характар мелодыкі паказвае незалежнасць яе ад заканамернасцей вершаванага складу, і ў прыёмах меладычнага формаўтварэння, і ў кампазіцыйных заканамернасцях. П.п. уласціва мелодыка вял. дыхання з бесперапыннасцю разгортвання, працяглым унутрыскладовым распяваннем (разводамі), словаабрывамі і паўторамі асобных слоў або складовых груп (т.зв. распеты верш), устаўнымі 1- і 2-складовымі воклічамі («ах», «ох», «эй», «ой да»), ладавай і метрарытмічнай пераменнасцю, унутрымеладычнымі кантрастамі. Усё гэта абумовіла ўтварэнне разгорнутай песеннай строфікі з асіметрычнымі муз. фразамі, ланцуговымі запевамі. Для П.п. характэрна харавое выкананне (шматгалоссе падгалосачнага складу), аднак існуюць і традыцыі іх сольнага распеву. Як харавое, так і сольнае іх выкананне патрабуе выдатных нар. спевакоў, майстроў, якія валодаюць школай нар. працяглага спеву (гл.Народныя спевакі). Адзін і той жа сюжэт можа існаваць у розных меладычных варыянтах у залежнасці ад мясц. традыцый. У бел. фальклоры П.п. характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. зон. Узоры бел. П.п. («Да пшанічанька яра», «Із-пуд горкі буйной вецер вее» «Салавей, салавей», «Ночы мае, ночушкі») маюць аналогіі ў рус. і ўкр. песенным фальклоры.
Публ.:
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья: Село Тонеж. Мн., 1971;
Эвальд З.В. Песни белорусского Полесья. М., 1979;
Земцовский И.И. Русская протяжная песня. Л., 1967;
Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НТЭЗ МАСТА́ЦТВАЎ,
спалучэнне розных мастацтваў ці відаў мастацтва ў адзінае маст. цэлае, якое вобразна арганізуе матэрыяльнае і духоўнае асяроддзе чалавека. У выніку С.м. узнікае якасна новае ўтварэнне, якое вызначаецца эстэт. раўнавагай і ўзаемадзеяннем усіх кампанентаў. Найчасцей выкарыстоўваецца арх.-маст. сінтэз; у ім удзельнічаюць манументальнае мастацтва (скульптура, жывапіс), архітэктура малых форм, садова-паркавае мастацтва, ландшафтная архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інш. Некат. віды і жанры мастацтва існуюць толькі пры ўмове сінтэзу: драм. і оперны т-ры, цырк, кіно, тэлебачанне, эстрада — яны аб’ядноўваюць творчасць драматурга (сцэнарыста), акцёра, рэжысёра, мастака, аператара (у кіно), кампазітара; у муз. т-ры драм. мастацтва знаходзіцца ў адзінстве з вак. і інстр. музыкай, харэаграфіяй, сцэнаграфіяй і інш. (гл.Кінамастацтва, Тэатр). У аб’яднанні кампанентаў мастацтва т-ра ці кінатвора вял. роля належыць рэжысёрскаму мастацтву. Сінтэз часавых мастацтваў (паэзія, музыка) ажыццяўляецца ва ўсіх жанрах вак. і вак.-тэатр. музыкі (песня, раманс, опера, кантата і інш.). Сінтэз л-ры і выяўл. мастацтва выяўляецца ў кніжнай графіцы, мастацтве кнігі. Розныя эпохі і перыяды сусв. культуры пакінулі шэдэўры гарманічнага С.м. (напр., спалучэнне архітэктуры і скульптуры грэч. акропаляў і храмаў, скульптуры і размалёвак рым. форумаў і палацаў; напаўненне храмавай прасторы абразамі, фрэскамі, мазаікай, вітражамі і інш.). Ярка С.м. праявіўся ў маст. творах стылю мадэрн. С.м. стаў асновай узнікнення новых відаў мастацтва — інвайрэнмент, перформанс, лэнд-арт, хэпенінг, відэакліп і інш.
Літ.:
Искусство и быт.Вып. 4. Синтез искусств и архитектура общественных зданий. М., 1974;
Салеев В.А. Искусство и его оценка. Мн., 1977;
Взаимодействие и синтез искусств. Л., 1978;
Зись А. Виды искусства. М., 1979;
Массовые виды искусства и современная художественная культура. М., 1986;
Устюгова Е.Н. Стиль как явление культуры. СПб., 1994;
Махлина С.Т. Язык искусства в контексте культуры. СПб., 1995;
Ильин И.П. Постструктурализм. Деконструктивизм. Постмодернизм М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БЫ (саманазва аль-араб),
група народаў, асн. насельніцтва араб. краін Зах. Азіі і Паўн. Афрыкі. Жывуць таксама ў Іране, Турцыі, Ізраілі, Самалі, Эфіопіі і інш., значныя групы арабаў-эмігрантаў жывуць у Паўд. і Паўн. Амерыцы, Францыі і інш. Агульная колькасць больш за 175 млн.чал. (1987). Гавораць на арабскай мове. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, частка — шыіты, абадзіты, друзы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама Алжырскія арабы, Егіпецкія арабы, Іракскія арабы, Йеменскія арабы, Ліванскія арабы, Лівійскія арабы, Мараканскія арабы, Суданскія арабы.
Мяркуецца, што семіцкія плямёны, якія далі пачатак араб. народам, аўтахтонныя жыхары Аравійскага п-ва. У 1-м тыс. да н. э. ўзніклі першыя араб. дзяржавы Пальміра, Набатэя і Ліх’ян (на Пн Аравіі), у 5—6 ст.н. э. — Гасан і Лахм (на Пд Аравіі), Кінда (Цэнтр. Аравія). У гэты час пачаўся працэс фарміравання араб. народа. Тагачасныя арабы знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу, хоць патрыярхальна-радавыя адносіны і племянныя сувязі захоўваліся яшчэ вельмі доўга. З 1-й пал. 7 ст. ўзмацнілася пранікненне арабаў у суседнія краіны. У выніку арабскіх заваяванняў утварыўся велізарны Арабскі халіфат (гл.Халіфат), які ахопліваў тэр. ад Індыі да Атлантычнага ак. і ад Сярэдняй Азіі да Цэнтр. Афрыкі. Заваяванае насельніцтва, асабліва ў Паўн. Афрыцы, прыняло мову, рэлігію (іслам), элементы матэр. і духоўнай культуры арабаў і было хутка арабізавана. Разам з тым і арабы многае ўзялі з культуры заваяваных народаў. У выніку склалася своеасаблівая арабская культура, якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. культуру. Створаны сілай зброі Арабскі халіфат у 9—10 ст. распаўся на Багдадскі (гл.Абасідаў халіфат), Каірскі (гл.Фатымідаў халіфат), Кардоўскі халіфат, а пазней на больш дробныя халіфаты, эміраты, княствы. У 16 ст.араб. краіны Пярэдняй Азіі (акрамя значнай ч. Аравійскага п-ва) і Паўн. Афрыкі (за выключэннем Марока) увайшлі ў Асманскую імперыю. З 19 ст.араб. землі — арэна барацьбы паміж калан. дзяржавамі, а ч.тэр. Марока захоплена Партугаліяй яшчэ ў 15—16 ст. Вызваленчая барацьба арабаў, якая не спынялася і ў 19 — 20 ст., прынесла араб. краінам дзярж. незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕ́ННЕВА (Наталля Аляксееўна) (н. 20.9.1903, г. Баку),
бел. паэтэса. З роду Арсенневых, па генеалогіі звязаных з М.Лермантавым. Дзяцінства і юнацтва правяла ў Вільні. Скончыла Віленскую Першую бел. гімназію (1921). Вучылася ў Віленскім ун-це (1921—22). Жыла з сям’ёй у Слоніме, затым у Польшчы. У 1939—40 супрацоўніца газ. «Вілейская праўда» (з 1940 «Сялянская газета»). Як жонка інтэрніраванага польск. афіцэра Ф.Кушаля адбывала з дзецьмі ссылку ў Казахстане (1940—41). У час Айч. вайны працавала ў «Беларускай газэце», якая выдавалася ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску пад кантролем герм.акупац. улад. З 1944 у Германіі. З 1949 жыве ў ЗША. Друкуецца з 1920. У творчасці Арсенневай пераважае пейзажная лірыка. Ёй уласцівы лірызм, эмац. выразнасць, сінтэз жывапісных і муз. слоўна-выяўл. сродкаў. Праблематыка творчасці паглыбляецца асэнсаваннем драмы беларусаў-эмігрантаў. У лірыцы амер. перыяду дамінуюць матывы настальгіі па Беларусі. У 1940-я г. напісала лібрэта да опер М.Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей». Пераклала на бел. мову драму Г.Гаўптмана «Патанулы звон», камедыю Г.Клейста «Разбіты збан», урыўкі з трагедыі У.Шэкспіра «Рамэо і Джульета» і паэмы А.Міцкевіча «Дзяды», вершы Міцкевіча і Гётэ, лібрэта опер В.А.Моцарта «Вяселле Фігера», «Чарадзейная флейта», К.М.Вебера «Вольны стралок», Ж.Бізэ «Кармэн», часткова оперы П.Чайкоўскага «Яўген Анегін», аперэты І.Штрауса «Цыганскі барон».
Тв.:
Пад сінім небам: Вершы (1921—1925 г.). Вільня, 1927 (факс. выд.Мн., 1991);
Сягоння: Вершы, 1941—1943. Мн., 1944;
Між берагамі: Выбар паэзіі, 1920—1970. Нью-Йорк;
Таронта, 1979;
У кн.: Туга па Радзіме: Паэзія бел. эміграцыі. Мн., 1992.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990. С. 43—48;
Мішчанчук М. «Між берагамі» // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Ч. І;
Тарасюк Л. Праз акіян забыцця // ЛІМ. 1993. 5 лют.;
Яго ж. Пад небам паэзіі // Полымя. 1995. №6;
Сямёнава А. Лёс — і над лёсам // Голас Радзімы. 1993. 30 верас.;
Калеснік У. Наталля Арсеннева // ЛІМ. 1994. 9 снеж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКІ́ (Beta),
род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сям. лебядовых. 6 відаў (па іншых звестках 15). Пашыраны ў Зах. Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Індыі, вырошчваюць таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. У культуры двухгадовыя віды: буракі лісцевыя, ці мангольд, і буракі звычайныя караняплодныя (B. vulgaris), да якіх належаць групы разнавіднасцей цукр., сталовых і кармавых буракоў. Пачалі спажываць карані буракоў у 3—1 ст. да н.э. У канцы 12 ст. з’явіліся ў культуры кармавыя формы, у 18—19 ст. — цукровыя. На Беларусі буракі ў культуры з 1830-х г.
У 1-ы год буракі ўтвараюць сакаўны мясісты караняплод з разеткай лісця, на 2-і даюць кветаносы і насенне. Сцябло травяністае, прамастойнае, галінастае, паяўляецца на 2-і год. Лісце буйное, гладкае або хвалістае, прыкаранёвае на доўгіх чаранках, сцябловае амаль сядзячае. Кветкі двухполыя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца, утвараючы суплоддзі — клубочкі.
Сталовыя буракі (агароднінныя) культывуюцца ў 2 формах: сталовыя караняплодныя (больш пашыраныя) і буракі лісцевыя (мангольд). Караняплоды масай 0,4—0,9 кг, цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя, багатыя цукрам (9—16%), бялком (1,8—3%), мінер. солямі, арган. к-тамі, клятчаткай, вітамінамі C, групы B, P, PP. Спажываюцца караняплоды і лісце вараныя, кансерваваныя, сушаныя. Лепшыя для іх глебы на Беларусі — акультураныя дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Раянаваныя сарты: Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18. Кармавыя буракі багатыя вугляводамі, мінер. солямі, вітамінамі. Караняплоды масай да 10—12 кг, жоўтыя, белыя, чырвоныя. Скормліваюцца ўсім відам жывёлы, пераважна малочным. Бацвінне ідзе на корм свежае і сіласаванае. Сеюць на акультураных тарфяніках, на сугліністых і супясчаных мінер. глебах з нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору. Раянаваныя сарты: Бел. чырвоныя, Экендорфскія жоўтыя і інш.Цукровыя буракі — найважнейшая тэхн.культура — сыравіна для цукр. прам-сці. Маюць белыя караняплоды масай 400—500 г, багатыя цукрам (19—20%, макс. да 23%). Цепла- і святлолюбівыя, вельмі патрабавальныя да ўмоў жыўлення і вільгаці, асабліва ў перыяд фарміравання лісця і караняплода (ліп.—жн.). Вырошчваюцца на добра ўгноеных сугліністых і супясчаных дзярнова-падзолістых глебах, на акультураных тарфяна-балотных. Бацвінне, жамерыны, патака ідуць на корм. Гл. таксама Буракаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́Н (шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу),
у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Упершыню згадваецца пад канец 3-га тыс. да н.э. З пач. 2-га тыс. да н.э.культ. цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі [1792—50 да н.э.] стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найб. росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (гл.Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару [625—605 да н.э.] і Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем I (522 да н.э.) адна са сталіц Ахеменідаў дзяржавы. У 331 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. Да 2 ст.н.э. заняпаў.
Раскопкамі ням. археолага Р.Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада 7—6 ст. да н.э. і арх. ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару II. У 7—6 ст. да н.э. Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (пл. каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на 2 часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Галоўныя паўн. вароты Іштар былі абліцаваны паліванай цэглай э рэльефнымі выявамі быкоў і драконаў. Праз іх вяла свяшчэнная дарога працэсій. Сярод гал. помнікаў: храм багіні Нінмах, цэнтр. храм бога Мардука—Эсагіла, 7-ярусны зікурат бога Этэменанкі («Вавілонская вежа», дойлід Арадахешу, сярэдзіна 7 ст. да н.э., зруйнаваны Аляксандрам Македонскім), палац-крэпасць з т.зв. «вісячымі садамі Семіраміды» (адно з 7 дзівосаў свету), па-за горадам — летні палац Навухаданосара II. Гл. таксама Вавілонскае стоўпатварэнне, Вавілона-асірыйская культура.
Літ.:
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Яго ж. Вавилонская башня: Пер. с нем. М., 1991.
Да арт. Вавілон. Фрагмент рэльефу варотаў Іштар.Да арт. Вавілон. Дэкаратыўнае пано троннай залы Паўднёвага палаца. 6 ст. да н.э.Да арт. Вавілон. Рэшткі горада.Да арт. Вавілон. Вароты Іштар. Каля 570 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРГА́Й (Сяргей Сцяпанавіч) (17.9.1907, Мінск — 25.12.1980),
бел.паэт. Скончыў Мінскую чыг. школу (1924) і агульнаадук. курсы (1927). Удзельнік падполля і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. У 1930-я г. працаваў у газ. «Звязда», з 1951 у час. «Полымя», у 1953—67 у час. «Вожык». Друкаваўся з 1938. Першы зб. «Вачыма будучыні» (1953). Гал. тэмы яго паэзіі (зб-кі «Крэмень аб крэмень», 1958, «Чатыры стыхіі», 1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964, «Свята ў будзень», 1964) — любоў да роднага краю, неаслабная ўвага да чалавека, клопат пра яго самаўдасканаленне, засяроджанасць на складаных праблемах часу, зварот да подзвігу бел. народа ў Вял.Айч. вайну. Дз. горача цікавіўся гіст. мінулым свайго народа (паэмы «Напрадвесні», 1960, «Над спакоем крыніц». 1962), паказваў пераўтварэнне чалавекам зямлі («Песня пра Туркменскі канал», 1951), ствараў гіст. эпас («Пушкін на шашы Энтузіястаў», 1953). Выкарыстанне разнастайных паэт. сродкаў і формаў, умелае валоданне фальклорна-песенным вершам, сучасным верлібрам, філасафічнасць, асацыятыўнасць мыслення, культура творчасці, руплівыя адносіны да роднай мовы зрабілі яго паэзію адметнай у бел. л-ры. Гумарыстычныя творы Дз. ў яго зб-ках «Цешча» (1959), «Салата з дзядоўніку» (1967). На бел. мову перакладаў паэмы «Гражына» А.Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю.Славацкага, «Дванаццаць» А.Блока, «На ўвесь голас» У.Маякоўскага, «Сінія гусары» М.Асеева, «Сын» П.Антакольскага, «1905 год» Б.Пастарнака, асобныя творы Э.Багрыцкага, У.Бранеўскага, В.Брусава, У.Лугаўскога, Я.Райніса, М.Рыльскага, П.Тычыны і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1974;
На вогненнай сцяжыне. Мн., 1977;
Чатыры стыхіі. Мн., 1988.
Літ.:
Арочка М. Сатырычная паэзія // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Бярозкін Р. Пошук сапраўднага // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;
Гілевіч Н. Словы трывалыя, прачулыя, разумныя // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Лойка А. Зайдзі ў мой дом // Лойка А. Паэзія і час.Мн.. 1981;
Гніламёдаў У. Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983. С. 223—227;
Сачанка Б. Круты стол Сяргея Дзяргая // Сачанка Б. Жывое жыццё. Мн., 1985;
Сіпакоў Я Сяргей Сцяпанавіч // Сіпакоў Я. Журба ў стылі рэтра. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРМЕ́ДЫЯ (ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),
1) у літаратуры, тэатральным і музычным мастацтве — кароткая п’еса або сцэнка (пантаміма, танец, муз. ці інстр. твор), часцей камедыйнага характару, што выконваецца паміж дзеямі драм. або муз. спектакля.
Узнікла ў 15 ст. ў паказах містэрый. Была пашырана ў камедыі дэль артэ, школьнай драме і інш. У эпоху Адраджэння — самаст. жанр нар.т-ра. У 17—18 ст. ў Італіі І. — маленькія оперы, якія перамяжоўвалі дзеянні опер-серыя. У Расіі ў 19—20 ст. ператварылася ў самаст. сцэнкі са спевамі і танцамі.
На Беларусі І. існавалі з канца 16 ст. як устаўкі ў школьныя драмы, напісаныя на лац., радзей на польск. і стараслав. мовах (І. да п’есы «Цімон Гардзілюд» віленскага езуіта К.Пянткоўскага, 1584; 1. «Чорт Асмалейка», 1-я пал. 17 ст.). Вядомы дыялогі да «Камедыі пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў» гродзенскага езуіта Я.Пылінскага (1651), камедыйныя сцэнкі да польскіх драм з рукапіснага «Аршанскага кодэкса» (каля 1693; ставіліся ў Полацку, Оршы, Навагрудку, Віцебску), І. 18 ст., якія ўключаліся ў «Дэкламацыю» М.Базілевіча, у п’есы «Камічнае дзеянне» М.Даўгалеўскага (1736) і «Уваскрэсенне мёртвых...» Г.Каніскага (1747). З часоў барока захавалася больш за 20 бел. І., змест якіх звычайна складалі забаўныя анекдоты, гісторыі, апавяданні. Сцэнкі «Селянін і вучань», «Літаратар, селянін, Самахвальскі» і інш. ўключаны ў ковенскі школьны зборнік 1730-х г. Інтэрмедыйная аснова адчуваецца ў «Камедыі» К.Марашэўскага (паст. 1787) і оперы «Агатка» Я.Д.Голанда (паст. 1784). Асобныя эпізоды з І. выкарыстаны ў драмах «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, камедыі «Несцерка» В.Вольскага. У нар. т-ры І. складалі 2-ю частку паказаў батлейкі («Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха» і інш.) і нар. драмы. Часам паказы батлейкі цалкам складаліся з І.
2) У музыцы — эпізод паміж рознымі правядзеннямі тэмы ў фузе, наз. таксама інтэрлюдыяй.
Літ.:
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 162—174;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ (ад лац. cantus спевы, песня),
свецкая бытавая вакальна-харавая песня-гімн. Пашыраны ў слав. народаў у 16—18 ст.
К. ўласцівы: сілабічны рыфмаваны верш з тыповымі структурамі 11(5+6), 13(7+6), 14(8+6), 12(6+6) і інш.; папевачны прынцып муз. мыслення; страфічная форма арганізацыі (ад 2—4 да шматрадковай шматчасткавай са строфамі вышэйшага парадку); шматстрофная будова; тыповая быт.танц. мелодыка і рытміка; характэрныя рытмаформулы і рытмаінтанацыі; стэрэатыпізацыя кадэнцыйных і экспазіцыйных зваротаў, секвентны метад развіцця; танізацыя мелодыкай сілабічнага верша і крышталізацыя сілабатонікі; лінеарны прынцып фактурнага мыслення; крышталізацыя функцыянальнай гармоніі на канцах радкоў і строф э пераважнай натуральна-ладавай у сярэдзіне; сувязь са знаменным спевам і нар. песняй.
К. з’явіліся ў Чэхіі ў 14 ст. На Беларусі ўзніклі ў 15 ст. Іх прататыпы — псальмы і песні з гусіцкіх зборнікаў («Псалтыр» Я.Гуса) і шматлікіх пратэстанцкіх канцыяналаў, катэхізісаў, песеннікаў. Найб. раннія К. былі 1-, 2-галосымі. Паступова на Беларусі і Украіне замацавалася 3- і 4-галосая фактура. 3-галоссе стэрэатыпізавалася і стала штампам з уласцівымі яму функцыямі галасоў: верхні — вядучы, сярэдні (у тэрцыю ці сексту) і ніжні — бас (гарманічны фундамент). Гэты тып фактуры значна паўплываў на бел. нар.-песеннае шматгалоссе, стаў тыповым прынцыпам арганізацыі партый для «траістай музыкі». Змест К. звязаны са старажытнасцю і сучаснымі ім эпохамі. Бытавалі славільныя, патрыят., гіст., пакаянныя, малітоўныя, любоўныя, лірычныя, пастаральныя, застольныя, апакаліптычныя, эсхаталагічныя, сац. накіраванасці. Складваліся ў духоўных акадэміях, калегіях, семінарыях, павятовых і парафіяльных вучылішчах, брацкіх школах, манастырах, пазней у купецкім, мяшчанскім асяроддзі. Вядомы К. Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага. Е.Славінецкага (Беларусь), Дз.Растоўскага (Туптала), С.Яворскага, Ф.Пракаповіча, Р.Скаварады (Украіна), А.Кантэміра, В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава, А.Сумарокава, І.Багдановіча (Расія) і інш.
Літ.:
Орлова Е. О традициях канта в русской музыке // Теоретические наблюдения над историей музыки. М., 1978;
Келдыш Ю.В. Внекультовая духовная песня // История русской музыки М., 1983. Т. 1;
Яго ж. Песня в рукописных сборниках // Там жа. М., 1984. Т. 2, ч. 1;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр.Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-вабел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Жылкі, К.Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.Луцкевіча, А.Астрамовіча, П.Крачэўскага, А.Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.Гогаля, М.Горкага, М.Зошчанкі, А.Купрына, М.Лермантава, А.Міцкевіча, Л.Талстога, Г.Сянкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;
Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.