РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.М.Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.
Літ.:
Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.
А.П.Грыцкевіч.
М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Міхал Казімір) (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.С.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л.Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.
Тв.:
Бел.пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.К.Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;
1995. № 1—6;
1996. № 1—2, 4.
А.Л.Грыцкевіч.
М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.А.Мірыса (?). Каля 1760.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГА (Леў Іванавіч) (4.4.1557, в. Астроўна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 7.7.1633),
бел.дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З магнацкага роду Сапегаў. Пісар вялікі ВКЛ у 1581—85, падканцлер у 1585—89, канцлер у 1589—1623, ваявода віленскі з 1623 і адначасова гетман вялікі з 1625. Вучыўся ў кальвінісцкіх настаўнікаў у Нясвіжы, у 1570—73 у Лейпцыгскім ун-це, дзе перайшоў у кальвінізм. У 1579—81 прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558—83. Разам з канцлерам А.Б.Валовічам і падканцлерам К.Радзівілам удзельнічаў у стварэнні Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У 1584 падпісаў у Маскве пагадненне аб перамір’і. У 1586 перайшоў у каталіцтва. У час бескаралеўя ў 1587 прапанаваў план федэрацыі Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы з адным каралём, якім прапаноўваўся цар Фёдар Іванавіч. Калі гэты план не быў рэалізаваны, падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў яго выданне ў віленскай друкарні Мамонічаў. На царк. саборы ў Брэсце ў 1596 як каралеўскі камісар выступіў у абарону царк. уніі. Паводле яго загаду ў 1594—1607 былі нанава перапісаны кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, каб пры карыстанні яны не прыходзілі ў непрыгоднасць (новыя кнігі зберагліся да нашага часу). У 1600—01 узначальваў пасольства ў Маскву, у выніку якога перамір’е працягнута яшчэ на 20 гадоў. С. не падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, бо лічыў за лепшае заключыць унію з Маскоўскай дзяржавай. У 1609, пераканаўшыся, што унія з Масквой не адбудзецца, выступіў за вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 і падтрымаў Ілжэдзмітрыя II. У 1617—18 садзейнічаў арганізацыі і фінансаванню паходу каралевіча Уладзіслава на Маскву. Удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі, у выніку чаго падпісана Дэулінскае перамір’е 1618. Пасля забойства уніяцкага полацкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча віцебскімі праваслаўнымі мяшчанамі ў 1623 С. ўзначаліў судовую камісію, якая вынесла суровыя пакаранні ўдзельнікам забойства. У 1625 удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 на чале дывізіі ў Інфлянтах. У сваёй палітыцы адстойваў суверэнітэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай, няўхільна прытрымліваўся 12-га артыкула 3-га раздзела Статута ВКЛ 1588, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і займаць ёй дзярж. пасады ў ВКЛ.
Літ.:
Саверчанка І.В. Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГА (Ян Казімір) (? — 22.2.1730),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Ген.-фельдмаршал рас. службы (1726). З роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). З 1682 староста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяв. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21. У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II, у т. л. каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706), 13.5.1709 разбіты рус. войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708—09 вял. гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. Аднак страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 1711—13 узброеную) супраць Аўгуста II. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі 1704вял. кароннаму гетману А.Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваны прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Дэўлет-Гірэя. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II. Намерваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой рас. князя А.Д.Меншыкава, які хацеў з дапамогай С. атрымаць Курляндскае і Земгальскае герцагствы (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа С. ў рас. сталіцу апісана ў яго дзённіку). Аднак планы Меншыкава і С. не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тым не менш С. застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру II [1727—30]. Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзярж. устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) ген.-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.
Літ.:
Артамонов В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709—1714). М., 1990;
Kriegseisen W. Diariusz petersburgskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 r. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́Т (лац. creditum пазыка, доўг ад credere верыць),
пазыка ў грашовай або таварнай форме, якая даецца адной юрыд. або фіз. асобай (крэдыторам) другой асобе — пазычальніку. Уяўляе сабой рух пазыковага капіталу, які ажыццяўляецца на асновах тэрміновасці, зваротнасці і платнасці. Як эканам. катэгорыя К. вядомы з часоў рабаўладальніцкага грамадства, найб. развіццё атрымаў пры капіталізме. У рыначнай эканоміцы К. ўласціва пераразмеркавальная функцыя, таму даходы дзяржавы, прыбытак прадпрыемстваў, прыватныя зберажэнні ператвараюцца ў пазыковы капітал, які садзейнічае эканоміі выдаткаў абарачэння і накіроўваецца ў неабходныя сферы нар. гаспадаркі. К. выконвае функцыю паскарэння канцэнтрацыі і цэнтралізацыі капіталу. У працэсе яго развіцця выкарыстоўваюцца розныя віды рахункаў, дэпазітныя сертыфікаты, крэдытныя карткі і інш., адбываецца апераджальны рост безнаяўнага абароту, паскарэнне грашовых патокаў. К. бывае камерцыйны, банкаўскі, дзяржаўны, знешнегандлёвы, спажывецкі, міжнародны, іпатэчны і інш.Камерцыйны К. выдаецца прадпрыемствамі, аб’яднаннямі і інш.гасп. суб’ектамі адзін аднаму, напр., для папаўнення часовай нястачы абаротнага капіталу, пашырэння вытв-сці, а таксама ў выглядзе адтэрміноўкі плацяжу за прададзеныя тавары, выкананыя работы або паслугі. Такі К. афармляецца звычайна вэксалем. Ён не можа быць выкарыстаны для выплаты зарплаты і выдаецца толькі прадпрыемствамі-вытворцамі. Банкаўскі К., які з’яўляецца асн. формай крэдытавання, даецца банкамі, фондамі, асацыяцыямі і інш. крэдытна-фінансавымі ўстановамі любым гасп. суб’ектам. Від К., пры якім пазычальнікам выступае дзяржава, а фіз. і юрыд. асобы, якія набываюць дзярж. каштоўныя паперы, — арандатарамі, наз.дзяржаўным. Спажывецкі К. даецца пры продажы тавараў і паслуг непасрэдна спажыўцам у форме адтэрміноўкі плацяжу (у растэрміноўку). Знешнегандлёвы -К. можа быць экспартны, імпартны, камерцыйны або банкаўскі. Міжнародны К. прадастаўляецца дзяржавамі, міжнар. банкамі і фінансавымі арг-цыямі, прыватнымі банкамі і фірмамі, інш.фіз. і юрыд. асобамі ў працэсе міжнар.эканам. супрацоўніцтва і з’яўляецца важнай састаўной часткай міжнар.эканам. адносін, умовай развіцця сувязей паміж рознымі краінамі. Міжнар. банкаўскі К. можа выступаць і ў форме экспартнага, фінансавага, валютнага К. Важнай яго формай з’яўляецца і міждзярж. доўгатэрміновы крэдыт (міжурадавыя пазыкі). Пашыраецца іпатэчны К., які выдаецца іпатэчнымі камерцыйнымі банкамі, страхавымі і інш. крэдытна-грашовымі ўстановамі пад заклад нерухомай маёмасці (землі, пабудовы і інш.), а ў асобных выпадках пад заклад, машын і абсталявання. К. можа быць ільготны (даецца па стаўках, ніжэйшых за рыначныя, і часта на больш працяглы перыяд), адзыўны (выдаецца пад пераводны вэксаль, што можа быць адкліканы ў любы момант без папярэджання), рэвольверны (крэдытная лінія, сродкі па якой могуць быць запазычаны ў любы час з наступнымі рэгулярнымі плацяжамі ў пагашэнне раней абумоўленай мінімальнай сумы). Па тэрмінах выплаты К. бывае каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Кароль Станіслаў) (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 22.14.1790),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. З 1748 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. У 1752 падчашы ВКЛ, у 1752—62 мечнік ВКЛ, у 1762—64 і 1768—90 ваявода віленскі; ген.-маёр (1754), ген.лейтэнант войска ВКЛ (1759). З 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Абвешчаная ў Гродне 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім атрадам рушыў туды, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Р. схаваўся ў Малдове, потым пераехаў у Венгрыю і Саксонію. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за гвалтоўныя ўчынкі абвясціла Р. ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы; яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Р. звярнуўся да рас. імператрыцы Кацярыны II з просьбай узяць яго пад сваю пратэкцыю і вярнуць маёнткі. У сувязі з тым, што Кацярыне II пачала не падабацца палітыка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Чартарыйскіх, яна вырашыла скарыстаць супраць іх Р. Пад аховай рас. войск ён пераехаў у Радам, дзе 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 усе абвінавачанні з Р. былі зняты. Улетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк; Р. выехаў у Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Каб адцягнуць Р. ад апазіцыі, рас. дыпламатыя зноў забяспечыла яму пратэкцыю Кацярыны II і вяртанне маёнткаў. Пасля вяртання на радзіму Р. памірыўся з каралём. У час дзейнасці Чатырохгадовага сейма 1788—92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Р. увайшоў у гісторыю як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы, пабудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе (пад Нясвіжам), аднавіў палац у Слуцку. Аматар неверагодных баек і экстравагантных учынкаў, Р. як персанаж увайшоў у л-ру (творы Г.Жавускага, З.Красінскага, І.Ходзькі, Ю.Славацкага, Ю.І.Крашэўскага і інш.).
Літ.:
Sidorski D. «Panie Kochanku». Katowice, 1987;
Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982.
А.П.Грыцкевіч.
К.Радзівіл. Пярун. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна будаўніцтва па стварэнні новых і рэканструкцыі дзеючых будынкаў і збудаванняў, якія прызначаны для абслугоўвання с.-г. вытв-сці і задавальнення культ.-быт. патрэб сельскага насельніцтва. Уключае: узвядзенне с.-г.вытв. комплексаў, будынкаў, пабудоў (жывёлагадоўчыя фермы, птушкафабрыкі, памяшканні для захоўвання і перапрацоўкі збожжа, буйныя цяплічныя комплексы і інш.); жыллёвае і культ.-быт.буд-ва (жылыя дамы, магазіны, клубы, сталовыя, лазні і інш.); буд-ва прадпрыемстваў па рамонце с.-г. тэхнікі, складоў для мінер. угнаенняў, інж. камунікацый, унутрыгасп. дарог, меліярацыйныя работы і г.д.
Да сярэдзіны 1950-х г. С.б. на Беларусі мела сезонны характар, грунтавалася на ручной працы. саматужнай вытв-сці буд. матэрыялаў. У пачатку 1960-х г., з пераводам с.-г. вытв-сці на індустр. аснову, пачалі будаваць буйныя жывёлагадоўчыя комплексы, малочна-таварныя фермы, птушкафабрыкі, камбікормавыя з-ды, базы сельгастэхнікі і інш. Былі створаны Мін-ва сельскага буд-ва і Белміжкалгасбуд. Пачалася карэнная перабудова вёсак. Вырашаўся шэраг праблем, звязаных з іх добраўпарадкаваннем. Ствараліся новыя пасёлкі, у якіх з улікам асаблівасцей сельскага жыцця будаваліся дамы з усімі камунальнымі выгодамі, комплексы культ.-быт. прадпрыемстваў для сялян. У 1960—90 добраўпарадкаваныя пасёлкі створаны ў калгасах «Прагрэс» Гродзенскага, «Гвардыя» Бераставіцкага, «Новы быт» Мінскага, імя Калініна Нясвіжскага, «Аснежыцкі» Пінскага, імя Кірава Слуцкага р-наў і ў многіх інш. На сучасным этапе С.б. ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, Беларускі дзяржаўны канцэрн па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, канцэрн «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд» і інш. Вялікія аб’ёмы буд-ва ў сельскай мясцовасці выконваюць раённыя перасоўныя механізаваныя калоны, буд. кааператывы розных форм уласнасці, у т. л. прыватныя. Больш за 15 праектных арг-цый распрацоўваюць праектную дакументацыю на планіроўку і забудову сельскіх населеных пунктаў, с.-г.вытв. комплексаў і пабудоў, аб’ектаў, культ,быт. прызначэння. Забеспячэнне ўсяго інвестыцыйнага цыкла праектавання і буд-ва на адпаведнай тэрыторыі выконваюць упраўленні капітальнага буд-ваабл. і раённых выканкомаў. У 1999 інвестыцыі ў асн. капітал у сельскай гаспадарцы склалі каля 40 трыльёнаў руб. Некаторыя паказчыкі С.б. гл. ў табліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПТО́РЫЙ (позналац. scriptorium ад лац. scriptor перапісчык, пісец),
сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг. У 6—15 ст. С. былі пашыраны ў Еўропе. Стваральнікам першага еўрап. С. (540-я г.) лічыцца гісторык остготаў Касіядор. У канцы 6—7 ст. С. ствараліся па ўсёй Еўропе (Верона, Ліён, Санкт-Гален, Кёльн, Фульда, Сен-Марцыял, Корбі і інш), у якіх пазней выпрацаваліся асн. тыпы сярэдневяковага пісьма. Найб. вядомасцю пры Карле Вялікім карыстаўся С. Турскага манастыра св. Марціна. У 9 ст. некалькі С. меў манастыр бенедыкцінцаў у Клюні (Бургундыя), рукапісы якіх вызначаліся выразнасцю пісьма, вельмі чорным чарнілам і своеасаблівай арнаментыкай. З канца 12 ст. С. сталі выцясняцца гар. цэхавымі майстэрнямі, якія працавалі на заказ і на рынак. С. заняпалі са з’яўленнем кнігадрукавання. У С. існаваў падзел працы: з узорнага арыгінала спісвалі перапісчыкі, аздобу выконвалі ілюмінатары, часта пры С. працавалі пераплётныя майстэрні. На землях ВКЛ існавалі мітрапаліцкі, дзяржаўны, манастырскія і прыватныя С. Першыя С. вядомы ў 14—15 ст. у правасл. манастырах і пры двары кіеўскіх мітрапалітаў (да іх прадукцыі можна аднесці Евангелле-апракас сярэдзіны 14 ст. і Лаўрышаўскае евангеллепач. 14 ст.). Мітрапаліцкі С. упамінаецца дыяканам Якімцом пад 1512 пры саборнай царкве Барыса і Глеба ў Навагрудку. З развіццём дзяржавы развіўся ін-тДзярж. канцылярыі ВКЛ, якой кіраваў канцлер. Яму і яго намесніку (падканцлеру) падпарадкоўваліся лац. і рус.пісары. Пісару падпарадкоўваліся дзякі, якія вялі справаводства, перапісвалі акты, тыражавалі неабходныя для дзяржавы кнігі. Асн. прадукцыя, якая выходзіла са С. велікакняжацкай канцылярыі, былі спісы Статутаў, хаця шэраг прафес. пісцоў мог спісаць любыя кнігі на заказ. У 15 ст. існаваў С. пад пратэкцыяй кн. Алелькавічаў у Слуцкім Траецкім манастыры. Адна з кніг, перапісаная ў ім, захавалася да нашага часу. Значным цэнтрам вырабу кніг быў Смаленск. Пры смаленскім епіскапе Іосіфе Солтане створаны ілюмінаваны спіс Радзівілаўскага летапісу. У 1495 у Смаленску перапісаны Аўрамкі летапіс з рыфмаваным панегірыкам Вітаўту (гл.«Пахвала Вітаўту»), Найб. вядомыя манастырскія С.: Полацкі, Куцеінскі, Чарэйскі, Лешчанскі, Супрасльскі. У ВКЛ рукапісныя кнігі выраблялі амаль у кожным каталіцкім кляштары. Часта кнігапісанне бралі пад сваю апеку прыватныя асобы, найчасцей буйныя магнаты. Найбольшы з прыватных С. дзейнічаў у канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў двары Солтанаў у прадмесці Вільні — Шышкінях (зараз у межах горада). Радзівілы і інш.бел. магнаты таксама мелі свае канцылярыі са штатам канцылярыстаў-кнігапісцаў.
Літ.:
Киселева Л.И. О чем рассказывают средневековые рукописи. Л., 1978;
Нікалаеў М Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993.
найбуйнейшы на Беларусі збор твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засн. і адкрыты ў 1939 у Мінску як Дзярж. карцінная галерэя, з 1957 Дзярж.маст. музей, з 1993 сучасная назва. Захоўвае творы бел., рас. і зах.еўрап. мастацтва і мастацтва Усходу 14—20 ст. Агульная пл. 3513 м². Меў 10 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 1749 м². У фондах музея (2000) 22,6 тыс. экспанатаў. Навук. аддзелы: навук.-асв. работы, уліку і захавання, стараж.-бел. мастацтва, бел. мастацтва 20 ст., рус. мастацтва, замежнага мастацтва, рэстаўрацыі і хім.-біял. даследаванняў, архіў.
Напачатку размяшчаўся ў будынку Вышэйшай камуніст.с.-г. школы, б. Мінскай жаночай гімназіі. Калекцыя склалася з экспанатаў з фондаў абласных краязнаўчых і гіст. музеяў, а таксама з нацыяналізаваных у Зах. Беларусі маёнткаў. Агульная пл. складала 1500 м². З 1200 экспанатаў, якія былі на момант адкрыцця, у 15 залах экспанавалася 400 твораў бел., рус. і зах.-еўрап. мастацтва 17—20 ст. На пач. 1941 фонды складалі 2711 адзінак. У час Вял.Айч. вайны самыя каштоўныя экспанаты не паспелі эвакуіраваць, іх лёс невядомы. Галерэя адноўлена ў 1944, размяшчалася ў будынку Дома прафсаюзаў. У 1957 музей адкрыўся ў спец. ўзведзеным будынку. Колькасць экспанатаў склала 2886 адзінак.
У музеі сабрана унікальная калекцыя бел. мастацтва: стараж. іканапіс і разьба па дрэве, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапіс 19 ст., у т. л. творы В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Гараўскага, С.Жукоўскага, І.Хруцкага; пасляваеннае і мастацтва 2-й пал. 20 ст. прадстаўлена творамі З.Азгура, А.Анікейчыка, І.Ахрэмчыка, А.Бембеля, Г.Вашчанкі, Н.Воранава, А.Глебава, В.Грамыкі, М.Данцыга, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Кішчанкі, А.Малішэўскага, Г.Мурамцава, У.Мурахвера, Г.Паплаўскага, А.Паслядовіч, І.Рэя, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва і інш.; рус. мастацтва 18—20 ст. — творамі К.Айвазоўскага, У.Баравікоўскага, К.Брулова, С.Канёнкава, К.Каровіна, Дз.Лявіцкага, В.Паленава, Ф.Рокатава, І.Рэпіна, В.Сярова, В.Трапініна, М.Урубеля, П.Фядотава, Ф.Шубіна, І.Шышкіна і інш. Калекцыя зах.-еўрап. мастацтва 15 — пач. 20 ст. склалася ў 1960—70-я г. з твораў мастакоў Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Францыі, Швецыі, якія адлюстроўваюць асаблівасці развіцця мастацтва ў гэтых краінах у розныя часы. Калекцыя музея папаўнялася па ўсіх раздзелах фондаў, асабліва творамі дэкар.-прыкладнога мастацтва Беларусі (шкло, габелен, нар. мастацтва), Расіі, Зах. Еўропы. Склалася і калекцыя ўсх. мастацтва: кераміка, ткацтва, лакі, метал, традыц. жывапіс, разьба па камені і косці 15—20 ст. Індыі, Ірана, Кітая, Сярэдняй Азіі, Японіі. Збор сучаснага бел. мастацтва папоўніўся творамі В.Альшэўскага, А.Задорына, Н.Залознай, С.Катковай, У.Кожуха, В.Крывашэевай, З.Літвінавай, А.Марачкіна, М.Селешчука, К.Селіханава, У.Тоўсціка, Л.Хобатава, І.Цішына, В. і Ф.Янушкевічаў і інш. Музей праводзіць н.-д., збіральніцкую і папулярызатарскую работу, наладжвае выстаўкі твораў айч. і замежных майстроў, ажыццяўляе навук. і творчую сувязь з замежнымі музеямі, арганізоўвае выставачны абмен, праводзіць лекцыі, экскурсіі, заняткі клубаў мастацтвазнаўцаў і аматараў мастацтва, дапамагае ствараць карцінныя галерэі, маст. аддзелы ў інш. гарадах рэспублікі. Выдае каталогі, альбомы, паштоўкі. Мае бібліятэку. У розныя часы музей узначальвалі М.Міхалап (у 1939—41), А.Аладава (з 1944), Ю.Карачун (у 1977—97), У.Пракапцоў (з 1998). Філіялы: Гурынская карцінная галерэя Мазырскага р-на (з 1978), Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на (з 1979), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (з 1982), архітэктурны комплекс 16—18 ст. у в. Гальшаны Ашмянскага р-на (з 1989), палацава-паркавы комплекс 16—20 ст. у г.п. Мір Карэліцкага р-на (з 1992), «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» (гл.Мінскі музей Ваньковічаў), Мемарыяльны музей Азгура З.І. (абодва з 2000), Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс (з 1986, у стане рэстаўрацыі) — усе ў Мінску.
Будынак музея пабудаваны ў 1957 (арх. М.Бакланаў). 2-павярховы, прамавугольны ў плане, завершаны зашклёным ліхтаром. Гал. фасад вырашаны на аснове класічнай ордэрнай сістэмы. Цэнтр. ўваход утварае неглыбокая лоджыя з каланадай, якую па баках фланкіруюць глухія аб’ёмы з глыбокімі дэкар. нішамі, дзе размешчаны скульпт. кампазіцыі «Скульптура» і «Жывапіс» (скульптары С.Адашкевіч, П.Белавусаў, Л. і М.Роберманы). Франтон увянчаны скульптурай жанчыны з вянком, якая сімвалізуе росквіт выяўл. мастацтва Беларусі (скульптар А.Бембель). Пры ўваходзе — парадны вестыбюль, адкрыты на 2 паверхі, з 3-маршавай лесвіцай і абходнай галерэяй на 2-м паверсе. Сувязь выставачных залаў на 2-м паверсе анфіладная. На 1-м і ў цокальным паверхах размешчаны службовыя і дапаможныя памяшканні. Іл.гл. таксама да арт.Музеі мастацкія.
Літ.:
Государственный художественный музей БССР: [Альбом]. М., 1958;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1979;
Государственный художественный музей БССР: Собр. живописи XV—XX вв.: [Альбом]. М., 1989;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1990;
Сообщения Государственного художественного музея БССР. Вып. 1. Мн., 1994;
Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып. 2. Мн., 1997.
А.А.Воінаў (архітэктура), І.М.Паньшына.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Вестыбюль музея.Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Расія,
манархічная саслоўная шматнац. дзяржава ва Усх. Еўропе і на значнай ч. Азіі ў 1721—1917. Склалася на аснове Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, якую Пётр I у ліст. 1721 абвясціў імперыяй. У 18 ст. у выніку 3-х падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) у склад Р.і. ўключаны Беларусь, паўд., паўд.-ўсх. і зах. Латвія, б.ч. Літвы; пасля войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91) — Паўн. Прычарнамор’е, Паўн. Каўказ і Крым; тады ж пачалося асваенне і далучэнне да імперыі паўн.-зах. ускраіны Паўн. Амерыкі (гл.«Руская Амерыка»). У 19 ст. шляхам новых войнаў і мірных пагадненняў (з Турцыяй, Іранам, Швецыяй, Кітаем і інш.) да Р.і. далучаны Фінляндыя, Бесарабія, б.ч. Польшчы з Варшавай, Закаўказзе, Прыамур’е, Прымор’е і Сярэдняя Азія. Афіц. васаламі Р.і. былі Бухарскі эмірат і Хівінскае ханства. У канцы 19 ст.тэр. Р.і. складала 22,4 млн.км², нас. 128,2 млн.чал. (1897), больш як 100 нацыянальнасцей. 57% насельніцтва складалі нярус. народы, некат. з іх абмяжоўваліся ў правах, праводзілася палітыка русіфікацыі; аднак некат. тэрыторыі мелі самакіраванне. Рус. мова была афіц. агульнадзярж. мовай, абавязковай для ўсіх дзярж. устаноў. Тэр. Р.і. ў 1914 падзялялася на 81 губерню і 20 абласцей; ч. іх была аб’яднана ў генерал-губернатарствы. У Р.і. быў 931 горад. Р.і. была спадчыннай манархіяй на чале з імператарам з дынастыі Раманавых. Імператар валодаў самадзярж. уладай, ажыццяўляў заканад. уладу шляхам выдання указаў, з 1810 таксама праз Дзяржаўны савет і з 1906 — Дзяржаўную думу; дзярж. апаратам кіраваў праз Сенат, Савет міністраў і міністэрствы; з’яўляўся вярх. кіраўніком узбр. сіл. Пануючае становішча займала Рус.правасл. царква, якой кіраваў імператар праз Сінод. Усё насельніцтва лічылася падданымі Р.і. (мужчыны з 20 гадоў прысягалі імператару) і падзялялася на 4 асн. саслоўі, або «станы» (дваранства, духавенства, гар. абывацелі і сельскія абывацелі, г.зн. сяляне). Пануючым саслоўем было дваранства. Карэннае насельніцтва Казахстана, Сібіры і шэраг інш. народаў Р.і. вылучалася ў самаст. «стан» і наз. іншародцамі. Гэтая катэгорыя кіравалася асобнымі законапалажэннямі. Заканадаўства Р.і. было сабрана ў Поўным зборы законаў Расійскай імперыі і Зводзе законаў Р.і. Імперыя мела герб — двухгаловы арол з царскімі рэгаліямі; дзярж. сцяг — палотнішча з белай, сіняй і чырвонай гарыз. палоскамі; дзярж. гімн, які пачынаўся словамі «Боже, царя храни». Грашовая адзінка — рубель. Р.і. спыніла існаванне ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 (14.9.1917 Расія абвешчана рэспублікай), у 1922—91 на б.ч. яе тэр. існаваў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Сучасная Рас. Федэрацыя лічыць сябе правапераемніцай як Р.і., так і СССР. Пра гісторыю і культуру Р.і. гл. ў арт.Расія.
Літ.:
Троицкий С.М. Русский абсолютизм и дворянство в XVIII в. М., 1974;
Ерошкин Н.П. Самодержавие накануне краха. М. 1975;
Российская империя: Словарь-справ. СПб., 1992. Гл. таксама ліг. пры арт.Расія.