ЗАХА́Р Дзмітрый Андрэевіч

(8.11.1898, Мінск—8.6.1951),

бел. дырыжор, інструменталіст, рэжысёр, кампазітар. У 1920—24 рэжысёр і акцёр трупы пры Палітаддзеле Зах. фронту, сіламі якой (уключала хор, аркестр, танц. групу) паставіў шэраг муз. і муз.-драм. твораў, у т.л. оперу «Тапельніца» М Лысенкі, «Сватанне на Ганчароўцы» з муз. К.Стацэнкі. У 1928 стварыў першы ансамбль бел. нар. інструментаў (цяпер Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча), да 1935 яго маст. кіраўнік і дырыжор. Адначасова (1928—32) выкладаў у Бел. муз. тэхнікуме. Удзельнічаў у рэканструкцыі нац. муз. інструментаў (зрабіў гукарад ліры храматычным, па яго чарцяжах удасканалены цымбалы, створаны іх арк. разнавіднасці), фарміраванні рэпертуару для бел. нар. аркестра (аўтар апрацовак бел. нар. песень і танцаў, арыг. п’ес, аранжыровак твораў В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, Р.Шумана). У 1920—40-я г. выступаў у канцэртах як віртуоз-балалаечнік, іграў таксама на цымбалах, домры, гітары, дудцы, кларнеце.

Н.П.Яканюк.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)