СТАРАБАРЫ́САЎ,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., каля р. Бярэзіна, на аўтадарозе Барысаў—Зембін. Цэнтр Прыгараднага с/с і Мінскага абл. унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 2 км на Пн ад горада і 7 км ад чыг. ст. Барысаў, 75 км ад Мінска. 1209 ж., 489 двароў (2001). Кансервавы з-д. Сярэдняя школа і школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). У вёсцы захавалася гарадзішча (пл. 1 га.) і селішча (3 га), дзе ў 12—13 ст. размяшчаўся пасад стараж. г. Барысаў, заснаванага ў 1102 князем Барысам (гл. Рагвалод Усяславіч). Пры археал. даследаваннях у 1968, 1969, 1971 тут выяўлена тыповая матэрыяльная культура полацкага горада 12—13 ст. Праз некалькі стагоддзяў з заснаваннем Барысаўскага замка горад перамясціўся на 4—5 км ад свайго першапачатковага месцазнаходжання і запусцелае паселішча стала называцца Старым Барысавам (цяпер Старабарысаў).
Літ.:
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975. С. 229.
Г.В.Штыхаў.
т. 15, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)